Жалезныя жалуды
Шрифт:
Браты селі за паходны стол, пачалі моўчкі піць і есці. Але нават самая смачная ежа калом станавілася ў горле. «Ці той гэта Някрас? — краем вока цікуючы за малодшым братам, думаў Далібор. — Куды дзеўся ласкавы ціхмяны прыгажунчык з пунсовымі гладкімі шчокамі і сінімі даверлівымі вачамі! Калісьці мы з ім збіралі суніцы, ірвалі кветкі… Як ён прагне ўлады, як ірвецца да яе! Па крыві згодзен ісці, па касцях, абы ўзняцца вышэй. Ен і мяне, роднага брата, не раздумоўваючы, закляпаў бы на ланцуг у падземнай смуроднай цэлі, толькі б зрабіцца вялікім новагародскім князем. Я ведаю назоў такім людзям. Жэрнасы яны, ненаедныя сквапныя дзікі. Такія, як ён, ніколі, ні пры якіх варунках не дойдуць да думкі, што на зямлі можа знайсціся нехта вартнейшы і разумнейшы, чым яны. Вартнейшым і разумнейшым жэрнасы адразу ж перагрызаюць глотку, а самі сыта рохкаюць і зарастаюць тлушчам у шэрай гразі жыцця».
Так і вярнуўся Някрас у Свіслач ні з чым. З вялікім гневам пажаліўся бацьку, князю Ізяславу, што быў бы ў яго Войшалк, як сініца ў руцэ, але Далібор ні кропелькі не паспрыяў такому, а наадварот — спутаў каня, прымусова пасадзіў за стол, доўга і няшчыра частаваў і ўсё казаў, што Новагародскай зямлі, каб ацалець у віхурах няспыннага часу, трэба быць вернай Войшалку Міндоўгавічу, трымацца за яго.
— Дурань, — сярдзіта плюнуў Ізяслаў Свіслацкі.
І цяжка было здагадацца, каго ён лічыў за дурня. Але Някрас лёгка і бесклапотна падумаў, што гэта, вядома ж, Далібор.
Адразу пасля ад'езду малодшага брата павёў ваўкавыйскі князь сваю дружыну ў Новагародак, наваліўся знянацку на людзей Курылы Валуна і на самога Курылу. Палілася вялікая кроў. Гуло мёрзлае жалеза шчытоў і мячоў, калі пайшла княжая дружына ў наступ на вакольны горад. Валачаі і апівохі, якіх нямала засела ў вакольным горадзе, пазашываліся, нібы мышы, хто куды — у жытнія ямы, у істобкі, нават у сабачыя будкі. Іх выцягвалі за ногі, вязалі бічоўкамі. Сам Курыла Валун з найбольш адданымі людзьмі і з браталюбам Алехнам зламаў некалькі дамоў, загарадзіў драўлянай сцяной вуліцу і амаль два дні адбіваўся са злосцю і ўпартасцю.
Далібора здзівіла такая нечаканая раз'юшанасць свайго нядаўняга слугі. Некалькі разоў па ягоным загаду выходзілі, хаваючыся за шчыты, галасавітыя крыкуны і крычалі, каб паклаў Курыла Валун свой меч да князевых ног, і будзе яму за гэта вялікая ласка і міласэрнасць. Ніхто не адказваў, толькі аднойчы сам Курыла Валун вытыркнуўся з-за схоўнай сцяны і гаркнуў:
— Ідзі прэч, князь! Нельга было трываць Войшалкава і тваё здзерства!
Але агонь і парокі-каменямёты, якія паставіў Далібор, узламалі сцяну. Амаль усіх абаронцаў сцяны, і ў тым ліку браталюба Алехну, няшчадна пасеклі на шматкі. Застаўся Курыла Валун, паранены, падсмалены полымем, і невялікая купка ягоных аднамыснікаў. Звязанага Курылу прывялі да ваўкавыйскага князя.
— Ну што, нагуляўся? — сурова прыжмурыўшы вочы, спытаў Далібор.
— Нагуляўся, — адказаў Курыла Валун. — Але, пэўна, скончылася маё гуляванне.
— Няўдзячны пёс! — крыкнуў Далібор.
— Псом ніколі не быў, нават тваім, — з годнасцю адказаў асілак.
— Праліў кроў княскіх людзей? Пральеш за гэта і сваю, — спакайнеючы, прамовіў Далібор і загадаў: — Адцяць яму дзясніцу, у якой ён меч на князя ўзняў.
Курылу адсеклі правую руку і пусцілі ісці куды вочы глядзяць. Пабялелы асілак, заматаўшы куксу чыстым кужалем, пайшоў на падвор'е залатара Івана, знайшоў там Лукеру, усхвалявана сказаў, неадрыўна пазіраючы ёй у твар:
— Ці палюбіш ты мяне такога? Я і адной рукою змагу хлеб здабываць і сваю жонку моцна абдымаць-мілаваць. Але ўсё ў тваёй волі.
— Ой, Курылачка! Ой, родненькі! — усклікнула Лукера. — Хто ж гэта цябе абкарнаў, як прыдарожную бярозу?
Яна прытулілася да яго, пачала цалаваць у вусны, у шчокі, потым пачала асцярожна хукаць на ягоную знявечаную руку, каб хоць неяк суцішыць, зняць боль. Курыла з радаснай зіхоткасцю ў вачах стаў перад Лукерай на калені, і мо ўпершыню ў жыцці скацілася па шчацэ сляза. Ледзяное сонца свяціла ім з-за хмар. Круціўся ў цёмным небе і павольна клаўся на прыціхлы Новагародак снег.
Далібор з ваяводам Хвалам, поўнасцю ўзяўшы ў сваю абладу вакольны горад, зайшлі ў коўніцу да Бяссмертнага Кандрата. Стары з Грышкам пакланіліся нечаканым гасцям і застылі як укопаныя кожны на сваім месцы.
— Жалезныя жалуды куеш? — пачціва спытаў Далібор у старога.
— Кую, — надтрэснутым голасам прамовіў Бяссмертны Кандрат.
— Куй, бо ў іх святая сіла нашай зямлі. Я і сам нашу заўсёды твой жолуд, — прачула сказаў князь і, азірнуўшыся, запытаў: — Можа, табе чаго не хапае? Хлеба, мяса або драўнянага вугалю? Я загадаю, і ўсё ў цябе будзе.
— Дзякуй богу, усё ў мяне ёсць, — паківаў галавою стары.
Потым гняўліва зірнуў на князя, і сівыя бровы над вачамі пырхнулі ўгору, як лугавыя матылі.
— Навошта бязрукую сілу на нашай зямлі плодзіш? Навошта адцяў дзясніцу Курылу Валуну?
— Курыла — бязбожны таць, — адказаў Далібор. — Ен зваяваў, папляжыў лепшых людзей князя Войшалка.
— Гэтай рукі табе некалі не хопіць, — прамовіў Бяссмертны Кандрат і нахіліўся над сваім варштатам.
VIII
У лета 6768-е 84 ад сатварэння свету брацці-рыцары вырашылі канчаткова расправіцца з непакорнай Жамойцкі, крывёй тубыльцаў патушыць пажар паўстання, які бушаваў там ужо некалькі гадоў. Жамойты, спадзяючыся на дапамогу Міндоўга, выбівалі рыцарскія гарнізоны з гарадоў і замкаў. Кожны рыцарскі замак яны называлі «гняздом ворана» і знішчалі яго дашчэнту, да голай зямлі. На вачах Ордэн траціў усё заваяванае. Як набыта махам, дык і пайшло прахам. З такім ходам падзей рыцары, вядома ж, не хацелі мірыцца. Неабходна было высока ўзняць сцяг тэўтонцаў, на якім у чорным крыжы горда ззяў залаты іерусалімскі крыж. Гэты залаты крыж быў салодкім напамінкам аб пераможных бітвах супраць сарацынаў у Палесціне і Сірыі. Перабраўшыся на ўзбярэжжа Балтыйскага мора, тэўтонцы не забывалі Усход, калыску свайго баявога юнацтва, і ўсе замкі ў Прусіі і Лівоніі ўпрыгожвалі арабскім арнаментам і нізкімі парталамі. Быў вельмі пашыраны «сум па Усходу». Пад шум халодных лясоў, пад рыпенне пяску ў мокрых ад бясконцых дажджоў дзюнах рыцары марылі пра чарнавокіх смуглых прыгажунь, пра серныя лазні і срэбныя кубкі з віном, пра турніры. Зямлю, залітую бязмежна шчодрым сонечным святлом, сустракалі яны ў сваіх снах. Гэта быў калі не рай, дык месца за некалькі крокаў ад раю. Але, прачнуўшыся, тэўтонцы бачылі вакол сябе непакорны светлавокі і светлавалосы народ, садзіліся ў сядло, і зноў пачыналася бітва, якая расцягнулася не на адно дзесяцігоддзе. Калі ж закончыцца гэта знясільваючая бітва? Калі можна будзе ўкласці меч у похвы і, адзеўшы на галаву вянок з духмяных каляровых кветак, паслухаць звонкагалосых вагантаў, што спяваюць пра каханне? Рыцары вырашылі нанесці апошні і самы сакрушальны ўдар. Перад гэтым на Нёмане яны збудавалі крэпасць Георгенбург, каб адсекчы Жамойць і Прусію ад Літвы. Якраз узбунтаваліся куршы. Рыцарскі атрад, які пайшоў на іх, быў разбіты. Гэта паражэнне ўскалыхнула земгалаў. Іхні старэйшына Шабіс пачаў з вялікай лютасцю бурыць рыцарскія замкі, вешаць комтураў. «Годзе!» — як агульны ўскрык, як стогн самой дзевы Марыі, прагучала між лівонцаў і тэўтонцаў. Яны з'ехаліся ў Кёнігсбергу і дамовіліся неадкладна трубіць паход. Лівонскіх рыцараў вёў магістр Бургхард фон Гарнгузен, прускіх крыжакоў — ордэнскі маршалак Генрых Ботэль, атрад датчан з Рэвеля — герцаг Карл. Гэта было ядро войска, няўтрымны камень, што, грозна грукочучы, каціўся па схіле гары. Як наліпае снег на камень, так наліплі на рыцарскае войска, прыбіліся да яго шматлікія дапаможныя атрады хрышчаных ліваў, эстаў і куршаў. Вось якая сіла прыйшла ў рух, і нішто ўжо не магло выратаваць Жамойць. Нават калі б усе яе мужчыны, ад млекасосцаў, што плачуць у калысках, да сляпых дзядоў, узялі ў рукі зброю, яе б усё роўна растаптаў жалезны чаравік.
84
Лета 6768-е — 1260 год.
У гэты самы час пасланец ад Крыве-Крывейты, загнаўшы двух коней, прымчаўся ў Варуту, упаў на калені перад Міндоўгам і выдыхнуў чорнымі патрэсканымі ад спёкі і цяжкай дарогі губамі:
— Ратуй, вялікі кунігас! Ратуй не мяне і не сябе — ратуй Радзіму!
Міндоўг не спаў перад гэтым дзве ці тры ночы, быў як у ліхаманцы. На левым воку агідна трымцела павека, як трымціць у голым лесе асінавы ліст. Чорныя цені ляжалі на запалых шчоках. Кунігас глуха кашляў, са злосцю глядзеў на пасланца. А той, не ўстаючы з каленяў, казаў адрывіста і адчайна:
— Клянуся Пяркунасам і крывёй сваёй мацеры: я лепш памру ў тваім нумасе, чым даведаюся, што ты не павядзеш войска на дапамогу братам-жамойтам.
Кунігас пагрозна маўчаў. І маўчаў увесь ягоны палац. Маўчала Варута. Тады пасланец раскрывяніў сабе вострай ракавінай кауры, якую выхапіў з-за пазухі, твар, упаў ніцма і заенчыў:
— Запаліце святое вогнішча! Кіньце мяне ў тое вогнішча! Я не хачу бачыць здрадніка!
Страшна было чуць такое. Упершыню тут, у варуцкім палацы, чалавечыя вусны асмеліліся назваць вялікага кунігаса здраднікам.