Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Жалезныя жалуды

Дайнеко Леонид Мартынович

Шрифт:

Магістр Бургхард фон Гарнгузен, не зважаючы на тое, што ягоныя людзі з енкам і хрыпам падалі на мокрую ад расы і крыві траву, паварочваў рыцарскую конніцу так, каб яе ўсёсакрушальны браніраваны востравугольнік ударыў якраз па цэнтры тубыльскай раці.

— Пераможам, і я загадаю кастрыраваць усіх палонных! — весела крыкнуў ён герцагу Карлу. — Няхай у Літве і на Русі жывуць не арлы, а каплуны 89 !

Затрубілі трубы. Узвіліся рыцарскія сцягі. Затрашчалі косці, і хлынула кроў. У кожнага ў жыцці бывае самы галоўны бой, калі і меч, і шчыт, і конь, і рука, што цяжка б'е і адбівае ўдары, і вока, што заліваецца потам і крывёю, робяцца адным цэлым, сплятаюцца ў адзін жалезны клубок, і адна толькі думка свідруе галаву: не заб'ю я, скінуць з сядла і заб'юць мяне.

89

Каплун — кастрыраваны певень, які адкормліваецца на мяса.

Ах, як добра пачынаўся бой! Спявалі рыцарскія мячы, падразаючы, быццам балотную асаку, тубыльцаў, заганяючы іх па калена ў дрыгву, у сыпкі ўзбярэжны пясок. Але, калі сонца ўзабралася на зіхоткую вяршыню летняга неба, падскочыў да магістра Бургхарда фон Гарнгузена ззаду непрыкметны клышаногі старэйшына саюзных куршаў і з усяго пляча хвастануў магістра сякерай па шыі. «Здрада… Куршы здрадзілі», — паспеў падумаць магістр, грымнуўшыся з каня вобзем. І адразу яго растапталі цяжкія шалёныя коні.

Цяпер крыжакоў білі спераду і са спіны. Жах спусціўся з нябёсаў на зямлю. Учарашнія саюзнікі рэзалі рыцарам глоткі. Нянавісць, якая да гэтага дня заганялася на самае патаемнае дно душы, ударыла жалезным смяротным кіпцюром проста ў зрэнку і ў сэрца крыжацкаму арлу.

Загінулі магістр Бургхард фон Гарнгузен, маршалак Генрых Ботэль, герцаг Карл. Сто пяцьдзесят, калі не болей, самых адважнейшых рыцараў ляжалі пасечаныя, паколатыя, растаптаныя, кармілі сваім мясам лісіц і вараннё. Колькі ландскнехтаў аддало богу душу, немагчыма было нават злічыць. Высокі светлавалосы літовец зайшоў па мельчаку ў возера, каб адмыцца ад крыві, бруду і поту, а затым сеў на зялёным беразе і старанна выціраў свае вялікія расплясканыя бясконцымі паходамі ступакі рыцарскім сцягам. Паранены комтур, што ляжаў непадалёку, убачыўшы такое, падгроб аслабелымі рукамі пад сябе меч, паставіў яго рукаяццю на зямлю, глуха ўскрыкнуў і кінуўся, абрушыўся ўсім цяжкім целам на вастрыё.

Купкі ландскнехтаў, хаваючыся ўдзень у лясах і балотах, зорнымі начамі беглі ў напрамку Рыгі і Мемельбурга. Цяжкую вестку неслі яны ў гарады і замкі, канчалі жыццё самагубствам, ляжалі ў глухіх куп'істых багнах, зарослых парудзелай вострай асакой, і чорныя п'яўкі ўпаўзалі ў вачніцы.

У ранішнім ружовым тумане пяцёра ўшчэнт знясіленых уцекачоў убачылі вершніка, які ехаў на кані, кіруючыся ў бок Рыгі. Мяркуючы па адзежы, гэта быў манах ордэна святога Дамініка.

— Хто ты? — як лясныя здані, перагарадзілі яму дарогу абдзёртыя і галодныя ландскнехты.

— Сіверт, — лагодна адказаў вершнік. — Іду ад вялікага кунігаса Міндоўга. З Рыгі хачу дабрацца да Рыма і там на каленях буду маліць папу Аляксандра IV, каб не меч, а мір паслаў ён на гэтыя землі, каб не аб'яўляў крыжовага паходу, каб сядзелі дома рыцары Майнца, Брэмена, Кёльна і Трыра.

Пакуль манах прамаўляў такія прачулыя словы, ландскнехты разадралі на кавалачкі ягоныя дарожныя торбы-саквы, усхліпваючы і скуголячы, нібы звяры, прагна пажыралі хлеб і мяса, вырывалі яду адзін у аднаго з рук, біліся за яе. Але вось голад прытупеў, цеплыня пакацілася па жылах, і яны пачалі ўслухоўвацца ў тое, што гаварыў манах.

— Ен вар'ят! — крыкнуў адзін з іх.

— Пра які мір ты вярзеш, калі брацці-рыцары ляжаць на беразе Дурбе з перарэзанымі глоткамі? — хапянуў Сіверта за нагу другі.— Ды ўсіх гэтых дзікіх тубыльцаў трэба дзень і ноч варыць у гарачай смале, варыць жыўцом!

Але Сіверт глядзеў на іх прасветленым позіркам і вёў сваё:

— Я паеду да папы, я скажу яму, што ў Прусіі, Жамойці і Лівоніі мы пралілі рэкі, азёры нявіннай крыві, мы знішчаем цэлыя народы.

— Змоўкні, ублюдак! — выскаліўшы дуплаватыя жоўтыя зубы, аж завыў ландскнехт па імені Франц, якому ў бітве амаль па плячо адсеклі левую руку.

Ен усё стараўся падскочыць, каб тыцнуць у твар манаху сваёй скрываўленай куксай. Ды на манаха найшло-наехала святое натхненне. Здавалася, ён не бачыць і не чуе абдзёртых і злых, раздаўленых чорнай ганьбай паражэння ландскнехтаў, не бачыць лес і балота, пыл на шчоках і вуснах, не бачыць дробных, але з пранізлівым прагным гудам мух, што клубком уюцца над куксаю Франца, каб выпіць хоць кропельку крыві. Аб вечным міры, пазіраючы на ранішняе неба, казаў Сіверт, аб святой боскай справядлівасці, якая не мае межаў.

Тады самы здаравейшы з ландскнехтаў кінуў вачыма туды-сюды, убачыў надламаную таўставатую бярэзіну, выдраў яе з коранем з зямлі і, шырока размахнуўшыся, гваздануў, дзеўбануў гэтым рагатым цяжкім коранем дамініканцу проста па цемені. Пачуўся сухі рэзкі гук, быццам пад нечай нагой лопнуў арэх. Сіверт упаў з сядла.

Ландскнехты памаліліся і селі ў кружок. Мёртвы манах ляжаў непадалёку. Вусны былі напаўраскрытыя, нібы яшчэ выбівалася, вылузвалася з грудзей узрушанае, але ўжо нікому не чутнае слова.

— А ў яго добры конь, — сказаў раптам Франц. Усе павярнулі галовы, глянулі на каня, што спакойна скуб траву.

— Нас пяцёра, а конь адзін, — раздумліва сказаў Франц. — Да Рыгі ён нас не давязе. Дык давайце зарэжам каня і будзем варыць ягонае мяса.

Узрадаваныя ландскнехты адразу ўскочылі на ногі, трымаючы ў руках вяроўкі, нажы і камяні, пачалі асцярожна абкружаць каня з усіх бакоў.

IX

Нібы ссечанае сякерай дрэва, рухнула магутнасць Ордэна, рухнула ў адзін дзень. Адразу паўсталі ўсе прускія землі: Самбія, Вармія, Натангія, Барція і Пагезанія. Куршы захапілі рыцарскія замкі Сінцелен, Бардах, Грабін, Грэзен, Лазен, Меркес… Ад Ордэна адпалі Земгалія, востраў Саарэмаа.

Гэта быў зорны час Міндоўга. Умелай і моцнай рукою накіроўваў, падштурхоўваў ён падзеі. У Полацку са згоды мясцовага веча ўжо сядзеў князь Таўцівіл. Схадзіўшы ў Чэхію разам з галіцка-валынскімі князямі, Таўцівіл вярнуўся дадому, абачліва памірыўся з Міндоўгам, прызнаўшы ягонае верхавенства. Цяпер, каб вытрымаць бітву з Ордэнам, з усёй рыцарскай Еўропай, неабходна было шукаць саюз і дружбу з магутным праслаўленым князем Уладзіміра-Суздальскай Русі Аляксандрам Неўскім. Параіўшыся з літоўскімі і новагародскімі баярамі і князямі, вялікі кунігас Міндоўг надумаў жаніць Таўцівілавага сына Канстанціна з дачкой Аляксандра Неўскага і адначасова заключыць дагавор аб сумесных баявых дзеяннях супраць Ордэна.

Гэта быў зорны час Міндоўга. Але гэта быў і пачатак ягонага падзення. Надыходзіць дзень, калі ў агромністым высозным дрэве, якое зялёнай кучаравай галавой падпірае аблокі, пасяляецца малюсенькі, нікчэмны сваёй непрыкметнасцю чарвячок. Шумі, красуйся, дрэва, калыхай птушыныя гнёзды, лаві завірухі і маланкі, думай, што ты вечнае, несмяротнае… Чарвячок ужо точыць цябе.

Пасля таго як Міндоўг зняў крыжы і загадаў усім хрысціянам пакінуць сваю дзяржаву, а некаторых забіў, ён зрабіўся для паганцаў-вогнепаклоннікаў ледзь не зямным богам. Крыве-Крывейта слаў яму вітанні і штодзень маліўся за яго. Ды ў Новагародскай зямлі, дзе княжыў Раман Данілавіч і дзе ў Лаўрышаўскім манастыры задумоўваў пісаць літапіс і пільна сачыў за ўсім, што адбывалася наўкол, Войшалк-Лаўрыш, такую навіну сустрэлі насцярожана, без радасці. Паганства тут было ўчарашнім днём. Ніхто не збіраўся зачыняць цэрквы і зноў прыклейваць залатыя вусы Перуну.

Поделиться с друзьями: