Жалезныя жалуды
Шрифт:
— Маўчы, бенкарт 85 ! Маўчы, злога ложа сын! — грозна крыкнуў Міндоўг.
Але пасланец Крыве-Крывейты, пэўна, страціў ужо і развагу і розум. Ен густа размазаў па твары кроў, узняўся на ногі. Раз'юшаны і чырванатвары, пырскаючы слінай, ён казаў проста ў вочы кунігасу:
— Агідны пярэварацень, за карону, за бліскучую пазалочаную цацку, ты аддаў нашым ворагам Літву, аддаў прадзедаўскую веру. Бяжы хутчэй у Караляўчус 86 . Там ужо сабраліся твае сябры-крывасмокі, каб уволю пакупацца ў жамойцкай крыві.
85
Бенкарт — незаконнанароджаны.
86
Караляўчус — Кёнігсберг.
Кунігас, глуха застагнаўшы, стукнуў яго кулаком у разяўлены рот, выбіў некалькі зубоў. Бясстрашны пасланец хацеў яшчэ нешта сказаць, яшчэ шамкаў скрываўленым ротам, але накінуўся ззаду Астафій Разанец, зваліў з ног. Яны валтузіліся, счапіўшыся ў клубок, як сабака з гадзюкай на сенажаці.
— Запаліце вогнішча! — загадаў Міндоўг.
Ярка ўспыхнулі сухія бярвенні. Агонь пачаў танцаваць непадуладны чалавечаму розуму танец. Пасланец Крыве-Крывейты абвяў. Астафій Разанец адразу выпусціў яго са сваіх чэпкіх рук, адхіснуўся ўбок, бо той, хто яшчэ будзе жыць, не павінен знаходзіцца побач з тым, над кім блізкая смерць уздымае чырвонае пякучае крыло.
Міндоўг у мёртвай звонкай цішыні павольна пайшоў у нумас. Усе атарапела глядзелі на ягоную спіну, не ведаючы, што рабіць. Пасланец ляжаў на зямлі. Праз нейкія мігі, якія здаліся занадта доўгімі і пакутнымі, кунігас вярнуўся да вогнішча, трымаючы ў руках вельмі прыгожую выштукаваную рыжскімі залатарамі каралеўскую карону. Абедзвюма рукамі ён высока ўзняў яе над галавой (усе думалі — зараз надзене на галаву), нешта прашаптаў і шпурнуў карону ў агонь. Гэта было так нечакана, што ў большасці з прысутных вырваўся з грудзей ці то стогн, ці то ўсхліп. Некаторыя нават (і між імі Астафій Разанец) кінуліся да вогнішча, каб голымі рукамі разгрэбці чырвоныя вугалі і галавешкі, выхапіць з іх карону. Але Міндоўг спыніў усіх гэтых людзей уладным узмахам рукі.
— Гавару табе, Пяркунас, што ты — бог майго народа і мой бог, — чыстым усхваляваным голасам выгукнуў Міндоўг. — Гавару табе, Пяркунас, што каталіцкую веру і каралеўскі вянец я толькі таму ўзяў у рымскага папы, што абклалі былі мяне з усіх бакоў ворагі, як абкладваюць тура на паляванні. Але сёння я адмаўляюся ад чужой веры і кароны, сёння я зноў вяртаюся пад тваю магутную руку. І яшчэ я гавару табе, што роўна праз тры дні іду з усім сваім войскам у землі куршаў і жамойтаў, каб выратаваць іх ад крыжацкага мяча.
Радасным ярасным крыкам сустрэлі варутчане словы кунігаса. Людзі цалаваліся, шмат хто плакаў. Дружыннікі ўзвівалі ўгору баявыя сякеры і мачугі.
— Вядзі нас! — грымела наўкол.
— Вядзі, вялікі кунігас!
— Мы хоць сёння гатовы ісці на лаціннікаў!
Але Міндоўг астудзіў гарачыя галовы. Сказаў строга і неаспрэчна:
— Хто паедзе або пойдзе раней усяго войска, таго — у ланцуг.
Тады мясцовы люд успомніў, што лаціннікаў не трэба далёка шукаць — маюцца ў Варуце. Шумлівым скопам рынуліся туды, дзе жылі рыцары і кнехты графа Уда. Пра яшчэ аднаго лацінніка, дамініканца Сіверта, напачатку забыліся, бо ўвесь час быў ён пры каралеве Марце. Але манах сам аб'явіўся, прыбег да Міндоўга.
Упаў у ногі кунігасу, часта дыхаючы, загаварыў-зашаптаў:
— Цябе хочуць забіць. Граф Уда крычаў перад рыцарамі, што ты здрадзіў, подла здрадзіў, крычаў ён, святой рымскай царкве і папу Аляксандру IV і табе трэба праткнуць сэрца стылетам 87 . Граф Уда вастрыў такі стылет. Асцерагайся.
— А ты што ж — за мяне? — уважліва паглядзеў на Сіверта Міндоўг.
— Я за бога, таму што бог — справядлівасць, — палка адказаў дамініканец, узнімаючыся з каленяў.— Сёння ж справядлівасць на тваім баку, вялікі кунігас.
87
Стылет — невялікі кінжал з тонкім клінком.
— Але я хачу здрадзіць рымскай царкве. Я ўжо здрадзіў ёй.
— Царква яшчэ не бог, — пераканана прамовіў Сіверт. — Сёння рымская царква проста багаты, прыбраны золатам, але халодны і няўтульны дом. Сёння ў Рыме лічаць, што лепшым богам з'яўляецца той, у імя якога праліваецца болей крыві. Святыя айцы адразу пасля малітваў бягуць у лупанарыі 88 . Хіба такой павінна быць апостальская царква?
Міндоўг з непаразуменнем пазіраў на манаха. Дзіўныя словы гаворыць сын тэўтонскай зямлі, служка рымскай царквы. Ці гэта нейкія хітрыкі, ці вар'яцтва. Чалавек, якога ў апошні міг выбавілі ад смяротнага вогнішча, можа паехаць розумам зусім не ў той бок, як усе астатнія людзі.
88
Лупанарый — дом цярпімасці.
— І даўно ты так думаеш? — пацікавіўся Міндоўг.
— Каб жа гэта я сам думаў! — усклікнуў Сіверт. — Хрыстос Усетрымацель засявае такімі думкамі маю галаву. Ен жа прыйшоў з нябёсаў на зямлю, як бог бедных, бог пастухоў і рыбакоў, каменячосаў і садоўнікаў. Тронам святога Пятра па божай задуме павінны былі валодаць бяссрэбранікі, мужы з галубінай душой. А што мы бачым у Рыме? Зборню прагных і ненасытных, як марская губка, фігляраў, рыначных блазнаў. Адзіная іхняя зброя — страх. Не святое божае слова, не мудрасць евангелістаў, а страх перад таямніцай, перад няўдачай, перад смерцю. А страх жа, як вядома, родны бацька жорсткасці.
— Годзе, — узняў руку Міндоўг. — Мне цябе не зразумець. Я не зайздрошчу тваім землякам-адзінаверцам, якія знаходзяцца сёння ў Варуце і ва ўсёй нашай дзяржаве, я не зайздрошчу графу Уда. Іхнюю кроў возьме Пяркунас. А табе я дарую жыццё і волю.
— У трэці раз даруеш, вялікі кунігас, — пабялеўшы, прашаптаў Сіверт. — Як узялі мяне ў палон, як узвялі на вогнішча і сёння…
На вачах у дамініканца ўспыхнулі слёзы.
— Я не люблю лічыць, — жорстка перарваў яго Міндоўг. — Зараз жа сядай на каня і едзь куды хочаш — у Рыгу, у Вендэн або да ляхаў. Да мяжы нашай дзяржавы з табой паедзе варта. І ведай, што сляды твайго каня і твае сляды мой народ засыпле соллю і выпаліць агнём, каб не ацалеў ніводны парастак рымскай веры. Занадта доўга мы цярпелі, занадта доўга маўчаў на нябёсах Пяркунас. Але ён ужо грыміць, ужо надзяе баявую кальчугу. Чуеш?
Міндоўг прыклаў палец да вуснаў, наструнена прыслухаўся. Разам з ім прыслухаўся і Сіверт. Сапраўды, у небе над Варутай, над пушчамі, балотамі і азёрамі перакочваўся малады гарачы гром.
Зноў, у які ўжо раз, паўстала супраць лівонцаў і тэўтонцаў усё, што яшчэ жыло і рухалася, усё, што магло паўстаць. Жамойць і Прусія, куршы і земгалы ўчынілі змову між сабой, і ўспыхнуў суровы нясцерпны агонь, каб яшчэ сёння моцных і жывакроўных зрабіць заўтра чорным горкім прысакам. У Жамойці гуртаваў сілы кунігас Трайнат. У Прусіі вялі атрады паўстанцаў на ордэнскія замкі, на вежы і сцены Геркус Мантас і Дзіване Мядзведзь. Войска Беларуска-Літоўскай дзяржавы было тым сталёвым жахлівым па моцы і нечаканасці молатам, які цяжка ўдарыў у самае сэрца Ордэну. Пад рукою ў Міндоўга пайшлі ў бой Літва і Аўкштайта, Нальша і Дзяволта, дружыны з Новагародка, Ваўкавыйска, Гародні і Услоніма. Далібор ехаў поруч з ваяводам Хвалам, сціскаў дзяржальна мяча.
13 ліпеня 1260-га года над возерам Дурбе цёк малочна-белы туман, а потым зыркае сонца ўваткнула ў звонкі нябесны блакіт вогненныя дзіды ранішніх промняў. Але пахаваліся стракозы і птушкі, нырнулі ў цёмную халодную глыбіню рыбы, замоўклі трава і чарот, бо дзве ярасныя людскія ракі, скрыгочучы жалезам, раздзіраючы раты крыкам, сутыкнуліся каля возера. Такіх лютых сечаў яшчэ не бачыла тутэйшая зямля. Паперадзе свайго войска Міндоўг трыма радамі паставіў лучнікаў і арбалетчыкаў. Тонка ўспорваючы густое ранішняе паветра, паляцелі стрэлы, зробленыя з яблыні, бярозы і чароту. На канцы кожнай стралы былі прымацаваны арліныя, глушцовыя і лебядзіныя пёры. Калі ландскнехты з рыцарамі наблізіліся на трыста — трыста пяцьдзесят крокаў, узяліся за справу арбалетчыкі. Арбалет новагараджане называлі самастрэлам, ляхі — кушаю. Ен біў доўгімі цяжкімі стрэламі з гранёным жалезным наканечнікам-балтом на вастрыі. Гэты смяротны болт праломваў, як яечнае шкарлупінне, самую гартаваную браню.