Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Зорны спеў

Калеснік Уладзімір

Шрифт:

Мода і дысцыпліна трактуюцца ў Абдзіраловіча як выкліканае лянотай і недасканаласцю чалавека звырадненне творчасці.

Жыццё патрабуе творчых адносін, бо яно зменліва, а мода і дысцыпліна як сурагаты творчасці скоўваюць рух жыцця і ператвараюць чалавека-творцу ў механічную сілу, якая выконвае прадпісанні аўтарытэтаў, а не творыць. Творчасць Абдзіраловіч разумее як нейкі універсальны фетыш.

«Творчасць,— заклікае ён,— на кожным кроку: у штодзённай працы, у сямейных адносінах, у грамадскім руху. Толькі тады жыццё не будзе сціскаць форма і чалавек здаволіць сваё прыроднае імкненне быць творцам». (38)

Форма трактуецца ў Абдзіраловіча як нейкая метафізічная катэгорыя, фатальны фіксатар жыццёвай плыні, які мярцвіць жывое, забівае змест. Афармленне зместу непазбежная, але і фатальная рэч, бо аформлены змест — тормаз развіцця. Адзіны спосаб дастасаваць плынны змест да цвёрдай канстантнай формы — гэта няспынная творчасць. Яна зможа абнаўляць формы так хутка, як хутка змяняюцца з'явы. Творчасць — збавіцель свету ад застыласці і чалавека ад коснасці, рутыны, духоўнага мяшчанства.

Як відаць з гэтых разважанняў, Ігнат Канчэўскі аперыруе ідэалістычнаю дыялектыкай і, стоячы на зыбкім плывуне рэлятывізму, містыфікуе супярэчлівасці рэальнага жыцця, адчужае іх і ставіць над чалавекам як фетышы. Дагнаць і асвоіць гэтую мітусню фетышаў ён дазваляе толькі фетышызаваным чалавечым здольнасцям — творчасці. Многае ў суб'ектывісцкім філасафаванні Канчэўскага навеяна горыччу смяротна хворага чалавека, а болып яшчэ заганамі той гуманітарнай адукацыі, якую ён атрымаў ва універсітэце. Але ёсць і грамадскія прычыны яго крытыкі. Услухаемся ў скаргі публіцыста на недасканаласць сучаснага яму свету: «Толькі невялічкая частка людзей хоча быць сапраўднымі творцамі, ды заказаны ім творчыя зпляхі ў абшары грамадзянскак і асабістак штодзённасці, і ўся іх творчая энергія кіруецца ў вольныя далі мастацтва і навукі». (39) Ці не схаваўся ў фантазмах пра вызваленне духу Мефістофелеў сон аб уладзе, дакладней аб немагаце здабываць яе? Ці не ўладу апранае публіцыст у нявінныя шаты грамадскай творчасці? Творчасць грамадскага дзеяча не тое што творчасць мастака, ёю нельга займацца асабіста. Інструментам творчасці тут павінна стаць маса людзей, згуртаваных у палітычныя партыі, звязаных дысцыплінай. У віленскіх інтэлігентаў, да таварыства якіх належаў Канчэўскі, не было масавых палітычных арганізацый (БРА налічвала ўсяго 300 членаў), затое былі павышаныя грамадска-творчыя амбіцыі. I, не могучы даць ім выйсце ў барацьбе, Абдзіраловіч спрабуе сублімаваць іх і выжываецца ў фантазіраванні пра сапраўдную дзейнасць. Рамантычная прырода фантазіі

Канчэўскага відаць у нечаканых пераходах ад сучаснасці ў мінулае і будучыню. Параўнанне сёняшняга дня з мінулым і будучым абумоўлена, як і заўсёды ў рамантыкаў, незадаволенасцю з сучаснасці. Рамантыкі звыкліся ўзносіць над сучаснасцю сівую легенду або светлае заўтра. Канчэўскі ўзносіць «беларускія сябрыны, паўночныя славянскія ватагі, чарнаморскія ўдружэнні і чэшскія задругі» — вольныя аб'яднанні вольных людзей, якія не прыгнятаюць індывідуальнасці і даюць прастор для творчасці ў грамадскай сферы. У будучым такою сябрынай мае стаць кааперацыя, сёння шчэ «ўпэцканая ў селядцовым совусе». Такім чынам, шырокі прастор для творчасці — толькі ў ідэалізаваным мінулым і будучым. А сучаснікам брамы для грамадскай творчасці зачынены. Застаецца толькі адна прадуха — мастацтва: «...мастацтва дае толькі прыклад таго творчага жыцця, якое павінны тварыць людзі». (39) Публіцыст і паэт ідэалізуе мастацкую творчасць на ўсе лады. Аднак жа, як убачым, не без рэальных падстаў.

Мастак у адрозненне ад духоўнага мешчаніна ніколі не задавальняецца створаным вобразам, знойдзенаю формай, ён шукае новых форм, стараючыся паспець за зменамі жыццёвай плыні: «Мастацтва не мае свайго канону, не мае зацверджаных шляхоў, абразцоў. Калі мастацтва ўступае на гэты шлях, яно гіне: так было з усімі прыкладамі мастацкага акадэмізму». (40) Мастацтва, паводле Абдзіраловіча,— краіна абсалютнай свабоды духа, дзе няма прыкладаў і ўзораў. Ізноў жа тут відаць уплывы эстэтычных дактрын неарамантыкаў, якія ўзводзілі ў абсалют выказванне Канта, што «геній ёсць прыроджаны задатак душы, цераз які прырода дае мастацтву правіла». Абдзіраловіч увогуле супраць усякіх правіл і ўзораў. Праўда, гэты «творчы галоп» без аглядкі ён усё ж імкнецца скіраваць на карысць грамадству. Паўстае новая супярэчлівасць паміж перманентнай дэструкцыйнасцю яго дыялектыкі і добрымі намерамі ідэолага нацыянальна-вызваленчага руху. З аднаго боку ён заклікае: «Хай не будзе для чалавека нічога нерухомага, святога: ні дактрын, хаваючых усё жыццё ў труну выразнай формы, ні зацверджанай маралі на кожны дзень і гадзіну, на кожнае ўздыханне». (41) А побач з гэтымі анархічнымі тырадамі ідуць супрацьлеглыя высновы пра падпарадкаванне суб'ектыўных жаданняў грамадскай неабходнасці: «Ясна, што пад чужацкім панаваннем мы, як і іншыя здаровыя народы, асуджаны на паўстанне або на дэгенерацыю». (55)

I вось тут мы яшчэ раз пераконваемся, што пры ўсёй супярэчлівасці фантазмы Ігната Канчэўскага на-лежаць прагрэсіўна-рамантычнай плыні заходнебела-рускай грамадскай думкі і паэзіі. Дастаткова ўчытацца ў артыкул Уладзіміра Жылкі пра беларускае адраджэнне, апублікаваны ў часопісе «Перавясла» ў 1923 годзе, каб убачыць прадаўжэнне і канкрэтызацыю стрыжнявога прынцыпу Абдзіраловіча. Ул. Жылка выражае маральны недавер буржуазна-нацыяналістычным палітыканам, якія ў Польшчы, Латвіі і Чэхаславакіі плялі антысавецкія інтрыгі, робячы выгляд, што змагаюцца за палітычную незалежнасць Беларусі. Такой незалежнасці паэт супрацьпастаўляе міф Канчэўскага пра «незалежнасць духу». Многа цьмянага і наіўнага ў міфатворах I. Канчэўскага, яны паказальны як праява анархічных схільнасцей, уласцівых дробнабуржуазнай інтэлігенцыі наогул. Але за рамантычнай цьмянасцю яго слоў скрыты свой паказальны сэнс. Сёння яны цікавыя як сведчанне таго, што ля пачатку вызваленчага руху Заходняй Беларусі была і такая ідэалістычная плынь, яна дапамагае зразумець вытокі рамантычнай паэзіі таго часу. У абстрактных вобразах Канчэўскага чытаецца рэальная незадаволенасць здрабненнем віленскай беларускай інтэлігенцкай сябрыны, якая раней, у часы Купалы і Коласа, мела больш гераічнай раўнавагі, не так паддавалася палітыканскай пошасці.

Ігнат Канчэўскі ідэалізаваў літаратурна-мастацкую творчасць і творчыя аб'яднанні, якія ў пачатку 20-х гадоў складваліся вакол прагрэсіўных беларускіх газет і часопісаў. Прапеты Абдзіраловічам гімн творчасці меў станоўчы ўплыў на тонус інтэлігенцкага асяроддзя таго часу. Заходнебеларуская публіцыстыка першай паловы 20-х гадоў не прайшла міма рамантычных дзівацтваў Ігната Абдзіраловіча. Развіваючы яго засцярогі супраць шавінізму, яго рамантычную крытыку палітыканства, перадавая публіцыстыка праніклася рэвалюцыйнаю барацьбой, паказвала Савецкую Беларусь краінай, у якой дыктатура пралетарыяту стварыла нябачаныя ў гісторыі ўмовы для развіцця працоўнай, грамадска-палітычнай і культурна-масавай творчасці народных мас беларускага народа, у тым ліку сялянства.

Вешчаванне

Мастацкая літаратура мае свой спосаб пазнання жыцця, якому ўласцівы эмацыянальна-ацэначная накіраванасць і гуманістычная страснасць. Эстэтычныя адносіны літаратуры да рэчаіснасці шматгранныя, але найбольш важнымі з'яўляюцца тры яе функцыі: даваць праўду, выхоўваць і несці асалоду, хваляваць. У рэалістычным мастацтве гэтыя функцыі дыялектыч-на яднаюцца. Праўда рэалістычнага мастацтва здабываецца ў працэсе творчага ўзнаўлення рэчаіснасці і адначасна мадэліравання яе перспектыўных форм на шляхах тыпізацыі і індывідуалізацыі вобраза.

Але, мабыць, не пры ўсіх акалічнасцях грамадскага жыцця рэалістычны тып мастацкай літаратуры мае шансы ісці ў авангардзе. На пераломе эпох, калі формы грамадскіх адносін разбураюцца і змяняюцца, а паказальныя чалавечыя характары, якія павінны канцэнтраваць у сабе ідэал будучыні, складаюцца больш ва ўяуленні, чым наяве, мастацкая літаратура, нават калі яна мае добрыя рэалістычныя традыцыі, дабіваецца ўлады над чытачом не цераз патрэбу праўдзівасці, а цераз патрэбу ідэалу, рамантычна выяўляючы тое, што мае быць, што быць павінна, чаго чакаюць усе, чаго прагнуць усе, у тым ліку і мастакі. Гаворачы шырэй, скіраванасць да ідэалу, мадэляванне будучыні становіцца ў пераломныя перыяды гісторыі галоўнаю мэтай духоўнай дзейнасці, і гэта спрыяе развіццю рамантычных тэндэнцый у мастацтве. У такія перыяды людзі бачаць сэнс існавання мастацтва ў тым, што яно ўмее абудзіць у чалавеку мару-лятунак пра жыццё дасканалае, натхніць на барацьбу за здзяйсненне ідэалу. Знамянальна, што рамантычная паэзія, у адрозненне ад рэалістычнай, уяўляе грамадскі і эстэтычны ідэал збольшага, прыблізна, часам цьмяна, таму, мадэлюючы рэчаіснасць у вобразах, яна не асцерагаецца ідэалізаваць свет, а свабодна гіпербалізуе, адбірае ўсё ўзнёслае, паказвае імкненні, жаданні і мажлівасці чалавека ў патэнцыі, увасабляючы ўсё гэта ва ўмоўных вобразах. У рамантычнай паэзіі назіраецца болыы або менш выразны перанос акцэнту са сферы рэальнага ў ідэальнае, з цяперашняга ў будучы час, у выніку чаго выяўленне пачынае дамінаваць над адлюстраваннем, аслабляецца дыялектычная раўнавага паміж гнасеалагічным і аксеалагічным пачаткамі, а ідэйна-выхаваўчыя тэндэнцыі нярэдка выводзяць фантазію мастака за рамкі строгай пазнавальнасці, аналітычныя прыёмы адлюстравання ўступаюць месца сінтэтычным, героі становяцца рупарамі аўтарскіх ідэй, затое ўзрастае эмацыянальная напружанасць твора і яго здольнасць узрушаць, хваляваць, распальваць сэрца пэўных груп чытачоў або і ўсіх чытачоў-гледачоў-слухачоў у рэвалюцыйныя пераломныя эпохі.

«Рамантызм, як настрой,— казаў М. Горкі,— ёсць складанае і заўжды больш або менш няяснае (адбітае) летуценнае адлюстраванне (выражэнне) усіх адценняў, адчуванняў і настрояў, якія ахопліваюць грамадства ў пераходныя эпохі, але яго асноўная мэта — чаканне нечага новага. трывога перал новым. таропкае. нервоз-нае імкненне пазнаць гэта»43.

Менавіта рамантычны тып мастацтва, і перш за ўсё паэзіі, і ўзнік у літаратуры былой Заходняй Беларусі — этнічнай і нацыянальнай адзінкі, якая ўтварылася ў выніку рэвалюцыйнай ломкі Еўропы і ўвасабляла са-бой адзін з прыкладаў незакончанасці гістарычнага працэсу, часовай перадышкі, але не разрадкі яе пераўтваральных сіл. Жыццё былой Заходняй Беларусі ў пачатку 20-х гадоў было нестабільнае, а ўзровень грамадскай думкі недастаткова высокі, каб асэнсаваць прычыны і характар гэтай няўстойлівасці жыцця, усю глыбіню сацыяльных і нацыянальных супярэчлівасцей. Гістарычныя абставіны спрыялі ўкараненню менавіта рамантычнай паэзіі, якая нараджалася ў асяроддзі патрыятычнай інтэлігенцыі як адбітак эмацыянальнага жыцця мас, ахопленых ідэяй сацыяльнай справядль васці, нацыянальнага вызвалення і ўз'яднання народа ў адзінай беларускай савецкай дзяржаве. Між іншым, пытанне пра тып, напрамкі, метад і стыль заходнебеларускай літаратуры да нядаўнягл часу не даследавалася з належнаю навуковаю грунтоўнасцю. У нарматыўных працах тыпу падручнікаў і праграм фігуравалі спрэчныя меркаванні: то нібыта вядучым метадам і кірункам прагрэсіўнай рэвалюцыйна-дэмакратычнай літаратуры ў Заходняй Беларусі быў крытычны рэалізм, то быццам яна засвоіла прынцыпы сацыялістычнага рэалізму. А да кансерватыўна-рэакцыйнай літаратуры ўвогуле такія катэгорыі, як напрамак, метад, стыль, не прыкладаліся. Гэты падыход не можа задаволіць навуковай дапытлівасці і патрабавальнасці.

Аўтару гэтых нататак даводзілася ставіць пытанне аб творчых плынях і метадах літаратуры былой Заходняй Беларусі ў працах «Паэзія змагання», «Час і песні» і асабліва ў адпаведным раздзеле акадэмічнага выдання «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры». Аднак і там рамантызм як асноўны кірунак і стыль заходнебеларускай літаратуры 20-х гадоў разглядаецца залішне агульна: ён прысутнічае ў масавай і «аўтарскай» паэзіі на аднолькавых правах і нясе ана-лагічныя функцыі. Між тым, больш дэталёвае вывучэнне фактычнага матэрыялу наводзіць на думку, што карціна была больш складаная.

Пачатак паэзіі былой Заходняй Беларусі, відавочна, трэба бачыць не толькі ў масавай палітычнай лірыцы камуністычных падпольных і левых легальных газет, хоць там яна адыграла важную ролю як сродак прапаганды перадавых грамадска-палітычных ідэй. Утылітарны характар гэтай лірыкі, яе ілюстрацыйнасць не даюць падставы трактаваць яе як прадукцыйную форму эстэтычнага пазнання рэчаіснасці, як з'яву цалкам мастацкую, арыгінальную, хоць, бясспрэчна, пэўныя эстэтычныя якасці ёй уласцівы.

Уласна мастацкае пазнанне рэчаіснасці, яе вобразнае ўзнаўленне і мадэляванне ў тую пару больш шырока выступала ў творчасці «аўтарскай», якая б яна ні была ідэйна стракатая і часам далёкая ад мастацкіх густаў народа, які хацела накарміць духоўнаю спажывай.

Поделиться с друзьями: