Жалезныя жалуды
Шрифт:
У Жамойці таксама не дужа славілі Міндоўга. Кунігас Трайнат з баярамі коса пазіраў на Варуту і на Кернове, дзе папераменна разам са сваім вялікім дваром жыў Міндоўг. Знешне Трайнат падпарадкоўваўся Міндоўгу і ў 1263 годзе з трыццацітысячным войскам напаў на Мазовію і Хельмінскую зямлю, забіў князя Земавіта Мазавецкага, а ягонага сына Конрада ўзяў у палон. Усё гэта рабілася па загаду Міндоўга, але жамойты прагна чакалі той дзень, калі можна будзе адпомсціць яму за крыўдлівыя пагардлівыя словы, якія ён сказаў Трайнату. А сказаў Міндоўг вось што: «Яшчэ ні разу кунігас з Жамойці не валодаў Літвой. Заўсёды ўсё было наадварот». — «Нічога, некалі і я наступлю яму на крывавы мазоль», — быццам бы прамовіў сваім баярам, пачуўшы такое, ганарлівы Трайнат. Як там ні было, між Літвою і Жамойцю прабегла першая трэшчына.
Вельмі складаныя адносіны былі ў Міндоўга з Войшалкам. Сын-хрысціянін некалі маліўся на свайго бацьку, палка любіў яго, але праляцела дзяцінства, юнацтва, упала сівізна на бараду, і надышоў час, калі толькі са скрыгатам зубоўным Войшалк мог чуць або вымаўляць імя Міндоўга. Сябе Войшалк называў няйначай як ліцвінам, падкрэсліваючы гэтым, што ў ім цячэ не толькі літоўская, але і славянская кроў, што ён не паганец, а хрысціянін і што да смертнага крыжа звязаў ён свой лёс з лёсам Новагародка. Пазіраючы на свайго гаспадара, пачалі звацца ліцвінамі многія баяры, купцы, рукадзельныя людзі і смерды як Літвы, так і Новагародка. Ужываў Войшалк толькі крывіцка-дрыгавіцкую гаворку, а ўжо калі стаў праваслаўным манахам, дык зусім адышоў ад Міндоўга, які перавярнуўся ў паганства.
Бацька таксама неўзлюбіў сына. Невыпадкова ж з надзвычайнай лёгкасцю згадзіўся, каб Войшалк сядзеў у Лаўрышаўскім манастыры, а Новагародскім стальцом завалодаў Раман Данілавіч. Галіцка-Валынскую Русь гэткім чынам ён хацеў зрабіць сваім шчытом супраць татараў. Але дужа крохкім і ненадзейным аказаўся шчыт.
Войшалк, маючы пастаянную сувязь з князем Глебам Ваўкавыйскім, з новагародскімі баярамі і святарамі, чакаў свайго часу, праз верных людзей сачыў за Раманам Данілавічам. Галіцкі князь сядзеў у Новагародку падобна таму, як бурнай шматводнай вясною на лапіку сухой зямлі велічынёй з цялячы лоб сядзіць смяртэльна перапалоханы зайчык. Наўкол бушуе мора вады, пранізліва трашчаць крыгі, вырываюцца з коранем, куляюцца ў халодных вірах дрэвы… Адчуваючы, што ў Новагародку яго амаль ніхто не прызнае за князя, Раман Данілавіч дужа прыахвоціўся да віна і кастарства 90 . Калі Войшалк і Далібор з дружыннікамі прыйшлі глухой ноччу на дзядзінец, каб закаваць князя-набрыдня ў ланцугі, ён з вялікай страсцю разам са сваім целаахоўнікам Алексам гуляў у косці. Абодва былі п'яненькія і вясёлыя.
90
Кастарства — гульня ў косці.
Аднак, як толькі развітаўся не па сваёй волі з новагарадскім дзядзінцам Раман, з далёкіх Карпат пачулася рычанне льва — князь Даніла Галіцкі пакляўся выбавіць сына і адпомсціць за яго. Са сваімі палкамі, з яцвягамі і полаўцамі ён імкліва ўварваўся з поўдня ў Новагародскую зямлю. Пад Ваўкавыйскам адбылася жорсткая начная сеча. Данілу Галіцкаму пашанцавала — напружыўшы ўсе сілы, ён разбіў ваўкавыйскую дружыну з новагародскім апалчэннем і нават захапіў у палон параненага Глеба Ваўкавыйскага.
Далібора прывялі ў шацёр да галіцкага князя.
— Дзе мой сын? — адразу запытаў Даніла Раманавіч.
— Не ведаю. На зямлі шмат дарог, — адказаў Далібор.
— Дзе Войшалк? — насядаў Даніла Раманавіч.
— Гаварылі людзі, у Пінеск пабег.
Даніла Галіцкі загадаў везці палоннага ваўкавыйскага князя ў Холм, а з Холма ў Візантыю — там спрадвеку не бачылі белага свету ў манастырскіх келлях рускія князі, ад якіх адвярнулася ўдача.
Далібор быў нібыта ўва сне. Везлі яго ў звычайных дрогкіх калёсах, у якіх смерды возяць снапы і дровы. Ліў зверху дождж, гарэлі зоркі ці свяціла сонца, а коні ўсё беглі і беглі, матляючы доўгімі грывамі. «Бог, пэўна, таму насылае мноства няшчасцяў на людзей, каб яны не шкадавалі, не сумавалі аб часе, які незваротна знікае, — думаў палонны князь. — Каму хочацца ўспамінаць або шкадаваць сваё гора, што люта грызла душу? Толькі ўперад павінен скіроўваць свой позірк чалавек, толькі ў заўтрашні дзень, бо гэты дзень яшчэ не наступіў і можа быць добры. Але, вядома, толькі не для мяне. Даніла Галіцкі не даруе мне шматгадовую дружбу з Літвой. Заснуць бы, забыцца пра ўсё, ды розум мой як начны воран, што не можа спаць у развалінах-руінах».
Так прыехалі ў горад Холм. Збудаваў яго Даніла Галіцкі на прыгожым лясістым узвышшы пасярод роўнага поля. Збегліся туды ад татараў сядзельнікі, лучнікі, калчаншчыкі, кавалі па жалезе, медзі і срэбры, паставілі двары і сёлы вакол гарадской сцяны, напоўнілі новы горад чалавечым голасам і чалавечай працай.
Асабліва дзівоснаю была ў Холме царква святога Іаана. Падлогу ўнутры вылілі з медзі і чыстага волава, і яна ззяла, як венецыянскае люстэрка. Чатыры аркі па вуглах царквы стаялі кожная на чатырох каменных чалавечых галовах, зробленых з белага галіцкага і зялёнага холмскага каменю. Абразы і званы князь Даніла прынёс з Кіева, а іконы Спаса і прасвятой Багародзіцы дала яму сястра Феадора з Феадораўскага манастыра.
Пасярод горада ўзвялі высокую вежу з часанага белага дрэва і выкапалі каля яе калодзеж-студзянец глыбінёй у трыццаць пяць сажняў, дзе ў самую спёку была халодная, як лёд, вада. Вежу абкружылі цяністым прыгожым садам.
Але цудам з цудаў быў каменны слуп, што стаяў за попрышча ад Холма. На слупе горда растапырваў крылы вялікі каменны арол. Палоннага ваўкавыйскага князя падвезлі да арла, які лунаў над зямлёю на вышыні дванаццаці локцяў, прымусілі сысці з калёсаў, пастаяць ля падножжа манумента. Пэўна, жадалі, каб Далібор адчуў сваю нікчэмнасць і адначасова быў уражаны веліччу і сілай праціўнікаў. Потым паехалі ў княжы палац. Ен, як і ўвесь горад, быў у падпалінах, у чорнай сажы. Аказваецца, зусім нядаўна бушаваў у Холме пажар, ды такі жахлівы, што чырвоная медзь раставала ад агню, як смала. Віною пажару былі не татары, не угры ці ляхі, а нейкая дурная баба. У вялікі вецер выграбла яна з печы-каменкі гарачае вуголле, выйшла за парог і сыпнула, пляснула гэта вуголле ў сухія стружкі — муж габляваў дошку. Не паспела баба вокам міргнуць, як зароў па-звярынаму пажар.
Далібора трымалі ў холмскім палацы ў вялікім гонары, кармілі-паілі з княжага стала, цешылі песнямі, але заўсёды вісеў на дзвярах ягонай апачывальні цяжкі замок, стаяла каля дзвярэй варта. «Чаму ж не адпраўляюць мяне князі Даніла і Шварн у Візантыю? — бясконцымі начамі думаў Далібор. — Пэўна, хочуць Войшалка з Таўцівілам злавіць і ў Холм прывезці, каб потым разам засадзіць у манастыр. Але не ўдасца ім такое. Не іхні час наступае. Галіччына і Валынь пусцілі ўжо на вецер сваю былую сілу. Татарын робіцца гаспадаром у іхнім доме».
А неўзабаве ваўкавыйскаму князю ўдалося шчасліва выбавіцца з палону. І дапамагла яму ў гэтым княгіня Шварнава, зеленавокая Рамуне. У глухую поўнач, калі барабаніў па дахах і дрэвах дождж, калі бусыя 91 хмары ціснуліся да самай зямлі, нейкі слабы шум пачуўся за дзвярыма Даліборавай апачывальні. Князь прахапіўся, стаў каля сцяны, збоку ад дзвярэй. Падумалася, што гэта ідуць за ягонай душою, ідуць забіваць. Аніякай зброі не было ў яго, і ён схапіў гліняную круглую лампаду, напалову запоўненую тлушчам, у якім калываўся кнот-паплавок. Ціхенька рыпнуўшы, адчыніліся дзверы. Далібор затаіў дыханне, узняў руку, каб абрушыць лампаду на галаву таму, хто першы пераступіць парог.
91
Бусы — шэры.
— Ваўкавыйскі князь, не бойся, — прашалясцела з цемры. — Ідзі за намі. Каля палаца цябе чакаюць коні. Толькі асцярожней ідзі, не спаткніся аб вартаўніка.
Напружваючы зрок, Далібор убачыў вялікае нерухомае, пэўна ж, мёртвае цела, што ляжала на каменнай падлозе і перагароджвала ўваход у апачывальню. Даверыўшыся богу і свайму шчасцю, ён пераступіў цераз вартаўніка, подбегам пайшоў за незнаёмцамі. Іх было трое — усе ў чорных доўгіх плашчах з капюшонамі, усе чамусьці басанож.
Вецер ледзь не зваліў з ног. Люта сек дождж. Прывязаная да дрэва, чакала парка коней пад мокрымі сёдламі.
— Едзь асцярожней. Дарогу дажджом падмачыла, — сказаў у самае вуха адзін з незнаёмцаў.
— Хто вы? — спытаў Далібор, узлётваючы ў сядло.
Замест адказу той жа незнаёмец адшукаў навобмацак ягоную руку, паклаў у яе невялікую металічную бляшку з галаўнога жаночага ўбора. Мяркуючы па ўсім, яна была залатая або срэбная. «Рамуне! — уздрыгнула ў імгненнай здагадцы Даліборава сэрца. — Каханая!»
— Беражы цябе бог, — ціха прамовілі з цемры. — Брама расчынена. Калі выедзеш за браму, азірніся, і на верхнім ярусе палаца ўбачыш святло ў крайнім левым акне. Там — княгіня.