Зорны спеў
Шрифт:
Недакладнасць закралася і ў каментарый. Упамянутая Багдановічам гераіня пушкінскай драмы «Пір У часе чумы», вясковая шатландская пявуння Мэры, чамусьці выдаецца за княжну Мэры з «Героя нашага часу» М. Лермантава, хоць кантэкст верша выключае падобныя здагадкі.
Паспешлівасць адчуваецца і на перакладзе «Слуцкіх ткачых», зробленым Т. Хрусцялеўскім. Эпітэтам «залаталітыя» тут надзелены паясы, а эпітэтам «залатыя» дзявочыя сны. Багдановічава рака, што лілася між гор, ззяючы срэбрам хваль, ператварылася ў струменьчык, які ў ferworze (парывістым запале.— У. К.) сцякае з гор пад парог хаты. Асабліва прыкметна недакладнасць у перакладзе канцоўкі:
I oto drzaca dlo'n bezwolnie, Zamiast uczonych perskich wzor'ow, Zaczyna tka'c blawatny polne.Цяжка ўразумець сэнс знаёмай нам з арыгінала верша сітуацыі, настолькі яна недакладна выказана. Чаму дрыжачая рука і чаму «bezwolnie», а не «bezwiednie»? У апошняй рэдакцыі Багдановіч напісаў: «і тчэ бязвольная рука», але ж гэта не тое самае, што «дрыжачая рука пачынае бязвольна ткаць палявыя васількі». Багдановіч доўга працаваў над канцоўкай верша, шукаў яе, бо яна тут кампанент, які тугім вузлом звязвае ўсе ніці паэтычнай задумы. Прыблізнасць неракладу канцоўкі Т. Хрусцялеўскім аслабляе грамадскі падтэкст і міжвольна пераводзіць задуму верша ў псіхалагічна-бытавы план.
Багдановіч намаляваў руку, якая, забыўшыся на загад і прымус, узнаўляе тое, што бачаць і чым любуюцца вочы за акном панскага двара. Ткачыха тчэ «цвяток радзімы васілька» — сімвал поля, прастору, роднага краю, адабранай свабоды. У «творчым» забыцці паднявольнай ткачыхі паэт убачыў праяву рэалістычнай прыроды мастацтва з яго нязменнай вернасцю жыццю, выказаў спагаду народнаму таленту, пазбаўленаму права на свабоднае самавыяўленне. Рука ткачыхі ў забыцці міжвольна выткала сваю мару і мару свайго народа — сімвалічны вобраз. Гэты сімвал супрацьстаіць другому сімвалу — персідскаму ўзору. Роднае, сціплае, праўдзівае супрацьпастаўлена чужому, пышнаму, экзатычнаму; народнае — панскаму, а не прасцецкае — «вучонаму», як выйшла ў перакладзе.
Т. Хрусцялеўскі ў пачатку верша падкрэсліваў сацыяльныя супярэчлівасці, можа, аж надта яскрава, а ў канцоўцы грамадзянскі падтэкст заглух, выяўленчая роля канцоўкі як ударнага кампанента змазалася.
Ян Гушча праявіў вялікі энтузіязм, узяўшы на сябе клопат упершыню азнаёміць польскага чытача з творчасцю М. Багдановіча. Відаць, любоў, з якою ён выконваў гэтую місію, штурхнула яго на празмернае асучасніванне тэхнікі верша, што прывяло да аслаблення рамантычнага струменя ў інтанацыях. Думаецца, што Ян Гушча прадоўжыць свае творчыя сувязі с Багдановічам. Жадаючы яму ўдачы, хацелася б падкрэсліць важнасць данясення ўсіх адценкаў Багдановічавага смутнага і мудрага гумару, яго рамантычнай іроніі, яго іншасказанняў, у якіх часта засяроджваецца ідэйны змест вершаў.
Гумару ўвогуле не пашанцавала ў анталогіі. Кандрат Крапіва адкрывае савецкі этап беларускай паэзіі адною толькі байкай «Дзед і баба», гумарыстычная тэма ў П. Панчанкі прадстаўлена толькі «Краем паэтаў». I, як назло, пераклады не паднялі афарыстычнай ёмістасці першага твора і зіхоткага падтэксту другога. Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч, Пятрусь Макаль зусім не ўсміхаюцца на старонках анталогіі.
Маральна-этычная і філасофская скіраванасць густу складальніка заважыла на змесце зборніка. Паэты, у творчасці якіх пераважае медытацыйна-роздумная лірыка, аказаліся лепш прадстаўленымі за іншых. У кнігу ўвайшло парадкам добра перакладзеных вершаў Сяргея Дзяргая, Янкі Сіпакова, Анатоля Вярцінскага, Аляксея Коршака, Дануты Бічэль-Загнетавай. Не пашанцавала, з другога боку, адкрыта публіцыстычнай паэзіі Аркадзя Куляшова, з якой выбраны толькі чатыры вершы, Уладзімір Дубоўка, Піліп Пестрак, Аляксей Пысін, Анатоль Вялюгін, Сяргей Грахоўскі маюць толькі па адным, прытым не дужа паказальным вершы. Шэрагу вядомых паэтаў, у тым ліку Міхася Чарота, Уладзіміра Хадыкі, Уладзіміра Жылкі і іншых, няма ў анталогіі. Апошняя акалічнасць не можа выклікаць персанальных прэтэнзій да складальніка: яна мае свае аб'ектыўныя прычыны ў слабасці польска-беларускіх паэтычных сувязяў. Калі падумаць пра ўзаемнасць, дык у нас атрымалася б амаль тое самае.
