БЕЛАРУСЬ УЧОРА І СЯНЬНЯ
Шрифт:
Такім парадкам, Польшча перастала існаваць. Беларусь увайшла ў склад Расейскай дзяржавы. Ад гэнага часу пачаўся новы пэрыяд у гісторыі Беларусі. З-пад польскага панаваньня Беларусь трапіла пад панаваньне расейскае.
XXIV
Беларусь пад Расеяй.— Русыфікацыя краю.— Касаваньне вуніі.— Эканамічнае палажэньне.— Сялянскія паўстаньні.— Расейскія і польскія ўплывы.— Напалеонаўская вайна.— Думкі ўзнавіць Вялікае Княства.— Пачаткі беларускага адраджэнскага руху.— Першыя беларускія пісьменьнікі.— Зацікаўленьне навукоўцаў Беларусьсю.— Паўстаньне 1863 г.— Кастусь Каліноўскі.— «Мужыцкая Праўда».— Ігнат Грынявіцкі.— Франціш Багушэвіч.— Першыя беларускія арганізацыі.
Расея, забраўшы пад сваю ўладу Беларусь, заяўляла ўсяму сьвету, што беларусы — гэта расейскае племя і што яно мусіць быць злучаным з расейскім народам. Але таму, што гэта не згаджалася з праўдаю, расейскі царскі урад стараўся, каб як найхутчэй зрусыфікаваць беларусаў і каб яны нічым ня розьніліся ад расейцаў. Перш-наперш рабілася ўсё, каб як-небудзь зьліквідаваць вунію. Дзеля гэтага ў 1793 г. было створанае спэцыяльнае праваслаўнае місыйнае таварыства, якое, пры асабістым падтрыманьні царыцы Кацярыны II, займалася наварочваньнем беларусаў-вуніятаў і каталікоў на праваслаўе. Адначасна на Беларусі пачалі паўставаць расейскія школы. У ўрады насаджваліся расейскія ўрадаўцы, а ў сканфіскаваныя ў розных паноў двары прысылаліся расейскія «дваране» (шляхта) і розныя заслужаныя для Расеі царскія прыслужнікі. На месца вуніяцкага мясцовага духавенства прысылалася духавенства расейскае. Духавенства гэтае ліквідавала ня толькі вунію, але і тыя беларускія вуніяцкія школы, якія поўнасьцю не падпалі пад польскія ўплывы і дзе яшчэ навука адбывалася пабеларуску. Так праводзілася поўная ліквідацыя беларушчыны. Было нават забаронена ў судох карыстацца беларускім Статутам Вялікага Княства. Судзьдзі мусілі судзіць паводле «Соборного Уложения царя Алексея Михайловича». Словам, русыфікацыя ішла ўсялякімі спосабамі: праз царкву, школу, двары, суды, урады і г. д.
Ня меншай была і эканамічная эксплёатацыя нашага краю. Паншчына, прыгон яшчэ больш завастрыліся чымся за Польшчаю. Падаткі павялічыліся ў шэсьць разоў. Сялянства ня мела ніякае годнасьці. Яго расейскія валадары ня толькі раздорвалі розным сваім прыслужнікам, але проста гандлявалі, як жывёлаю. У вёсках панавала бяда і голад. Гарады таксама апынуліся ў вельмі цяжкім палажэньні. Мяшчане-рамесьнікі і гандляры мусілі плаціць вялікія падаткі і ў дадатак у 1776 г. былі пазбаўленыя свайго самаўраду, бо ў Расейскай дзяржаве гарады не карысталіся майтборскім правам. Расейцы скасавалі таксама адміністрацыйны падзел Беларусі на ваяводзтвы, а ўвялі падзел на губэрні (Смаленскую, Магілеўскую, Менскую, Віленскую, Горадзенскую, Віцебскую).
Гэткае цяжкае эканамічнае палажэньне змусіла народныя масы бунтавацца. Перш-наперш бунтаваліся сяляне як супроць расейскіх, так і супроць польскіх паноў. Сялянскія бунты часта нагэтулькі былі вялікія, што самая паліцыя не магла іх ліквідаваць і заклікала войска, пры дапамозе якога нябывала жорсткімі спосабамі ў 1797 г. удалося часова сьціхамірыць край.
Тымчасам польскія паны хоць і страцілі ўладу, але жылі добра і нават заяўлялі, што «жывучы ня ў Польшчы, мы пачуваем сябе як-бы ў Польшчы і нават лепш, як у Польшчы». I запраўды так было. Яны добра жылі, пілі і гулялі, ды далей палёнізавалі наш край. Калі-ж памерла Кацярына II і калі расейскі трон займалі ейныя наступнікі — Павал I (1796—1801) і Аляксандар I (1801 — 1825) —людзі крыху больш радыкальных поглядаў, паляком удалося здабыць для сябе ў Беларусі розныя правы. Праўда^ Павал I i да беларускае справы адносіўся лагадней, чымся Кацярына II, бо дазволіў карыстацца Статутам Вялікага Княства Літоўскага і аднавіць некаторыя судовыя ўстановы на Беларусі. У дачыненьні, аднак, да палякоў Павал I быў, можна сказаць, прыхільным. Ён, лучыўшы з маладых гадоў пад уплывы каталіцтва, езьдзячы па Заходняй Эўропе і будучы на асабістым прыёме ў папы рымскага Пія VI, меў сымпатыі да каталікоў, а гэтым самым і да палякоў, якія зьяўляліся галоўнымі прадстаўнікамі каталіцтва на ўсходзе. З прычыны гэтае сымпатыі Павал I стрымаў ліквідацыю вуніі, асабіста вызваліў Касьцюшку, які пасьля здушэньня паўстаньня знаходзіўся ў расейскім палоне, аддаваў назад сканфіскаваныя Кацярынай II двары на Беларусі розным польскім патрыётам-паном, як Патоцкім, Чацкім, Вяшкевічам і др., а нават некаторых польскіх паноў надзяляў беларускай зямлёй (прыкладам, Ажыроўскіх, Забелаў, Парчэўскіх і інш.). Такім чынам на Беларусі ізноў узмацоўваўся польскі стан. Найвялікшай, аднак, здабычай для палякоў на Беларусі быў дазвол Аляксандра I у 1803 г. на ператварэньне езуіцкай акадэміі ў Вільні ў унівэрсытэт, які стаўся вельмі важным польскім культурным цэнтрам. Апрача таго, палякі мелі магчымасьць закладаць у нашым краі свае польскія школы і праз іх пашыраць далей сваю палёнізацыйную акцыю. Такім парадкам, беларусы апынуліся пад дэнацыяналізацыйнай акцыяй з двох бакоў: расейскага і польскага.
У гэным часе, на пачатку XIX стагодзьдзя, францускі кароль Напалеон Банапарт пачынаў свае вялікія войны.
ён, заваяваўшы Аўстрыю і Нямеччыну, непераможна ішоў далей на ўсход. Бачачы гэта, Аляксандар I у 1811 годзе думаў, каб як-небудзь адгарадзіць Расею ад Напалеонаўскага напору і стварыць на захад ад яе буфэрнае гаспадарства. Задачай такога гаспадарства было-б паўстрымаць паход французаў. Паўстаў тады плян адбудовы пад пратэктаратам (апекай) Расеі Беларускага гаспадарства — Вялікага Княства. Адбываліся ўжо перамовы з беларускімі магнатамі, на чале якіх стаяў Агінскі, і нават была вызначаная тэрыторыя, якую мела займаць гэнае гаспадарства. Тэрыторыя ягонае мела абыймаць: Меншчыну, Віленшчыну, Беласточчыну, Падольле і Кіеўшчыну. Быў ужо і праект канстытуцыі. Але плян ня зьдзейсьніўся, бо ў 1812 г. Напалеон ударыў на Расею.
Палякі пакладалі на Напалеона вялікія надзеі і ў вайне супроць Расеі выступалі на баку французаў, верачы ў тое, што калі Напалеон выйграе вайну, дык адбудуець ім вялікую Польшчу. Але пляны ў Напалеона, відаць, былі іншыя. Ён, заняўшы Польшчу, дазволіў паляком арганізаваць Варшаўскае Княства, а заняўшы Беларусь 1.VII. 1812 г., абвесьціў загад, паводле якога мела паўстаць Вялікае Княства Літоўскае з асобным, зусім незалежным ад Варшавы ўрадам. Пачуўшы аб гэтым, палякі пачалі праводзіць акцыю «добраахвотнага» далучэньня Вялікага Княства да польскае кароны, зьбіраючы пад адпаведнымі просьбамі подпісы розных польскіх і спалёні-заваных беларускіх паноў і шляхты. Але і з гэтага нічога ня выйшла. Французы, разьбітыя каля Масквы, адступалі і вайну прайгралі, Расея ізноў заняла Беларусь і частку Польшчы.
Дачыненьні расейскіх царскіх урадаў да беларусаў пасьля напалеонаўскае вайны яшчэ больш пагоршыліся. Русыфікацыйная акцыя ўзмацнілася. Ваенныя-ж падзеі, праходы францускага і расейскага войска зусім зруйнавалі край. Здавалася, што ў такіх абставінах усё загіне, тым больш што і таленавіцейшыя сыны беларускага краю адыходзілі ад свайго народу і служылі чужым культурам: расейскай і польскай. Беларусь, аднак, не замерла, бо да нашага краю дакочваліся з далёкага захаду, з Францыі, новыя ідэі, новыя думкі, высунутыя там рэвалюцыйным рухам,— ідэі вольнасьці, роўнасьці і братэрства ўсіх народаў. Іх падхоплявалі некаторыя адзінкі з беларускай апалячанай шляхты, з беларускага каталіцкага духавенства лацінскага і славянскага (вуніяцкага) абрадаў, разважалі і пад іхным уплывам пачалі вяртацца на сваю родную беларускую ніву. Такія людзі знайшліся нават сярод прафэсароў Віленскага Унівэрсытэту. Гэта былі прафэсары: Даніловіч, Баброўскі, Ярашэвіч, Анацэвіч, Марціноўскі, Сасноўскі і іншыя. Яны цікавіліся мінуўшчынай беларускага народу і любілі свой край. Маючы-ж лучнасьць з студэнцкай моладзяй, сваё замілаваньне і зацікаўленьне да мінуўшчыны Беларусі прышчаплялі маладому пакаленьню, згуртаванаму ў арганізацыях «шубраўцаў», што дбалі аб маральным уздыме студэнтаў, «філёматаў» (аматараў навукі), «прамяністых» (ад слова прамень) і «філярэтаў» (аматараў добрачыннасьці). Студэнты гэтыя думалі праз добрую адукацыю і дабрадзейнасьць палепшыць стан Бацькаўшчыны, а іхныя гурткі пашыралі зацікаўленасьць да Беларусі і думкі любасьці да звычаяў сваіх прашчураў, свае прыроды і мовы. У інструкцыі філярэтаў былі нават пункты пра зьбіраньне геаграфічных і этнаграфічных матэрыялаў аб Беларусі. З прычыны гэтых пунктаў палякі (варшавякі) рабілі ім закіды, што яны больш дбаюць аб сваім краі, як аб Варшаве. З гэных арганізацыяў выйшаў, між іншым, адзін з першых беларускіх паэтаў Ян Чэчат (1797—1847), родам з Наваградчыны. Быў ён калегам ведамага польскага паэта Адама Міцкевіча, сына нашага беларускага краю (паходзіў таксама з Наваградчыны), які, аднак, свой талент прысьвяціў польскай культуры. 3 арганізацыі філёматаў і філярэтаў выйшаў таксама і другі беларускі паэт і дзеяч Франціш Савіч, які, як і Ян Чэчат, за дзейнасьць на беларускай ніве быў сасланы расейскай уладай у Сібір. У гэтым больш-менш часе, калі дзеілі філёматы, прамяністыя і філярэты (пачатак XIX ст.), зьявіўся адзін з першых беларускіх літаратурных твораў новае беларускае літаратуры «Энэіда».
