Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Жалезныя жалуды

Дайнеко Леонид Мартынович

Шрифт:

Коні памчаліся ў дажджавую імглу. Зменны конь, прывязаны доўгім повадам да сядла, у якім сядзеў Далібор, бег ззаду.

Праскочыўшы браму, ваўкавыйскі князь азірнуўся. Кропля святла ззяла ў глухой і сляпой цемры. Шалеў вецер, бурболіў дождж, дрэвы гнуліся амаль да самай зямлі, а гэта кропля жыла, свяцілася, глядзела на яго, быццам пяшчотнае нязгаснае вока.

— Рамуне! — у вялікім узрушэнні, у адчаі крыкнуў Далібор. Тут, у чыстым полі, можна было не прыцішваць голас, бо ніхто не мог пачуць чалавечага крыку, апрача бурнахмарнага неба.

Даючы нядоўгі перадых коням, пазбягаючы людных купецкіх дарог, сплючы нейкія лічаныя хвіліны на лясной траве, на ахапках ссечанага мячом галля, а то і ў сядле, Далібор дзень і ноч імчаўся на поўнач, у Новагародскую зямлю. Ен не сумняваўся, што Шварн Данілавіч пашле следам пагоню, можа паслаць полаўцаў, а ў тых коні гарачыя, хуткія. Дзве думкі біліся, крылаціліся ў нібы наноў народжанай душы: «Я на волі!» і «Рамуне!»

У гэты самы час у Варуце ў страшэнных пакутах памірала княгіня Марта. Смяротная хвароба накінулася на яе знянацку. Так з-пад высокага воблака ў імгненне вока падае каршун на бесклапотную птушку. Яшчэ два-тры дні назад княгіня была вясёлая, ружовашчокая, ездзіла з Міндоўгам на возера глядзець, як коймінцы невадам выцягваюць рыбу. Вярнулася ў палац у добрым настроі, але сапсавала настрой служанка. Прычэсваючы княгіню перад сном, яна нязграбна павярнулася і разбіла любімую княгініну вазу з сіняга нямецкага шкла. Марта загадала служанцы стаць на калені, узяць у рот аскабалкі вазы. Прыйшлі з раменнымі плёткамі конюхі і схвасталі служанку да крыві. А праз дзень нясцерпным пякучым болем паласнула Марце жывот. Ад такога нечуванага болю княгіня крычала, качалася па свайму ложу, а потым і па засцеленай звярынымі шкурамі падлозе. Не мог даўмецца Міндоўг, адкуль падхапілася бяда. Паклікаў ён да хворай служкаў Крыве-Крывейты, потым, памеркаваўшы, паклікаў святара Анісіма з Новагародка. У душы, як стрэмка, неадкрутна пачало калоць адчуванне, што гэта хрысціянскі бог карае за адступніцтва ад ягонай веры. Але пад покрывам ночы праслізнуў у апачывальню вялікага кунігаса Астафій Разанец, каб расказаць сваю здагадку. Два дні назад выпадкова прыкмеціў ён, як адна з чалядзінак, у якой быў дужа заплаканы твар і нядобра блішчалі вочы, схаваўшыся ў густой крапіве каля плота, біла каменем аб камень і нешта шаптала. Астафій нячутна, быццам дзікі чаратовы кот, падкраўся ззаду і ўбачыў, што чалядзінка разбівае-расцірае на дробненькі друз, на пясок сіняе нямецкае шкло.

— Тоўчанага шкла падсыпалі ў пітво княгіні,— пераканана сказаў Астафій Разанец.

Разлютаваны Міндоўг загадаў тут жа схапіць і без літасці дапытаць усіх чалядзінак, што былі прыстаўлены да княгіні. Але калі смяртэльна перапужаных дзяўчат сагналі ў кучу, Астафій, як ні стараўся, не знайшоў між іх тую, што разбівала сіняе шкло ў крапіве. А потым адшукалі яе ў халоднай клеці — павесілася.

Марта, што ўжо канала, паклікала да сябе мужа, і калі Міндоўг прыйшоў, з вялікай любасцю пазіраючы на яго, прашаптала ўшчэнт аслабелым, тонкім і перарывістым, як восеньская павуціна, голасам:

— Аднаго цябе кахала… Сокал мой… Кунігас мой жалезнарукі… Хутка памру… Сёння ж пашлі ганцоў у Налынаны да кунігаса Доўманта… Няхай жонку сваю, сястру маю Марфу, адпусціць на маё пахаванне… Сёння ж ганцам загадай ехаць…

Яна заплюшчыла вочы, заціхла. Міндоўг цалаваў яе ў лоб.

— Няхай прыедзе Марфа, — зноў зашаптала княгіня. — Мы з ёй — блізняткі… Як дзве кроплі вады падобныя… Слухай, кунігас… Калі яна прыедзе, не адпускай яе назад… Княгіняй замест мяне зрабі… Я ведаю, што яна не любіць тоўстага Доўманта… Яна цябе кахае… Мы з ёй падобныя як дзве кроплі вады… Не адпускай яе… Будзеш на Марфу глядзець кожны дзень і мяне бачыць…

Ноччу Марта, спалохана крыкнуўшы, памерла. Міндоўг выгнаў усіх з апачывальні, сеў каля нябожчыцы, горка заплакаў.

Потым паслалі за Марфай, і яна адразу ж прыехала. Потым спалілі на ахвярным вогнішчы Марту і ўсе яе ўборы, і верацяно, і нітку з іголкай, і серп, і люстэрка, і ручную вавёрыцу, з якой так любіла гуляць княгіня. Адплакаўшы сваё, адсумаваўшы, Міндоўг старанна памыўся ў лазні, апрануўся па-княжаму, прыйшоў у святліцу, дзе сядзела Доўмантава жонка, нальшанская княгіня, моцна ўзяў яе за плечы, глянуў, як прапёк, чорна-зялёнымі вачамі і сказаў:

— Будзеш у мяне жыць…

Марфа пабялела, потым пачырванела, згодна кіўнула галавой.

Калі кунігасу Доўманту Нальшанскаму паведамілі пра такое, ён нажом з касцяной ручкай стругаў кіёчак малому сыну.

— Дакуль можна цярпець гэткага звера! — у шаленстве, у адчаі крыкнуў Доўмант і лязом нажа варсануў сабе ў далонь. Пырскнула цёплая кроў. Доўмант гарачлівым позіркам паглядзеў на якра-чырвоную пляму, глуха вымавіў:

— Сваёю крывёй клянуся, што адпомшчу.

X

Далібор хацеў схавацца на нейкі час у Лаўрышаўскім манастыры, але Бачыла, што з купкаю верных людзей прыбіўся да князя ў наднёманскіх лясах, адраіў.

— Не хадзі туды, — сказаў ён. — Даніла Галіцкі зноў цябе ў свае цянёты зловіць. Ды і пуста зараз у манастыры. Толькі дзве душы жывуць там — Курыла Валун з жонкаю Лукерай.

— Валун? — перапытаў Далібор, пранізліва глянуўшы на Бачылу.

— Ен. Пакляўся Курыла князю Войшалку, што, пакуль той збірае сілу ў Пінеску, зберажэ, захавае старыя кнігі і пергамены.

У Далібора пачалося вандроўнае, поўнае небяспекі жыццё. Вельмі хутка набраў ён немалую дружыну і разам з ёю бегаў па лясах і балотах між Ваўкавыйскам і Новагародкам аж да Нёмана. Здаралася, на некалькі дзён знаходзілі прытулак у якога-небудзь баярына, што, абгарадзіўшыся дубовым тынам, сядзеў у сваёй пракаветнай вотчыне. Здаралася, заходзілі ў Літву. Аднойчы прыпыніліся на Цёмнай гары, дзе самотна шумеў святы дуб, і Далібору ўвесь час думалася, што ходзяць яны па гарачым попеле Валасача. У тую ноч ён не спаў, успамінаў жонку і сына, што згарэлі ў час аблогі Ваўкавыйска, неадрыўна глядзеў на высокае, засеянае зоркамі неба. Яно было мудрае і чыстае, як матчына душа.

Неўзабаве са згоды Міндоўга і Рамана Данілавіча Далібор зноў сеў на княжанне ў Ваўкавыйску. Ды перахапілі галіцкія князі ганца, што патаемна ехаў з Пінеска ў Ваўкавыйск, везучы бяросту ад Войшалка. Хацеў спаліць ганец бяросту, але не паспеў. З той бяросты вынікала, што вось-вось прыйдзе Войшалк з вялікай сілаю, каб аднавіць сваё гаспадарства ў Новагародскай зямлі. Даніла Галіцкі зноў кінуў на Далібора галіцкія, валынскія і палавецкія дружыны…

Хаваючыся ад пагоні, з вернымі людзьмі прымчаўся ваўкавыйскі князь ажно пад Варуту ў свяшчэнную дуброву-алку. Якраз жолуд з дубоў падаў, цяжкі, крамяны. Разам з Бачылам пайшоў Далібор па алцы, слухаючы, як пад ветрам жалезна скрыгоча дубовая лістота. І раптам нечаканае відовішча ўбачылі яны. На спадзістым беразе балоцістай рачулкі стаялі чалавек і дзік. Чалавек быў дробны, мізэрны і несамавіты, а дзік — сапраўдны волат. Як жывая гара, высіўся ён побач з чалавекам, быў амаль аднолькавага з ім росту.

— Казлейка, — уражана прашаптаў Бачыла. — Дык яго ж, казалі, спаліў Міндоўг.

Ад здзіўлення меднік сеў на зямлю. Далібор, каб не выдаць сябе, прымасціўся побач з ім, напружыў слых. Вецер дзьмуў якраз у іхні бок, даносіў лагоднае сытае парохкванне Жэрнаса, ласкавыя словы Казлейкі. Былы Міндоўгаў улюбёнец чузаў дзіка за вухам, казаў:

— Жолуд з дубоў валіцца, зямлю засцілае. Пачынай зноў збіраць сваіх братоў, Жэрнас. Шмат важнецкай ежы чакае ў алцы.

Ен прымружыў вочы, усміхнуўся, здавалася, выгнуў спіну, як буркатлівы каток, ды раптам цень трывогі набег на твар, і ён рэзка азірнуўся, прыслухаўся. Далібор з Бачылам перасталі дыхаць.

— Чакаю цябе, Жэрнас, — пасвятлеўшы тварам, супакоіўся, зноў загаварыў Казлейка. — Мы з табой — шчаслівыя. Ты (адзіны!) еў жалуды пад святым дубам, я (адзіны між людзей!) патушыў святы Зніч. Каб ты ведаў, якое гэта шчасце. Але ты ведаеш, бо разумнейшы, чым які-небудзь чалавек. Мы з табой рабілі і будзем рабіць тое, што Пяркунас і ўсе багі забаранілі рабіць іншым пад страхам найсуровай кары. Якое гэта шчасце.

Ен, упіваючыся асалодаю, заплюшчыў вочы. А Далібора трэсла ад гневу і абурэння. Ваўкавыйскі князь да болю ў пальцах сціснуў кулакі, гідліва глядзеў на маленькага чалавечка і вялізнага дзіка. «Ад такіх жэрнасаў і ад такіх казлейкаў плодзіцца зло на свеце, — думаў ён. — Па крыві, па касцях братоў ідуць, лезуць яны да свайго карыта. Няхай гарыць пясок і трэскаецца на кавалачкі неба — ім трэба толькі адно: жэрці! Праклятыя ненаеды! Няхай вядуць на смерць роднага бацьку, няхай здзекуюцца над роднай зямлёй, няхай сляпым варожым плугам пераворваюць матчыну магілу — ім трэба толькі адно — жэрці. Дык не ж!»

Поделиться с друзьями: