Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза

Гениюш Лариса Антоновна

Шрифт:

Адзін чалавек з той вёскі ўцёк тады ў СССР. Засталіся хворая жонка і двое дзяцей. Я проста пакінула багатую дзядзькаву хату і перабралася да іх. Вадзіла каня на балота, паліла ў печы, даіла карову, глядзела дзяцей ды па загадзе нейкага фельчара ўсё ставіла беднай жанчыне банкі на яе хворы бок. Але хутка мой тата прыслаў па мяне коні, і я зноў вярнулася ў Жлобаўцы.

Неўзабаве я выйшла замуж, як і хацела — за беларуса. Муж мой [8] вучыўся ў Празе Чэшскай, быў ён сынам бедных бацькоў. Каб вучыцца, ён працаваў фізічна, а пасля за гэтыя грошы вучыўся. Так ён і чарадаваў працу з вучобаю. Яму заставалася яшчэ здаць дзяржаўныя экзамены. Хутка па вяселлі, ранняй вясной паехаў ён у Прагу канчаць медыцыну, а я засталася ў Зэльве. Ён пакінуў мне многа кнігаў на роднай мове, і я прагна пачала знаёміцца з нашай літаратурай. Тады, апрача Купалы [9] , Коласа [10] і Багдановіча [11] , я сустрэлася з жывой і бунтоўнай паэзіяй Максіма Танка [12] . Мне здавалася, што гэты дарагі, вялікі мастак адкапаў недзе несказаны скарб і вось шчодрай жменяй вяртае яго зноў народу. Я прагна чакала яго новых вершаў і адчувала вялікую сугучнасць маіх думаў і спадзяванняў з ягонай паэзіяй.

8

Муж мой… — Геніюш Янка (1902—1979), з якім Ларыса Міклашэвіч пабралася шлюбам 3 лютага 1935 г. у Воўпенскай царкве. Медык па адукацыі, выпускнік Карлавага універсітэта ў Празе. Працаваў лекарам. Сябра пражскага аддзела Беларускай Народнай Самапомачы. У 1948 г. разам з жонкай быў незаконна пазбаўлены чэшскага грамадзянства, вывезены ў СССР і асуджаны Вярхоўным судом Беларусі (1949) да 25 гадоў пазбаўлення волі. Быў датэрмінова вызвалены ў 1956 г. (але не рэабілітаваны) і жыў разам з жонкай у Зэльве ў старым бацькавым доме на вул. Савецкай (былой Царкоўнай), д. 7.

9

Купала Янка (сапр. Луцэвіч; 1982—1942) — народны паэт Беларусі (1925), класік беларускай літаратуры.

10

Колас Якуб (сапр. Міцкевіч; 1982—1956) — народны паэт Беларусі (1926), класік беларускай літаратуры.

11

Багдановіч Максім (1891—1917) — паэт, перакладчык; класік беларускай літаратуры.

12

Танк Максім (сапр. Яўген Скурко; 1912–1995) — беларускі пісьменнік, грамадскі і дзяржаўны дзеяч. Старшыня праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі (1967–1990), старшыня Вярхоўнага Савета БССР (1963–1971). Народны паэт Беларусі (1968), Герой сацыялістычнай працы (1974), лаўрэат Ленінскай прэміі (1978) і Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Я. Купалы (1966).

Я ўжо сама пісала даўно, яшчэ са школьных гадоў, але вершы свае хавала далёка з нейкай дзіўнай асцярожнасці, каб іх не крануў хто нядобрым словам, не высмеяў. Гэтага я не магла б стрываць, бо ў іх была душа мая, раненая і гордая. Калі мне было цяжка, я перачытвала іх. Яны загінулі.

Быў май 1935 г. Вокал Зэльвы было неспакойна. Людзі вывешвалі па дарогах сцягі, патрабавалі роднай школы і волі. Пачаліся арышты. Днём гналі дарослых, на досвітку малых дзяцей, якія паганілі партрэты Пілсудскага [13] і дамагаліся роднай мовы. Аднойчы адзін са зняволеных, не вытрымаўшы катавання, зарэзаўся ў склепе зэльвенскай паліцыі. Лекар, які ўскрываў яго, гаварыў, што ад біцця цела адстала яму ад касцей. Мне рабілася жудасна. Народны боль рабіўся асабістым, нясцерпным. Было мне ўстыд за наша крывавае стагоддзе і адчайна з мае жаночай бездапаможнасці.

13

Пілсудскі Юзаф (1867–1935) — польскі дзяржаўны і ваенны дзеяч.

Хавалі забітага. Паліцыя разганяла людзей на рынку. Я ўвайшла ў склеп, дзе ён ляжаў. Быў гэта невялікага росту малады чалавек, у тканым цёмным каптане, з крыху васпаватым тварам. Ляжаў, быццам закаланелы з болю. Вокал яго сядзелі сціплыя сялянкі, выціраючы слёзы, і стаяла паліцыя. Мне падкасіліся ногі, я стала на калені і пасля кароткай малітвы пацалавала руку памёршага. Гледзячы смела ў вочы ворагам, я іх запыталася, дакуль гэта яны будуць здзекавацца над намі. Сказала ім, што ў мяне будзе сын, і я яго выхаваю і аддам для змагання за волю, як і сябе. Я выйшла.

За паўгадзіны пачаўся крык і плач у хаце з майго гэтага сказу. Мужаў бацька, які вельмі любіў мяне, пабег у паліцыю з просьбаю, бо прыказалі мне хадзіць мэльдавацца. Абараніў ён мяне, скідаючы ўсё на цяжарнасць. Усё начальства было як восы, мяне ганілі і ненавідзелі. Я маўчала. Было мне і ад сваіх, і ад чужых. Я яшчэ больш пагоршыла долю мужа, якому і так нялёгка было жыць і вучыцца. Аб сабе я не думала, мне не магло быць горай, як нам усім, а лепей — я не хацела!

Прыехаў муж, перапалохаўся атмасферы навокал нас. Я забылася пра жлобаўскае, усё ж крыху панскае жыццё, спакойна закасала рукавы і прынялася за гаспадарку. З мужам мы зноў знаходзілі супольную мову. Выходзячы замуж, я яго папярэдзіла, што жыць буду толькі для Беларусі. Ён абяцаў мне падтрымку. Збліжаліся выбары ў Сойм, беларусы тыя выбары байкатавалі. Верныя сабе, не пайшлі на тыя выбары і мы. Каля нас стала трывожна і ціха.

1967

Споведзь

Жлобаўцы

Благаславенны родны дом, дзе бацькі і ўся дарагая сям’я. Благаславенны маленькі кусочак роднай, бацькавай зямлі на вялізнай планеце, які называўся Жлобаўцы. Называўся, бо сяння яго няма, таго нашага фальварачка, і нават яго назовы. Там калгас з нейкай ультрасавецкай назовай, дом перавезены ў Ваўкавыск, разам з гумном, а там, дзе была наша сяліба, стаіць толькі даўгі мураваны хлеў і некалькі дрэў, якіх яшчэ не паспелі выкарчаваць на апал сяляне. Калі бываю там, дык прашу: «Пакіньце яшчэ хоць гэтыя дрэвы...» З сяла Аляксандраўка, што ля Воўпы, ад старых прыяцеляў маіх бацькоў Зелянкевічаў відно як на далоні нашу сялібу й чутно, здаецца, як вецер калыша дрэвы.

Часам доўга ўглядаюся на сцежкі свае маладосці — ажываюць успаміны, і здаецца мне: спрацаваныя матчыны рукі туляць мяне ласкава да сэрца, алеяю, ці, як мы казалі, — прагонам, шырака крочыць тата, я яму толькі па бараду, і, угледзеўшы мяне, ён заўсёды ўсміхаецца пад сваімі крыху рыжымі вусамі, заўсёды падзеліцца думкамі накшталт: «Полацкае княства сяння зрабілі непапулярным са страху, каб не сепаравалася па праву ад імперыі, але ці ты думаеш, што твая Беларусь утрымаецца эканамічна, калі б была самастойнай?» Тата ведае, чым жыву, і часамі хоча мяне паквяліць, як малое дзіця. Крыху спрачаемся, мае ідэі для яго, з дзядоў ужо нявольнага, як экзотыка. Тата ведае, чым за гэта плаціцца, і паглядае на мяне з нейкай чуласцю сумнай.