Вёска не магла спакойна пераносіць расейскіх і польскіх маральных, фізычных і эканамічных зьдзекаў. Сяляне зноў арганізавалі паўстаньні, лік якіх у 1826 г. дасягнуў да 85. Мала таго, з сялянскае масы пачалі выходзіць беларускія сялянскія песьняры. Такім песьняром быў Паўлюк Бахрым, сын вясковага каваля з м. Крошына каля Баранавічаў. Радзіўся ён каля 1805 г. Быў гэта гадунец беларускага ксяндза-народніка Магнушэўскага. Кс. Магнушэўскі, апрача рэлігійнае працы, цікавіўся грамадзкім рухам і меў кантакт з студэнцкай моладзяй Віленскага Унівэрсытэту; працуючы-ж на вёсцы ў Крошыне, залажыў ён школу і вучыў у ёй дзяцей чытаць, пісаць. Ён таксама чытаў і расказваў дзецям казкі і вершы.
Найбольш гэныя казкі і вершы любіў Паўлюк Бахрым. Вучыў іх напамяць, запісваў у свой сшытак ды ўрэшце сам пачаў пісаць вершы пабеларуску. Вершы падабаліся і ксяндзу, ён заахвочваў Паўлюка пісаць іх. Тымчасам гаспадар Крошына пан Завадзкі заганяў жыхароў Крошына ў паншчыну. Жыхары не паддаваліся гэтаму, бо яны мелі ад вышэйшага пана, князя Радзівіла, права жыць незалежна і мець сваю зямлю.
Завадзкі не хацеў шанаваць іхных правоў і сіламоц змушаў людзей прыймаць нявольніцтва. З гэтае прычыны каля 30-х гадоў XIX ст. у Крошыне паўстаў бунт. На ўціхаміраньне прыехаў спэцыяльны аддзел жаўнераў і да сьмерці біў бунтаўшчыкоў. Сярод забітых быў і бацька Паўлюка Бахрыма — Адам Бахрым. Хто выжыў пасьля гэнае бойкі, таго высылалі ў Сібір. Здушваючы бунт, царскія прыслужнікі даведаліся аб школе ксяндза Магнушэўскага і весткі аб ёй хутка пераслалі ў Вільню. Школай зацікавіўся сам школьны расейскі куратар Навасільцаў і рэктар унівэрсытэту праф. Пэлікан. Яны асабіста зьявіліся ў Крошын, каб на месцы пазнаёміцца з ёю і ейнымі вучнямі, якіх паны прадстаўлялі таксама бунтаўшчыкамі.
Ксёндз Магнушэўскі, не прачуваючы нічога кепскага, склікаў усіх вучняўу хоць гэта было ўлетку, і запрасіў Паўлюка Бахрыма, які працаваў на месцы бацькі ў кузьні, каб той прачытаў свае вершы аб майскім вечары і салаўі, што раней чытаў яму. Паўлюк Бахрым выняў запісаны цэлы сшыток і прачытаў верш, але не аб салаўі, а той верш, які напісаў пасьля сьмерці бацькі і пасьля сялянскага бунту:
«Заграй, заграй хлопча малы,
I ў скрыпачку і ў цымбалы,
А я заграю у дуду,
Бо ў Крошыне жыць ня буду,
Бо ў Крошыне пан сярдзіты,
Бацька кіямі забіты,
Маці тужыць, сястра плача
Дзе ж ты пойдзеш, небарача?
Дзе я пайду? Мілы Божа!
Пайду ў сьвет, у бездарожжа,
Ў ваўкалака абярнуся,
Слёзна на Вас азірнуся
Будзь здарова, маці міла!
Каб ты мяне не радзіла,
Каб ты мяне не карміла,
Шчасьлівейшая б ты была,
Каб я каршуном радзіўся,
Я-б і без паноў абыўся
У паншчыну-б не пагналі,
I ў маскалі не аддалі