Зорны спеў
Шрифт:
Тут трэба агаварыцца: мастацкае пазнанне ў жанры лірычнай паэзіі набывае спецыфічную форму пачуццяў, настрояў, эмоцый, думак, а не характараў і абставін, што ўласцівы эпасу або драме. Таму пры вывучэнні лірыкі даводзіцца на падставе пэўнага тыпу пачуццяў рэканструяваць чалавечыя характары. Канешне, гэта рэканструкцыя носіць прыблізны характар; у болыпасці выпадкаў нам удасца адгадаць толькі агульныя контуры лірычнага героя, але загадкавасць і няяснасць прадугледжаны ў рамантычнай тыпізацыі.
Найбольш вядомымі паэтамі пачатку 20-х гадоў у былой Заходняй Беларусі былі Г. Леўчык, Л. Родзевіч, Ул. Жылка, К. Сваяк. Ім была ўласціва рамантычная скіраванасць твораў, хоць відавочны і шырокі дыяпа-зон індывідуальных і тыпалагічных адрозненняў, а таксама розныя маштабы таленту.
Гальяш Леўчык быў закончаны летуценнік, высакародны і непрактычны шукальнік справядлівасці ў яе чыстых і абсалютных праявах. Схільнасць паэта да абстрагавання праўды і крыўды, свабоды і няволі, альтруістычны характар яго гуманізму, несціханы боль душы песняра як лейтматыў лірыкі — усё гэта праявы рамантычнага стылю ў Гальяша Леўчыка. Відавочна, рамантызацыя вышэйшых пачуццяў абумоўлена традыцыйным для інтэлігентаў яго кругу ідэалістычным уяўленнем, быццам гісторыю можна тварыць, кіруючыся высокімі або ніякімі ідэямі. Гальяш Леўчык імкнецца ўздзейнічаць на гісторыю цераз гэтыя ідэальныя здольнасці чалавечых душ.
Больш складаныя формы рамантычных адносін да гісторыі выяўляе творчасць Леапольда Родзевіча. Справа не толькі ў перабольшванні і ўслаўленні грамадзянскіх поглядаў і пачуццяў лірычнага героя — маладога інтэлігента-патрыёта, які гатовы на смерць у імя свабоды. Справа ў бунтарскім духу паэзіі Родзевіча, якая сцвярджае поўную і абсалютную нялюдскасць існуючага ладу жыцця. Існуючы лад агідны і невыносны для ўражлівага і гордага бунтара. На некаторых вершах Л. Родзевіча са зборніка «Беларусь» відаць уплывы дэкларацый футурызму з яго культам жорсткай барацьбы і анархічна-бязлітаснага змагара. Праўда, герой паэзіі Л. Родзевіча не п'янее ад прыліву біялагічнае сілы, яго змаганне не зусім беспраграмнае, як у футурыстаў. Калі ён гаворыць: «Я згару у барацьбе, о зайздросць маёй судзьбе»,— дык разумее, што зайздрасці варта не сама здольнасць пераадолець страх смерці, а тая азоранасць сэнсам жыцця, якую ён знайшоў у мэтах змагання — шчасце народа, росквіт Беларусі.
Дамінантай духоўнага свету лірычнага героя Л. Родзевіча з'яўляецца нейкі таямнічы настрой душы. Герой увесь ва ўладзе прадчуванняў, лятункаў, надзей на вялікія здзяйсненні, што адбываюцца і адбудуцца ў свеце. Ён не можа трываць у сучаснасці, бо яна — сімвал уціску і паніжэння. Ён ірвецца наперад і ўгору, любоў да вольнай Беларусі дае яму крылы:
Для мільёнаў я надзея, Сонца прада мной бляднее, Бо люблю Цябе я44.З такіх малітоўна-заклінальных адносін да Радзімы пачынаў паэтычную творчасць Л. Родзевіч, каб потым прыйсці да болып глыбокага погляду на сувязі чалавека з гісторыяй.
Як інтэлігент ён адчувае сваю адасобленасць ад масы і ў той жа час не мысліць свайго існавання без народа. Гэта дваістасць самаадчування героя не ўспрымаецца ім як раздвоенасць асобы. Праз удзел у Беларускай рэвалюцыйнай арганізацыі, а потым у Кампартыі Заходняй Беларусі Л. Родзевіч становіцца прафесійным рэвалюцыянерам. Практычная дзейнасць у падполлі арганізацыйна звязала яго з масамі, адкрыла поле для працы ў масах. Вывучэнне марксізму-ленінізму ў Кя-муністычным універсітэце народаў Захаду (1924 г.) узброіла яго веданнем заканамернасцей гісторыі. Гэта памагло Л. Родзевічу ўслед за рамантычнымі, асацыятыўнымі, адрасаванымі самой будучыні вершамі-прароцтвамі ствараць агітацыйныя вершы-заклікі. У грамадзянскай лірыцы паэта канца 20-х гадоў назіраецца набліжэнне рамантычных сноў да гістарычных прагнозаў, рэальных, хоць рамантызаваных карцін будучыні («Куток Леніна», «Крутуха», «Адраджэнне»). Рамантызм як высакародна-безразважнае светасузіранне і як форма эстэтычных адносін да рэчаіснасці саступаў месца рэвалюцыйнай рамантыцы як эмацыянальна-стылёвай афарбоўцы мыслення і вобраза. У канцы 20-х гадоў, калі Родзевіч узначальваў выдавецтва пры ЦК КПЗБ, агітацыйная паэзія стала ў яго творчасці дамініруючай. У лепшых творах палітычнай лірыкі ён адзін з першых у заходнебеларускай літаратуры ўвёў вобраз рэвалюцыянера, дзеяча-прафесіянала, вобраз камуніста. Паэт ішоў да рамантычнай плыні ў сацыялістычным рэалізме, якую сёння літаратуразнаўцы характарызуюць як «узнёсласць і акрыленасць размовы пра ўзнёслае і акрыленае»45.
Эвалюцыя ад неарамантызму сімвалісцкага тыпу да рэвалюцыйнай рамантыкі і героікі прыкметна ў творчасці Уладзіміра Жылкі, аўтара зборнікаў вершаў «Уяўленне» (1923 г.), «На ростані» (1924 г.), «З палёў Заходняй Беларусі» (1927 г.).
Першая кніжка Ул. Жылкі — своеасаблівая лірычная паэма пра гістарычныя шляхі Беларусі — не пазбаўлена супярэчлівасці і сімвалісцкай цьмянасці. Лірычны герой яе ап'яняецца хмелем народнага бунту і глядзіць на гістарычны працэс як на нязведаную стыхію, якая раскрывае свае тайны толькі інтуіцыі мастака і не падуладна розуму:
Усюды прароцтвы... Хто ж іх пайме? Розум-убоства Верыць зіме46.Паколькі «тайны заказаных брам» гісторыі ўмее адкрываць толькі інтуіцыя, паэт робіць свайго лірычнага героя таямнічым пасрэднікам паміж народам і гісторыяй, вешчуном будучыні. Праўда, гэтага героя-прарока часта мучаць невырашальныя пытанні. Ён уяўляе сябе вандроўнікам на ростані гістарычных дарог, ён увесь у трывожным роздуме і ваганнях — трэба выбраць шлях, а гэта здаецца звыш сіл чалавечых:
I торба вось і кій дарожны, Пара ў пуціну мне даўно, А я нясмелы і трывожны, А я на ростані адно...47Паэт не суцяшае сябе, не любуецца сваімі пакутамі, бо пакутуе ўсур'ёз:
Куды ідзем і дзе капцы канцовыя, Дзе ходу нашаму мяжа? Ў адказ віхор пяе ўсё новае I лезіво блішчыць нажа48.Паэт пакутуе ад свайго няведання законаў гісторыі, пакутуе і ставіць пытанні. Ён не разумее, што ўжо гэтыя пакуты і пастаноўка пытанняў гістарычнага маштабу ёсць паказчык грамадзянскай актыўнасці, характэрнай для радыкальнай заходнебеларускай інтэлігенцыі пачатку 20-х гадоў.
Вучоба на філасофскім факультэце Пражскага універсітэта, удзел у грамадскай рабоце сярод студэнтаўземлякоў і асабліва знаёмства з літаратурай і культурай Савецкай Беларусі наводзіць Ул. Жылку на думку, што гісторыя — арэна творчасці народных мас. Гэта ўносіць пэўныя карэктывы ў праграму паэта, але не пазбаўляе яго пакут. З-пад яго пяра выходзяць вершы, у якіх услаўляецца барацьба, узвышаецца грамадская дзейнасць чалавека як найвялікшае хараство («Меч», «Наш лёс, бы кат рукой забойнай...», «Праметэй», «Памяці П. Шэлі»):
Узысці на вогнішча натхнення, Над тайнасцю вякоў гадаць, Валодаць воляй да здзяйснення I ўмець, бязмежна ўмець жадаць49.Рамантычнае ўслаўленне грамадскай ахвярнасці героя, свабодалюбнасць, паэтызацыя народнай сілы і вызваленчых традыцый дазваляюць далучыць паэзію Ул. Жылкі да прагрэсіўна-рамантычнага кірунку. Нават у паэме «Уяуленне» мы знаходзім ідэалізацыі мінулага, пропаведзі ўцёкаў героя-прарока ад надзённых трывог.
Пераехаўшы ў Савецкую Беларусь, Жылка змог усвядоміць сусветнае значэнне Кастрычніка, сувязь паміж лёсам Беларусі і шляхамі міжнароднага пралетарскага руху, і гэта збавіла яго ад мноства заклятых пытанняў, трывог і пакут. Разам з эвалюцыяй светапогляду наступілі і пэўныя змены ў творчым метадзе Ул. Жылкі. Як паэт удумлівы, прызвычаены да саманазірання і самааналізу, ён у адным з пісьмаў, яшчэ ў 1925 годзе, сцвярджаў: «Рамантызм для мяне — пройдзены этап... Так, мы перажываем гераічны перыяд нашага руху, і паэты мусяць гэта асабліва запамятаць»50.