Ксеня невялікая, але з вялікімі цёмна-сінімі вачыма, чорнавалосая й зграбная, жыве сваімі законамі й любіць часам закурыць папяроску. Мы ўсе вельмі супраць гэтага. Ніна, вельмі прыгожая бландынка з зялёнымі вачыма, вельмі любіць танец. Недзе бачыла балет і доўга, пасучы гусей, танцавала свае дзіўныя танцы на пальчыках, з яе не смяяліся. Расціслаў высокі, але яшчэ не метар дзевяцьдзесят пяць, да якіх дарос у сталым веку. Ён вучыцца ў сельскагаспадарчай школе ў Жыровіцах, вельмі прыгожы, чулы, ціхі, паслухмяны й працавіты, хоць яшчэ дзіця. Нейк, калі мы разам ехалі да Гудзевіч, сказаў мне свае планы на будучыню, яны былі даволі дзіўныя. «Калі вырасту, дык вазмем ад бацькоў часць зямлі, якая нам належыць з табою, і будзем разам гаспадарыць, ты будзеш садзіць кветкі, даглядаць хаты, а я пакажу ўсім, як трэба дабываць ураджаі, пасля вазмем да сябе бацькоў, і нам так будзе добра». Мілы, наймілейшы мой брат, Геркулес [14] з душою, як лютня. Здавалася яму, што пакінуць Жлобаўцы — гэта здрадзіць сваёй сям’і.

14

Геркулес (Геракл) — герой грэцкіх міфаў, сын бога Зеўса, меў незвычайную сілу.

А зямля да нас гаварыла. Яна разумела нас, акружала духам мінуласці ўсяго нашага народу й вялікай любоўю дрэваў, палёў. Ланы жыта хваляваліся проста пад вокнамі, і каласы шапацелі ад ветру. Нам было добра на веснім сонейку, на дажджы й на ветры, весела крочылі мы ў кажушках сваіх зімою, і коні насілі нас у кулігу па дарогах, на якія ласкава свяціў месяц.

Пасля быў Аркадзі, вечна вясёлы, стройны й з твару падобны на маму. Яго мы нейк любілі меней ад Славачкі. Вельмі бурным, гордым, смелым такім юнаком быў наймалодшы з хлопцаў Аляксей. Браты былі дружныя, любілі коней і мелі свае хлапцоўскія забавы. Але яны былі яшчэ дзеці, вучыліся, і найбольшым «хлопцам» удома была я. Усе справы з падаткамі, урадамі [15] , даўгамі, крэдытамі ўскладаў тата на мае плечы. Ён не любіў такіх спраў, і я іх не любіла, але памагала тату, як толькі магла. Наша наймалодшая Людміла, Люсенька — як мы яе называлі, была раскошным дзецям, прыгожым, ласкавым і вельмі разумным. Была яна любоўю ўсёй сям’і, і ў яе маленькім сэрцайку было столькі ласкі да ўсіх, што мы яе падзіўлялі. Яна вельмі любіла мяне, болей як маму, і мы амаль не разлучаліся.

15

Урад (чэшск. urad ) — дзяржаўная ўстанова.

Я была найстаршай удома з дзяцей і, здаецца, найболей каханай бацькамі, брацікамі, Люсяй і слугамі. Ксеня й Ніна мяне не любілі. Новы вялікі дом, і ўсе ўдома. Цяжка было знайсці адпаведную працу пры Польшчы, асабліва калі бацькі былі больш-менш забяспечаныя, на вышэйшую адукацыю не было матэрыяльных магчымасцяў, заставалася працаваць на зямлі й чакаць мужа. Падсведама і я думала аб мужу нейкім, але ён мусяў быць Беларус. Такіх не было, толькі сяляне, усё роўна муж мой будзе Беларус! А сватоў было шмат, даходзіла да трагедыяў, часам да смеху. Мы былі праваслаўныя, вось і сваты ад маладых святароў пачыналіся. «Што ж, купі часты грабеньчык, бараду ж будзеш часаць сваяму мужу»,— смяяліся сёстры і я разам з імі. Часам людзі мяне ледзь толькі бачылі, а ўжо прасілі мае рукі. Гэта было дзіўна, несамавіта. Мама іх усіх не любіла, а яе прыяцелька, пані Ядвіга Зелянкевічыха, гаварыла: «Няма кавалера для панны Ларысы, толькі Пілсудскі!» Гэта быў вялікі камплімент, у якім мілая пані Ядвіга абсалютна забывалася аб познім веку польскага маршала й думала толькі аб яго знатнасці. Для мяне нават ён не прыйшоў бы ва ўвагу, бо ж быў не беларус...

Час ляцеў, нам было блага й добра — залежала ўсё ад даўгоў, якіх было надта многа, бо самыя Жлобаўцы дзед мой купіў тату пераважна на віленска-тульскі банк, якога паперы вайною, на жаль, не загінулі, і Польшча з усёй строгасцю спаганяла даўгі. Неймаверна высокія падаткі й разбураная да апошняга ў час вайны сяліба й вялікая сям’я — усё гэта не магло нас ніяк зрабіць хоць крыху заможнымі. Мы ўсе працавалі, мама наша найболей. Нас моцна ашуквалі, бо тата быў горды, давяраў купцам ваўпянскім, і яны вельмі гэтым злоўжывалі, а з прыходам савецкай улады давялі нашых бацькоў да гібелі. Мы жылі цесна з сялянамі, якія густа засялялі свае ўчасткі, дзялілі сваю зямлю між дзяцьмі, жылі пераважна бедна, усё рабілі сабе самыя ад кашулі да цудоўных нашых дываноў. Воўна й лён і залатыя рукі жанчын-беларусак — і чалавек ужо апрануты цёпла, чыста й хораша. Было б толькі на чым сеяць той лён, той хлеб сялянскі й смачны, як пірог. Сёлы нашыя былі тады адвечнай стыхіяй беларускасці, як жа багатай, як жа цікавай і роднай для нас. Тады яшчэ сёлы спявалі. Спявалі яны вечна, пры любой нагодзе, толькі не постам. Увечары з усіх сёл чуўся спеў шырокі, то сумны, тужлівы, то баявы, бадзёры, з бунтарскай нотай, прагны дзеяння, волі. Гэта была душа народу й мая душа — дзяўчыны ўжо з асветаю — знача, тым болей сведамаю крыўд, якія церпіць наш народ ад атупелых у сваім шавінізме палякаў, як калісьці ад расейцаў. Народ ляжаў без дзейнай, амаль бяспраўнай палітычна масай па ўсёй сваёй зямлі й толькі цярпеў і стагнаў ад нястачы, прыніжэння й няволі.

