Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
Шрифт:
Ведаю, што Вам вельмі цяжка, але не забывайцеся пра мяне, пішэце мне часамі. А я тут мала каго і ў хату пускаю, каб не слухаць розных дурніцаў і правакацыяў. Сляджу толькі за палітыкай, бо баюся вайны. Думаю, што пакуль ёсць у людзей крыху розуму, дык заўсёды лепш дагаварыцца, як нішчыць сябе ўзаемна і руйнаваць землю. Белых людзей не так шмат на планеце. Яны стварылі немалыя вартасці, дык трэба неяк меркавацца, каб усім спакойна жылося на свеце. Меней экстрэмістаў, болей цвярозага розуму. Ларысе і Валодзі я напішу, пачакаўшы. Дзякуй ім за лісты.
Застаюся – са шчырасцю і вялікай павагай да Вас усіх! Цалуйце Міхасіка, Веру, Марынку і напішэце, як маецца Коля? Ці не быў у водпуску?
Ваша заўсёды – Ларыса Геніюш.
P.S. Дарагі Саша, наша сапраўднае прозвішча пішацца – Геніуш, а мне зрабілі так літаратурнае. Мусіць, каб бліжэй было да геніяльнага… Жартую. Вершы свае я аддала, але што будзе далей? Была гутарка і аб кніжцы. Пабачым. Галава мне зусім пабялела. Што ж, дзіва няма. Адна нявестачка чаго варта… Такога напісаць, на жаль, нельга…
Ваша Ларыса Геніюш.
Зэльва, 4 чэрвеня 1979 г.
Дарагая і мілая Людвіка Антонаўна!
Сяння ў Вас свята, ды і я пішу ліста, таму што не хочацца ісці ў гарод, калі ў суседзяў свята. Дні мае ўцякаюць нейк бескарысна. Рада толькі, калі зайду на магілачку. Тады плачу крыху, але болей дык гутару. У мяне тут усё сумна і аднастайна. Лістоў амаль няма, нават ад сына. Адцвілі туліпаны і настаў час квітнення півоняў. Вашыя браткі крыху перазімавалі, а вось тыя званочкі памерзлі да кальва.
Мілая Людвіка Антонаўна, ці ў Вас не будзе павышаны ціск крыві? Бо чаму робіцца такой патыліца? Трэба, каб Вы гэта праверылі. Думаю, што Слаўка ўжо вярнуўся, і Вам лягчэй, бо Вы яго любіце. Лішне не замагайце.
У нас ужо месяц як няма дажджу, але я не думаю пра гэта. Мае гуркі паліваюць суседкі, а вось учора, ідучы на магілку, дык аж кранула мяне за сэрца маленькая, пажаўцелая ярына. Сяння пахаладала, але хмаркаў – ніякіх. Хоць стараною прайшлі дажджы. Пісаў мне Усевалад Сямёнавіч [Кароль], што Вас бачыў. Знача – і расказаў Вам крыху пра нас. Я ім несказана ўдзячная, што ў найцяжэйшую хвіліну майго жыцця яны мяне не пакінулі! Не маю проста слоў прызнання для іх. Прыязджаюць часам чужыя людзі і прапануюць жыць з імі, пераязджаць да іх. Адно мілае супружжа пастанавіла так: Вам будзе зал, а нам хопіць і спальні. Другія – канчаюць дом, тры пакоі, знача – “адзін для Вас, Ларыса Антонаўна, і будзе нам разам так добра над Нёманам”...
Божа мой! Усё гэта цешыць, але нікому не хачу замінаць некалі, быць цяжарам, калі зусім пастарэю. А далёкія, дарагія сябры абяцаюць сваю “дапамогу, апеку і сэрца”, але як мне вырвацца, як мне дастацца да іх? А думаць нешта трэба, бо 33 руб. 75 кап. – гэта кату хвораму. Хоць аб гэтым найменей думаю. Заўсёды нейк будзе. Спачатку было вельмі дрэнна са здароўем, вельмі многа перажывала за мужа, за яго здароўе, і гэта зрабіла мяне моцна нервовай. Цяпер супакоілася крыху. Лепей з сэрцам.
Дэўцыю, як Вы парадзілі, зрэзала да зямлі. Адна галінка адрастае. Памерзлі і кусты звычайных ружаў. Адзін адрастае, другі – не. У людзей дык ружы папрэлі пад снегам. У мяне засталіся ўсяго толькі тры кусцікі.
На адкрыццё выстаўкі Язэпа Драздовіча я толькі атрымала запрашэнне. Я мала бачыла працаў Я. Драздовіча (не арыгіналаў!), але ён вельмі прамаўляе да мяне, бо відавочна, так жа кахаў нашую даўніну, народ і землю. Як жаль, што я не магла бачыць гэтае выстаўкі! Алесь Мікалаевіч [Белакоз] часам піша і мне. Адказваю. Іншыя лісты не даходзяць. Божа мой, і каму яны патрэбныя?! Найболей цікава мне, як прайшоў беларускі фестываль у маіх далёкіх сяброў? Вось бы дастаць ад іх здымкі! Міламу Данчыку паслала сваю кніжку, і ён яе атрымаў! Часам пішу мілай Галіне, але адказу даўно ўжо не мела. Усе тутэйшыя сябры радзяць мне шчыра сядзець у сваёй хаце і нікуды не ехаць! Ну ж і разумныя! Паспрабавалі б самі пабыць у такіх варунках і атмасферы, як я, дык заспявалі б іначай! Я і так сама сабе дзіўлюся, як гэта мы ўсё тут вытрымалі да гэтага часу? Былі мы дваіх, а цяпер я адна-адзінютка!
Вокал зелена і хораша. Я згубіла замілаванне да працы, і ўсе мае дні праходзяць цяпер абы як, без плану. Думаю, што і гэта пройдзе. Я ўсё яшчэ чакаю падсвядома, што вернецца Муж. Веру ў гэта, як у казку, і здаецца мне тады лягчэй. А Вы абавязкова дайце змераць якой медсястры ціск крыві. Баюся, што ён у Вас павышаны. Мне пішэце хоць пару слоў, каб Вам няцяжка, але каб я ведала, што ў Вас усё добра, што Вам лепей.
Цалую Вас сардэчна. Усіх шчыра вітаю.
Заўсёды Ваша Ларыса Геніюш.
Зэльва, 7 лістапада 1979 г.
Даражэнькая Людвіка Антонаўна!
Ласкава даруйце, што не павіншавала Вас з днём народзінаў. У мяне, мусіць, склероз ад гора пабольшваецца, зараз не буду ведаць, як і называюся. Вітаю Вас сардэчна, хоць спознена, і жадаю добрага здаровячка, памыснасці і радасці ў жыцці. Як цяжка чытаць пра хворых, прытым зусім адзінокіх людзей. Хто гэта ў Менску так моцна хворы на сэрца? Няўжо не здолеюць даць яму дапамогу? Пытаюся таму, што, можа, мае сябры маглі б яму дапамагчы. Абавязкова напішэце! Найшляхотнейшая справа – ратаваць людзей! Жыць трэба! Беларусам асабліва!
А помніка так і не паставілі. Усё, сказаць, ужо гатова, але такія былі ў нас маразы, пры якіх нельга рабіць бетонныя працы. Вось і пастанавілі мае дарагія сябры адкласці справу помніка да вясны. Мне не застаецца нічога іншага, як з імі згадзіцца, бо гэтыя справы яны лепей ведаюць ад мяне. Не заўсёды магу зайсці на дарагую магілку. На Задушны дзень стала мне дрэнна, мусіла вярнуцца дамоў. Свечачкі паставілі сваякі. Мусіць, перастыла на памінальнай паніхідзе. Сяння мне лепей.
У мяне мала хто бывае. Аляксей Міхайлавіч [Пяткевіч] – вынятак. Візіт яго быў для мяне вельмі мілы. Сяння недзе ўсе спяць пасля параду. Вонку пахмурна, і я адна пакуль што. Клікала на чарку суседка, але я чаркі не п’ю. У нас апошні час былі марозы да 100– 110 раніцою. Зямля ўмерзла зусім. Апошнімі днямі пацяплела. Я вельмі хацела б мець той здымачак, аб якім Вы пішаце. Апошні час я моцна занятая збіраннем вершаў па розных сшытках. Дануся Б., якая ўзялася рэдагаваць мой зборнік, моцна мяне падганяе. У яе шмат надзеяў на гэты зборнік. Але я меней аптымістычна заглядаюся на гэтую справу. А можа? Было б гэта нядрэнна з розных меркавань. Найгорай тое, што не змагу яго ні паказаць, ні прачытаць самаму спрыяльнаму мне дарагому чалавеку – с.п. Мужу… Падумаю пра гэта – і ахвота мне да ўсяго адпадае. С.п. Муж не адступаецца ад мяне, не адыходзіць з думкаў.
Сябра, аб якім я Вам пісала, гэта Язэп Н[айдзюк] з Вільні. У яго ёсць ведамы Вам добра брат Чэсь. Я яму адрасую лісты – Язэпу Александровічу. Думала, што гэта Вы ведаеце. Вось ён сардэчна Вам кланяецца, як стары Ваш знаёмы. Ён адшукаў мяне праз сына і цяпер піша мне. Сяння ў мяне вельмі цяжкі настрой. Залежыць ён таксама і ад пагоды. Хоць і варункі майго тут існавання нямала гэтаму спрыяюць. Мілая Дануся Б. поўная энергіі і добрай думкі. Хваліць мяне вельмі далікатна. Але моцна. Перакідваемся вершамі, заўвагамі, лістамі. Зноў чакаю яе прыезду.
Глядзела па тэлебачанні парад у Менску. Мілыя дыктары віншавалі многіх “перадавікоў вытворчасці”, давалі кветкі, хораша звярталіся да іх па-беларуску. Ні адзін з гэтых “перадавікоў” не адказаў ім на роднай мове! Няўжо няма ў людзей прымітыўнага такту – хоць дзякуй сказаць па-беларуску! Устыд! Адзін – нейкі Шуляк, ну думаю, хоць гэты нешта скажа. Не, гаварыў з моцным беларускім акцэнтам, але па-руску. Каб хоць называўся які коршун, а то – Шуляк. Слухала яго мая суседка і кажа: гэта таму, што яны ўсе хочуць быць панамі! Згінь ты, прападзі, думаю, з такімі “панамі”! Па-мойму, гэта найбольшае хамства – не шанаваць сваёй роднай мовы і тых сапраўды абаяльных дыктаршаў (Зінаіда Бандарэнка), і вельмі талковых дыктараў, як напрыклад, Шыліхін, якія так хораша віталі іх са святам на роднай, цудоўнай мове нашай рэспублікі! Можа, таму мне так сумна сяння.