Я схільны прызнаць у цэлым рацыю Яна Гуцічы: відаць, так і трэба было, каб польскі чытач пачаў шырокае знаёмства з беларускай паэзіяй цераз узоры інтэлектуальна-заглыбленай лірыкі — грамадзянскай, філасофскай, пейзажнай, інтымнай. Напэўна, можна знайсці і тут некаторыя ператрымкі. Напрыклад, на маю думку, не абавязкова было ўключаць у такую сціплую анталогію ажно тры аднатэмныя вершы — М. Танка, У. Караткевіча і А. Лойкі пра Венеру Мілоскую. I ўсё ж падборка лірыкі дае цікавы матэрыял для роздуму.
Дыферэнцыяцыя, ачышчэнне лірычнага жанру наступае тады, калі побач з паэзіяй літаратура развівае прозу і драматургію. Адбор лірыкі, зроблены Янам Гушчам, дазваляе акінуць агульным позіркам значную частку чыста паэтычнага плёну, сабранага болып як за паўвека нашымі паэтамі з нівы беларускага жыцця. Самыя вялікія ўраджаі прыпадаюць на савецкі час, і гэта выдатна сведчыць пра паэтычнасць нашага часу і пра сталасць літаратуры.
Выбарачнасць не арыфметычнага парадку падказала складальніку ўключыць -з багатай спадчыны П. Броўкі нізку вершаў 60—70-х гадоў. Сапраўды, роздумная лірыка П. Броўкі гэтага часу знамянуе ўзлёт яго таленту. Умудроны жыццёвым вопытам паэт выяўляе глыбокую добразычлівасць да свету, пошукі згоды з сабой і жыццём цераз падрахункі перажытага. Перад намі адкрываецца драма душы, напружанай усведамленнем непазбежнасці развітання і неўміручасці. У матывах развітання аптымістычныя інтанацыі гучаць шчыра і мудра, дапаўняючы той спантанны задорны аптымізм ранняй творчасці, які часам здаваўся знешнім і паказным.
Чытаючы такія, дарэчы удалыя, пераклады Яна Гушчы і Леапольда Левіна, як «Позняя восень», «Бабяе лета», «Бяроза, ах бяроза», «Я чалавек», міжвольна пачынаеш думаць, што лірычны герой П. Броўкі на-стойлівы і паслядоўны ў сваёй жыццесцвярджальнай дабраце, высакароднай гатоўнасці адысці, каб застацца.
Думаецца, калі перад складальнікам анталогіі стаяла неабходнасць выбару аднаго звяна з багатага набытку П. Броўкі, дык гэта звяно выбрана ўдала. З тое вышыні, на якую ўзняўся паэт у найноўшых сваіх вершах, многае бачыцца з папярэдніх яго каштоўнасцей.
Калі гаварыць пра якасць адбору паэтычнага матэрыялу, дык трэба прызнаць удалай падборку вершаў П. Панчанкі, якая даносіць яго цудоўную ўражлівасць на эмацыянальныя праявы жыцця, на буры, трывогі і пробліскі сонца.
Творча і трапна пераклаў Ян Гушча «Родную мову», верш, дзе задума і пафас будуць, відаць, своеасабліва ўспрымацца польскім чытачом, для якога праблема аджывання мовы можа мець хіба што характар дасціп-най фантастыкі ці ўспамінаў пра даўно забытую гісто-рыяй небяспеку.
Ян Гушча ўлічвае гэта пры перастварэнні верша. Радок «Калі ж хто загадвае: «Не трэба!» перакладзены «Калі нехта гаворыць: Не трэба!» і ў тым жа чатырохрадкоўі заключны радок «Асудзіце на безліч год» адпаведна — «Хай лёс мой будзе суровы». У выніку такіх далікатных, як бы чыста стылёвых мадыфікацый палеміка пра аджыванне мовы з адкрыта публіцыстычнага плана пераводзіцца ў план інтэлектуальны, аспрэчваецца чыёсьці порсткае прагназіраванне. Пры гэтым узнікаюць маральныя праблемы, пытанне пра адказнасць за знешне нявінныя, а па сутнасці некампетэнтныя і няўчасныя мазгаванні. Паслядоўна трымаючы ўяўленне чытача ў сферы вытанчаных думак, суджэнняў і маральных рухаў, перакладчыК адпаведна ўраўнаважвае канцоўку, якая пры літаральным перакладзе здалася б польскаму чытачу лішне чулліваю. Радкі:
Ці плачу я, ці пяю, Ці размаўляю з матуляю —перакладзены так:
Czy kiedy pisze, czy kiedy 'spiewam, Czy kiedy ze mna rozmawia matula...Лірычны герой не плача, а піша (бо паэт), і не ён размаўляе з матуляю, а яна з ім, ён слухае мову яе.
Дзеянні героя набылі больш стрыманасці, а паічуцці ўнутранай годнасці, псіхалагічная сітуацыя стада па-свойму больш сэнсоўнай. Апошнія два радкі вельмі натуральна завяршылі кампазіцыю, хоць засталіся нязменнымі ў перакладзе:
Pie's'n moja, mowe moja Wciaz do pierci przytulam. Песню сваю, мову сваю Я да грудзей прытульваю.Подых пяшчотнай улюбёнасці мастака ў роднае слова не можа не ўсхваляваць кожнага чытача. Бачыць мову такой ачалавечанай, напоўненай зместам народнага жыцця і лёсу — гэта, як кажуць, ад бога. Не са слоў складае мастак свае вершы, а з часцінак душы сваёй і свайго народа, увасобленых у мове як супольным бясцэнным скарбе. Паэту балюча, што даражыць такім скарбам не кожны ўмее. Ці не таму, што дастаецца гэты скарб лёгка і проста, задарам, механічна разам з нараджэннем? Даражыць духоўнымі скарбамі павінна вучыць грамадства. Гэта і робіць паэт, ствараючы верш пра родную мову і любоў да яе.