Зямля была для нас усім: калыскай, хлебам, песняй, любоўю, магілай. Чым больш зямлі, тым болей надзейнае заўтра, ніякае надзеі больш на ратунак. Вось яшчэ служба ў паноў ці ў яўрэяў альбо ад’езд на цяжкія працы ў чужыну. Нацыянальная сведамасць пранікала паволі, цяжка. Хлопцы, актывісты «Грамады» [16] , альбо не вярнуліся зусім, альбо засталіся без здароўя, пабітыя, падбітыя дэфензівай, не жыхары ўжо на гэтай зямлі. Мне трапіў у рукі зборнік вершаў Міхася Васілька [17] , але ён не зацікавіў мяне асабліва. Змест народнай паэзіі, песні, абычаяў быў шмат глыбейшы, цікавейшы, часам несказана чароўны. Як жа вылавіць перлы з гэтага акіяну? Хто здолее гэта, хто зможа? Я ўбірала ў сябе ўсё гэтае багацце, і ў гэтай стыхіі было мне найлепей. Цяжка было гэта сцяміць маім бацькам і суседзьям. Яны з жахам думалі: дзе падзелася яе ўся навука? А навука адчыняла вочы на раскіданыя, чароўныя, несабраныя скарбы майго Народу. Выдатна, у вачох маіх, аддзяляліся нашыя сяляне ад тых паўінтэлігентаў, у асяроддзі якіх мне давялося жыць. Сапраўды разумных людзей я тады яшчэ не сустрэла. Трагічна адна я йшла нейк вобмацкам, інтуіцыяй да сваіх праўд, а якія яны — я добра ведала з ідэалаў французскай рэвалюцыі, з вясны народаў, з канстытуцыі Амерыкі. Рвала мне сэрца нацыянальная й сацыяльная несправядлівасць. Родзіцца жа аднолькава малое стварэнне, з усімі правамі на жыццё, і чаму жа так розная доля? А палякі й людзі ў іх на службе былі як сляпыя, як жа яны знушчаліся над народам проста ўвачавідкі! Душылі падаткамі, ганьбілі мову, нават не прызнавалі нашай народнасці, быццам ідэі дэмакрацыі й вольнасці людзям зусім не кранулі іх сэрцаў і розумаў, у існаванні якіх я сумнявалася нават... Побач з беларускай галечай высокія зарплаты найніжэйшых ураднікаў і страх іх з нашага існавання. Сумна падышоў раз мой тата да мяне — на пошце ў Воўпе яму парадзілі, каб дачка кінула выпісваць беларускі друк, а выпісвала я толькі правыя выданні, бо там было нешта з таго, што я так пакахала ў сваім народзе. Я нарадзілася такой, ад пялюшак ужо прасякнутай усім, што наша, з болем і прагай змагання за волю й нашую зямлю для нас. Аднойчы вёз мяне прыгожы хлапец да свае маці, як казаў. Шпарка ляцелі па гасцінцы лёгкія саначкі, адной рукой ён абняў мяне, другой трымаў лейцы. У мяне былі слёзы на вачох, і ён папытаўся, чаму я такая сумная? Перад намі йшоў юнак, з цяжкіх абіякаў (быў такі абутак за Польшчы) відно было падраныя ганучы й голыя пяты на холадзе. Ці ж магла я йсці замуж (быў гэта студэнт), калі такое й толькі такое было на маёй зямлі... Я была дзіўнай і часта не разумела сябе сама, ад усяго нядобрага мяне бараніла нейкая сіла. Нядобрага... А тое «нядобрае» было, можа, найлепшым у вачох бацькоў маіх, маіх сваякоў: багатае замужжа, грошы й слугі. «Не, у мяне не будзе слуг, бо кожны мусяе сам сябе абслугоўваць»,— секла я ў вочы спрыяючым людзям. Што яны ведалі пра тое, як дружна ў сялянскіх сем’ях, як ткуць дзяўчаты палотны ў куфры, як мараць. Як збіраюць на полі жанчыны чыста каласы ў снапы, якія яны працавітыя, а якія талковыя? Ёсць, праўда, розныя людзі, але паганым чалавекам быць устыдно, і слаўныя толькі тыя, хто добры й справядлівы. Яшчэ малою я пачула, як нашыя госці: войт, пісар гмінны й бацюшка ўгаварыліся пакараць аднаго селяніна. Сын гэтага чалавека за буянства (ён яшчэ жыве) трапіў у турму, бацька ўнёс за яго каўцыю 500 зл. да суда, і вось той селянін нечым не дагадзіў святару. Яны змовіліся, каб тае каўцыі [18] яму не вярнуць. Гэта было страшна, бо на той час пуд жыта каштаваў два злоты, і хоць селянін быў не з бедных і не з тых, якіх я любіла, але і яго было жаль. Я ўсё яму расказала, што ён мае рабіць, гэта значыць ісці перапрашаць святара й так ратавацца. Узяў той Пятрук мёду з сабою і яшчэ нешта й так улагодзіў справу, сына не засудзілі й грошы вярнулі. Гэтую тайну хаваў ён свята...

16

Актывісты «Грамады» — маецца на ўвазе Беларуская сялянска-работніцкая грамада, масавая легальная нацыянальна-вызвольная арганізацыя ў Заходняй Беларусі, колькасць сяброў у якой у 1925–1927 гг. дасягала 120 000 чалавек.

17

Васілёк Міхась (сапр. Касцевіч; 1905–1960) — паэт і ўдзельнік нацыянальна-вызвольнага руху ў Заходняй Беларусі.

18

Каўцыя (польск. kaucja) — грашовы задатак.

Поделиться с друзьями: