Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
Шрифт:
Цераз Польшчу пераслалі мне ліста ад мамы. Завезлі іх недзе ў Паўночны Казахстан на станцыю Кіялы, дзе было галадно, халадно й цяжка. Мама пісала, што зайздросціць Марыі Паўлаўне, той цёці Мані, якую забілі разам з мужам і з сынам. Я дрыжэла за маміна жыццё, і калі мы вечарам скуль вярталіся з мужам і холад біў мне ў твар, для мяне гэта быў холад дзікага Казахстану. Я баялася, і нездарма, што мама не выжыве. Яна так ужо болей не сустрэлася ні з намі, ні з нашым татам. Так ліквідавалі таварышы «клас», вынішчаючы нас да апошняга паасобку. Жудасны Гітлер быў для няшчасных надзеяю на ратунак, але й для яго былі мы толькі славяне, якіх належала вынішчыць у першую чаргу... Людзі гінулі, як мухі, нездарма два тыраны пасябравалі паміж сабою. Францыя ляжала ўжо пакананай, нават славутая лінія Мажыно [72] яе не выратавала. Гераічна, амаль у адзіночку змагалася старая мудрая Англія, а дзяржавы трагічна падалі адна за другою. Фюрэр і кампанія планавалі напады, немцы гайлявалі, Англія змагалася, Сталін паціраў рукі над загубай Еўропы, а людзі — адныя ратаваліся як маглі, а другія стагналі ў мучэннях.
72
Лінія Мажыно — сістэма доўгатэрміновых фартыфікацыйных умацаванняў на паўночна-ўсходняй мяжы Францыі. Пабудаваная ў 1929–1936 гг. з ініцыятывы ваеннага міністра Мажыно.
Муж, як і раней, штодзённа хадзіў да доктара Градзіла. Бедны, пакананы легіянер ад раніцы да позняй ночы круціў Бі-бі-сі і іншыя жоралы [73] аб’ектыўнай інфармацыі; як ваенны, ды яшчэ палкоўнік, крыху арыентаваўся ў лёгкіх і крывавых подзвігах фюрэра, добра ведаючы тое, што заваяваць мала, трэба яшчэ акупаваць тэрыторыі і ўтрымаць там больш-менш парадак і т.п. На шчасце для Еўропы, Гітлер быў заваявацелем, але абсалютна паганым палітыкам, і не трэба было вялікага розуму, каб прадбачыць канец авантуры. Ну, а пакуль што ўсе мы былі ў руках ненармальных людзей, якіх проста трэба было нейк перахітрыць, каб самым выжыць, ды яшчэ паводле магчымасцяў дапамагчы людзям. Жылі мы з дня на дзень, вечныя чужынцы, птушкі без гнёздаў, у якіх надзея была толькі на Бога. Але вось прыйшоў дзень, калі доктар Градзіл засмяяўся ля свайго радыё, а Сталін, кажуць, затросся ад нечаканасці — Гітлер напаў на Савецкі Саюз! Градзіл сказаў, што сталася тое, што трэба. Я начыталася аб нямецкай тэхніцы й ведала, што яна не толькі для парадаў у Берліне, якія мы бачылі ў кіно, яна цяпер, менавіта цяпер гарэ крывавымі барознамі маю Беларусь, і зялёныя сёлы нашыя ў небяспецы. Я толькі спадзявалася, што, часта бітыя ў гісторыі, мы й тут вывернемся нейк, хто як можа, і народ захаваецца.
73
Жорала — крыніца.
На гару да нас пачалі заходзіць дзіўныя тыпы, яны проста выразна пыталіся аб нашым настроі, лаяльнасці. Што ж, мы без грамадзянства й не просім ніякага, а нямецкае нам, напэўна, далі б... Смешна. У Ермачэнкі быў свой ад’ютант, нейкі Аўчыннікаў, казалі, што некалі Ермачэнка быў за цара ў яго ад’ютантам, а цяпер змяніліся ролі. За ўлады БНР Ермачэнка быў консулам беларускім у Канстантынопалі й выдатна разбагацеў там, прадаючы беларускія візы эмігрантам, якія ратаваліся ўцёкамі за граніцу. Вось гэты ад’ютант, які ні слова не ўмеў па-беларуску, а выступаў як прадстаўнік нашай нацыі, назаўтра пасля нападу нямецкага на СССР пачаў аб’язджаць нас усіх і тэрмінова нас склікаць у Камітэт! У Празе гудзела, як у вуллі, быў страх і перапалох. Усюды гестапа ліквідавала ўсё, чаго раней яшчэ не паспела. Аўчыннікаў наведаўся да нас усіх яшчэ раз. Мы ўсе паехалі, акрамя майго мужа, які ўсё ж мусяў зарабляць на хлеб і таму, як заўсёды, быў у Градзіла, якога цяпер ад радыё нельга было адарваць. Сабраліся ўсе, і толькі дачкі й сына Вольфсана не было з намі, як іх не было й ніколі, мы іх не бачылі. Усе важна паселі, маўчалі, адчувалася нейкае напружанне, неспакой, кожны думаў аб лёсе сваіх, дый аб сваім. Ермачэнкі не было. Нарэшце ён выйшаў, з усмехам, але скрыўленым нейкім, няпэўным. Загадаў выбраць старшыню сходу. Яму зацемілі, што ён жа сам заўсёды нязменны старшыня сходу, але ён адказаў, што на гэты раз старшыня арганізацыі не можа быць старшынёю сходу. Выставілі кандыдатуры Захаркі, Забэйды [74] , маю. Мы ўголас адмовіліся, хоць я паняцця не мела, што тут прадбачыцца. А было вось што: Ермачэнка зачытаў тэлеграму Гітлеру ад нашага Камітэту. Мы пачалі пратэставаць, што Камітэт самапомачы — арганізацыя апалітычная, не мае права даваць такіх тэлеграмаў. Ага, перад гэтым прыйшоў муж, які на дадатковы тэлефон Ермачэнкі спяшаўся сюды з працы. Яму не далі яшчэ ні сесці, ні апомніцца, як ужо «выбралі» яго старшынёю сходу, і Ермачэнка пачаў чытаць тэлеграму. Я нічога яшчэ ў гэтым не разумела, а муж збялеў — ён бачыў подлы й хітры «ход» Ермачэнкаў... Тэлеграму акрэсліў Ермачэнка як ад «беларусаў у Празе» ці нейк гэтак. Напісалі пратакол сходу, але ніводзін з нас не падпісаў яго! Не падпісалі гэтага сведама. Ідучы дамоў, кажу Бакачу: «Ну ж і свінства з намі зрабілі. Пётра, давайце напішам свой пратакол аб гэтай авантуры, падпішам і перахаваем да лепшых часоў». Бакач спалохаўся, ён проста «скіс» і паясніў мне, што вельмі страшны час і не ўсім, на жаль, можна верыць... Першы й апошні раз быў муж старшынёй на беларускіх сходах, а ў Камітэце тым больш, тэлеграму гэтую падалі без яго за подпісам, як казаў Ермачэнка, «старшыні сходу»... Самае тут цікавае тое, што хутка з кватэры Ермачэнкі згінуў архіў «Беларускага Камітэту Самапомачы ў Празе». Ермачэнка, як заўсёды, усміхаўся... І вось гэты архіў апынуўся ў Менску, і паводле яго нас судзілі. Толькі там была зробленая яшчэ адна подласць — на непадпісаным пратаколе ўсе нашыя подпісы былі выведзеныя пад капіроўку! Калі мне паказаў гэта Коган, мой следчы, я тады зразумела подласць не толькі нямецкіх агентаў... Я зразумела многа, і мне стала сорамна за ўсіх гэтых людзей, якія асачалі нас, як гончыя, рабілі такія вось правакацыі й мелі нагласць называцца ўраднікамі, рэпрэзентантамі народу, які такі чысты быў, такі няшчасны і які я так горача, на ўсё жыццё пакахала. Дык вось што знача іх «праўда»! Не, з такімі мне і ўсім добрым людзям, якія хочуць, каб існаваў наш свет, не па дарозе! Гэта нізасць, за якую ўстыдаўся б бандыт... Шкада мне стала мілага мужа, такога чыстага, такога наіўнага супраць гэтых гіенаў. Толькі мой тата казаў некалі, што махлярствам можна свет перайсці, але назад не вярнуцца...
74
Забэйда-Суміцкі Міхась (1900–1981) — беларускі спявак (лірычны тэнар). Спяваў у Харбінскай і Пазнанскай операх, стажаваўся ў Мілане ў Ф. Карпі. З 1940 г. — саліст Народнага тэатра ў Празе. Пахаваны на пражскіх Альшанскіх могілках.
І вось вайна на нашых землях. «Як хмарны дзень, так маё сэрца сяння...» [75] — пісала я ў тыя дні. Яшчэ пісала многа, што друкавалі, а чаго й не. Да нас прыходзілі людзі, цяжка было вайною пад’есці нават. У нас у гэтых адносінах было лепей. Муж быў адумысловым венеролагам, і яго хворыя не раз дапамагалі нам прадуктамі, бо кожны тады разумеў, што каму трэба. Вось мы й падкармлівалі сваіх землякоў, пасылалі пасылкі палонным. У нас ніколі не было грошай, але ніхто не выйшаў ад нас галодны ў той час, калі большасць людзей думала аб сабе толькі.
75
«Як хмарны дзень, так маё сэрца сёння…» — верш Л. Геніюш, быў надрукаваны ў газеце «Раніца» за 30 лістапада 1941 г.
Пасля паду Польшчы ў Прагу нейкім чынам прыехаў з Варшавы Забэйда-Суміцкі. Заехаў ён да Русака, і наагул заапекаваўся ім Ермачэнка і яго кампанія. Але яго паклалі ў больніцу, і выпадала адведаць яго, падзякаваць за харошую песню, бо сапраўды народная наша песня ў яго выкананні была надзвычай харошай. Вось я й выбралася з ружамі адведаць у больніцы хворага. Ляжаў дзядзька на ўсё ложка, нейкі спацелы, бледны й зусім не падобны на таго, што на абразках. Што ж, села я, аддала свае ружы, якія, закаціўшы тэатральна вочы, маэстра з насалодай нюхаў, пагутарыла крыху й болей туды не пайшла. Затое хутка прыйшоў да нас сам маэстра. Мой палкі й вялікі патрыёт Яначка запрасіў яго хоць два разы на тыдзень прыходзіць да нас на абед, каб беларускія таленты захавалі свае сілы для песні. Маэстра вельмі рад да нас хадзіў.
Тым часам прыйшоў час аддаваць нашага Юрку ў школу. Хлопец ужо ўмеў чытаць і ледзь не гаварыць прамовы аб каханні да Беларусі. Але было яму яшчэ 6 гадоў, ды хлопчык вельмі хацеў у школу. Чужынцы не маглі аддаваць сваіх дзяцей у чэшскую школу, было забаронена. Заставалася нам даць яго альбо ў нямецкую, альбо ў рускую, якую якраз пабудавалі яшчэ за Рэспублікі побач. Урачыста мы павялі ранічкай свайго сына першы раз у школу. У кароценькіх сініх аксамітных нагавічках, у свэтэрочку й белых туфельках бег перад намі наш хлопчык і раптам згінуў! Прыйшлі мы да настаўніцы на другі паверх і самыя не ведаем, што казаць, але за пару хвілін з’явіўся наш малец, ужо паспеўшы аббегаць і агледзець усе паверхі расейскай гімназіі, адзінай на ўсю сярэднюю Еўропу, пры якой была гэтая першапачатковая школа. Там мы яго й пакінулі. Хутка зрабіўся ён найлепшым вучнем і найгоршым выраблянцам у школе, прытым настала заваяваў любоў амаль усіх настаўнікаў, якія яго вучылі. Казалі, што вырабляўся таму, што не меў чаго рабіць у класе, бо за тыдзень вывучыў усю гадавую праграму. Пісаў, праўда, жудасна, але настаўнік чэшскай мовы пацешыў мяне, што ўсе вялікія людзі дрэнна пішуць і што: «Іжі е роштяк, але ростомілі» (Юрка выраблянец, але надта мілы). Мы ніколі не памагалі яму вучыцца, і толькі бацька не паспяваў купляць кніжак, як малец захоплена іх прачытваў.
А кніжак у нас наагул прыбывала, не было толькі ніколі грошай. Кормячы ўсякіх уцекачоў, сяброў і не сяброў, я толькі думала: «Божа, я ўсё аддам, што маю лішняе, галодным і патрабуючым, толькі дай так, каб маёй змерзлай, галоднай маме даў нехта кусочак хлеба ці місачку цёплае стравы там, у гэтай Богам забытай зямлі». Мы, наагул, лічылі з мужам, што галоўнае толькі тое, каб людзі перажылі страшную вайну, а пасля і ў нас будуць грошы, каб толькі дачакацца сваіх...
«Чаму да вас столькі людзей прыходзіла,— гарланіў на допытах ачумелы следавацель,— гэта як амерыканскі шпіёнскі цэнтар!» — «Я паэтка!» — кажу яму. «Ну й што з гэтага, у нас нават да Шолахава [76] столькі людзей не ходзіць». Нічога я яму болей не паясняла, бо ў дурную яго даўбавешку ніяк не месцілася паняцце чалавечае дабраты... Ды ён і кампанія нямала недзе чаго перакамбінавалі, каб за адзіны той Камітэт, у якім, на жаль, нічога так і не зрабілася, і за маю кніжку «Ад родных ніў» [77] даць мне ні больш ні меней як 25 гадоў цяжкай лагернай працы на поўначы. Да таго яшчэ па гэтай маёй адной на дваіх справе правесці яшчэ й майго беднага мужа, якога добры Бог, акрамя горкай беларускай долі, надзяліў яшчэ неспакойнай, бунтарнаю жонкай на ўсё жыццё, і яму падараваць той жа шчодры менска-савецкі дар — 25 гадоў нечалавечай няволі... Каб чалавек ведаў наперад свой лёс, ён не выжыў бы.
76
Шолахаў Міхаіл Аляксандравіч (1905–1984) — расійскі пісьменнік, двойчы Герой сацыялістычнай працы (1967, 1980), лаўрэат найвышэйшых савецкіх і Нобелеўскай (1965) прэмій.
77
«Ад родных ніў» — першая кніга Л. Геніюш, выйшла ў Празе (1942); перавыдадзена факсімільным спосабам (Слонім, 1995).
А тым часам збываўся мой сон пры ад’ездзе з бацькавай хаты: з прыгорка нашае сялібы я паднялася на крыллі і паляцела, і прысяду часам на зямлю, і зноў уздымаюся, і лячу, і дзе толькі ўздумаю, па ўсім небе. Я лётала — гэта я пісала, гаварыла да сваіх братоў. Вельмі хораша лётаць хоць у сне, прабівацца праз хмары вышэй і вышэй.
Дзядзька Васіль адносіўся да мяне з вялікай павагай. Калі мы разам бывалі на беларускіх сходах, дык заўсёды стараўся падкрэсліць маё нейкае значэнне, нейкае маральнае першынство. Перасцерагаў мяне перад дзе-якімі людзьмі, якіх не хачу называць, а калі была ў мяне аперацыя апендыцыту, дык забраў да сябе Юрачку й даглядаў хлопчыка як мог. Аперацыю мне рабілі ў нямецкай клініцы, бо нідзе болей не было яшчэ зацямнення. Вельмі хораша аднёсся да мяне малады лекар, які мяне апераваў. Ён некалі практыкаваў з мужам разам у клініцы. Нават палажыў мяне ў асобную палату, дзе ляжала толькі пару асоб. Назаўтра, калі паявілася тоўстая старшая сястра, ідэёвая й партыйная гітлераўка, дык на яе загад перавялі мяне ў агульную палату як славянку. Усе былі вельмі абураныя, што цягаюць мяне так пасля аперацыі, а найболей лекар, які мяне апераваў. Ён перапрашаў нас за гэта. Старшая сястра была з пароды партыйных выдраў, на якіх, як было відно далей, апіралася ўся сістэма.
Ермачэнка, які вельмі сепараваўся ў прыватным жыцці ад сваіх землякоў, аднойчы нас з мужам і сынам і дзядзьку Васіля запрасіў да сябе на сваю вілу. Зусім не частавалі нас смачным абедам, як гэта рабіла заўсёды я, а толькі танна нейкімі вінамі, кавай і чэшскімі калачамі з кіслымі слівамі. Дзядзька гуляў у гольф, мы гутарылі, а Юры Ермачэнка падараваў дзіцячае аўто, абдзёртае й разбітае. Ледзь я ад яго адмовілася, вельмі настойліва й ветліва, хоць трасло мяне ад абурэння, бо гэта не быў падарак, а нейкая панская падачка беднаму дзіцяці з разлікам на вечную ўдзячнасць яго бацькоў. Наагул гэтая паездка на многае мне адкрыла вочы. Першае тое, што я заўважыла, як я на нешта патрэбная гэтаму чалавеку... На што? Хутка гэта стала ясна. Нейк, калі муж быў на працы, пад’ехаў на сваёй элегантнай машыне да нас сам Ермачэнка. Ужо тое, што ён меў машыну, калі ніхто яе не меў, было «нясмачным». Я прыгатавала закуску й гарбату й чакала, што ж ён мне скажа. Да мяне ён звярнуўся як да патрыёткі і як да хрысціянкі, а менавіта, ці не хачу я з ім паехаць на Беларусь і працаваць для народу ў рамках Самапомачы — такое харытатыўнай, гуманнай Самапомачы, бо іншай дзейнасці нам не дазволена праводзіць. Для мяне гэта было смешным. Я ўжо ведала, што значыць гэты лад і што нам яны не дадуць таго, чаго мы хочам, а быць іх халуямі я не хачу. Угавор працягваўся ўпарта, пераканаўча. Мая пазіцыя была непахіснай. Вельмі здзівіўся гэтай візыце мой муж, калі вярнуўся з працы. Відно было, што Ермачэнка нешта задумаў. Сільны з розных пазіцыяў Ермачэнка й мы без грамадзянства, на падзённай рабоце, яшчэ з падазронасцю, што мы вельмі левыя... Гэта, пэўна, за маю дружбу з Аняй Кляўдэр і за кватэру, пакінутую нам яўрэямі.
Было трывожна, у паветры чулася проста няшчасце. А тым часам мая новая знаёмая фрау Піпэр не забывалася пра нас. Яна часта заходзіла да нас з дзецьмі й аднойчы запрасіла мяне на 5 гадзін. Я ахвотна пайшла да яе, гэта пакуль што была мая адзіная надзея на нейкую абарону, хоць я не ведала, хто гэта фрау Піпэр. Я ніяк не магла знайсці яе кватэры. Я ніколі не думала, што прыгожая віла з гаражом і басейнам для плавання — яе дом. Я апранулася вельмі сціпла й даволі танна, але ўбачыўшы багатыя апартаменты мае знаёмай, крыху засаромелася, але толькі на хвілінку. Мой муж вельмі харошы чалавек, я думаю, што я таксама, дык сароміцца мне няма чаго. Я высака падняла галаву. Шукаючы кватэру, я крыху спазнілася, і гэта не было прыгожа. Я папрасіла прабачэння. Была перадкалядная пара. У кутку вялікага салона на круглым століку стаяў вяночак са свечкамі і ўсё для кавы. Было гэта скрамней, як у нас, але вельмі прыгожа падана. Пасля прыйшоў гаспадар дому. Я ведала толькі, што ён лекар. Ён пачаў распытваць мяне, дзе працуе мой муж, а пасля звярнуўся да мяне: ці не таму я прыйшла, каб прасіць лепшую работу сваяму мужу. Тут мяне і ўскалыхнула, і я яму, як толькі ўмела, выпаліла па-нямецку, што мой муж не патрабуе ніякае працы, бо яе мае, і што я прыйшла да іх выключна таму, што яго жонка мне падабаецца. Я такі нагаварыла даволі. Прыйшла дамоў злосная, але адносіны нашыя з фрау Піпэр сталі яшчэ болей сяброўскімі. Толькі калі яна мне часам прапанавала памяранцы, якія давалі ў Празе немцам, я іх не ўзяла ні разу... Іначай мы вельмі ладзілі, дзяліліся часам нават сваімі скромнымі ваеннымі прадуктамі ці кавай. З імі жылі яе бацькі — опа і ома — бабка й дзед. Мы ўзаемна вельмі сябе палюбілі. Яны зусім не скрывалі свае нелюбові да фюрэра. У іх вісеў яго партрэт, але ж надта маленькі. Смешна малы. Нашыя дзеці разам гулялі, плавалі ў іх басейне, з чаго Юра вынес цікавую спасцярогу, што гэта праўда, што немцы іншая раса, бо Эвелін і Інгрыд зусім маюць нешта інакшае, чымсьці ён. Яны купаліся голенькімі.
Я вельмі здзівілася, калі раз так з палудня Ермачэнка прыехаў з Аўчыннікавым да нас і загадаў мне вязці яго й знаёміць з Піпэрамі. Я спалохалася, зрабіць гэтага ніяк не магла. Але ён так крычаў, амаль пагражаў мне, што не было куды дзецца. Піпэры былі разумныя людзі, і я спадзявалася, што яны зразумеюць маё становішча. Ермачэнка прыехаў апавясціць Піпэру, што ён едзе ў Менск як важная асоба й просіць яго да сябе на развітальны вечар. Я забылася сказаць, што доктар Піпэр быў «обермедыцынальрат» [78] і «оберрэгірунгсрат» [79] на Чэшскім Градзе — гэта нейк як найвышэйшы нямецкі стаўленік над чэшскім міністэрствам аховы здароўя. Такія немцы не любілі гестапаўцаў і падобных Ермачэнку тым больш. Яны ўсё гэта мне даравалі, як даравалі і іншыя візіты, калі мяне часам «шукалі» ў іх... Цяпер мне гэта ўсё вельмі ясна, але ім, здаецца, гэта было ясна й тады...
78
Obermedicinalrat (ням.) — вышэйшая медыцынская рада.
79
Oberregirungsrat (ням.) — вышэйшая кіраўнічая рада.