БЕЛАРУСЬ УЧОРА І СЯНЬНЯ
Шрифт:
Дзеля змаганьня за супольныя беларускія і летувіскія інтарэсы пры летувіскай арміі былі створаныя беларускія вайсковыя аддзелы. Да аддзелаў гэтых далучаліся таксама раней зарганізаваныя на Беларусі беларускія вайсковыя аддзелы, прымушаныя пазьней пад націскам бальшавікоў і палякоў адступаць на паўночны захад у Гарадзеншчыну. Беларускія аддзелы спачатку кіраваў гэнэрал К. Кандратовіч, запрошаны з Менску. Ён, між іншага, апрача тытулу галоўнага камандзера беларускага войска меў тытул віцэ-міністра Краёвай Абароны Летувы. Пасьля гэн. Кандратовіч падаўся ў вадставу, і беларускія вайсковыя справы ў Летуве кіравалі беларускія афіцэры: Лаўрышаў, Казлоў, Глінскі, Ружанцоў і іншыя. Ад 1918 да 1923 году ў складзе летувіскага войска былі наступныя беларускія часткі: беларускі полк пяхоты, беларускі швадрон, Гарадзенская камандатура, першая і другая асабовыя беларускія роты, беларускі батальлён пяхоты, асобны беларускі батальлён і ўрэшце асобная беларуская рота. Праз гэтыя часткі прайшло каля 2500 вайсковых ахвіцэраў, падахвіцэраў і жаўнераў беларусаў. Для беларускіх аддзелаў выдаваўся беларускі часапіс «Вайсковы». Ён узгадоўваў беларускіх жаўнераў у нацыянальным беларускім дусе і пабуджаў да змаганьня з бальшавікамі і палякамі.- I трэба сказаць, што беларускія аддзелы моцна змагаліся як з першымі, гэтак і з другімі і шмат дапамагалі летувісам у вабароне летувіскае незалежнасьці. Шмат беларускіх жаўнераў і афіцэраў аддало сваё жыцьцё за супольныя беларускія і летувіскія ідэалы.
Калі зьмяніліся палітычныя абставіны і калі ўмацавалася Летувіская дзяржава, тады летувіскія дачыненьні да беларусаў шмат у чым зьмяніліся на горшае. Міністэрства Беларускіх Справаў было зьліквідаванае, а беларускі рух у Летуве не атрымаў магчымасьцяў для большага разьвіцьця. Летувісы не далі магчымасьці стварыць ніводнае беларускае школы. Праўда, у Коўні стварыўся Беларускі Нацыянальны Камітэт, Беларускі Цэнтр, а пасьля і Беларускае Культурна-Асьветнае Таварыства, якія ладзілі ад часу да часу беларускія паказы, лекцыі і сходы, але шырэйшай працы яны не маглі разгарнуць. Да больш вартасных беларускіх працаў у Летуве можна залічыць толькі выданьне каля 20 розных беларускіх кніжок, часапісу «Крывіч» і слаўнае «Гісторыі беларускае (Крыўскае) Кнігі», апрацаванае В. Ластоўскім. Але выдавецкая беларуская праца вялася толькі да 1926 г., г. зн. датуль, пакуль у Летуве працаваў ведамы беларускі дзеяч В. Ластоўскі.
Летувісы, відаць, баючыся беларускіх уплываў, не падтрымвалі беларускага руху ўнутры свае дзяржавы. Іхная палітыка была скіраваная на асыміляцыю і зьлетувішчваньне беларускіх масаў. Затое летувісы хацелі бачыць больш моцным беларускі рух у межах былое Польскае дзяржавы, з якой яны ўсьцяж былі на ваенным палажэньні і якую хацелі бачыць аслабленай нацыянальна-вызвольнымі рухамі гэтак званых нацыянальных мяншыняў. Таму летувіска-беларускія дачыненьні лепш укладаліся ў былой Польскай Рэспубліцы, чымся ў самой Летуве.
У сувязі з гэтым, калі ў 1939 годзе бальшавікі аддалі Вільню з ейнай акругаю Летуве, багата беларусаў, што раней прызнавалі за патрэбнае падтрымваць добрыя беларуска-летувіскія дачыненьні, верылі, што пасьля гэтага ды яшчэ ў часе разьвіцьця вялікіх падзеяў беларуска-летувіскія дачыненьні і супрацоўніцтва дасягнуць найвышэйшае і найпрыгажэйшае ступені свайго разьвіцьця. Беларусы былі перакананыя, што ў Вільні з летувіскаю ўладаю здолее разьвівацца беларускае выдавецтва, каапэрацыя, што тое жыхарства Віленскай акругі, якое гаворыць пабеларуску, атрымае беларускія школы, што тыя ўсе беспрацоўныя беларусы, якія цярпелі гора за часоў польскіх, за братняй летувіскай уладай атрымаюць працу і г. д. Нажаль, ніводная з гэтых надзеяў ня спраўдзілася.
Гаворачы аб беларускай эміграцыі, насамперш трэба ўзяць на ўвагу, што беларусы мелі эмігрантаў двух родаў і што перш за ўсё была эміграцыя, выкліканая панскай эксплёатацыяй. Беларускія сяляне яшчэ тады,, калі магнаты, баяры і шляхта нашага краю, за прыкладам польскіх паноў, штораз больш абцяжвалі сялянства падаткамі і прыгонам, ня могучы перанесьці цяжараў, уцякалі ад зьдзекаў і галоты на эміграцыю ў шырокія і вольныя стэпы Украіны, дзе тварыўся г. зв. казацкі рух. Пазьней, калі прыйшла новая сыстэма эксплёатацыі — сыстэма капіталістычнае гаспадаркі, калі разьвівалася прамысловасьць і расьлі гарады і калі на Беларусі запанавала чужая ўлада, якая ня дбала аб палепшаньні жыцьцёвых абставінаў, багата беларусаў змушана эміграваць у розныя прамысловыя цэнтры, у гарады: Рыгу, Петраград, Маскву, у Сібір і нават у далёкія краі Паўночнай Амэрыкі, у Задзіночаныя Штаты і ў Канаду, каб там шукаць лепшага жыцьця. Паваеннымі часамі, часамі польскага панаваньня і калёнізацыі Заходняй Беларусі, багата беларусаў з прычыны цяжкіх матар'яльных абставінаў і беспрацоўя эмігравала ў Паўдзённую Амэрыку — у Аргентыну, Бразылію, Парагвай, а таксама ў Францыю ды на сэзонавыя работы ў Лацьвію і Эстонію, дзе не ставала працоўных рук. Шмат каму з беларусаў у Заходняй Беларусі мусам трэ было эміграваць у Польшчу на загад польскіх уладаў, што адрывалі актыўнейшых беларусаў ад беларускага асяродзьдзя і беларускіх масаў. З Савецкае Беларусі бальшавіцкія ўлады зноў масава вывозілі беларусаў на Сібір і іншыя далёкія краіны, як Казахстан, Камчатка, за тое, што гэныя беларусы трымаліся беларускіх нацыянальных прынцыпаў і няпрыхільна глядзелі на бальшавіцкія парадкі.
Апрача таго, былі яшчэ беларусы-эмігранты, што пакінулі свой край дзеля таго, каб уцячы ад чужой акупацыйнай улады, ад перасьледу за сваю беларускую працу, за выступленьне супроць акупантаў і дзеля таго, каб на чужыне далей праводзіць работу на карысьць свае Бацькаўшчыны-Беларусі. Такім парадкам, ёсьць у нас эміграцыя, выкліканая эканамічнымі прычынамі, і эміграцыя палітычная. Гэтая апошняя асабліва шырака разьвілася пасьля першае сусьветнае вайны, калі бальшавікі і палякі разбурылі будаўніцтва Беларускага гаспадарства і заводзілі на Беларусі свае парадкі, перасьледуючы беларускіх незалежнікаў.
Першым найбольшым цэнтрам беларускае палітычнае эміграцыі сталася Чэхія, якая прыймала беларускіх эмігрантаў, сяброў беларускага ўраду, Рады Беларускае Народнае Рэспублікі, беларускіх слуцкіх паўстанцаў, а таксама беларускую моладзь, што прыяжджала туды здабываць сабе вышэйшую асьвету. У Чэхіі, у сталіцы Празе, у 1921 годзе адбылася ведамая беларуская нацыянальна-палітычная нарада ў справе дзяржаўнага будаўніцтва Беларусі. У Празе адбываліся розныя беларускія студэнцкія зьезды і нарады. У Празе ў 1923 г, на даўжэйшы час затрымаліся найвышэйшыя прадстаўнікі беларускага народу — старшыня Рады БНР П. Крэчэўскі і ягоны намесьнік В. Захарка. Спачатку беларуская эміграцыя гуртавалася каля прадстаўніцтва Беларускае Народнае Рэспублікі, на чале якога стаяў М. Вяршынін, а пасьля каля Беларускае Грамады (з студэнцкай сэкцыяй) і нарэшце каля Беларускае Рады ў Празе ды Іншых беларускіх арганізацыяў і ўстановаў, што паўсталі ў Празе. Такімі арганізацыямі і ўстановамі былі: Беларускае (Крывіцкае) Культурнае Таварыства імя Фр. Скарыны, Аб'яднаньне Беларускіх Студэнцкіх Арганізацыяў, беларускае таварыства «Сокал», Беларускі Архіў у Празе і часапіс беларускага студэнцтва «Наш Прамень».Беларускае Культурнае Таварыства імя Фр. Скарыны гуртавала каля сябе пераважна студэнцкую моладзь, выдавала часапіс «Іскры Скарыны» і ў сваёй працы галоўны націск клала на разьвіцьцё беларускае грамадзкае творчае думкі.
Аб'яднаньне Беларускіх Студэнцкіх Арганізацыяў было цэнтраляй усіх беларускіх студэнцкіх арганізацыяў і згуртаваньняў, існуючых у Празе, у Вільні, Варшаве, у Бэрліне, Брусэлі, Лілі, Рыме, Рызе, Коўні. Яно кіравала ўсю працу студэнцкіх арганізацыяў, наколькі гэта дазвалялася тэхнічнымі і праўнымі магчымасьцямі, брала ўдзел у розных міжнародных студэнцкіх зьездах, канфэрэнцыях, асабліва ў Канфэрэнцыях Міжнароднае Студэнцкае Канфэдэрацыі (СІЕ), сябрам якое яно было і на канфэрэнцыях, якое ў Рыме, Букарэшце і іншых гарадох прадстаўляла беларускае студэнцтва, інфармавала студэнцтва іншых народаў аб жыцьці і імкненьнях беларусаў ды бараніла інтарэсы беларускага студэнцтва і беларускага народу. Дзеля інфармацыйных мэтаў выходзіў «Бюлетэнь Аб'яднаньня Беларускіх Студэнцкіх Арганізацыяў». Наагул, беларускія арганізацыі і беларускія дзеячы на эміграцыі ў Празе адыйгравалі паважную ролю ў беларускім руху. беларускі Цэнтр у Празе заўсёды жвава рэагаваў на ўсе падзеі на Бацькаўшчыне, пратэставаў супроць перасьледу беларускага народу акупацыйнымі ўладамі, дамагаўся дапамогі і заступніцтва ад іншых народаў і прапагандаваў беларускую праблему на міжнароднай арэне. Між іншага, 20.V. 1924 году Старшыня Рады Беларускае Народнае Рэспублікі П. Крэчэўскі выслаў з Прагі ў Лігу Нацыяў мэмарандум, у якім, прадставіўшы агульнае беларускае палажэньне і перасьлед беларускага нацыянальнага руху польскімі і бальшавіцкімі ўладамі, дамагаўся разьвязаньня беларускае праблемы праз поўнае ўнезалежненьне як ад Польшчы, так і ад Расеі. У 1926 годзе П. Крэчэўскі выдаў у Празе вельмі вартасны зборнік артыкулаў і дакумэнтаў «Замежная Беларусь». Петра Крэчэўскі бязупынна выкарыстоўваў усе магчымасьці, каб далей разьвіваць ідэю незалежнасьці Беларусі, і, як найвышэйшы прадстаўнік Беларускага народу, годна прадстаўляў яго аж да самае свае сьмерці ў 1928 г. Пасьля сьмерці старшыні П. Крэчэўскага ягоныя функцыі пераняў намесьнік В. Захарка, які таксама годна рэпрэзэнтаваў беларускі народ аж да самай сьмерці, дасягнуўшай яго 14 сакавіка 1943 году.
Другі вельмі паважны цэнтр беларускае эміграцыі быў у Задзіночаных Штатах Паўночнай АмэрыкІ. Арганізацыя беларускай эміграцыі ў Амэрыцы пачалася ў 1921 годзе. Першая арганізацыя беларускіх эмігрантаў — Беларускі Нацыянальны Камітэт — паўстала 6 траўня 1921 году ў Нью-Ёрку. Пасьля падобная арганізацыя — Беларуска -Амэрыканскі Нацыянальны Саюз — паўстала ў Чыкаго. Пры камітэце ў Чыкаго заснавалася бібліятэка, асьветная камісія і прэсавае бюро. У Чыкаго існаваў яшчэ Беларускі Амэрыканска-Нацыянальны Клюб і філія Камітэту Помачы работнікам і сялянам Заходняе Беларусі, цэнтраля якога была ў Нью-Ёрку. Дзейнасьць гэтых арганізацыяў асабліва ажывілася пасьля прыезду ў Амэрыку былога прэм'ера ўраду Беларускае Народнае Рэспублікі Я. Варонкі і беларускага дзеяча Я. Чарапука. Прыехаўшы ў Амэрыку, Я. Варонка 23.X. 1926 г. пачаў выдаваць у Чыкаго газэту «Беларуская Трыбуна».
Газэта гэта, як і беларускія арганізацыі, на працягу шмат год змагалася з расейскімі ўплывамі сярод беларускай эміграцыі, інфармавала яе аб беларускім руху, аб беларускай гісторыі, культуры, пабуджала да працы дзеля адраджэньня беларускага народу, заклікала ўспамагаць беларускі нацыянальны pyx на Бацькаўшчыне і інфармавала чужынцаў аб беларускіх імкненьнях. У 1927 г. пачаў выдаваць беларускую газэту пад назовам «Праўда» ў Нью-Ерку ведамы беларускі дзеяч — кс. праф. д-р Я. Тарасэвіч. Але гэтага часапісу выйшаў толькі адзін нумар. Сярод беларускай эміграцыі ў Амэрыцы, апрача Я. Варонкі, кс. праф. д-ра Тарасэвіча, Я. Чарапука, багата яшчэ працавалі Я. Лабач, А. Аршуловіч, Гайдук і іншыя.
Сьледам за беларускай эміграцыяй у Злучаных Штатах Паўночнай Амэрыкі, толькі крыху пазьней, пайшлі беларускія эмігранты ў Паўдзённай Амэрыцы — у Аргентыне, дзе таксама паўставалі розныя беларускія арганізацыі. Першая беларуская арганізацыя ў Аргентыне — Беларускае Культурна-Асьветнае Таварыства — паўстала 17.1.1935 г. у Буэнос-Айрэсе. У 1937 г. таксама паўстала Беларускае таварыства «Культура», а пры ім — Беларуская Бібліятэка ім. Ів. Луцкевіча. У 1938 г. паўстала ў Буэное-Айрэсе яшчэ адно беларускае таварыства «Белавеж». Таварыствы гэтыя гуртавалі беларускіх эмігрантаў, ладзілі беларускія паказы, вечарыны і наагул праводзілі сярод эмігрантаў з нашага краю беларускую культурную і нацыянальную працу.