Зорны спеў
Шрифт:
Паводле бібліяграфічнага даведніка Н. Ватацы, да 1968 года польскія выдавецтвы выпусцілі асобнымі кніжкамі творы 16 беларускіх пісьменнікаў. У іх ліку былі два паэты — Янка Купала і Максім Танк. Найбольш плённым годам беларускай кнігі ў Народнай Польшчы аказаўся 1951 год, калі выйшла ажно сем назваў. Затым наступіў пэўны спад, за 1959—1961 гг. не з'явілася ніводнай кнігі беларускага аўтара. Новае ўзрастанне цікавасці палякаў да беларускай кнігі назіраецца ў другой палове 60-х гадоў: 1968 год прынёс ужо тры перакладзеныя кнігі. Прычыны гэтай зменлівасці пагоды розныя, адна з іх – тое, што сярод перакладаў багатага 1951 года аказаліся творы, якія ў нас на радзіме не вытрымалі пробы часам ды залічаюцца сучаснай крытыкай у раздзел «бесканфліктных». Заніжаная патрабавальнасць да мастацкіх якасцей арыгінала пайшла на шкоду агульнай справе творчых узаемасувязяў паміж літаратурамі. Прыемна адзначыць, што за апошняе дзесяцігоддзе беларуская літаратура пераадолела той незнарок узнесены бар'ер і без ільготных тарыфаў прымаецца польскімі выдаўцамі, перакладчыкамі і чытачамі. Анталогія паэзіі — важнае пацвярджэнне сказанага.
Значнасць гэтай кнігі дыктуе і асаблівую патрабавальнасць да яе. Беларускую літаратурную грамадскасць, бясспрэчна, зацікавіць пытанне аб прадстаўнічасці і паказальнасці, а таксама пытанне пра якасць перакладаў. На першую тэму можна шмат гаварыць, выказаць шмат заўваг, пажаданняў. Аднак трэба глядзець на справу рэальна. Кніг, падобных на гэтую, нельга зрабіць на голым месцы, яна — вынік цэлага этапа ў бягучых літаратурных сувязях і кантактах. Тут, хочаш не хочаш, будуць адчувацца сіла і слабасць папярэдніх рабочых сувязяў. Як відаць з прадмовы Яна Гушчы, адбілася і недастатковасць сённяшніх дзелавых сустрэч. Складальнік, напрыклад, не меў мажлівасці папрацаваць у Мінску над найноўшаю беларускаю паэзіяй, асабіста пазнаёміцца з паэтамі. Патрэбна была настойлівасць і смеласць, каб у такой сітуацыі не адмовіцца ад задумы складаць анталагічны зборнік.
Складальнік растлумачыў сваю задачу так: «Вырашыў прадставіць класікаў, потым паклаў націск на вершы навейшыя і найноўшыя». А яшчэ клапаціўся ён «пра паказ разнастайных перажыванняў і хваляванняў, якія выражаюцца рознымі паэтычнымі спосабамі», г. зн. пра культуру паэтычнай творчасці, пра эстэтычнае багацце беларускай лірыкі. Ян Гушча разумее, што кожны прынцып адбору мае свае слабыя бакі, а прымяненне яго на практыцы стварае праблемы, якія можна назваць эстэтычным выпрабаваннем густу. Мне думаецца, што ў цэлым складальнік дабіўся паказальнасці адабранага матэрыялу і гэтым поспехам ён абавязаны не толькі адчуванню і веданню нашай паэзіі, але смеласці, якая спалучаецца з пачуццём адказнасці ўзятага на сябе абавязку. Ідучы па вертыкалі, ён вылучыў двух класікаў і двух сучасных паэтаў, гарызантальным ахопам увёў у кніжку 50 імён, амаль столькі, колькі ўвайшло ў першы зборнік літаратурных аўтабіяграфій, выдадзеных у нас.
Кніжку адкрывае купалаўскі верш «А хто там ідзе?», які даецца ў двух варыянтах перакладу (Яна Гушчы і Тадэвуша Хрусцялеўскага), у каментарыях змешчаны першы польскі пераклад гэтага верша, датаваны 1912 годам. Варыянты сучасных перакладаў не спаборнічаюць паміж сабою ў майстэрстве, яны дапаўняюць адзін аднаго і разам сведчаць пра добразычлівую рупнасць складальніка. Добры знавец беларусай мовы і паэзіі Ян Гушча выказаў ужо ў самым пачатку зборніка павагу да беларускага верша, які пры знешняй прастаце і даходлівасці не так проста паддаецца перакладу. Лексічная блізкасць пры фанетычнай аддаленасці беларускай і польскай моў стварае непрадбачаныя цяжкасці. Ян Гушча ў сваім перакладзе купалаўскага верша трымаецца бліжэй да зместу арыгінала, ахвяруе дзеля гэтага рыфмай. Тадэвуш Хрусцялеўскі як бы адыходзіць ад лексічнай асновы купалаўскага твора, каб данесці паэтычную задуму пры дапамозе кампанентаў спецыфічна польскіх, блізкіх успрыманню польскага чытача. Між іншым, два тыпы адносін да арыгіналаў характэрны ўсёй кніжцы. Які спосаб лепшы, гадаць не варта. Кожны мае свае плюсы і мінусы. Важна тое, што яны могуць дапаўняць адзін аднаго, пашыраючы мажлівасці эстэтычнага ўздзеяння нашай паэзіі на польскага чытача. Поспехі перакладчыкаў залежалі не так ад падыходу, як ад таленту і майстэрства. Талент дазваляе сінтэзаваць названыя прынцыпы. I гэта мы бачым у перакладах самога Яна Гушчы, якому асабліва ўдаюцца лірычна-роздумныя вершы, пабу-даваныя на вобразнасці народнага складу, напрыклад, «Песня зімы» Я. Коласа, «Позняя восень» П. Броўкі, «Восень» С. Дзяргая, «Красавік» А. Астрэйкі, «Пятля Кастуся Каліноўскага» Я. Сіпакова, «Добрай ночы» М. Танка, «Ранены» А. Коршака, «Перад дажджом», «Родная мова» П. Панчанкі, шэраг твораў Р. Барадуліна і іншыя. Мастацкай дасканаласцю радуюць пераклады Северына Поляка (можна толькі паіпкадаваць, што іх мала), Казімежа А. Яворскага, Конрада Фрэйдліха, лепшыя працы Леапольда Левіна, дзе ён не лішне вольна трактуе тэкст. Над стварэннем анталогіі сучаснай беларускай лірыкі на польскай мове працавала 30 паэтаў, сярод іх добра вядомыя беларускім чытачам Ежы Путрамент, Леан Пастэрнак, Віктар Варашыльскі, Уладзімеж, Слабоднік і іншыя. I ўсё ж дае пра Сябе знаць маладосць нашых паэтычных сувязяў і вымушаная таропкасць у рабоце над стварэннем анталогіі. З ліку 193 твораў, якія ўключаны ў яе, 107 пераклаў Ян Гушча. Якая гэта вялізная праца, хай пасведчаць перакладчыкі. Удзячнасць добраму сябру беларускай паэзіі за рупнасць, за ініцыятыву, за вялікі творчы ўклад у культурныя сувязі паміж польскім і беларускім народамі павінна быць выказана ад усіх нас — прадстаўнікоў літаратурнай грамадскасці, зацікаўленых чытачоў, аматараў паэтычнага слова. Без гэтай агромністай творчай працы
Паэзія Янкі Купалы прадстаўлена ў анталогіі 21 вершам, у перакладзе ўдзельнічала 12 паэтаў. Калі прыгадаць, што выдадзены да саракагоддзя. БССР на гектографе першы ў Польшчы зборнік паэта, а таксама і друкаваная яго кніжка 1968 года ўключаюць менш чым па дваццаць вершаў, то стане ясным, што падборка ў анталогіі самая багатая. Вершы тут выбраны з улікам сацыяльнай накіраванасці купалаўскай паэзіі. Мажліва, нават сялянская праблематыка некалькі засланяе агульнаграмадзянскую, патрыятычную. Складальнік зыходзіў з пасылкі, быццам самы моцны — ранні Купала, а ў ранняй творчасці, як вядома, багата сялянскай нядолі. Адсюль пэўная вясковая заземленасць купалаўскай музы. Мне думаецца, няма патрэбы пераглядаць прызнанага і відавочнага факта, што росквіт паэтычнага дару Купалы прыпадае на зборнікі «Шляхам жыцця», «Спадчына», «Безназоўнае», гэта значыць, на час, калі паэт мацней чым калі адчуваў сябе народным, нацыянальным вешчуном і песняром новай сацыялістычнай Беларусі. Між іншым, у нататцы пра Купалу зборнікі «Шляхам жыцця» і «Безназоўнае» апушчаны, не аздначана і вучоба Купалы ў Пецярбургу на курсах Чарняева. Савецкі перыяд творчасці Купалы прадстаўлены ў анталогіі ўсяго двума вершамі — «Дыктатура працы» і «Сосны». Купалаўскае патрыятычнае вешчаванне, а пазней азоранае радасцю апяванне новай явы сацыялізму недастаткова выяўлена ў анталогіі.
Муза Купалы па-сялянску сціплая, смутная, але і гордая, і страсная. Творчае крэда Купалы мае два акцэнты: «Зямлі і сонцу нізка пакланюся — Я сын зямлі, і сонца вольны сын!» Вось гэтая ўзнёсласць, палётнасць, рамантычная страснасць яго характару выяўлена слабавата.
На маю думку, варта было б уважлівей прыгледзецца да гектаграфічнага зборніка купалаўскіх вершаў 1949 года. Побач са слабымі, аматарскімі перакладамі там ёсць удалыя пераклады верша «Я не для вас», урыўка з паэмы «Яна і я» К. А. Яворскага, вершаў «Хмурыя думкі», «З дзён няволі» В. Дамброўскага. Яны маглі б узмацніць анталагічную падборку, надаць ёй больш паказальнасці.
Праўда, тое, што змешчана Янам Гушчам, характарызуецца добрым літаратурным узроўнем, асабліва звяртаюць увагу віртуозныя пераклады «На жалейцы» Северына Поляка, «За годам год» Багдана Жыраніка, «Дыктатура працы» К. А. Яворскага, «Сосны» Васіля Качнова. Леапольд Левін у перакладзе верша «Да беларускага паэта», як мне здаецца, лішне далёка адышоў ад арыгінала і не апраўдаў празмернай вольнасці перастварэння. Між іншым, даваенны цікавы пераклад «Пескі сонцу» Марыі Рудзінскай крыху псуюць два немілагучныя радкі, чамусьці непрыкмечаныя пры рэдагаванні кніжкі. Алітэрацыя «Upie's'c serce i duszy scisz» яўна перабірае меру свісцячых і шыпячых гукаў, вымаўляць такія збегі зычных амаль немажліва. Яны не ствараюць уражання пяшчоты і сцішанасці, а ўражваюць ненатуральнасцю зыку. Другі радок: «Odn'ow caly smecacy sie lud» фанетычна грувасткі і невыразны, як мармытанне. Не зусім удалася замена ў перакладзе Яна Гушчы «Калі ў лесе зацвіталі» явара на чаромху. Явар у Я. Купалы не проста дрэва, а фальклорны сімвал хлопца-жаніха. Цяжкавата вымаўляецца таксама ў гэтым перакляляе рядпк «Z trzcinami wraz lozy».
Нашы заўвагі не маюць на мэце знізіць агульнае добрае ўражанне ад падборкі купалаўскіх вершаў, якая па-свойму паказальна мастацкай дабротнасцю, бо з'явілася ў выніку працяглай работы значнага калектыву мастакоў, кожны з якіх меў мажлівасць выбіраць сабе твор даспадобы і не таропячыся працаваць над перастварэннем.
Наколькі цяжка рабіць значную колькасць перакладаў аднаму мастаку пры абмежаванасці часу, мож-на заўважыць на падборцы вершаў Максіма Багдановіча. Складальнік асабліва сімпатызуе гэтаму паэту і ста-раўся прадставіць яго паўней і лепш. У лік вершаў ен аднёс нават «Апокрыф», які наша літарату-разнаўства разглядае як стылізаваную прозу. Усяго У Багдановічавай падборцы таксама 21 твор, з якіх 17 пераклаў Ян Гушча. Найбольш удалымі я лічу пераклады твораў «Змяіны цар», «Апокрыф», «Вы, што любіце натрапіць». Тут перакладчыку ўдалося перастварыць на польскай мове як паэтычнасць думкі, так і хараство гучання, своеасаблівае, неназолістае сугалоссе радкоў і актыўнае дзеянне Багдановічавай рытмікі, якая не спрачаецца з законамі інтанацыі. Перакладаючы вершы з цыкла «Старая Беларусь», Ян Гушча адкінуў рыфму. Без гэтага выяўленчага сродка пераклады, на мой погляд, набылі пэўную празаічнасць.
Празаізм адчуваецца на многіх перакладах, і асабліва на перакладзе «Ліста...». Павольны рытм александрыйскага верша, узмоцненага Багдановічам неназолістаю рыфмоўкай, быў свядома разлічаны на эфект спакойнай, але прыўзнятай задумнасці. Адмова ад рыфмоўкі ў перакладзе суправаджаецца пазбяганнем сінтаксічных інверсій і высокага стылёвага пласта лексікі, у выніку чаго гаворка набывае будзённую дзелавітасць, не верыцца, што дзея адбываецца ўначы пры лямпе. Багдановічавы радкі пра Сальеры «У творчасці яго раптоўнага няма, аснова для яе спакойна дума» перакладаюцца, напрыклад, так:
Niema w jego tw'orczo'sci nic przypadkowego, Jej zasade stanowi zawsze przemy'slenie.У парадкоўным перакладзе гэта азначае “Няма ў яго творчасці нічога выпадковага, а прынцып складае заўсёды прадуманасць». Багдановіч гаварыў не пра выпадковае, а пра нечаканае, раптоўнае, натхнёнае.
Празаізацыя непазбежна прыводзіць да збяднення эмацыянальнай напоўненасці, а часамі да скажэння зместу. Вось радкі:
Таксама робіш ты, дума, і у паэта Краснейшым кожны твор. Прывет табе за гэта!Паэт вітае думу, роздум, удумлівасць, бо яны дапамагаюць яму зрабіць прыгажэйшым твор. Перакладчык прымусіў Багдановіча звяртацца не да думкі, а да адрасата ліста і сказаць:
My'sle, ze i ty czynisz podobnie. Poeta Ma pisa'c coraz lepiej. Z co cie pozdrawiam!У каментарыі да анталогіі прозвішча адрасата названа, таму польскі чытач управе думаць, што Вацлаў Ластоўскі быў паэтам, а гэта не адпавядае сапраўднасці. Увогуле сэнс выказвання, як яно значыцца ў перакладзе, незразумелы. Багдановіч мае казаць Вацлаву: «Думаю, што і ты робіш падобным чынам. Паэт павінен пісаць што раз, то лепш. За гэта цябе вітаю!» Атрымліваецца, што ў «Лісце...» размаўляюць аднадумцы. Пачатак верша як бы схіляў да такога разумення: «Хоць значыць гэтае несць у Афіны совы,— усё ж такі пішу да вас, Вацлаве, словы нясмелага ліста». Але на самай справе тут ужыты традыцыйны ў эпісталярных жанрах прыём ветлівасці, паэт фактычна гаворыць: «Хоць вучонага вучыць — што мёртвага лячыць, але ж...» Далей Максім Багдановіч выказвае свой погляд на суадносіны думкі і пачуцця ў творчым акце, палемізуючы з Вацлавам Ластоўскім і крытыкамі яго круга, што гаварылі, быццам самому Багдановічу ўласцівы лішні рацыяналізм, які засушвае яго паэзію. Прызнанне еднасці рацыянальнага і эмацыянальна-інтуіцыйнага ў творчым пазнанні з'яўляецца праграмным эстэтычным прынцыпам Багдановіча. Апалогія еднасці думкі і пачуцця, працы і натхнення дае нам падставу разглядаць «Ліст...» у кантэксце дыскусіі пра паэзію, якая вялася ў 1913 годзе на старонках «Нашай нівы». Вацлаў Ластоўскі (Верашчака) — страчваючы сутнасць мастацтва — заклікаў там апяваць красу беларускай прыроды, несці асалоду чытачу, а не турбаваць яго панылымі думкамі пра нядолю і няволю. Янка Купала ад імя «парнаснікаў» адстойваў права і абавязак беларускай паэзіі напамінаць чытачу пра сацыяльную і нацыянальную несправядлівасць, рабіць паэтычнай жыццёвую ісціну, што большая частка гэтай прыгожай роднай зямлі — «не наша». Купала адстойваў святы абавязак беларускай паэзіі быць з працоўным людам, думаць і смуткаваць. Багдановіч быў салідарны ў гэтым з Купалам. Ён ганарыўся тым, што беларуская літаратура «не пойдзе чысціць боты капіталу». З увагі на ўсё сказанае хацелася б болып сціслай перадачы прыведзеных радкоў «Ліста...» пры перакладзе.