Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
Шрифт:
Маем відавочныя дасягненні, але не маем хоць нейкай прымітыўнай культуры, каб шанаваць сваю спадчыну. Таму сумняваюся, ці выйдзе мая кніжка, бо яна – за захаванне ўсіх вялікіх вартасцяў у свеце! Ад дзяцей даўно не было ліста, а ўнукам, можа, зацішней будзе ў жыцці, калі не будуць мне пісаць. Каб толькі для іх было добра!
Будзьце здаровенькія! Моцненька Вас цалую. Усіх вітаю.
Ваша Ларыса.
Зэльва, 18 лістапада 1979 г.
Дарагі і шчыра паважаны Язэп!
Не ведаю проста, як Вам дзякаваць за тыя лекі, якія я атрымала. На поўначы моцна мне абвастрыўся рэўматызм, здало сэрца. (Туберкулёзнікам, напрыклад, там было лягчэй.) Вось з таго часу і мучуся. Розна лячыў мяне с. п. Яначка, але найболей дык памагаюць мне лекі ад далёкіх сяброў.
Сяння без болю магла выстаяць у цэркві. Стала лягчэй хадзіць мне. Другі лек – для сяброў-эпілептыкаў. Адзін вылечыўся. 5 месяцаў не было прыступаў, але захацелася выпіць… Многія просяць ратунку, а далёкія, дарагія сябры памагаюць. Часамі думаю, што надужываю іхняй ласкавасцю, але няхай даруюць. Цешуся, што вярнулася Ваша мілая жонка, прыехалі дочкі, і было Вам міла і весела. Магу сабе ўявіць як сумна было Вам аднаму.
Сабралася многа лістоў адпісваць, але Вам пішу першаму. Помніка мы не паставілі. Перашкодзілі марозы. Вельмі рада з мужавай карткі-фота, якую Вы пераслалі. Так хораша зроблена на эмалі. Дарэчы, чым Вашая мілая жонка лечыць свой рэўматызм? Калі гэта суправаджаецца ангінаю, дык парадзьце ёй вельмі добры спосаб лячэння ангіны. Узяць на ватку керасіны і высмараваць горла. Так лячыліся ў блакаду ленінградцы і мяне яны навучылі. Гэта нічога страшнага – крыху прыкра. Я стасую яшчэ “сухое цяпло”. Награваю пясок ці соль (даўжэй трымаюць цяпло).
У сырую пагоду ледзь не енчу. Эксцэдрын і буферын вельмі мне памагаюць. Хачу Вас папрасіць аб адным – ці могуць часамі мае сябры прыслаць Вам лекі, каб Вы мне іх пераслалі? Была б Вам вельмі ўдзячная. Пакуль што іх хопіць. Але надта ж не люблю хадзіць скрыўленай і дрэнна апранутай. Гэта мая слабасць.
Фактычна я грашу крыху, адказваючы сяння на лісты. З выдавецтва “Мастацкая літаратура” патрабуюць ужо рукапіс кніжкі. Пабачым. Яшчэ няма чым хваліцца, але, можа, і выдадуць. Усё працую над матэр’ялам. Мая мілая сяброўка ў Гродне крыху “абломвае рогі” дзецям майго натхнення. Ды іх там і няма асабліва, але ўсе ж, для пэўнасці. Яна захоплена гэтаю сваею “грамадскай нагрузкай” і змушае мяне варушыць старыя сшыткі, успаміны, уласную душу. Крыху забываюся пра адзіноту.
Пісалі з Гудзевіч. Захопленыя той падборкаю ў “ЛіМе”. Гэта якраз тое, што ім патрэбна. Бедны Белакоз, загадчык музея, хворы – каліт страўніка, і паправы не відно, але столькі ў ім энергіі, што на ўсё забываецца, рады, што можа жыць і працаваць для “свайго люду”, як піша. Вы нейк раскіслі крыху, ці не прыхварэлі? Трымайцеся! Вельмі хачу Вас бачыць бадзёрым, поўным надзеі і сілаў. Вашыя ўспаміны будуць вартым дакументам мінулага і галоўнае – аб’ектыўным.
А з жыдамі ў мяне – заўсёды сяброўства. У Празе іх тры чалавекі захаваліся, выжылі пры нас. Нават без дзякуй… Нам хораша было тады ратаваць некага, забыўшыся праз сябе… З жыдоў харошыя сем’яніны, і падобная сумесь можа даць здольнае патомства. У інтэлігентных людзей гэта ж звычайная рэч, абы толькі шчасліва жылі. Галоўнае, што Вашыя дзеці здабылі асвету, далі сабе рады ў жыцці.
А мілая Зоська Верас так і не здагадалася, ад каго я перадала ёй прывітанні. Цяпер напісала крышку ясней. У яе малады рассудак і запал, цвярозы розум і прынцыповасць. Наагул яна вельмі цікавы чалавек.
У нас сяння – сонечны, цудоўны дзень. Марозаў – як і не было! Шкадую, што не паставілі помніка. На сэрцы было б лягчэй. Пішу ў свэтарочку ад Вас. Ён прытульны, мілы і цёплы, як і ласкавыя Вашыя словы. Навучылася крыху жыць для сябе і пра сябе думаць. Нават есці. Да сына маю глыбокі жаль за недастойныя паводзіны, але кантакт у нас нармальны. Я не гневаюся. Жыццё трэба браць такім, якім яно ёсць, і асцярожна, паслядоўна ўносіць у яго карэктуры. Я шкадую людзей, якія здольныя рабіць зло. Гэта нягодныя людзі, хоць дароўваць не ўмею, крыўдаў не ў сілах забыць… Я дрэнная крыху…
Глядзеце сябе, вітайце мілую жонку, Люцыначку, ды не забывайцеся пра маё сумнае існаванне. З павагаю і мілай шчырасцю да Вас – Ваша Ларыса.
7 снежня 1979 г.
Данусенька, мілая!
Жанчыны, звычайна, слабейшыя, а можа, там быў інакшы дыягназ? Не трэба бедаваць загадзя… Ведаю, што гэта цяжка. Лішні раз усміхніся і пацалуй мілага Эрыка. Вы – яго сіла, з якою здолее пераканаць тое, найгоршае. Мужчыны болей вытрывалыя ў жыцці. Усё будзе добра! Можа, у той жанчыны былі іншыя камплікацыі. Разумею, што такое ўспрымаецца…
А цяпер давай пасварымся. Складаць маю кніжку – твой грамадска-святы абавязак! А вось плаціць за таксі і прывозіць паўпуды валовіны (на адну!) і т.д. і т.п. – за гэта “гонар” наказвае мне разлічыцца! Я пастараюся зрабіць гэта далікатна, так што не перажывай! Што мне з Табою разлічвацца? Мне б дзяліцца з Табою – найлепшым…
Як бачыш, я яшчэ жыву! Не адважылася ўзяць на ноч таго “леку”. Прападзі ён пропадам! Вып’юць, калі прыйдуць пілаваць дровы. Крыху зноў прывезлі. Хаджу ўжо! З Зосяй прынеслі дроў, вады, накармілі Лапку, крыху паснедалі.
Усе вершы Ты зрабіла добра! Дай Божа, каб яны так прайшлі. Сяння, чакаючы на пенсію, нешта зноў перадрукавала. Няхай ляжыць у Цябе. За ноч ніякае нават назвы, акрамя ўчорашняй, і не прыдумала… Богу дзякую, што не двояцца вобразы мне ў вачах. Напалохалася добра…
Ці Ты глядзела 4 снежня “Помнікі архітэктуры і культуры рэспублікі: былога неацэнны скарб”? Якая была гэта харошая перадача! Вёў яе Юрка Хадыка. Здзівілі мяне яго высокакультурная, дасканалая мова і веданне справы. Мяне калаціла, бо прыйшлі і перашкодзілі мне крыху. Папрасіла, каб пачакалі. Хадыкі не пазнала! Зусім не дзіўлюся ўсім Церашчатавым, якія для яго – толькі эпізод. Справу сваю ён ведае, без пафасу, талкова і скромна, разумна і хораша закрануў ён і балючае, і актуальнае – ад Полацкіх фрэскаў пачынаючы. Успомніў нават крыж, які зрабіў Лазар Богша. Хораша гаварыў і пра Гродзенскі фарны касцёл. Як жаль, што нам не паўтараюць такіх перадачаў!
Ну і як мы назавем тую кніжку? “Настоеныя на чабары”, можа, і было б найлепей. Там было “Невадам з Нёмана”, дык нельга ўжо “З рабра наднямонскіх вярбін”… А “Слядамі дзён мінулых”? А “Супроць ветру”? Данусенька, я пакідаю гэта Тваёй фантазіі.
Ці мой ліст з панядзелка, 3 снежня, быў зусім нармальны? Тэмпература там не адчувалася? А банкі мне так і не паставілі. Не было як учора. Твой “філософ” недзе Табе зусім абрыд, не рві нерваў! Пакінь яго такім, якім ён ёсць! У яго другія “вартасці”. Ён не бачыць і не дацэньвае таго велічнага, чалавечнага, што яшчэ захавалася ў нашым народзе. Ці ён зразумее Ленінград? Будзе, як у таго Райкіна: “У грэчаскум зале, у грэчаскум зале!..” Глядзі, каб Цябе ён не перарабіў на свой лад! У што ён верыць? Ці ведае антыку і яе пераход у хрысціянства і далей у сацыялізм? А народную культуру? Гэта гультай нейкі і паразіт, калі нават жывёлаў не любіць! Няхай ён жыве па-свояму, бо і так хапае Тваім нервам. Чалавека з яго не зробіш, беларуса – тым больш!
Няўжо той Франі Табе больш шкада, як мілага Эрыка? Яму падобнае не дадае здароўя. Каб Твой “філосаф” ведаў хоць крыху Бялінскага, дык адчуваў бы сапраўдныя вартасці, а Чарнышэўскі ўжо крыху ўстарэў… Папугай гэта нейкі, а не самастойна думаючая адзінка. Усе мы крыху індывідуалісты, але ад падобнага індывідуума вее расейскай несаліднасцю і нудотай. Даруй усю маю злосць на “генія”, але цацкацца з ім не раджу. Дай яму велікадушна хлеб гэтыя месяцы са сваіх скромных, беларускіх магчымасцяў, як доказ сапраўднай дабрыні і культуры, бо так хоча Твая мама, і парадзь яшчэ раз уважна перагледзець Бялінскага.