Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Зорны спеў

Калеснік Уладзімір

Шрифт:

Разглядаючы артыкул Максіма Багдановіча «Хто мы такія», дзе паэт у палемічна завостранай форме, з эмацыянальнымі ператрымкамі выставіў рахунак крыўды свайго народа польскім і рускім рэакцыянерам-вялікадзяржаўнікам, Ян Гушча адчувае патрэбу каменціраваць і ўдакладняць, I, на мой погляд, рабіць гэта неабходна. Перакінуўшыся ў глыбіні вякоў, аўтар прадмовы спасылаецца на аўтарытэт вядомага лінгвіста Лера-Сплавінскага, які выявіў, што «кішаць ад рутэйізмаў (ці беларусізмаў) пісьмы такіх знатных асоб, як Жыгімонт Аўгуст, як Радзівілы ці Сапегі...». Вярнуўшыся да сучаснасці, Ян Гушча адзначае, што такія творы, як «Беларусь» П. Броўкі, дзе паэт, прыгадваючы Грунвальдскую бітву, назваў яе ўдзельнікамі толькі беларусаў, рускіх і ўкраінцаў (а палякаў прамінуў),— стаяць за рамкамі палемікі.

Гэта добра, што Ян Гушча паставіў пытанне пра памылкі і хібы ў ацэнках польска-беларускіх адносін. Памылкі былі ў нашых мастацкіх, літаратуразнаўчых і гістарычных працах. Былі і ў польскіх. Яны, напэўна, ёсць і сёння і будуць далей — ужо як выдаткі згладжвання вострых кантаў, калі мы станем ухіляцца ад таварысцкай добразычлівай, але сур'ёзнай размовы. Варта падкрэсліць, што адной добразычлівасці будзе замала, каб знайсці ісціну, якая б растлумачыла дыялектыку нашых літаратурных сувязяў. Для гэтага патрэбна навуковая метадалогія. Мы не бачым іншай метадалагічнай асновы для пошукаў правільных ацэнак, акрамя ленінскай тэорыі культуры, якая сцвярджае барацьбу дзвюх культур у кожнай нацыянальнай культуры класавага грамадства як гістарычную непазбежнасць. Гэты погляд дае мажлівасць ацаніць як адну з даброт сацыялістычнай рэвалюцыі дружбу абноўленых нацый і культур, іх арганічнае збліжэнне дзеля ўзаемнага ўзбагачэння і памнажэння скарбніцы культуры сацыялістычнай, агульначалавечай.

Погляд у мінулае, кінуты з ленінскай метадалагічнай пазіцыі, дазваляе нам убачыць не ідылію са свавольнай зменлівасцю сімпатый, а драму, поўную вост-рых канфліктаў. Драма ж больш ёмісты жанр, чым ідылія, яе напаўняюць больш важныя ісціны.

Узаемаадносіны паміж нацыямі ў далёкім і не так далёкім мінулым былі больш драматычнымі, чым гэта нам бы хацелася. Унутрынацыянальныя класавыя су-пярэчлівасці тармазілі збліжэнне народаў, адводзілі працягнутыя рукі. Міжвольна прыгадваюцца тут радкі аднаго ранняга верша Максіма Танка:

Бродзяць паўночныя сагі З песенным нашым віном,— Колькі нявыпітай брагі У нас за супольным сталом! Хочацца сціснуць далоні, Ў поглядзе дружбу спаткаць, Поўныя накіпам, звонам Хмельныя чары падняць. Высячы іскрамі гукі З нашых цымбалаў жывых, Нат калі зраняцца рукі Дротам на межах глухіх29 .

Нам сёння не трэба выказваць прэтэнзій да польскіх каралёў, якія панавалі пасля Ягелонаў, за тое, што ў іх мове адсутнічалі беларусізмы, шчасліва выяўленыя ў пісьмах Жыгімонта Аўгуста і сучасных яму Сапегаў ды Радзівілаў: Сігізмунд Ваза ці Аўгуст другі і Аўгуст Трэці Сасы нават па-польску гаварыць не ўмелі. Варта, аднак, мець прэтэнзіі і палякам і нам да таго, што ніводзін з памянёных каралёў (не важна на якой мове) не змог паўтарыць сваім падданым славутага выслоўя Жыгімонта Аўгуста — «Я не кароль над вашымі сумленнямі». Канец дынастыі Ягелонаў, на жаль, быў канцом шматвяковай рэлігійнай і нацыянальнай талерантнасці (пануючыя класы шляхецкай Рэчы Паспалітай зліквідавалі тую цярпімасць да справы веры, якая ў часы Жыгімонта Старога дазваляла вырасці Скарыне і Гусоўскаму, а ў часы Жыгімонта Аўгуста — Сымону Буднаму і Васілю Цяпінскаму). Рэлігійная нецярпімасць, прынесеная на Беларусь езуітамі пад канец панавання Жыгімонта Аўгуста і даведзеная да дзікіх формаў пры Вазах, не была праяваю толькі каралеўскай ці магнацкай прыхамаці або сваволу. Змярканне кожнай грамадскай фармацыі спараджае ў вярхах заслепленасць, фанатызм і цемрашальства. У гэтым сэнсе верхавінка шляхецкай Рэчы Паспалітай, якая выжыла беларускую мову з дзяржаўных устаноў Вялікага княства Літоўскага, а ў XVIII стагоддзі давяла да захірэння пісьмовую літаратуру беларусаў, істотна не адрознівалася ад пануючай касты ў памешчыцкай самадзяржаўнай Расіі XIX стагоддзя. Розніца была толькі ў тым, што рускі феадалізм лютаваў, хістаючыся ад напору рускай рэвалюцыйнай дэмакратыі, якая мела больш сувязяў з народнымі нізамі і болып сілы, чым польскія шляхецкія рэфарматары ў XVIII стагоддзі і нават рэвалюцыйныя рамантыкі ў пачатку XIX стагоддзя. Руская рэвалюцыйная дэмакратыя ўзнялася да разумення сацыяльных і нацыянальных праблем усіх народаў царскай імперыі, у тым ліку польскага і бела-рускага народаў. Тут сакрэт плённасці ўплыву яе ідэй на жыццё і змаганне прыгнечаных народнасцей. Пакаленне пралетарскіх рэвалюцыянераў пераняло і развіло нацыянальна-вызваленчыя ідэі рэвалюцыйнай дэмакра-тыі, выпрацавала ясную праграмную ўстаноўку — права нацый на самавызначэнне. Мне здаецца, менавіта тут трэба шукаць разгадкі тое таямнічасці лёсу Максіма Багдановіча і Змітрака Бядулі, якая інтрыгуе нашых літаратуразнаўцаў і шырока разважаецца Янам Гушчам у прадмове да анталогіі. На скрыжаванні сацыяльнага і нацыянальнага ляжыць разгадка літаратурных лёсаў Якуба Коласа, Цішкі Гартнага, Ядвігіна Ш., Максіма Гарэцкага і многіх іншых пачынальнікаў навейшай беларускай літаратуры, якія вырасталі пераважна з рускай прагрэсіўнай грамадска-культурнай традыцыі ды станавіліся песнярамі маладой Беларусі. Тут схована і разгадка літаратурнага лёсу Янкі Лучыны, Адама Гурыновіча, Алаізы Пашкевіч, Янкі Купалы — усіх тых пісьменнікаў, якія выхоўваліся ў дзяцінстве пад асабліва моцным уплывам польскай прагрэсіўнай культуры.

Польскія рамантыкі, сябры Адама Міцкевіча, слушна адзначас ўслсд за Юзэфам Галомбэкам Ян Гушча. кінулі першыя зерні ў беларускую глебу, зерні духоўнага адраджэння народа. Але варта памятаць, што шырока сеялі семя свабоды Герцэн, Чарнышэўскі, Дабралюбаў, Някрасаў. Ад іх непасрэдна перадаўся запал народалюбства Кастусю Каліноўскаму і Валерыю Урублеўскаму, маладому Францішку Багушэвічу. Ідэі Пляханава, Леніна, Горкага апладнялі светапогляд Адама Гурыновіча, Алаізы Пашкевіч, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Цішкі Гартнага, Максіма Багдановіча.

Знамянальна, што ў канцы XIX стагоддзя Ф. Багушэвічу ўдавалася друкаваць свае кніжкі толькі ў Кракаве, але ўжо тады Пецярбургскі універсітэт станавіўся вогнішчам рэвалюцыйна-вызваленчага руху белару-скай моладзі, якая мела агульныя арганізацыі з паля-камі і літоўцамі. Беларускія кніжкі і працы пра Беларусь выдаваліся ў Кракаве, Пецярбургу, Маскве, Варшаве, Львове, Кіеве, Вільні і іншых гарадах. Праўда, публікацыі былі розныя. У дыскусіі аб беларускай мове «Нашу ніву» дружна атакавалі ў студзені — сакавіку 1909 года «Внленскнй вестннк», «Минское слово», пе-цярбургская «Новая Русь» і варшаўскі «Dzie'n» — усе з адных і тых жа шавіністычных пазіцый.

Слушна вылучае Ян Гушча два аб'ектыўныя фактары, якія абумовілі ўзлёт беларускай літаратуры пачатку XX стагоддзя: «Абуджэнне або паглыбленне нацыянальнай свядомасці, барацьба за нацыянальнае вызваленне, рэвалюцыйна-грамадскія працэсы. Пульсуючыя чырванню зоры надзеі і яшчэ чырванейшыя зарывы паражэнняў».

Сапраўды так. Варта толькі ўлічыць, што працэс нацыянальнага вызвалення на Беларусі аказаўся асабліва залежным ад ходу сацыяльных працэсаў. Тут, на маю думку, адно з істотных адрозненняў паміж зместам і практыкай вызваленчага руху пачатку XX стагоддзя ў Полынчы і на Беларусі.

Сацыяльны аспект прыкмячае аўтар прадмовы, хоць лічыць яго вытворным. Гаворачы пра Купалу і Коласа, ён сцвярджае: «Ставілі сабе простыя задачы, пашыралі і ўмацоўвалі нацыянальную свядомасць. Былі прагрэсіўнымі, бо ў прагрэсе і барацьбе бачылі шансы для свайго народа». Вылучэнне сацыяльнага пачатку як дамінанты і пашырэнне яе на усю гісторыю новай беларускай літаратуры дазволіла б яшчэ дакладней вытлумачыць яе загадкі.

Напісаная з любоўю да беларускага народа і культуры прадмова складальніка прапануе нам позірк на беларускую паэзію вачыма сучаснага польскага літаратара і ацэньвае яе па высокім рахунку. Прадмова цікавая самастойнасцю падыходу і ацэнак, хоць, зразумела, побач з бясспрэчнымі палажэннямі трапляюцца ў ёй моманты дыскусійныя і нават асобныя фактычныя недакладнасці. Так, напрыклад, Купала, а не Колас названы прафесійным настаўнікам, «Наша ніва» — прамой прадаўжальніцай «Нашай долі», а не паралельнай газетай іншага кірунку, месцам выдання зборніка вершаў Янкі Лучыны памылкова названы Мінск замест Пецярбурга і іншыя.

Добра ўсё ж, што Ян Гушча прыгадаў у прадмове працу Юзэфа Галомбэка, Для свайго часу яна была, відаць, не толькі праявай акадэмічнай сумленнасці ў адносінах да літаратуры прыгнечанай нацыянальнай меншасці. Яе, напэўна, можна звязаць з працэсамі радыкалізацыі польскай інтэлігенцыі, якая ў сярэдзіне 30-х гадоў уцягвалася ў антыфашысцкі народна-франтавы рух. Адчуўшы пагрозу з боку фашызму, лепшая частка польскай даваеннай інтэлігенцыі, і асабліва моладзь, знізілася з надкласавых эмпірэй свайго ўяўнага культурнага місіянерства, заўважыла і перажыла як сваю ўласную бяду ўціск працоўных мас Заходняй Беларусі, падала руку дружбы і салідарнасці радыкальным беларускім літаратарам, прайшла з імі поруч цераз агонь барыкад, залы судоў, турэмныя казематы, калючыя драты Картуз-Бярозы — на заваёву роўнай долі, роўнага шчасця. Літаратуру Заходняй Беларусі дастойна прадстаўляў у 1935 годзе на агульнапольскім Кангрэсе абароны культуры ў Львове віленскі адвакат, важак студэнцкай «лявіцы» Генрык Дэмбіньскі. Радыкальныя газеты «Poprostu» і «Sygnaly» ўступалі свае старонкі заходнебеларускай паэзіі, народнай песні.

Тады ж у гадавіку навуковых прац аб'яднання асістэнтаў Варшаўскага універсітэта імя Юзэфа Пілсудскага з'явілася праца Марыі Рудзінскай-Фраэліховай «Думкі пра беларускую літаратуру», дзе была дадзена даволі трапная ацэнка ідэйна-эстэтычных тэндэнцый і кірункаў у літаратуры Заходняй Беларусі. Гаворачы пра літаратурны рух у Заходняй Беларусі, даследчыца адзначае: «...ён не з'яўляецца, можа, такі буйны, як у Савецкай Беларусі. Аднак ён і надалей з'яўляецца люстрам народнага жыцця і ўтварае як бы працяг нашаніўскай эпохі. Зусім выразныя ў ім два кірункі: адзін баявы, рэвалюцыйны, прадстаўлены маладымі пісьменнікамі на чале з Салагубам, другі выключна эстэтычны... яго прадстаўніцай з'яўляецца Н. Арсеньева.

Узаемасувязі літаратуры Заходняй Беларусі моцныя. Уплыў пралетарскай літаратуры шырыцца ў Заходняй Беларусі, дзе нацыянальны характар з'яўляецца крыніцай моцы і цікавасці для паэтаў з Усходу»30 .

Асабліва шмат рабіла ў справе перакладаў люблінская літаоатурная газета «Камэна» і яе рэдактар Б. Жыранік.

Увогуле, перакладзена было няшмат, а гаворка ў друку, як правіла, абмяжоўвалася дарэвалюцыйным пісьменствам ды літаратурай Заходняй Беларусі. Напрыклад, Янка Купала, які ў тую пару актыўна перакладаў польскіх паэтаў ад Адама Міцкевіча да Уладзіслава Бранеўскага і жыва цікавіўся літаратурным жыццём Польшчы, не мог разлічваць на такую ж узаемнасць. Палітыка санацыі не раз накідвала кайданкі на працягнутыя для братняга поціску рукі. Але рукам дружбы суджана было дацягнуцца і адчуць шчырае цяпло. Першы пралом, які зрабіла ў сцяне адчужанасці народна-франтавая інтэлігенцыя, стаў плацдармам у гады вайны і пасля яе заканчэння. Працягам той добрай традыцыі мне ўяўляюцца пераклады дзесяткаў беларускіх пісьменнікаў у Народнай Польшчы.

Поделиться с друзьями: