Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
Шрифт:
Палякі нейк ужо пранюхалі мае крыўды на іх, і бацькі мне са страхам пісалі, чаму я не маўчу лепей у Празе, што тут шкадуюць, што наагул мяне выпусцілі са сваіх рук... Я чытаю польскія газеты. Кракаўскі «Кур’ер поранны» пісаў, што палякі немцаў разаб’юць, напэўна, і тады пашыраць свае граніцы так, што польскі жолнеж падасць руку японскаму. Аж куды ўжо пашырацца граніцы Рэчы Паспалітай! Каго Бог хоча пакараць, адыме розум,— думала я. Мы яшчэ паспелі зрабіць Юрачкін партрэцік і паслаць яго бацькам, як немцы напалі на Рэч Паспалітую. Шкада было нашых людзей, шкада было бацькоў нашых, нашай зямлі. Вайна — не жарты, і немцы — не ангелы! Што ж, выйшла яшчэ горай, як мы баяліся. З’яднанне Беларусі і яе «асвабаджэнне» поўнасцю закрыла мне гора маёй сям’і. Хутка напісалі нам, што тата мой памяняў сваю кватэру на горшую ў Гродне, і я ўжо ведала, што гэта значыць. Неўзабаве гэта пацвердзілася, і мы ад зэльвенцаў атрымалі справу аб тым, як ля сцяны нейкага хлява ў Зэльве забілі 21 чалавека, у тым ліку старэнькага бацюшку Якабсона, зэльвенскага ксяндза, і інш... Божа мой, і каму й пашто гэта было трэба? Калі хто й чакаў чаго, дык не гэтага. Старэнькі гэты святар, памятаю, вельмі любіў туліпаны, а матушка яго была старэнькая, малая, як курапатка. Ён прыходзіў да нас хрысціць Юрачку й такі быў бяскрыўдны. Што там далей у нас рабілася, я не ведала, але лёс таты мяне ўстрывожыў, і тут я пыталася: за што? Я не ведала, як дапамагчы ім. Напісала ліста ў Палаўкі [55] , да чалавека, які быў многім нам забавязаны, да Люціка Уладка. Гэта быў набожны чалавек, наш сусед. Яму давалася балота касіць, поле, што засеяць. Мама і лячыла дзяцей ім, і жаніла, і нават на вяселлі ў іх была каравайніцай, што было супраць яе правілаў. І вось гэты чалавек прадаў нас, першы падпісаўся на вываз мамы з дзецьмі, бо тату ўжо дабівалі ў Гродне ў турме разам з яго братам Валодзем і пляменнікам Віталем. Сын гэтага Люціка, таксама Уладзімір, цяпер важны праваслаўны святар савецкі, якога яны пасылаюць увесььь час за граніцу. Кажуць, што ён партыйны.
55
Палаўкі — вёска ў былым Гарадзенскім павеце (цяпер — у Мастоўскім раёне), паблізу якой знаходзіўся хутар Жлобаўцы, дзе 27 ліпеня (9 жніўня) 1910 г. нарадзілася Ларыса Міклашэвіч.
Казаў мне адзін чалавек, што тады было агульнае азвярэнне, насалода з мукаў чалавечых і канец свету. Так недзе наступаў некалькі вякоў таму Чынгіс-хан [56] на славянскія землі... Сумнае было злучэнне зямлі нашай, неблагаславеннае добрай справай.
З дзядзькам Васілём жылі мы вельмі дружна. Старэнькі любіў заехаць да нас. Ён не спадзяваўся, што з ганарыстага майго Янкі будзе такі добры муж. Цешыўся гэтым. Янка цікавіўся болей літаратурай і прыгожымі дамамі й зусім мала палітыкай, а дзядзька Васіль — толькі палітыкай.
56
Чынгісхан (каля 1155–1227) — мангольскі палкаводзец, заснавальнік Мангольскай імперыі.
Хутка пасля майго прыезду ў Прагу памёр Тамаш Грыб [57] — таксама член ураду БНР, наймалодшы яго міністар. Памёр на васпаленне лёгкіх — дарагі Флемінг [58] тады яшчэ не даў людзям пеніцыліну. Усе мы ездзілі на крэмацыю, якая сама па сабе ўжо была для мяне дзівам. Там я пазнаёмілася з Ермачэнкам [59] , Русаком [60] , Бакачом [61] , Калошам [62] і інш. Труна паволі адплывала ад нас, і на хорах нейкі ўкраінскі спявак прачула спяваў «Не пагаснуць зоркі ў небе» [63] . Я таксама адчула, што і я ўжо на чужыне, і горка зашчаміла сэрца. Пасля былі грамадскія хаўтуры. Пад гербам нашым і сцягам вісеў прыгожы Грыбаў партрэт, зышлося многа людзей — чэхаў і братоў-эмігрантаў. Валодзя Тамашчык [64] мне іх называў. Ад чэхаў быў ведамы славіст, прафесар Славік, выступаў сардэчна, прадумана. Ад украінцаў выступаў, здаецца, прафесар Дарашэнка, які некалі першы напісаў кніжачку аб нашым адраджэнні. Сам ён з Чарнігаўшчыны, дык беззаганна валодаў беларускай мовай. Ад рускіх эсэраў гаварыў вельмі цікавы Чарноў. Была на хаўтурах і Радзянко. Яна, здаецца, любіла мяне, мы часта сустракаліся ў цэркве. Скромна ў хустачцы пад бараду гэтая шляхотная дзяячка, здаецца, ніколі не думала пра сябе. Пасля заканчэння універсітэту доктар Грыб працаваў у славянскім архіве ў беларускім яго аддзеле. Плацілі там грашы, і ён дарабляў у няшчодрае беспрацоўе як мог, насіў нават і прадаваў, казалі, краваткі [65] па людзях, а ў архіве пісаў, заўзята працаваў для Беларусі. Кажуць, засталося пасля яго многа вартасных навуковых працаў. Часам выдавалі беларусы ў Празе «Іскры Скарыны» [66] , над якімі працаваў пераважна доктар Грыб, а фінансаваў іх Васіль Русак — мажны й вельмі энергічны слуцкі паўстанец, які памёр пасля вайны ў савецкім зняволенні. Былі яшчэ Клаўсуць, Вітушка, Астапкевіч і інш. Яны пераважна пажаніліся з чэшкамі й жылі не ў Празе.
57
Грыб Тамаш (1895–1938) — палітычны дзеяч, навуковец, сакратар на Першым Усебеларускім з’ездзе ў Мiнску (1917), сакратар земляробства, замежных справаў ва ўрадзе БНР.
58
Флемінг Аляксандр (1881–1955) — англійскі навуковец у галіне бактэрыялогіі, адкрывальнік пеніцыліну (1929), лаўрэат Нобелеўскай прэміі (1945).
59
Ермачэнка Іван (1894–1970) — дзеяч беларускага палітычнага руху і эміграцыі. Дыпламатычны прадстаўнік у Канстанцінопалі і генеральны консул (1921) БНР на Балканах, намеснік міністра замежных справаў БНР (1922). З 1940 г. — старшыня Беларускага Камітэта самапомачы ў Празе, на сродкі якога быў выдадзены зборнік Л. Геніюш «Ад родных ніў» (1942). У 1941 г. пераехаў у Мiнск, узначаліў Беларускую народную самапомач, быў дарадчыкам генеральнага камісара Беларусі В. Кубэ. З 1948 г. — на эміграцыі ў ЗША. Маючы дыплом Карлавага універсітэта, працаваў лекарам.
60
Русак Васіль (1896–?) — дэлегат Першага ўсебеларускага з’езда, удзельнік Слуцкага паўстання (1920). З 1920-х гг. — жыў у Празе, займаўся прадпрымальніцтвам, фундаваў выдавецкія праекты. У 1945 г. арыштаваны ў Празе савецкімі спецслужбамі і прыгавораны да 10 гадоў зняволення; далейшы лёс невядомы.
61
Бакач Пятро — выпускнік Карлавага універсітэта, аўтар падручніка нямецкай мовы для беларусаў (1941), у 1945 г. арыштаваны савецкімі органамі бяспекі.
62
Калоша Аляксандр (1905–1985) — грамадскі дзеяч, намеснік старшыні Беларускага камітэта самапомачы ў Нямеччыне, уваходзіў у Беларускую Цэнтральную Раду. У 1947 г. атрымаў чэхаславацкае грамадзянства, праз год быў яго пазбаўлены і дэпартаваны ў СССР, дзе атрымаў 25 гадоў няволі. Пасля вызвалення ў 1956-м выехаў у Чэхаславакію.
63
«Не пагаснуць зоркі ў небе…» — радок з верша Я. Купалы «Нашай Ніве» (1911), пакладзенага на музыку М. Янчуком.
64
Тамашчык Уладзімір (у манастве Васіль; 1900–1970) — беларускі грамадскі і рэлігійны дзеяч. Выпускнік агранамічнага факультэта Пражскага політэхнічнага інстытута. Падчас Другой сусветнай вайны працаваў намеснікам галоўнага рэдактара газеты “Новая дарога” (Беласток). З 1944 г. — на эміграцыі. У 1949 г. узведезены ў епіскапы Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. Жыў у ЗША, узначальваў Беларускі інстытут навукі і мастацтва. Загінуў пры нявысветленых абставінах.
65
Краватка (польск. krawat) — гальштук.
66
«Іскры Скарыны» — гісторыка-публіцыстычны часопіс, выдаваўся Беларускім (Крывіцкім) таварыствам імя Ф. Скарыны ў Празе (1931–1935).
Беларусы, за малымі выняткамі, жылі вельмі бедна. Загадкава багата жыў толькі адзін Іван Абрамавіч Ермачэнка. Быў гэта лекар, які меў багатыя апартаменты ў цэнтры Прагі і інзэраты [67] аб сваім кабінеце даслоўна ва ўсіх чэшскіх газетах. Гэта быў вельмі добра апрануты сярэдняга росту нехуды чалавек, які вечна ўсміхаўся, але зусім не выклікаў да сябе даверу. Жанаты ён быў з нейкай рускай з Румыніі, якая таксама скончыла медыцыну (зубніха) на беларускую стыпендыю, мелі яны дзве дачкі. Акрамя яго ніхто ні слова не гаварыў па-беларуску. Багаты гэты чалавек не меў ніякае літасці над беднымі сваімі суайчыннікамі, ён наагул, як казалі, сепараваўся ад іх, але вось цяпер пачаў браць удзел у беларускім жыцці, цікавіцца падзеямі й высоўвацца наперад. Я яго нечаму неўзлюбіла, і ён ніколі не здабыў маёй сімпатыі й майго даверу. Яго ўсе баяліся, але я, пасля таго здарэння ўдома, калі пачулася вельмі сільнай, не баялася нікога, а супраць яго пачала выступаць. Як можна выступаць ад імя народу, не маючы адкрытай душы для ўсіх нашых бедаў і інтарэсаў? Я, вясковая дзяўчына, ніяк не магла гэтага сцяміць... Інтарэсы майго народу — мая святасць, я крывёй магла заплаціць за яго лепшае заўтра, але я хачу, каб усе тут мелі чыстыя сэрцы й рукі! Я прыехала адтуль, дзе народу вельмі цяжка, і ў імя яго дабра я буду толькі працаваць і жыць. Другіх меркаванняў не ведаю, і ні з кім мне пакуль што не па дарозе. Моцна да ўсіх прыглядаюся, практыкі ў гэтым у мяне ніякай няма, але шлях свой я ведаю. Я, напрыклад, вельмі веру дзядзьку Васілю, пані Крэчэўскай, Тамашчыку, нават Русаку, ну а з Ермачэнкам — я супраць! Напрыклад, мой муж у вельмі цяжкую хвіліну, калі быў сапраўды без домны й галодны, прасіў пазычыць крыху грошай. Ён не пазычыў, але на 200 карон заручыўся за яго ў банку й вельмі баяўся, каб яны яму не прапалі. Сябру Калошы ён даў працу чорнарабочага ў сябе на віле ля Прагі й плаціў чалавеку грашы. А вось пані Крэчэўскай ці дзядзьку Васілю — старым, вартым і вельмі бедным людзям, такі багач нават не падумаў, каб дапамагчы. Зусім спакойна наглядаў іх убогасць жыцця. Былі й другія з вышэйшаю асветаю нашыя сябры, і яны сапраўды галадалі... Усё гэта ўзважыўшы, я прыйшла да пераконання, што гэта не патрыёт, і тады чаму хоча правіць у гэтай маленькай сям’і, калі за сям’ю яе не лічыць? Што за кабала й хто яго паслаў на нашую голаў і пашто? Калі яны даведаліся аб маёй тэлеграме прэзідэнту Бэнэшу, дык дзядзька разумна гэта прамаўчаў, а Ермачэнка горка зацеміў, што гэта неразумна, бо трэба йсці супраць Граду, не з Градам. Але ён не пашкодзіў мне тады, не выдаў.
67
Інзэрат (польск. inserat) — абвестка.
Пасля ўпадку Польшчы, якой мы былі грамадзянамі, мы згубілі сваё грамадзянства зусім. Па-нямецку гэта было «штатэнлез» — знача, без грамадзянства. Гэта было не так непрыемна, як небяспечна. Кожны чужынец быў узяты пад строгі кантроль, хто змог, дык уцякалі, а куды было падзецца нам? Нявесела... Немцы са сваёй ведамай дакладнасцю загадалі ўсім арганізавацца ў свае, імі дазволеныя арганізацыі, і тады мелі іх перагляд. Беларусам дазволілі Камітэт самапомачы [68] , беларускі, безумоўна. Арганізаваць яго было трэба самым. Нас было мала, не было ні памяшкання, ні сродкаў на гэта, было тугавата. Сабраліся ў кафэ ўсе разам. Выбралі кандыдатаў на старшыню, але мы з дзядзькам Васілём свае кандыдатуры адразу знялі, засталіся двое: Русак і Ермачэнка. Апошні палохае нас, дае пазнаць, што ён усясільны й без яго нічога нельга рабіць. Выбралі яго адным голасам болей. Людзі яго не любілі, крыху баяліся, дзядзька маўчаў. Сакратаром выбралі Бакача, мяне скарбнікам, і выкруціцца мне было нельга, дый няма пашто. Ермачэнка ўступіў пад Камітэт адзін з пакояў сваіх апартаментаў, у Камітэт наплывалі людзі. Русак аднойчы прывёў Вольфсана, гэта быў яўрэй. Вельмі хацелася яго выратаваць. Узялі нарэшце яго, сына й дачку. Гэтых дваіх мы ніколі не бачылі, але яны, як і мы, мелі легітымацыі Камітэту й так выжылі. Акрамя невялічкіх членскіх узносаў яны іншых выдаткаў не мелі. Узяць іх было небяспечна, але здрадніка сярод нас не знайшлося. Ніякай палітыкі у Камітэце мы не праводзілі, дый не маглі праводзіць. Толькі дурань можа цвердзіць, што немцы маглі дазволіць некаму нейкую палітыку. Усё зводзілася да цесных, акрэсленых рамак Самапомачы. Камітэт ніякай дзейнасці не праводзіў, а невялікую суму членскіх узносаў я проста аддавала пад распіску Бакачу, бо сапраўды ён не меў з чаго жыць.
68
Камітэт самапомачы…– на канферэнцыі беларускіх эмігранцкіх суполак у Данцыгу (1939) было створана Беларускае бюро даверу пры міністэрстве ўнутраных справаў Нямеччыны, пры ім — Беларускі Камітэт самапомачы. У Празе дзейнічала ягоная філія.
Казалі, што беларусы вельмі добра біліся, але ўсё гэта было дарма, і вось паявіліся нашыя палонныя, а было іх шмат. У Берліне пачала для іх выходзіць газета «Раніца» [69] , якая хутка трапіла і ў Прагу. Муж яе выпісаў. Акрамя нямецкіх зводкаў былі там і беларускія пытанні, вершы, карэспандэнцыя. Была гэта нічуць не горшая газета за ўсе пратэктарацкія і іншыя, якія мы чыталі, ды была на роднай мове. Людзі вельмі стараліся, каб мела й беларускі змест. Цяпер ужо яна была адзіным друкаваным беларускім словам.
69
«Раніца» — беларуская газета, якая выдавалася ў Берліне (1939–1945). На яе старонках 28 красавіка 1940 г. адбыўся літаратурны дэбют Л. Геніюш.
У гэты час уцяклі з Саветаў Расціслаў і Віця, стрыечны мой брат. Калі забралі тату, дык пачалі шукаць Славачку — ён быў ужо паўналетні. Хлопец блукаў тры месяцы па лесе, то быў у сваякоў, якія не вельмі хацелі яму дапамагчы. Нарэшце яны перайшлі граніцу і ўцяклі ў Польшчу да татавай сястры, што была за свяшчэннікам. Мілая цёця хутка выжыла нашых юнакоў. Прышыўшы ім літары «П» на плечы, іх адправілі на працу ў Нямеччыну. Ад хлопцаў мы даведаліся аб трагедыі нашых сем’яў. Віці бацькоў (яго маці — татава сястра) забілі ў іх фальварку Ярылаўцы (цяпер Польшча). Цёці вырвалі язык і дзёрлі пасы скуры з плячэй. Дзядзю Цімошу, кожнаму з іх было праз 80 гадоў, проста забілі, а іх сына Валодзю білі й выдзерлі яму вочы і ўрэшце забілі. Тады наладзілі ў Ярылаўцы танцы пад гармошку й наагул — забаву, трупы ляжалі на панадворку побач... Віця ў гэты час біў немца, і калі вярнуўся, дык перавезлі яны з маім татам трупы з ярылаўскага хлява пад бераставіцкую царкву й там пахавалі. Пасля забралі тату, казалі, біў яго канваіруючы нейкі Сундукевіч, а ён ішоў і маўчаў. Казалі мне людзі, што быў з імі ў гродзенскай турме, з якой ужо ніхто з нашай сям’і жывы не выйшаў. Маму маю з дзецьмі, вымучыўшы на месцы, вывезлі ў Казахстан. Я не знаходзіла сабе месца, усё пыталася: «За што, за што?». Я хацела кончыць жыццё, пусціўшы газ, да гэтага ў мяне былі і іншыя непрыемнасці. Муж мяне вывалак з маленькае кухні.
Аднойчы ўзяла я «Раніцу», паглядзела адрас і напісала туды сваю маленькую фантазію на тэму вясны й Бацькаўшчыны. Нікому пра гэта не гаварыла, але калі прыйшла наступная «Раніца», нават у рубрыцы «Карэспандэнцыя» я не знайшла найменшае зацемкі на маю сардэчную вясну... Але аднойчы ў паштовай скрынцы я знайшла ліста на маё імя ад рэдактара газеты: мая фантазія, паводле слоў рэдактара, вельмі добрая рэч, была пакінутая ў велікодны нумар. Так, знача, я цяпер буду пісаць. Усё дарагое мне забралі, панішчылі, але ёсць тут у няволі браты мае, цёмныя, нават не ведаюць добра, хто яны, самыя сябе падцэньваюць, вось я хачу аказацца да іх, але так: сэрцам да сэрца. І вось пачалося. Я хутка выбілася на першую старонку газеты, мяне палюбілі. А я, я толькі думала пра нашых людзей. Часам на каленях вымольвала ў Бога такія словы й мыслі, якія б падтрымалі ў няволі братоў маіх, не дазволілі ім забыцца пра сем’і свае й сёлы. Каб рабілі іх упэўненымі ў сваіх чалавечых вартасцях, давала абразкі ім з нашай гісторыі. Многа вершаў маіх паляцела ў рэдактарскі кош, шмат не прапусціла цэнзура, але я іх усе пісала маім братам і часам аж плакала. Зусім не звярталі, разагнаўшыся на ўсю Еўропу, немцы ўвагі на нейкую славянскую, беларускую газетку, і я пакуль што з гэтага карыстала. Пайшлі водгукі, у Прагу пачалі ездзіць дзеячы, каб паглядзець на мяне, пагутарыць. У мяне была свая лінія, свая палітыка. Шматлікія з высокай асветаю мае суродзічы разглядалі мяне як дзіва.
Ермачэнка павёз беднага дзядзьку па цэнтрах, дзе былі нашыя людзі. Сам ён ехаў у вагоне для немцаў, а дзядзьку недзе ўвапхнуў сярод найбяднейшых. Дзядзька зусюль пісаў мне: ён так толькі зразумеў маю незалежную ад нікога пазіцыю, маю смеласць, калі я публічна казала ў вочы Ермачэнку, што ён ёсць шкоднік беларускай справы. Беларусаў трэба было ўсведамляць і тых, якія яшчэ засталіся жывыя, жывымі й захаваць. Будучыня была яшчэ пісаная віламі па вадзе, і арыентавацца на немцаў нам ніяк было нельга. Я паглядзела на іх палітыку, на варварства й адразу так сабе падумала: каб не напісаць ім ні слова, як быццам яны наагул для нас не існуюць, а калі закрануць, дык праўдзіва, і з цэлай душы галубіць, апяваць, лялеяць сваю Беларусь, чаго нам ніколі не дазвалялі дагэтуль атупелыя каланізатары нашай зямлі. Мне гэта ўдалося. Мяне пасля выкрылі, але вайна ўжо канчалася, і ім было не да мяне, а можа, проста я мела шчасце, а можа, і сярод іх былі людзі, якія ўмелі шанаваць патрыятызм паэткі невялікага, вельмі няшчаснага народу. Я таксама старалася нідзе не працаваць за акупацыі, маленькі сыночак мне хораша ў гэтым дапамагаў.
Па нашай вуліцы хадзілі з дзяўчаткамі такімі, як Юра, дзве вельмі дыатынгаваныя [70] дамы, старая й малодшая. Яны на мяне з цікавасцю паглядалі. Мне здаецца, што тады на мяне з цікавасцю паглядалі амаль усе. І вось аднойчы ў краме, каля мяшка з гарэхамі — астатка з часоў Рэспублікі,— наш Юрка пакалаціў і разгневаў тых дзяўчатак зусім не па-джэнтэльменску. Я ўбачыла, што гэта немкі, і глядзела толькі, што будзе далей. А далей падышла да мяне малодшая дама й сказала, што цяпер ёсць нагода нам пазнаёміцца, бо яна тут чужая, мяне ўжо даўно ведае й хоча пасябраваць са мною й хадзіць разам з дзецьмі на спацыр. Так у нас завязалася амаль дружба, прынамсі, вельмі шчырыя адносіны. Дама наведала нас з дзецьмі, і я па-нашаму, па-беларуску, шчыра іх пачаставала каваю, цукеркамі і т.п.
70
Дыатынгаваны (польск. dystyngowany) — вытанчаны, свецкі.
Тым часам Славачка й Віця ехалі пад канвоем у Нямеччыну. Немец, якому на гаспадарку дастаўся наш Расціслаў, вёў яго да хаты і ўсё дрыжэў, аглядаўся. Дзе ж, не чалавек, а рослы магутны дуб — што пра гэтых славянаў толькі ні начытаўся немец! Вось схопіць адною рукою яго за карак, і немец не пісне. Расціслаў гэтага не зрабіў, уцёкшы ад адных, не мог і не хацеў адразу нешта пачынаць. Яго накармілі, аднесліся па-людску, і Славачка пачаў дапамагаць немцу. Скончыў ён Жыровіцкую сельскагаспадарчую школу й па натуры быў кемлівы й разумны хлапец. Высокі быў — 1 м 95 см, шырачэзны ў плячох. Густыя валасы, як багаты жытні сноп, хораша ляжалі на галаве, прапарцыянальны роўны нос крыху з гарбінкаю, зеленаватыя, поўныя нейкай затаёнай дабраты вочы, у якія пасля заглядала я, задраўшы голаў. Немцы яго ацанілі й палюбілі па-свояму. Ён сам вёў іх усю гаспадарку, але пісаў мне, што надта цяжка яму, што нават імя свайго не чуе й называюць яго тут Нікляс (ад — Міклашэвіч), адно толькі быў рады, што яны нічога не разумеюць, як ён іх лае па-свояму на ўвесьь голас. Пасля ўсіх сваіх вандровак Расціслаў быў вельмі абдзёрты й вось напісаў мне аб гэтым нейк незнарок. Чэхі далі мне дазвол паслаць яму адзенне. Я паслала яму ўсё неабходнае, ад бялізны да цёплай прыгожай курткі й да апошніх драбніцаў мужчынскага туалету. Хлопец зрабіўся элегантны, да гэтага немцы падаравалі яму капялюш (гут!) і гадзіннік (айн ур!). Расціслаў меў усё, што характарызуе «вышэйшую расу германцаў», і ў іх зрадзілася думка ажаніць яго і ўсынавіць. Немцы пачалі пісаць мне ў Прагу мілыя лісты, у іх была там нейкая дачка ці сястра, якая не супраць была ўступіць з намі ў сваяцтва. Брат ад такога шарахаўся, такое было не для нас. Але вось яго сілаю праз «арбайтсамт» [71] забраў да сябе нейкі нямецкі начальнік. Гэта была сапраўды ўжо трагедыя для нас усіх. У старога гаспадара ён жыў, як у сям’і, а тут пасадзілі яго на кухні, дзе кармілі аднаго й чым папала. Загадалі маладому панічу даіць кароў, што для яго было найвялікшай пакутай. Начамі папярэдні немец тайна насіў яму есці, ледзь не плакаў, але не змог вярнуць сабе Расціслава. А я ўсё думала: і як яго, няшчаснага, ратаваць? Ну й свет пайшоў, ну й нашая няшчасная доля...
71
Arbeitsamt (ням.) — біржа працы.