Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
Шрифт:
Здаецца, людзі любілі мяне, хоць зразумець ім мяне было цяжка: кожны пхнецца вышэй, а я тут самохаць зніжаюся да іх і яшчэ хвалю... Што ж, яны не ведалі, якія вартасці тояць у сабе, і, на жаль, пасля вельмі хутка пазбыліся іх, калі надышло тое, новае… І так я не такая, як усе, але ці вінаваты хто за тое, якім ён родзіцца? А мне было добра, як у казцы! Дзіўна бывала — пашле мяне тата з вазамі канюшыны ў Ваўкавыск, іду за вазамі сабе ноччу, бо коням цяжка, але каля лесу зграбна чарапкаюся па вяроўцы на воз, бо тут, казалі, пару дзён як памёр чалавек, упаў нежывы. Вось ляжу нуртам на жэрдцы, і добра мне, што я на возе. Раптам чую, што недзе лячу. Калі мяне ачуцілі нарэшце, падняўшы воз, які перакінуўся з насыпу, бачу, стаяць фурманкі й людзі, спыніліся, едучы на кірмаш, а Сроіл воўпянскі кажа: «Ну й вы ўпалі, паненачко, проста на тыя яловыя лапкі, дзе той мёртвы ляжаў...»
Нейкі хлопец з сяла каля Воўпы пасвіў жывёлу й ляпіў з гліны рознае, убачыла гэта пані з Бялавіч і нейк аддала яго ў «Школу штук пенкных» [19] у Кракаў, але гэта я даведалася пазней. А цяпер той хлапец, студэнт, ладзіў на канікулах прадстаўленне ў Воўпе з вясковай моладдзю, і што? «Дэмана»! Засталіся мы паглядзець пасля цэрквы. Ён прывёз харошыя касцюмы з Кракава — пазычыў, і сам, як дэман, лётаў, выкручваўся і ўзнёсла дэкламаваў па-расейску з немагчыма беларускім акцэнтам. Пасля знамянітага спектакля «дэман» кінуўся да мяне, зусім мяне не знаючы, і сказаў мне, што вельмі хоча са мною ажаніцца. Калі скончу школу, каб чакала яго, і ён мяне знойдзе. Прайшлі гады, і малады мастак явіўся па маю руку, мама не згадзілася на гэты шлюб, а я падумала: гэта не мая доля. Доля зарысоўвалася рашуча, вельмі трагічна, але на шчасце маім бацькам, якія вельмі паважалі медыцыну. Жыў і вучыўся недзе ў Чэхаславаччыне малады беларус, якога не зусім сляпы лёс прызначыў мне другам і мужам. Я яго ведала. Я ведала і ягоную хату, і ўсе іх будынкі, са сну, безумоўна. Ведала нават, як выглядае Прага... Ягоны бацька, убачыўшы мяне ў нашых сваякоў, так захапіўся тоненькай і паважнай дзяўчынай, што не забыўся аб гэтым расказаць сваяму сыну: «Вось я, сын, на тваём месцы толькі яе ўзяў бы...» Пасля я ўбачыла й сына, на мяне чакалі ў іх коні ехаць да дзядзькі ў Пятрэвічы. Была восьень і дзень дажджлівы, халодны. У хаце ў Геніюшаў, сяброў майго дзеда й сваякоў, было цёпла й міла. Высокі, прыгожы сэрцаед вельмі каля мяне закруціўся, яго маці міла мяне запрасіла на абед. Муж пасля мне расказваў, што яму нешта сталася і ён пастанавіў не пускаць ужо мяне з хаты, але яму гэта не ўдалося. Я паехала да дзядзькоў у глухую вёску. Мужа майго туды запрасіць не хацелі, баяліся яго, бо ўжо залішне ўсім падабаўся. Я аб ім не думала, у мяне былі свае сумныя й глыбокія думкі, аб якіх я не любіла нікому казаць. Мяне следавацель назваў са злосці адзіночкай у змаганні, мусяць, гэта была адзіная праўда, якую той нехрыст сказаў. Лёс мяне не акружаў сябрамі, з якімі лягчэй было б нясці нейкай сілай ускладзеную ношу адказнасці за лёс свайго народу...
19
Szkola sztuk pieknych (польск.) — мастацкая вучэльня.
І так я ў Пятрэвічах у сваіх паўпанкаў сваякоў. Ля цэрквы ў Славатычах падыходзіць да мяне сялянская моладзь, члены камуністычных ячэйкаў, але гутараць яны па-беларуску, спяваюць мне «Жыў на свеце Лявон» і інш. Усе ў мяне ўлюбляюцца, і мне гэта дзіўна, гэта не праца, па-мояму.
Адседзеўшы 8 гадоў, выйшаў з польскай вязніцы нейкі Юлек Кароза, ён вывучыў марксізм назубок і кожны дзень прысылае мне цэлыя сшыткі, запісаныя класавай барацьбой. Усё гэта слабей за рэчаістасць і нейк непраўдзіва, штучна й зусім не па-нашаму й далёка ад таго хараства, якое вабіць мяне ў нетрах народу нашага ў яго гісторыі, якую малады Геніюш мне прыслаў разам з іншымі кніжкамі. Да таго я яшчэ моцна веру ў Бога й толькі гэтай дарогаю магу йсці й шукаць нейкай праўды, ратунку для майго народу. Я трымаюся вельмі здалёк ад сваіх новых знаёмых, мне падабаецца толькі тое, што хоць нейкі пратэст паяўляецца ў сёлах. Вось ускалыхнуць бы тое вялікае, што тоіцца ў народзе, хто гэта зробіць? Які ж я змагар, гэта толькі ў маёй уяве, на самай справе боль і любоў і ўздымаючая сэрца надзея.
«Дзевчына-люд»,— гаворыць на мяне нейкі вялікі начальнік пан Нужыньскі, паляк, безумоўна, які раз убачыў мяне й адразу папрасіў у бацькоў мае рукі, а злосная сястра насадзіла бульбіну на палачку й паказвае мне здалёк, як прэзентуецца мой сват — худы, доўгі, з малой галавою... Гутарка тут на бацькох і спынілася, чалавек не наш... І так я вясковая дзяўчына, якой многа дала добра пастаўленая гімназія ў Ваўкавыску і яшчэ болей кніжкі, розная класіка, якая няведама якімі шляхамі знаходзіць мяне ў нашых Жлобаўцах. Чытаю, думаю, кахаю, жыву! Ну а пакуль я ў Пятрэвічах. Адзін з маіх дзядзькоў, Сцяпан Міклашэвіч, ідэйны камуніст! Далі яму за гэта палякі ўжо 3 гады, але ён не сунімаецца. Уцякаў у Саветы, скуль прывёз жонку, не вельмі чэсны са слугамі й з людзьмі, але ж камуніст і марыць пра арцелі й калгасы, хоць у самога нешта да 40 гект. зямлі. Дзядзьку гэтага бачу наскроз — ён з такіх людзей, да якіх не адношуся добра. Ён любіць жэсты, але праўды й дабрыні ў яго няма за грош... Мяне ён не любіць, бо я гавару тое, што думаю. Жыве там побач дзядзькоў жанчына, якой муж уцёк у СССР. Яна вышывае камуністычныя сцягі, агітуе. Я бываю ў яе, шкадую яе, але нічога няма ў ёй беларускага, таго дарагога й вечнага, а без гэтага ўсё для мяне чужое: калі не будзе такіх сардэчных беларускіх людзей на вярхах, усё роўна на гэтай зямлі нашай не будзе шчасця, бо не будзе паўнаты творчай беларускай стыхіі. Я так думаю.
Прыходзіць вясна, Вялікдзень якраз. Дэфензіва зрабіла жудасны налёт на сёлы, што ля Пятрэвіч, узялі й майго дзядзьку Сцяпана, а я была тады ў старшага Мікалая. Вядуць небараку з закаванымі рукамі, просіць мяне, ледзь не плача, каб я яго ратавала. Ну а як тут яго ратаваць? Хуценька запрэгла я каня й пад’ехала туды, дзе яго павялі. Многа назбіралі з усіх вёсак. На маю фурманку пасадзілі дзядзьку й некалькі паліцыянтаў, а да аглобляў з абодвух бакоў прывязалі наручнікамі хлопцаў. Еду, вязу іх і баюся, каб конь хоць не падбег, дзеля тых прыкаваных. Адзін, памятаю, быў з Цыганоўкі. Памаленьку распытваю: куды іх, як і што. Мая асоба робіць уражанне, памалу адчыняюцца вусны, падаюць рэплікі, што так мусіць быць там, дзе палітыка. Яшчэ на месцы адзін падскочыў да мяне з пытаннем: а за што арыштавалі дзядзьку? Кажу: «Вы гэта, чалавеча, ведаеце, напэўна, лепш ад мяне, бо я то на вашым месцы яго не арыштоўвала б». Пад’язджаем да т. зв. Чортавай Гары, і там лясок з левага боку. Конь ледзь цягне нямілую паклажу. Бачу, мае паліцыянты па адным паздзыгалі з воза, каню лягчэй. Знача, гутарыць з імі можна. А тут штурхае мяне мой дзядзька: «Ларачка, як яны пасядаюць, то схапі іх за стрэльбы, а я драпану ў лес, бо не стрываю пабояў, баюся, што зраблю ўсыпку...» Згінь ты, прападзі з героем! Знача, усыпку, яшчэ не дастаўшы гумаў, ну й ну... Кажу: «Сядзі, дзядзька, спакойна, я цябе выратую, а то ўпаляць табе ў адно месца кулю й згінеш як міленькі тут». Чортава гара кончылася, і мы цэлай нецікавай кампаніяй рушылі далей. Ля Зэльвы мяне папрасілі злезці і ўзялі за фурмана нейкага дзядзьку, недзе баяліся, што замнога мне сказалі, а такі паведамілі даволі. Я ведала ўжо, да каго ў Ваўкавыску й цераз каго мне дзейнічаць. Пераначавала я ў нейкіх людзей, не пайшла да Геніюшаў, бо тут трэба было моцна думаць, як заўтра дастацца ў Ваўкавыск. Аўтобусаў ніякіх! Назаўтра я проста загадала нейкаму дзядзьку з таго боку завярнуць каня й везці мяне ў Ваўкавыск. На маё здзіўленне, ён мяне паслухаў. Конь быў гаспадарскі, дагледжаны, і з палудня мы ўжо былі на месцы. Памятаю: пан Калачынскі — галоўны следавацель і, нагодай, муж мае каляжанкі Ліны Жыжун. Прабралася я да яго й проста прашу: «Не беце вы хоць тых учорайшых нашых вязняў, асабліва майго дзядзьку».— «Або мы калі каго б’ем?» — вырачыўся ён на мяне. Сто доказаў было ў мяне на гэта, але я прамаўчала... Адным словам, майго дзядзьку не білі. За пару дзён выпусцілі яго, прыехала цётка й вось павезла п’яненькага дамоў. Але я бачыла, як вялі па вуліцы хлапцоў пад канвоем, яны йшлі на пальцах, ледзь ступаючы, знача, білі гумамі ў пяты, во гады... Умелі яшчэ падвешваць і ліць газу ў нос, што ж, гэтую культуру добра асвоілі прававерныя каталікі. Было нявесела, мне ўсе дзякавалі, але я маўчала...
Якраз захварэла Грышкевічыха, жонка таго Грышкевіча, што ўцёк у Саветы, дзе яго, між іншым, у 1937 годзе расстралялі... Нядоўга думаючы я прывезла ёй нейкага фельчара са Славатыч, а калі пабачыла, што нікога ў яе няма, проста пасялілася ў іх у хаце й занялася лячэннем хворай паводле радаў фельчара, і дзяцьмі, і гаспадаркай. Хораша было, адно вельмі кусалі блохі. Паставіла я хворай банькі, зрабіла кампрэс (я адумыслова навучылася гэта ад мае мамы, якая лячыла нязгорш людзей). Рана я паліла ў печы, даіла, выганяла карову на пашу, а пасля вадзіла на выган каня, хораша яго путала, і малы Коля, сын Грышкевічыхі (абое памерлі), яго даглядаў, а мы з малой Любусенькай (жыве цяпер у Пятрэвічах) ішлі рабіць нешта да хаты. Хто бачыў, каб паненка йшла тады ў сялянскую хату, ды яшчэ так працаваць? Можна здалёк спагадаць мужыком, але ўжо каб так ды сябе ўнізіць... Мае сваякі былі з гэтага ўсяго няшчасныя, і неўзабаве прыслаў мой тата па мяне коні й паклікаў дамоў. Доўга прашчалася я з усімі, праваджалі мяне, а калі аглянулася, дык заплакала — на дарозе стаяў малы Коля й заліваўся слязмі. Удома было так добра, тата мне дараваў мае ўсе прынцыповыя выбрыкі, прызнаў часткова сваю віну, і я была зноў як за плячыма ў Бога. З СССР Грышкевіч пісаў мне, дзякаваў за апеку над сям’ёю й благаславіў гадзіну, «калі я пераступіла парог іхняй хаты...».
Час ляцеў, і зімою перад Новым годам мой дарагі будучы муж апавясціў аб сваім прыездзе. Я не вельмі ўсцешылася, не тое было ў галаве, хацела нат напісаць, каб не ехаў, бо надта былі маразы, але паслалі ў Рось на станцыю добрыя коні, бурку цёплую, з якой шпарка выскачыў ля ганка стройны, худы, выгалены, элеганцкі Янка Геніюш, пражскі студэнт і амаль ужо доктар! Была гэта не простая штука, гутарыў пераважна з мамаю, якую ачараваў, а мне абяцаў разам, да канца нашых дзён, змагацца за Беларусь... Дамоў ужо не паехаў, толькі па паперы — каб ажаніцца. Відно было, што чалавек моцна пастанавіў нешта, не мог спакойна прайсці ля мяне й лапаў усё, не толькі за рукі, аж я зазлавалася. Вечарам запаліла лямпу й думаю: панясу яму — а быў ён у маім пакоі,— калі будзе няветлівы, дык я яму такога нагавару, што адразу заверне аглоблі, я яму пакажу вось цяпер, менавіта калі мы адзін на адзін! Уваходжу з лямпай, як каралева, падняўшы высака голаў. Мой будучы друг ветліва за яе дзякуе, цалуе мяне ў руку, і абое спакойна жадаем сабе добрае ночы... Такое джэнтэльменства мяне канчаткова паканала, да таго цудоўная гутарка беларуская, шырокая нейкая, нескупая натура гэтага беднага студэнта — усё раптам зрабілася мне несказана дарагім, і я падзякавала Богу ў душы за тое, што Ён усякімі дзіўнымі дарогамі прывёў яго з далёкіх Чэхаў у нашую хату. Неўзабаве згулялі вяселле. Белыя коні ў лёганькіх санках чакаюць. Бацькі нас благаславяць абразамі, мы на каленях, пацалункі, раздзіраючы плач мамы, у Славачкі капаюць слёзы, Люся плача ўздрыгам. Пад пятку ў мой белы пантофлік палажылі грошы, каб яны вяліся ў мяне, у рукі далі цукер. Трэба кідаць яго на коні, дык будзе жыццё салодкае... Я ўсё выпаўняю. У царкве поўна народу. Мне сказалі: ідучы кругом алтара, наступаць мужу лёгка на нагу, гэта каб слухаўся... Перад вянчаннем яшчэ падышоў дружбант і шапнуў мне, каб моцна трымала мужа пад руку ў царкве, каб ніхто між намі не прайшоў, што ён сам хацеў мне зрабіць гэта, але цяпер каецца... І так моцна трымаю свайго сужанага, цалуемся, нас вітаюць. Мой «атэіст» толькі й рабіў, што хрысціўся, калі нас вянчалі, знача, дзякую Богу... Удома чакаюць нас госці, і далей усё — як на вяселлі: падаркі, госці давідна, муж мяне носіць на руках, нават без вялікае намогі, і адразу адвозіць мяне ў Зэльву. З намі едзе яго мама й Славачка, які ад нас паедзе ў Жыровічы ў школу...
Мне сумна, я многа тут пакідаю ў бацькаўскай сялібе, гэтым жыць буду вечна я й маё пяро. За сабою я пакідала ўлюбёны прастор палёў, якія мяне ўзгадавалі, труднае жыццё, нялёгкую працу ў полі й на вялікай гаспадарцы, тапалёвы гай ля хаты й лес, які сама садзіла. Ён так хораша рос і ўжо гадаваў маслячкі, рыжыкі. Тую вёску, якая мне столькі падсказала з мінулага, замурзаную крыху мо, але з душою, бы тая раса, якую я так разумела. Песні яе пайшлі следам за мною. І я пакідала сваю сям’ю й той пятачок зямлі на вялікай планеце, мае Жлобаўцы, дзе я ніколі не сумавала й не трэба мне было ніякага таварыства, калі было поле, наш дом і лес; і весела сярод альшыны якраз праз нашыя лугі працякала любая рэчка Ваўпянка, поўная шчупакоў, плотак і багатая ракамі. Сумна мне будзе без таты, ён вельмі разумны, нейк усё бачыць, быццам адчувае наперад, толькі жаль мне, што Жлобаўцаў не разбудоўвае, не засаджвае болей садамі й лесам, жывецца там нейк з дня на дзень... Калі за нашай хатаю заходзіць сонца, дык робіцца аж страшна, быццам нехта адыходзіў назаўсёды. Халадок і ноч кладзецца на мае Жлобаўцы, як чорная небяспека, як прадчуццё таго, што пасля прыйшло. Вось і тата мой прадчуваў гэта ўсё відавочна й не разбудоўваў свой кут на вякі. Гэта ўжо здалёк рысавалася на небасхілах вайна й тое, што ходзіць з ёю.
Калі мы ехалі з мамаю ў Ваўкавыск, дзе меўся чакаць нас Яначка й разам з мамаю завесці мяне да лекара, бо чулася я вельмі дрэнна, і мама не хацела мяне хворай выдаваць замуж, тата нейк доўга туліў мяне да грудзей, як ніколі. Лекар у мяне знайшоў язву дванаццаціперснай кішкі, што пацвердзілі пасля і ў Празе. Муж пераканаў тады маму, што ён жа лекар, дык будзе мяне лячыць, і калі мы ехалі дамоў, дык прытуліў мяне й вёз, як дзіця. У мяне зрадзілася вялікая давера да яго, здавалася, што ён добры чалавек, і гэта было галоўнае. Пасля я расчаравалася ў гэтым, але гэта пасля. А тым часам выйшаў тата на ганак спатыкаць нас з дарогі й на руках занёс мяне ў хату, свайго сына ў спадніцы, які стараўся хоць крыху аблегчыць яго клопаты, разважыць яго, даць харошую кніжку, якія ён так жа прагна чытаў, як і я. Яго трывожыла няпэўнасць нейкая мае будучай долі. Муж мой быў толькі яшчэ абсальвент [20] медыцыны, належала яму яшчэ ў Чэхах здаваць дзяржаўныя экзамены, а гэта каштоўная й нялёгкая працэдура. Пасля не дадуць жа яму палякі працы ў сябе, бо й дыплом чэскі, і муж — беларус сведамы, упарты, непахісны, такога не купіш, не застрашыш, не перавыхаваеш болей на ніякі лад.
20
Абсальвент (польск. absolwent ) — выпускнік навучальнай установы.
Я ніколі нічога не планавала, планы — гэта домікі з карт, а ў свеце было такое ўсё нестабільнае, і вайна ў Гішпаніі кідала нецікавы цень на ўсю Еўропу. Я сабе думала: ну, што ўжо будзе, калі двое людзей ідуць з чыстым сэрцам і з верай у харошае, дык жыццё ж іх не загубіць. Мне не давалі вялікай нейкай выправы, паводле слоў майго мужа, гэта ўсё было лішнім, бо ж моды мяняліся, там, дзе ён жыве, далі нам проста вэксалі на кусок зямлі й крыху грошай. Небагаты мой муж нейк не вельмі аб гэтым усім клапаціўся, здавалася — будзем жыць з ветру. Ці проста быў ён мужчынам, які заўсёды ўпэўнены, што так ці іначай на сваю сям’ю кусок хлеба заробіць. І так ішлі мы ў жыццё з ярым кляймом беларускасці на чале. Ішлі насупраць, з чыстым, адданым Айчыне сэрцам, усіх тых ворагаў, для якіх адна назова нашай Зямлі была нямілай.
Зэльва
Утульная хата, маленькі кусочак зямлі, дваіх бацькоў і мы з мужам пакуль што, — але хутка ж яму трэба ехаць, канчаць медыцыну, — так, вось у Зэльве. Муж вельмі ласкавы, стараецца мяне пазнаёміць з беларускай літаратурай, якой амаль не знаю. Ведаю М. Танка й вельмі захапляюся яго творчасцю, гэта на ўзроўні, гэта тое, што трэба. Муж мне чытае Купалу, расказвае аб сабе, як, скончыўшы расейскую гімназію ў Горадні, не мог паступіць на польскі універсітэт. Гімназія не мела дзяржаўных правоў. У Літве, у Коўне, спыніўся ўрад БНР [21] у дваццатых гадох, які пасля запрасілі да сябе чэхі, адначасова прызначыўшы беларусам, як і іншым славянам, дзяржаўныя стыпендыі для студэнтаў. Беларусы высылалі нелегальна сваіх сыноў, пераважна абсальвентаў беларускай гімназіі, на навуку ў Прагу. Гэта было несказана хораша, але ж як там дастацца? Вось у 22-м годзе выбраўся туды па навуку й мой муж. Трэба было нейк перабірацца нелегальна праз Літву, дарожкі тудой ужо былі беларусамі пракладзеныя.
21
БНР (Беларуская Народная Рэспубліка) — беларуская дзяржава, абвешчаная ў 1918 г.