Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
Шрифт:
Пагода дажджлівая, туманная, так і гняце. Гарод наш нізкі, і садзіць яго няма як. Ружы мае амаль усе памерзлі. Нешта і на дэўцыі не бачу лісточкаў. Толькі Вашыя ягадкі зелянеюць. Я так цешылася, што нарву іх міламу свайму хвораму. Толькі так і думала… Зноў плачу… Што да п. Галіны, дык у нас часта чуваць, што баліць некаму пад лапаткамі. Людзі ратуюцца ад гэтай “эпідэміі” гарчычнікамі. Гэта сапраўды памагае. Бедная Ваша сваячка з Беластоку! Як я яе разумею! Мне вельмі цяжка ў маёй хаце, але ў кожным іншым месцы было б куды цяжэй. Тут і балюча, і міла, і цёпла душы. Я тут – гаспадыня, і гэта зусім не пустое слова.
Вельмі расчаравалася нашымі землякамі. Мне здаецца, што акрамя нейкага неабгрунтаванага страху ў большасці іх атрафіраваліся чалавечыя пачуцці спагады, сяброўства ў горы. Я дык не ведаю страху, калі мне трэба некага падтрымаць. Таму не хачу думаць, балюча думаць, проста ўстыдно! Толькі што гэта ёсць факт... Добра, што Вашыя страхі мінулі. Майце справу з дастойнымі людзьмі і нічога не бойцеся. Разрадка – гэта і індывідуальныя кантакты людзей, не толькі важкія словы дыпламатаў.
Мела вельмі паважную гутарку з прадстаўнікамі адказных культурных установаў. Людзі зрабілі на мяне добрае ўражанне. Дагаварыліся наконт друкавання, а які будзе рэзультат – не ведаю. Калі б жыў мой с.п. Муж, гэта было б для мяне болей важна. Дарагія, далёкія мае сябры моцна запрашаюць мяне ў Аўстралію. Удава аднаго нашага паэта (А. Салаўя) вельмі хоча, каб я разам з ёю жыла. Мяне гэта проста вабіць. Ды і за 33 руб. тут цяжка мне будзе пражыць. Адна мая знаёмая піша, што гэта мала было б і для яе ката Філімона… Здаецца мне, што там я так спакойна заснула б… Цешуся, што недзе жыве маленькі Ян, але лістоў ад іх болей няма. Мне забіраюць і такія радасці, на жаль… Лісты ад іх не даходзяць.
Паваліўся зусім мой плот. Крыху паправіла. Пераважна сама, і суседзі дзе-што дапамаглі. Калі нешта думаю ці раблю, дык забываюся пра сваё гора. Простыя нашы людзі не забываюцца пра мяне. Яны штодня хоць на хвілінку забягаюць, стараюцца нечым усё дапамагчы. Жаль – нічога не магу чытаць. Гэта яшчэ да мяне не даходзіць. Калі ёсць які грош, дык і далей купляю кніжкі. Так хацеў бы дарагі с.п. Муж. Недалікатныя людзі прапануюць прадаць бібліятэку на рынку, бо добра плацяць. Божа, якая ж агіднасць… Мне проста сорамна за такіх людзей. Мы жылі вельмі скромна. І таму я думаю, што заўсёды нейк дам сабе рады.
Як цікава было Вам атрымаць ліст, калі нехта запамятаў Вас аж з 1916 г.! Як гэта хораша. Галоўнае тое, што Вы заслужылі на ўспамін людзей праз даўгія гады.
Вялікдзень прайшоў мне з людзьмі, але пасля я паважна захварэла. Разгаўляліся мы з мужавымі сваякамі. Пасля ўсе хадзілі на могілкі, а зтуль жанчыны пайшлі да нас на гарбату (яечак у нас маляваць нельга, калі нехта памрэ ўдома). Пасля прыйшлі мужы тых жанчын, і даволі доўга пасядзелі, пагутарылі. Падобна прайшоў і 1-шы май, у які якраз быў памінальны дзень. Спраталі павялыя вянкі з магілкі, пакінулі толькі капронавыя. У іх заблыталася адна стужка, якой не выняслі, не спалілі. Калі я разгледзела, дык гэтая стужка была “ад унукаў”… Так я яе і прыладзіла на другі вянок. С.п. Дзедзіку гэта было міла.
Зацвілі мае кветкі. Прымулькі крыху прымерзлі. Пасадзіла ўжо юргіні. Ля сеткі многа заўсёды пахучага гарошку, які летам выглядае вельмі міла. Туліпанаў сёлета будзе няшмат. Пасля візіту вышэй упамянутых таварышаў, я крыху бяспечней чуюся. Гэта для мяне сяння вельмі важна. У польскім журнале “Kobieta i zyce” ёсць здымак Ольгі Корбут з народжаным сынам. Яе муж Леанід Барткевіч – адзін з “Песняроў”. Жаль, што такое мы даведваемся толькі з чужых часопісаў… Хлопчык маленькай Вольгі важыць 3,5 кг. Называецца Леанід.
Вось ужо амаль тры месяцы, як няма майго с.п. Яначкі. Некаму сніўся, што ажыў… Я наагул так здурэла, што ледзь не паверыла ў гэта. У кожным выпадку стала мне лягчэй. Цалую Вас, усіх шчыра вітаю.
Ваша Ларыса Геніюш.
Зэльва, 10 траўня 1979 г.
Паважаны і дарагі сябра Алесь!
Дзякуй за памяць. Хвалявацца за мяне сапраўды было трэба, але самае цяжкае, здаецца, мінула. Боль прытупіўся, спыніўся крыху, бо трэба жыць і за маё тут існаванне трэба змагацца, што я і раблю. Страта была вялікая, проста непамерная маім сілам, і я зусім адна – нікога больш-менш разумеючага мяне побач. Простыя нашыя людзі не пераставалі прыходзіць да мяне. Яны плакалі разам са мною, успаміналі с.п. добрага доктара.
Я іх з удзячнасцю беларускаю праводзіла ветліва на ганачак, яшчэ там крыху з імі размаўляла і перастывала да немагчымасці. Нічога не ела прытым. Вярталася, глядзела на кніжкі, на рэчы с.п. Мужа, стагнала з болю і плакала па харошым Мужу, па выдатным лекары, па вельмі інтэлігентным, чэсным чалавеку, па верным, да канца адданым свайму народу сыну зямлі беларускай, па мучаніку несправядлівага, цяжкага лёсу, які Бог пакуль што яшчэ дае беларусам… Ледзь не аслепла. Лісты Вам пісала, але, як бачу ды як магла думаць, яны не дайшлі да Вас, харошы мой дружа. Дзеткам яшчэ не пісала. Скажыце ім, што напішу, калі ачуняю. Мілыя юныя стварэнні яшчэ не разумеюць, як многа забірае ад нас бязлітасная, суровая смерць…
Вось змагаюся за існаванне, за права быць сабою, карыстацца роднаю моваю і больш-менш бяспечна і спакойна жыць, як належыць мне – нашчадку многіх пакаленняў на нашай шматпакутнай зямлі. Вынікі, здаецца, будуць пазітыўныя, калі зноў не створаць тут якой хлусні, якой правакацыі. Сяння стала неабходным змагацца нават за права на чалавечнасць на нашай зямлі. Страх і жаль Ваш абгрунтаваны, і шляхотную роспач Вашую я разумею. Сама бачу ўсё, даўно пераношу ўсё на сваёй асобе і дзіўлюся людской абмежаванасці, наглай дзікасці. Мова народу – гэта скарб, здабытак шматлікіх пакаленняў, як і наша культура.
Жыццё – гэта таксама ўніверсітэт. У натуры нашай, у звычаях, у мове, у крыві згуртавалася ўсё лепшае, што пакідалі нам дзяды-прадзеды са сваёй жыццёвай мудрасці, праверанай працаю, болем, войнамі, надзеямі, добрасуседскімі адносінамі, мудрасцю і законамі нашай прыроды, якія зрабілі нас і вытрывалымі, і радаснымі, як вясна, гарачымі, шчырымі, як лецяйко, ды шчодрымі, як сама восень. Усё гэта засталося, адбілася і ў нюансах нашай мовы, дарэчы, вельмі багатай. Даўно забаранілі нам друк, але, пакінутыя арыстакрацыяй і шляхтаю, мы, “цёмныя”, пад світкам і ў сэрцах перахавалі гэтыя скарбы і захавалі свой твар.
Калі браць пад увагу тое, што дасягненнем мудрасці людской ёсць чалавечнасць, дык наша культура народная не ўступае кніжнай, якою, на жаль, стаць не магла, бо нават друк нам забаранілі! Прагрэс – рэч умоўная. Нагрувашчванне зброі, барбарскае вынішчэнне нетраў зямлі без аглядкі на заўтра, бяздумнае забруджванне асяроддззя, непамерная эксплуатацыя жывога на зямлі і ў акіянах, дзікунская прага цёмных элементаў, каб “панаваць” над душамі людзей, над адзінкамі і народамі ў імя ўласнай, нікому не патрэбнай сілы і велічы – гэта далёка не прагрэс! Куды большы прагрэс – з любоўю засяваць беларускую землю, вырабляць на фабрыках патрэбнае людзям прыладдзе, піць ваду з чыстых крыніцаў, дыхаць такім жа паветрам і не нішчыць здабытых вякамі скарбаў народу, бо яны ёсць скарбамі ўсяе людскасці!
На пахаванні с.п. Мужа я яшчэ раз зразумела веліч нашай народнай, чалавечнай і сапраўднай культуры. Простыя людзі, строгія людзі паверылі толькі сваім вачам і ацанілі па-свойму і мукі нашыя, і дапамогу, якую аказваў ім с.п. Муж, і яго цярпенне, і маю шчырую, адданую, шматгадовую апеку над ім, таму пасталі пры мне ў цяжкую хвіліну, калі тыя, моцна “прагрэсіўныя”, дабівалі пабітага і здзекваліся нават над нябожчыкам! Вось таму і трэба бараніць мову нашую, і культуру нашую, і нашую чалавечнасць і ратаваць ад п’янства, халуйства, хуліганства, тупой матэрыяльнае карыслівасці, несправядлівасці і нячэснасці наш народ!