Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Жалезныя жалуды

Дайнеко Леонид Мартынович

Шрифт:

Белабароды стары чуў гэтыя воклічы, усміхаўся, гаварыў, нібы сам сабе:

— Бог працу любіць, вось я і стараюся. Але ведайце, людзі,— як будучай вясною з зямлі малады колас выплыве, памру я. Цела ўжо не хоча насіць душу.

— Бяссмертны Кандрат! — насуперак яго словам крычалі новагараджане.

Усцешаны стары тройчы пакланіўся ім да самай зямлі. Лукера цалавала ягоныя рукі, на вачах ззялі слёзы.

Раптам з натоўпу выбег цёмнавалосы гіжлівы 83 хлапчук, стаў побач з Лукерай.

83

Гіжлівы — рухавы, хуткі.

— Грышка, дзе ты быў? — радасна здзівіўся Кандрат.

— За Нёман хадзіў,— звонкім голасам прамовіў хлапчук. — Не памірай, дзед Кандрат. Я табе зноў дапамагаць буду, вучыцца ў цябе буду.

— Добра, Грышка, добра… Не стану ўвесну паміраць, — усхвалявана казаў стары Кандрат, і ў сініх вачах нібы ўспыхнула па сонейку. — Разам будзем каваць жалезныя жалуды.

Ен узяў Грышку за руку, прытуліў да сябе. Так і стаялі яны, стары і хлапчук, а народ усё крычаў:

— Бяссмертны Кандрат!

І ніхто з новагараджан не ўспамінаў або стараўся не ўспамінаць пра забітых Войшалкавых служак, трупы якіх кінулі пад лёд на Нёмане. Яшчэ некалькі дзён назад за такі дзёрзкі ўчынак ракой магла б паліцца кроў і не адна галава развітацца з плячамі. Але Войшалка ўжо не было ў Новагародку. Зняўшы багаты княскі ўбор, апрануўшы грубы дарожны плашч, разам са жменькаю верных людзей пакіраваўся ён у Палонінскі манастыр да святога айца архімандрыта Грыгорыя. Па дарозе былога новагародскага князя перастрэў з дружынаю князь Глеб Ваўкавыйскі. Яны зайшлі ў паходны шацёр і ўсю ноч прагаварылі — вока на вока, душа на душу. Яны даўно былі братанічамі, яшчэ з той далёкай зімовай ночы, калі пакляліся адзін аднаму ў дружбе і вернасці крывёю і нёманскай вадой, і не было між імі ніякіх таямніцаў.

— Што ты надумаў, князь? — горача і ўсхвалявана запытаў Далібор. — Манахам хочаш стаць? Але навошта?

— Дзяржаву хачу ўратаваць, — строга адказаў Войшалк. — І ты, як сын русінскай зямлі, дапаможаш мне. Ты ж цвёрда верыш, што, толькі з'яднаўшыся ў адно, Новагародская зямля і Літва змогуць выжыць?

— Веру. Цвёрда веру.

— Я так і думаў. Дзякуй табе, князь. Войшалк паклаў Далібору на плячо руку.

— Але для таго, каб жыла і мацнела дзяржава, патрэбна, каб ззяў над ёй і над усімі яе сынамі адзіны бог. Пакуль жа Літва паганская, а Новагародак праваслаўны. Думаю я пашукаць у Палонінскім і Афонскім манастырах руплівых мудрых манахаў і перапісчыкаў пергаменаў, прывезці іх у наш край і на Нёмане між Новагародскай зямлёй і Літвой збудаваць святую абіцель. З яе пойдзе ва ўсе куткі дзяржавы святло хрысціянскай веры, бо будуць там дзённа і ношчна працаваць святары і летапісцы.

— Летапісцы? — узгарэўся Далібор.

— Так. Нельга народу жыць без сваіх летапісцаў. Гэта — што вясна без птушак і ручаёў.

Яны памаўчалі. Біўся ў тонкае палатно шатра вецер.

— Цяжкія часы давядзецца нам перажыць, — сказаў Далібор. — Купцы з поўдня прыходзяць і гавораць, што татарскі цемнік Бурундай збірае незлічоныя раці, каб ударыць па Літве і Новагародку. Татар у стэпах, як саранчы.

— Вось чаму і шукаю я саюзу з галіцкімі і валынскімі князямі, вось чаму і аддаю новагародскі сталец Раману Данілавічу, — у глыбокім роздуме прамовіў Войшалк, і сум чуўся ў ягоным голасе. — Народ крычыць, што я звар'яцеў. Калі-нікалі (павер мне, князь Далібор) лепш звар'яцець, чым быць разумным. Але, як ты бачыш, я не вар'ят. Дзеля нашай дзяржавы, дзеля яе адной працую і пакутую. Сёння нам трэба вывесці з гульні галічан, улагодзіць іх, мець іх за саюзнікаў супраць татар, каб заўтра зноў моцна стаць на ногі. Вось чаму сястра мая любімая Рамуне паехала жонкаю да Шварна Данілавіча ў Холм.

— Як яна там? — міжволі вырвалася ў Далібора. Войшалк уважліва зірнуў на яго, адказаў:

— Плача.

Далібор скрыгануў зубамі, ускочыў на ногі, выдыхнуў амаль з нянавісцю:

— І ты называешся братам? Плача сястра, плача, як птушка ў клетцы, а ты… ты гандлюеш ёю.

Ніводная жылка не ўздрыгнула на твары ў Войшалка. Толькі вочы злёгку пацямнелі.

— Жаночыя слёзы хутка высыхаюць, — спакойна адказаў ён. — Каб усё было наадварот, нідзе б не засталося ні астраўка сушы — зямная цвердзь захлынулася б у жаночых слязах. Але заўваж, князь Далібор, што тут плача не проста жанчына. Тут плача княгіня.

Ен яшчэ раз паўтарыў:

— Княгіня. Ці табе мне гаварыць, што крыж улады ой які нялёгкі. Павер, што Рамуне паехала да Шварна добраахвотна, хоць і ў слязах. Яна добра разумела, дзеля чаго ладзіцца гэты шлюб.

Далібор зацята маўчаў.

— Няўжо і ты хочаш зрабіцца маім ворагам? — пранікнёна глянуў на яго Войшалк. — У мяне і так іх сто карабоў. Прашу цябе, князь Далібор, стань сябрам і аднадумцам, як раней. Без цябе дужа цяжка і горка мне будзе.

Ен абняў ваўкавыйскага князя, тройчы пацалаваў. Далібор праглынуў ссушэлы камяк у горле, сказаў дрыготкім голасам:

— Гэта я так… Наверзлася нешта на душу… Адно памятай, кунігас: я заўсёды быў і застануся тваім братанічам.

— Дзякуй, — зноў абняў яго Войшалк. — За дружбу і вернасць я не буду плаціць табе сёння гатоўкай, срэбрам ці золатам. За такое плоцяць усім жыццём.

Войшалк пругка ўскочыў з паходнага крэсла.

— Бачу я заўтрашнюю слабасць Галіцка-Валынскай зямлі. І таму аддаю Новагародак не Шварну, а Раману. Шварн, жанаты на Міндоўгавай дачцэ, меў бы законнае права на ўсё наша княства. Раман жа Данілавіч, няўдалы здабытчык аўстрыйскай кароны, хай дзякуе богу за тое, што яго зробяць гаспадаром Новагародка, прычым гаспадаром часовым. Ен не зможа і пікнуць пра сваё права на ўладанне. Трэба зрабіць так, каб сыны князя Данілы Галіцкага жылі ў вечнай спрэчцы між сабою, каб не ведалі, як падзяліць вотчыну і дзедзіну сваю. Зусім недалёкі той час, калі пойдзе на спад моц галічан і валынян, калі замкі іхнія будуць разбураны, зарастуць травой і ператворацца ў зялёныя пагоркі, бо ўжо татары, угры і ляхі ўзнімаюць на іх пяту. Ведаеш, у чым сіла нашай дзяржавы, князь? У чаканні.

Так прагаварылі яны да першых сонечных промняў, а потым абняліся, і Войшалк, паабяцаўшы, што кожную сядміцу будзе даваць вестку аб сабе, пайшоў да князя Данілы Галіцкага і далей — у Палонінскі манастыр. Не паспелі яшчэ астыць ягоныя сляды, як прымчаўся з малой свіслацкай дружынаю Някрас. Не злазячы з сядла, закрычаў:

— Дзе Войшалк?!

— Пайшоў у Галіччыну, — адказаў Далібор.

— Чаму не загадаў забіць яго?

Пры такіх словах малодшага брата ваўкавыйскі князь пільна паглядзеў яму ў вочы, прамовіў, стрымліваючы гнеў:

— Еш свой хлеб зямны спакойна. Не хапай яду жываглоць.

Але Някрас, пэўна ж, падвучаны бацькам, князем Ізяславам Васількавічам, не слухаў, крычаў:

— Войшалка трэба дагнаць! Дагнаць і забіць! Навошта ты выпусціў яго са сваіх рук?

— Таму што ён — гаспадар Новагародскай зямлі,— цвёрда сказаў Далібор. — Новагародская зямля ўзяла яго сабе за гаспадара, баяры і смерды ўзялі.

— А хто ты? — злосна прасіпеў Някрас. — Падручны князёк у прыблуды? Але нельга траціць час — паехалі, схопім Войшалка.

— Ці ты яшчэ не нагоцаўся ў сядле за дзень? — спакайнеючы, усміхнуўся Далібор.

Толькі Някрас не слухаў брата, разварочваў дружыну. Камякі шэрага мокрага снегу пырскалі з-пад цяжкіх конскіх капытоў.

— Спутайце яму каня! — крыкнуў Далібор. І калі дзецкія выканалі загад, сказаў:

— Запрашаю цябе, мой любімы адзінаўтробны брат, хлеба-солі адведаць. Добра, што перастрэў я цябе на дарозе, а то б вялікая бяда была. Ты, прабач, як той смерд, жыхар лясны — далей сякеры з калодаю нічога не бачыш.

Поделиться с друзьями: