Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза

Гениюш Лариса Антоновна

Шрифт:

У Вільні была Беларуская Школьная Рада [22] , дзе працавалі Тарашкевіч [23] і Грыневіч [24] , якія перспектыўным студэнтам давалі посвядку ад Школьнай Рады, якая была як пропуск у Чэхаславаччыну. Дзеячы благаслаўлялі моладзь на навуку й бралі ад кожнага забавязанне, што, атрымаўшы асвету, кожны беларус выдасць кніжку на роднай мове па спецыяльнасці й дасць за свой кошт вышэйшую асвету аднаму сваяму суайчынніку. Не было інтэлігенцыі, якую належала тварыць. Падпісаў гэта й муж. На дарогу благаславіў яго Браніслаў Тарашкевіч, а старэнькі Грыневіч толькі ва ўсіх пытаўся, якія ведаюць песні народныя, каб заспявалі. У Літву трэба было перайсці тры добра вартаваныя зоны. Яначку Тарашкевіч направіў да нейкага Канчэўскага ў Дукштах, беларускага кааператара, які па ланцужку так перасылаў людзей. З Канчэўскім яны прагаварылі ноч напралёт, быў гэта ідэйны й вельмі разумны беларус, аднак ехаць старым шляхам было нельга, нехта ўжо данёс пра яго, і Канчэўскі направіў Янку «на вока» назад, але каб ён вылез на першай станцыі й направіўся да харошага літоўскага ксяндза, да якога даў свайго ліста. Цягнік не затрымоўваўся, і Янка скочыў з яго, трапіўшы проста ў рукі паліцыі. Янка нейк выбраўся з іх рук і дабраўся да таго літоўскага ксяндза. Відавочна, нашыя й літоўскія ксяндзы сабе спрыялі, і той ксёндз паслаў мужа да сувязнога літоўца. Той сувязны й правёў дажджлівай ноччу, сагнуўшыся ля пагранічнай вартоўні, маладога беларуса на яго далейшы шлях. Яны расцалаваліся, абняліся. «Раблю вам гэта, як брату»,— сказаў літовец, які рабіў гэта для беларусаў дарма. Так дастаўся муж за граніцу й сеў на цягнік у Каўнас. У цягніку правяралі пашпарты, і посвядкі не хапіла. Ніякія посвядкі тут значэння не мелі, мужа забралі ў паліцыю, але туды з’явіліся прадстаўнікі БНР В. Захарка [25] й Дзмітрыеў [26] , якія хутка давялі літоўцам, што гэта не шпіён, і забралі Янку з сабою. Там муж сустрэўся з Гілярыем Дварчанінам [27] , які таксама прайшоў падобны шлях. Ім далі вельмі прыгожыя беларускія пашпарты, але на іх не давалі візы. Тады далі ім нейкія літоўскія «люйдымас» [28] і на іх толькі далі візы ў Чэхаславаччыну. Ластоўскі [29] даў ім з сабою крыху грошай, і так яны паехалі на Берлін, ледзь пераехаўшы польскі карыдор, дзе палякі прычапіліся да іх, жадаючы транзітнай візы. Яны абяцалі паказаць ім візу, едучы назад. І так праз Берлін у жаданую чэшскую Прагу. Мяшок на вяровачцы праз плечы, у рагох дзве бульбіны, каб вяроўка не коўзала, даўгія боты, кашуля хатняя — у такім выглядзе трапіў мой муж у Еўропу. Так прыйшлі туды і іншыя з нашай зямлі, каб магчы вучыцца. Многа іх памерла, — расказваў мне некалі адзін сябра,— прычынай было цяжкае, задымленае паветра Прагі, слабыя стыпендыі, у выніку чаго сухоты, а другою прычынаю іх гібелі была любоў да свайго народу й вера ў тых, каму верыць было нельга... Вярталіся на ўсход, дзе будаваўся «беларускі дом», як ім казалі, і там вельмі хутка знаходзілі толькі магілу сабе... Вельмі хораша было з боку чэхаў даць нам хоць гэтыя магчымасці, і я гэта запамятавала назаўсёды. А хлопцы спяшаліся ў Прагу, не былі гэта Францішкі Скарыны, але верылася, што след іх жыцця й навукі не міне бясследна для дарагой нашай і пакутнай Айчыны. Адныя, расказвалі, купілі па дарозе ў Берліне круглы вялікі бохан хлеба, а так, як нашыя людзі любяць есці паважна, вымыўшы рукі, так і яны зайшлі ў кафэ нейкае, каб за сталом пад’есці. Парэзалі хлеб на скібы й лупянулі ўвесьь бохан адразу. Немцы, гледзячы на такое, вырачылі вочы, здаецца, пайшлі аб залог: ці з’елі б яны яшчэ нешта, ды паслалі ім ад сябе вялікае блюда нямецкіх сэндвічаў. Хлопцы весела лупянулі і іх. Немцы іх падзіўлялі. Так ехалі нашыя ў вялікі свет. Шмат пазней давялося мне чуць ад чэхаў, што беларусы ў Празе былі самымі чэснымі й працавітымі людзьмі, на іх не было ніколі ніякіх скаргаў урадам.

22

Беларуская школьная рада — культурна-асветніцкая арганізацыя, на аснове якой было ўтворана Таварыства беларускай школы (1921–1937).

23

Тарашкевіч Браніслаў (1892–1938) — грамадскі і палітычны дзеяч, філолаг, літаратар, акадэмік Акадэміі навук Беларусі (1928).

24

Грыневіч Антон (1877–1937) — збіральнік і папулярызатар фальклору, выдавец, педагог, кампазітар.

25

Захарка Васіль (1877–1943) — палітычны дзеяч, з 1928 да 1943 г. — намеснік старшыні, прэзідэнт Рады БНР. Пасля прыезду ў Прагу ў 1937 г. Геніюшы пэўны час жылі на яго кватэры.

26

Аляксандр Дзмітрыеў — прадстаўнік БНР у Берліне.

27

Дварчанін Гіляр (Ларывон) — выпускнік Тэхналагічнага інстытута ў Празе, пасля вяртання на радзіму быў арыштаваны, этапаваны на Салаўкі, дзе загінуў; брат Ігната Дварчаніна.

28

Люйдымас (літоўск. liudisimas) — пасведчанне.

29

Ластоўскі Вацлаў (1883–1938) — палітычны дзеяч, гісторык, этнограф, пісьменнік, акадэмік Акадэмiі навук Беларусі (1928). Прэм’ер-міністр ураду БНР (1919–1923).

А пакуль што я ў Зэльве, гаворым з мужам, ходзім з ім на спацыр, ёсць такая маленькая крамка, дзе смачныя вельмі цукеркі. Свае скупыя грошы аддае мой Яначка на цукеркі жонцы, купіў мне вельмі харошы матэрыял на шляфрочак і так раскідае бедныя тыя злотыя, зусім не думаючы аб заўтрашнім дні, шчаслівы толькі тым, што сяння мы разам, яшчэ пакуль што разам... Гэта было так хораша, і радасці той вялікай з яго ўвагі я не забылася й сяння, на старасці сваіх гадоў. Многа нажывалі мы яго працаю, усё мы гублялі, і мы зноў былі амаль нагія ў бядзе, але ніколі не думалі аб тым, што будзем есці заўтра. Бог нейк сцярог нас, нашае жыццё, і так мы жывем яшчэ сяння.

Настаў час ехаць мужу ў Прагу, яшчэ нават два месяцы разам не пражылі. Завезлі мы з татам яго на станцыю, развіталіся, ехаць яму было неабходна. Мы вярнуліся дамоў, у куце стаяла палачка мужа, была пустая хата, пустая пасцель, і вось тады я расплакалася, зразумела сваю адзіноту. Адна я не была, я была ўжо цяжарнай, і гэта было несказана дзіўным, як дзіўным і таемным ёсць паяўленне новага жыцця чалавека. А час ляцеў і нашыя лісты, узаемна поўныя любові, тугі й думаў нясмелых яшчэ аб гэтым нашым ненароджаным дзецятку. Я памагала маме мужа, садзіла гароды, мыла бялізну, падлогу ў хаце й вельмі, вельмі тужыла па мужу, але й па сваіх Жлобаўцах — як жа там яны без мяне? У мае я паехала туды на пару дзён, але адчула крыху, што мой кусочак, як кажуць, там ужо адрэзаны. Па-ранейшаму сардэчнымі былі толькі мама, Люсенька й Славачка, у нас была нейкая адна, супольная душа... Вярнулася я з вялікім чамаданам, напакаваным вяндлінаю й рознымі дабротамі ад мамы. Муж прыслаў мне крыху цікавых журналаў і мілых лістоў, пачыналі зелянець нашыя сцежкі... Фігура мая выразна псавалася, і нос пакрыўся дробным рабаціннем. Мае сукенкі рабіліся малымі на мяне, і таму я апраналася пагана. Ніхто аб гэтым зусім не падумаў, а грошай у мяне не было ні капейкі. Але ці гэта так важна? Важна было тое, што ў Зэльве пачаліся вялікія арышты. На 1 мая ў школах, здаецца ў Коннай, дзеці замалявалі сажай партрэты Пілсудскага й напісалі на дошках, што хочуць беларускай школы. Недзе зноў раскрылі камуністычныя ячэйкі. Днём бралі дарослых, а ранічкай вялі пастушкоў непаслушных, пакуль людзі яшчэ не паўставалі. Кажуць, што ўсіх моцна білі. Калі аднаго з іх выклікалі на чарговы допыт, ён папрасіў ножыка, каб крыху пад’есці з перадачы, якую яму прынеслі. Ён схапіў ножык, які падаў яму канваір, і на вачох сябе ім зарэзаў, устраміўшы яго ў горла. Сканаў хутка, і ўсе моцна аб гэтым загаварылі. Казалі, што абураліся нават палякі падчас ускрыцця, бо ўсё цела ў гэтага хлапца было паадбіванае ад касцей. Мяне гэта вельмі моцна ўсхвалявала, было так крыўдна за свой народ. Я напісала мужу ліста, дзе відавочна крычала кожная літара, і панесла яго на пошту. Сустрэў мяне там адзін паляк, якога дзед быў яшчэ ў паўстанні, нейкі пан Іжылоўскі, і сказаў, што будуць хаваць забітага сяння: ці не хачу на яго паглядзець? Сяння, прайшоўшы ўсе турмы, я разумею, што гэта была правакацыя, тады яшчэ мне ўсё здавалася праўдай... Я пайшла з ім.

У Зэльве, дзе цяпер парк, тады быў чатырохкутнік крамаў — адзін будынак і дзверы кругом. Там пад тымі дзвярыма стаялі людзі, іх разганяла паліцыя, баяліся дэманстрацыі. У склепе паліцыі, тае дэфензівы, на тапчане ляжаў забіты. Быў невялікага росту, васпаваты, у новым тканым гарнітуры. Вокал сядзелі жанчыны, збялелыя нейкія ад гора, сплаканыя. Хвіліна — і я на каленях, малюся, малюся горача як ніколі. Устаю й кажу: «У мяне будзе Сын, і я так Яго выхаваю, што Ён разам са мною будзе змагацца супраць акупантаў, каб нашыя людзі не рэзалі сябе ад чужога здзеку!..» Мне здаецца, што гэта гаварыла не я, гэта, напэўна, ужо быў час хоць на словы, калі яшчэ не на чыны. Гэта ўсім, хто асмеліўся няволіць, мучыць наш пакутны народ! Так сказаць ім у вочы быў ужо найвышэйшы час! Там была паліцыя, і мой пачын, на цвярозы розум, быў амаль неверагодны. Мяне пачалі страшна байкатаваць, мяне проста ахрысцілі камуністкай, якой я не была зроду. Я проста не магла ніколі, а цяпер асабліва, зносіць здзеку над маім народам. Я ж чакала дзіця, і яно будзе неадродным сынам нашага народу, і трэба, каб доля іх, нашых беларускіх дзяцей, была чалавечай. Не толькі ў чужой, харошай літаратуры, але сапраўды ў нас мусяе быць воля, гуманізм і асвета на роднай мове й свая дзяржава нарэшце без крывавых апекуноў! Найгорай я зрабіла бедным мужавым бацькам, яны й так дрыжэлі за лёс свайго адзінага сына, які адзінока, упарта йшоў супраць чужой цемры, упэўнены ў тым, што й мы нарэшце станем людзьмі, як пісаў наш Купала. Тату цягалі. Ён, кажуць, адкупіўся нейк і выгарадзіў мяне, ссылаючыся на маю цяжарнасць. Мяне крыху папракалі, але не надта, можна было гэта вытрымаць, магло быць горай. Бацькі Яначкі былі добрымі людзьмі.

Нарэшце прыехаў на канікулы муж. Ён не пазнаў мяне такую непрыгожую. Бацькі яму расказалі мае падзеі, і ён шчыра зазлаваў на гэта. Нельга мне было гэтак рабіць, яшчэ не час, тым болей цяжарнай. Я доўга плакала, не хацела паясняць нікому, што гэта сталася нейк паміма мае волі. Я толькі адчувала, што запратэстую цяпер супраць такога ўсюды, дзе б яно ні тварылася супраць нас.

Мужава мама ад’ехала хутка ў Латвію да свае сястры, а я засталася гаспадарыць на нашай сялібе. Была карова, нават дзве, парася, куры і ўсё, што ў гаспадарцы. Муж часта памагаў мне насіць зелле парасяці з гароду й наагул стараўся быць заўсёды разам. Я вельмі цаніла гэта. Толькі ў нас было поўнае безграшоўе... Паехаў муж да маіх бацькоў, але што нам мог даць наш тата? Збожжа ўжо не было аж да новага ўраджаю, а кароў жа нельга папрадаваць вясною. Муж задумаўся, ён пастанавіў аддаць вэксалі ў пратэст. Проста ён, здаецца, думаў, што нішто тут доўга ўжо не ўтрымаецца. Бацькі мае ніяк не гадзіліся на тое, каб мой кусочак зямлі прадаць, гэта зусім не ў псіхіцы сялян. Яны ўсімі спосабамі толькі дакупляюць зямлю, да гэтага чакаецца ж яшчэ дзіця. На тое, каб падаць вэксалі ў пратэст, патрэбны быў і мой подпіс, галоўнае — гэта мой. Я ведала са свае сумнае практыкі ўдома, што знача ўсё гэта. Гэта каморнікі, ліцытацыі [30] , дзівосныя аплаты за ўсё й слёзы, слёзы маіх бацькоў... «Не, — сказала я, — такога я не зраблю ніколі, лепш разыдуся з табою, мой муж...» Я казала гэта зусім паважна. Муж мой негадаваў, яго мама таксама. У мужа былі ў Чэхах даўгі, і трэба было тэрмінова іх заплаціць. Я лічыла вінаватымі сваіх бацькоў — урэшце зямля ж мая, але зрабіць ім прыкрасць было не ў маіх сілах, і ніхто мяне да гэтага не смеў змусіць... Нарэшце паклікаў мяне да сябе ў пакой мужаў тата. Я пайшла да яго, як на суд. «I што ж, Ларыса, не падпішаш вэксалёў супраць свайго бацька?» — «Не, татачку, я іх не падпішу, я такога не магу ўчыніць...» Тады стары тата майго мужа працягнуў рукі да мяне, абняў мяне й сказаў: «Я шчаслівы, дзіця, што ты менавіта такая, калі не можаш ты скрыўдзіць сваіх бацькоў, дык ніколі не скрыўдзіш майго сына...» Я заплакала. А харошы стары Пётр Станіслававіч Геніюш [31] прадаў сваю другую кароўку й заплаціў сынаў доўг. Я ніколі яму гэтага не забылася, і калі мы былі ў Празе, дык тое толькі рабіла, што пасылала яму пасылачкі адна за адной... Бедныя нашыя бацькі, як жа яны мала мелі з нас радасці, толькі хіба што з чалавечнасці нашай, з парадачнасці... І памерлі яны ўсе, мае бацькі і Яначкіны, без нас, самотныя й пакінутыя ўсімі. І гэта ёсць частка долі нашага народу, яго пакуты, пакуты дзяцей яго, якія нікому ніколі не прадаліся й не выракліся народу свайго й таго, што яму, як усім іншым народам на свеце, належыць!

30

Ліцытацыя (польск. licytacja) — аўкцыён.

31

Пятро Станіслававіч Геніюш (?—1952) — свёкар Л. Геніюш, бацька Янкі Геніюша.

Каб крыху зарабіць, я ўзяла на кватэру нейкіх людзей, так рабіла мужава мама, бо ў Зэльве не было ніякай гасцініцы. Гэта былі купцы-яўрэі й польскія інжынеры, яны дастаўлялі ў Англію лес з нашае Белавежы, інжынеры яго прымалі. Купцы былі мільянеры, залежала ім, каб добра дагледзець інжынераў, каб тыя добра прынялі лес. На мне была вялікая адказнасць, але пасля першага абеду ўсе супакоіліся, ведалі, што ўсё будзе як трэба. Гатаваць я ўмела. Я навучылася гэта ўдома — у нас заўсёды было многа гасцей... Бацькі вельмі любілі пагуляць з гасцямі ў брыдж ці ў прэферанс. Бывала, позна ў ноч сядзяць за той нейкай прэферансавай пулькай, і гэта цікава ім. Гэта была іх адзіная разрыўка ў нас, на сяле. У такія вечары мама даручала мне прыгатаванне вячэры. Часам я прышыкоўвала й харошыя святочныя абеды, так я навучылася прымаць гасцей. Я сваіх кватарантаў частавала, як сваіх гасцей. Інжынер Маліцкі, паважны высокі паляк, мучыўся ад мазалёў на нагах, але калі я йшла з вёдрамі па ваду, ён хапаў мае вёдры і, кульгаючы, прыносіў ваду. Прычынай такой увагі, як мы пасля даведаліся, была пашана да нашае невясёлай долі, да мае працы, паводле меркаванняў таго часу, крыху ўніжаючай будучую жонку лекара. Яму падабалася мая мужнасць і духовая сіла ўсё перанесці. На яго загад скупы мільянер вельмі добра мне заплаціў за маіх кватарантаў, а інжынер Маліцкі папрасіў нас, ад’язджаючы, каб мы паклікалі яго кумам для нашага дзіцятка, калі гэта будзе дзяўчынка, а калі хлопчык — каб ягоную жонку. Мы гэта харошаму чалавеку абяцалі. І так было крыху грошай хоць на папяросы й неабходнае ў хаце для нас.

Бліжыліся польскія выбары, дзе кандыдатаў назначалі згары. Яшчэ рана вясною памёр Пілсудскі, палякі стараліся мацней трымаць свае меншасці. Ужо не гаварылася — Беларусь, а «ўсходнія крэсы», а народнасць проста пісалі: тутэйшая. А ці не разумней, не лепей было б для іх і для нас быць людзьмі й дэмакратамі ў супольнай дзяржаве, але дарма тут было апеляваць да розуму. Беларусы байкатавалі выбары, не пайшлі на іх і мы.

Збліжаўся час ехаць мужу ў Прагу, я паехала да бацькоў прасіць грошай. Цяжка было бацькам, іх абманулі вельмі воўпскія купцы, забраўшы на слова жыта й не аддаўшы вэксалёў назад. Гэта было нешта нечалавечае, і толькі людзі часам не хочуць зразумець свае віны й толькі свае, калі іх доля сурова карае... Трэба было сеяць, але малацілі, адсылалі збожжа ў Рось, і так далі мне аж тысячу злотаў. На той час было многа. Можна было ехаць у Прагу. Але якое было нашае здзіўленне, калі мужу не дазволілі выехаць з Польшчы, тут нам прыпомнілі й тое, што не пайшлі мы на выбары... Засталося толькі пару экзаменаў, і вось усё рушыцца. Мы дагаварыліся з мужам, што будзем жыць так, каб нікому не даваць узятак і розных барышоў, што было шырока распаўсюджана ў Польшчы, будзем змагацца за справядлівасць усюды. Усё цяпер гэта было смешным — трэба было ратавацца любым спосабам. Муж пайшоў да зэльвенскай дзяячкі пані Хаенцкай, жонкі мясцовага лекара. Яна ледзь выслухала яго й сказала, што беларусу неабавязкова быць лекарам, што ёсць у бацькі 6 гект. і трэба гараць іх, і болей ніякай гутаркі... Ад такой нагласці стала мужу страшна: дык вось чаго яны жадаюць для нас, чым не папярэднікі Гітлера?.. Ён пастанавіў выехаць! Нам парадзілі звярнуцца ў Ваўкавыск да старосты. Паехалі мы разам, я ўжо ў апошніх месяцах цяжарнасці. Вялікая зала, на старосту чакае многа людзей. Нарэшце ён уваходзіць. Я сяджу, стаяць мне цяжкавата. І вось ляціць да мяне, як ашалелы, паліцыянт, груба тармосіць за плечы й крычыць: «Устаць!!!» Божа мой, і гэта ёсць людзі? Муж белы як палатно, і што можа ён, бяссільны супраць гэтага хамства? Гутару з ім сама, я спакойная. Не, нельга мужу майму ехаць вучыцца, а гэта «зэ взгленду на добро паньства» — з увагі на дабро дзяржавы... Цікава... Нам шкодзіць многае, а й тое, што чэхі добра да мужа адносяцца. У, гэты час пануе страшная нянавісць між гэтымі двума народамі, і яны ўзаемна сябе зневажаюць, і гэта адбіваецца на нашым лёсе. І так таюць нашыя грошы, і я зноў еду да маіх бацькоў.

Я ўсёй душой цяпер пры сваім дзіцятку, і муж вельмі хоча, каб гэта быў сын. Удома я сплю на сваім дзявочым ложку ў сваім пакоі. Ноччу ў сне прыходзіць да мяне жанчына, перад якою я адчуваю сябе вельмі й вельмі дробненькім зернем. У яе на чале тры цёмныя кругі, сярэдні вышэйшы. Упорна глядзіць яна на мяне й кажа мне, што буду мець сына, але на мне ляжыць вялікая адказнасць за яго долю, каб я гэта памятала... Я прачынаюся. Мне неспакойна, і вобраз жанчыны са сну мяне пераследуе. Я веру, што ў нас будзе сын, і мы ўжо ненароджанага яго назвалі Юркам.

І так нам 21/X 1935 г. радзіўся сын [32] . Здавалася, што ўсе тыя непаладкі з ад’ездам, усё гэта толькі патое, каб шчасліва, пры мужу нарадзіўся сын. А можа, яно так і было? Радзіўся ўдома ў нас, і роды былі вельмі цяжкія. Уся Зэльва з напружаннем чакала, ці будзе сын, бо ж я сказала некалі, што раджу сына... Дзеці прыходзілі ў школу й апавяшчалі настаўнікам, што ў нас сын... Мы напісалі Маліцкім, як абяцалі, а за кума папрасілі харошага чалавека, майго знаёмага яшчэ са школьных гадоў, ён, як і мы, беларус... А дзіцятка крычала, прагна ссала малако, варушыла энергічна ручкамі й нагамі, рвалася да жыцця. Радзілася дробненькім — 2 кг 800 г, але хораша прыбывала. Я змянілася, мацярынства пранікла да глыбіні душы. Даць жыццё чалавеку раўнамерна цуду, перад якім моўкнуць усе іншыя справы. Нават мужчыны грубыя й бессардэчныя лагаднеюць і дабрэюць ля калыскі свайго дзіцяці, такі ўжо мудры закон жыцця.

32

Радзіўся сын…– Геніюш Юрка (1935—1985) — беларускі пісьменнік, медык па адукацыі; жыў у Беластоку.

Знаёмыя мяне адведвалі, але мы былі вельмі бедныя, і небагатаю была скромная выправа майго сына. І вось паехаў тата на вакзал па гасцей. Жонка інжынера Маліцкага была вельмі элегантнай дамай, і яе падаркі для хлопчыка вельмі прыгожымі й вельмі багатымі. Мне было няёмка, але вечар прайшоў хораша, бацюшка, старэнькі святар Якабсон хрысціў нам дзецятка ўдома, мы з мужам стаялі й плакалі...

І вось мужу далі дазвол выехаць. Не проста так. Ён звярнуўся з просьбаю да аднаго памешчыка, а той да свайго знаёмага міністра, і так толькі атрымаўся дазвол. Муж адвёз мяне з сынам да маіх бацькоў, пабыў дзянёк з намі, і мы развіталіся. Было ўжо халадно. Мне было яшчэ халадней, калі я ўсведаміла сабе, што мы цяпер з сынам такія самыя. Я запаліла лямпу, узяла сшытак і пачала пісаць вершы, стала лягчэй. Я іх пісала ўвесь час, але нікуды не пасылала. Мне здавалася, што ўжо ад Сафо Словэнскай [33] напісана так многа. Я пісала вершы для сябе й паказвала іх толькі сёстрам. Вершы мае ім падабаліся. Усе ў нашай хаце беглі да дзецятка. Мама з татам аддалі нам свой найцяплейшы пакой. Я спала, як птушка,— ледзь запішчала дзецятка, як я ўжо была на нагах. Я, здаецца, была як львіца, гатовая на страшнае ў абароне свайго сына.

33

Сафо (Сапфо; VII–VI ст. да н.э.) — старажытнагрэцкая паэтка.

Аднойчы ў суботу я ўбачыла на падворку чужую фурманку, з яе выходзіў мой муж! Я думала, што гэта нейкая з’ява, але гэта быў ён. Ён вярнуўся з Варшавы. Палякі разбілі чэскі кансулят у Варшаве, і чэхі нікога пакуль што ў Прагу не пускалі. Загадалі прыехаць цераз пару тыдняў. І хоць грошай было вельмі мала, муж прыехаў да нас. Гэта было вельмі жадана, гэта было як сонца з-за хмар. Пару тыдняў пры калысцы сына мы былі вельмі шчаслівыя, і гэты пражскі, еўрапейскі студэнт сказаў мне, што не ведаў, як цікава можна жыць у глушы. І вось прыйшоў дзень, калі мы зноў развіталіся, і калі б я ведала, што гэта аж на два даўгія гады, я, напэўна, не змагла б стрываць гэтага. Сыночку было паўтара месяца. Цяжка было без мужа, яшчэ цяжэй было думаць, як там ён сам і без грошай і як яму там вучыцца ў такіх варунках, гэтаму цвёрдаму майму чалавеку, які першы з малой Зэльвы намагаўся напружаннем усіх сіл стаць лекарам. Лекарам-беларусам з малой хаты сялянскай, з убогай лапінкі бацькавай зямлі. І ён дапяў свае мэты, хоць і галадаў, і працаваў на дарогах, на будоўлях, дзе толькі змог. Ён стаў-такі лекарам, і гэта было як шчасце.

Поделиться с друзьями: