БЕЛАРУСЬ УЧОРА І СЯНЬНЯ
Шрифт:
Арышты і перасьлед ня спынілі гарачых патрыятычных нацыянальных парываў беларускае моладзі да працы над адраджэньнем беларускага народу. Ня стрымалі іх і перасьцярогі з боку старэйшых беларускіх дзеячоў. Паўставалі новыя беларускія арганізацыі, якія мелі яшчэ больш выразны нацыянальны беларускі характар і выразна процікамуністычны кірунак.
Такая арганізацыя, між іншага, паўстала ў 1924 годзе ў Слуцку сярод слухачоў агульнаадукацыйных курсаў. Спачатку стварыўся там літаратурны вучнёўскі гурток пад кіраўніцтвам настаўніка курсаў Юр'я Лістапада, былога сябры Слуцкае Рады, што выклікала ў 1920 г. у Случчыне паўстаньне супроць бальшавікоў. Пасьля няўдачы паўстаньня Ю. Лістапад эміграваў на Захад, але ў 1922 г. вярнуўся на бацькаўшчыну, дзе атрымаў пасаду выкладчыка беларускае мовы. Мясцовыя бальшавікі, ясна, ня ведалі аб мінулай ягонай дзейнасьці. Вучнёўскі гурток пад апекай Лістапада вывучаў беларускую літаратуру, мову і краяведу. За старшыню яго быў курсісты Макарэня. Сярод сяброў паўстала думка стварыць нелегальную процібальшавіцкую арганізацыю з мэтай арганізаваць беларускія баёвыя аддзелы, праводзіць нацыянальную беларускую працу, процікамуніс-тычную пропаганду, ды ўрэшце арганізаваць супраць бальшавікоў паўстаньне і будаваць незалежнае беларускае гаспадарства. Галоўным клічам арганізацыі быў кліч: «Няхай жыве самастойна-незалежная Беларусь!»За галоўнага ворага беларускага народу арганізацыя уважала камуністых і жыдоў, за тое, што яны перасьледвалі беларускі нацыянальны pyx, арыштоўвалі людзей і расстрэльвалі, ды што ўсюды на Беларусі пяршынство мелі жыды, а не беларусы. Працу сваю арганізацыя мелася праводзіць ня толькі ў БССР, але і ў Заходняй Беларусі, пад Польшчай. Каб дасягнуць мэты, арганізацыя выдавала на памнажальніку нелегальна свой беларускі часапіс пад назовам «Нашае Слова» (выйшла два нумары) і адозвы, якія пашыраліся насамперш сярод жыхароў Слуцку. Адна з адозваў, напісаная вершам Малым Язэпам, мела наступны зьмест:
«Паўстань!
Ня сьпі, мой любы селянін!
Паўстань супроць чужой улады!
Паўстаньне — сродак наш адзін,
Ты нашай Бацькаўшчыны сын,
Сваіх ня згубіш пуцявін,
Дык ня шукай чужых спагады!
За зброю! Бі! Хай згінуць гады!
Паўстань! Ня бойся і ня трусь!
Ратуйма нашу Беларусь!»
Адозва гэтая шырока раскідалася і расклейвалася на вуліцах гораду Слуцку. Агенты ГПУ, згледзеўшы яе, пачалі, як мага, шукаць ейных аўтараў і выдаўцоў. У рэшце рэштаў дзякуючы зрадзе яны былі знойдзеныя і арыштаваныя. Сярод арыштаваных знаходзіўся і Юры Лістапад як галоўны абвінавачаны, Макарэня і ягоныя найбліжэйшыя сябры: Мяцельскі, Дзямідовіч, Казак Мікола і Курбыка. У 1926 годзе ўсіх іх,.за выняткам Курбыкі, засудзілі ад 3 да 5 год. У працэсе замяшалі, між іншага, і ведамага беларускага паэта Якуба Коласа, якому закідалі, што ён падтрымваў Слуцкую арганізацыю, але Коласа ня судзілі. Усіх абвінавачаных бараніў ведамы дзеяч і паэта Жылуновіч і ягоная абарона прычынілася да таго, што і галоўных абвінавачаных засудзілі ня так сурова. Працэс Слуцкай арганізацыі быў вельмі галосны. Яго называлі працэсам Лістапада. Адседзеўшы кару, Лістапад працаваў у беларускім выдавецтве ў Менску, а пасьля быў замешаны ў новы працэс Беларускага Нацыянальнага Цэнтру ў 1933 г. і сасланы ў канцэнтрацыйны лягер у Сібір.
Праз паўтара гады ў Менску ГПУ выкрыла другі процібальшавіцкі беларускі нелегальны гурток сярод студэнтаў Менскага Унівэрсытэту на чале з Міхасём Адзярыхам. Удзельнікаў гуртка ГПУ арыштавала і саслала бяз суду ў канцэнтрацыйныя лягеры.
Пасьля былі раскрытыя процібальшавіцкая арганізацыя ў Амсьціслаўшчыне, створаная настаўнікам Гукам, гурткі змаганьня з бальшавізмам пры Пушкінскай бібліятэцы ў Менску, а таксама ў Віцебшчыне, Бабруйшчыне і Магілеўшчыне.
Наагул, калі пачаліся арышты беларускіх нацыянальных дзеячоў і перасьлед беларускае нацыянальнае культурнае працы, нелегальныя процібальшавіцкія арганізацыі разьвіваліся вельмі шырака.
Асабліва вялікая нелегальная арганізацыя была на Гомельшчыне і Мазыршчыне. Існавала яна ў 1928— 1930 гадох і называлася нацыянальна-вызваленчай арганізацыяй Альтруістых. У склад яе ўваходзілі студэнты тэхнікумаў, сяляне, былыя ваенныя службоўцы і службоўцы цывільных савецкіх установаў. Цэнтр арганізацыі знаходзіўся ў Бабчынскім Пэдагагічным Тэхнікуме (Хойніцкі раён).
Арганізацыя Альтруістых мела свае разгаліненьні у Хойніцкім, Брагінскім, Лоеўскім, Юравіцкім, Рэчыцкім і іншых раёнах беларускага Палесься і Гомельшчыны.
Яна мела сваю праграму, паводля якое меркавалася ўзьняць узброенае паўстаньне, вызваліць Усходнюю Беларусь ад бальшавіцка-расейскага панаваньня і ўстанавіць на Беларусі нацыянальны беларускі ўрад. Апошні ў выпадку перамогі паўстаньня павінен быў правесьці цэлы шэраг рэформаў у дзяржаўным жыцьці Беларусі. Так, калгасы адразу павінны былі быць распушчаныя, а зямля раздадзеная на собскасьць сялянам. Сяляне на сваёй зямлі мелі-б магчымасьць аднаўляць прыватную гаспадарку, а ўрад усімі спосабамі павінен быў-бы дапамагаць хутчэйшаму яе росквіту і ўзбагачэньню. Прычым ён павінен быў-бы шырака падтрымваць пераход сялянства на хутарскую сыстэму землякарыстаньня, ужываньне ў працы рознастайных сельскагаспадарскіх машынаў, завод палепшаных пародаў свойскае жывёлы і птушак, увядзеньне лепшых гатункаў насеньня, ужываньне ў больш шырокіх маштабах штучнага ўгнаеньня, пашырэньне садоўніцтва, пчалярства, гародніцтва і рыбаводзтва. У іншых дзялянках жыцьця ўрад павінен быў-бы аднавіць і падтрымваць разьвіцьцё беларускага рамесьніцтва, прамысловасьці, прыватнага гандлю, беларускае асьветы і культуры.
Арганізацыя пры строгім захоўваньні ўмоваў кансьпірацыі штораз павялічвала свой асабовы склад і пашырала радыюс дзейнасьці. Апрача таго, яна ставіла перад сабою задачу навязаць сувязі з іншымі беларускімі арганізацыямі і найбольш ведамымі беларускімі дзеячамі Усходняй і Заходняй Беларусь Таксама ўважалася за канечнае ўстанавіць кантакт з найвялікшай нелегальнай арганізацыяй на Украіне — Суполкай Вызваленьня Украіны, аб дзейнасьці якой альтруістым было ведама ад беларускіх студэнтаў, што вучыліся ў Кіеўскіх вышэйшых школах.
Альтруістыя распаўсюджвалі свае адозвы і лёзунгі да сялян, вялі агітацыю і прапаганду супроць калектывізацыі і іншых мерапрыемстваў савецкае ўлады, а таксама зьбіралі зброю.
Але ў самы разгар работы арганізацыі, 18—21 траўня 1930 году, пачаўся разгром яе органамі ГПУ. У м. Хойнікі з Гомелю прыбыў спэцыяльны цягнік з штабам адказных працаўнікоў і войска ГПУ. Ім на дапамогу былі мабілізаваныя мясцовыя раённыя аддзелы ГПУ і міліцыі. У выніку 47 лепшых сяброў арганізацыі, у тым ліку сябры цэнтру на чале з А. Калубовічам, Я. Кузьменкам, А. Стаховічам, А. Лантасам, В. Рудчэнкам, А. Грыгаровічам і інш., былі арыштаваныя і перавезеныя ў турму Гомельскага акруговага аддзела ГПУ, а потым у Менскі турэмны замак.
Пры рэвізіях у часе арыштаў у некаторых сяброў арганізацыі была канфіскаваная зброя.
Працэс вяла спэцыяльная камісія ГПУ.
Сьпярша ён меўся быць адкрытым, але ход сьледзтва і допытаў, на якіх арыштаваныя трымаліся мужна, і той факт, што ў часе сьледзтва на тэрыторыі Хойніцкага, Брагінскага і Лоеўскага раёнаў ГПУ цэлымі пачкамі здымала распаўсюджваныя да сялянаў адозвы альтруістых і іншыя процісавецкія адозвы і лёзунгі няведамых аўтароў, якія заклікалі да салідарнасьці з арыштаванымі, а ў м. Брагіне нават меў месца акт замаху на жыцьцё начальніка раённага аддзелу ГПУ, у часе якога ён быў ранены,— усё гэта і некаторыя яшчэ дадатковыя акалічнасьці давялі органам ГПУ, што адкрыты судовы працэс можа абярнуцца супроць саміх-жа бальшавікоў, і таму яны палічылі за лепшае весьці яго пры зачыненых дзьверах.
Паводле прысуду Цэнтральнае Калегіі ГПУ пры Радзе Народных Камісараў СССР, арыштаваныя сябры арганізацыі альтруістых былі засуджаныя на розныя тэрміны выгнаньня за межы Беларусі (у Архангельск, Волагду і г. д.) і у канцэнтрацыйныя лягеры Савецкай Поўначы.
Вялікая колькасьць розных процібальшавіцкіх беларускіх арганізацыяў і агульны народны процібальшавіцкі настрой выводзіў ГПУ («Главное Политическое Управление»), а пазьней НКВД («Народный Комиссариат Внутренних Дел») з цярліпвасьці. Яно начало падазраваць у контррэвалюцыйнай і нацыянальнай рабоце і перасьледваць ужо ня толькі беларускіх нацыянальных дзеячоў, але і беларусаў камуністых і тых, якія стараліся ўсякімі спосабамі дагадзіць савецкай палітыцы ды нападалі на сваіх жа сяброў. Падозраньні гэтыя давялі да таго, што ў 1937 годзе разам з далейшымі арыштамі сярод беларускай інтэлігенцыі адбыліся арышты і сярод старых беларускіх камуністых. Арыштаваны быў З. Жылуновіч, беларускі паэта камуністы Міхась Чарот, прафэсар Шчарбакоў, які вёў акцыю супроць беларускіх нацыянальных дзеячоў, Кернажыцкі і багата іншых Атакавалі і старых беларускіх камуністых Гікалу, сакратара Камуністычнай Партыі Беларусі, Галадзеда, старшыню Рады Народных Камісараў БССР, Чарвякова, старшыню Цэнтральнага Выканальнага Камітэту, Убарэвіча — камандзера Беларускае Вайсковае Акругі, Уладзімерскага — начальніка беларускае чыгункі, Дзякава — камісара асьветы і іншых выдатных прадстаўнікоў савецкае ўлады. Абвінавачвалі іх за тое, што дапусьцілі да таго, што бадай усе партыйныя камуністычныя арганізацыі былі апанаваныя беларускімі нацыяналістымі. У Віцебску на 191 партыйную арганізацыю беларускія нацыяналістыя ці, як іх называлі, нацыянал-дэмакраты, а скарочана «нацдэмы», апанавалі 188, а ў Гомелі на 143 было апанавана 109. Вынік паходу супроць гэных высокіх прадстаўнікоў савецкае ўлады і Камуністычнае Партыі Беларусі быў такі, што Чарвякоў і Галадзед скончылі самагубствам, а іншых расстрэльвалі, засуджвалі ў вастрог, канцэнтрацыйныя лягеры або на высылку. На іхныя месцы ў БССР прысылаліся небеларусы, і яны ўжо адкрыта праводзілі русыфікацыю Беларусі.
Беларуская мова, якую бальшавікі сваёй рэформай беларускае граматыкі, праведзенай у 1933 годзе, стараліся наблізіць да расейскай, была адсунутая на апошняе месца, а ўсюды ў урадах, школах, установах заводзілася расейшчына Беларускае выдавецтва, кніжкі, газэты часапісы штораз больш зьмяншаліся або і зусім ліквідаваліся. У беларускай мове друкавалася бадай толькі адна прапагандавая камуністычная літаратура. Затое шмат кніжак, газэтаў і часапісаў выходзіла ў расейскай мове. Русыфікацыя ішла поўным ходам. Савецкая прэса ўжо хваліла і ўзьвялічвала ня толькі расейскі народ і Расею, ейных нацыянальных паэтаў, але і розных расейскіх гэнэралаў і цароў якіх раней бальшавікі аплёўвалі.
Жыцьцёвыя абставіны ў БССР, як і ва ўсім Савецкім Саюзе, былі запраўды цяжкімі. Насамперш ніхто з жыхароў ня быў пэўны заўтрашняга дня. Бясконцыя «чысткі» ад «нацдэмаўшчыны», клясавых ворагаў, розных «ухілаў» ад гэнэральнае палітычнае лініі, якую праводзілі бальшавікі і якая вельмі часта зьмянялася, даносы ды шырокаразьвіты шпіянаж НКВД — трымалі жыхароў у вечным страху. Ніхто ня быў пэўны, ці ўсё добра робіць, ці ягонае паходжаньне ня сьцягне на яго перасьледу НКВД, або ці часамі хто-небудзь не зрабіў на яго якога-небудзь даносу. Заработкі работнікаў, працаўнікоў, калгасьнікаў былі нізкія, а працаваць трэ было многа і цяжка. Прытым дысцыпліну працы бальшавікі ўстанавілі надзвычайна суровую. За малыя спазьненьні работнікі ішлі пад суд, а пасьля на прымусовыя работы, а то і ў вастрог. Зьмена месца працы абмяжоўвалася. Уведзены бальшавікамі гэтак званы стаханаўскі мэтад працы, паводле якога кажны мусіў старацца як найлепш і як найпладней працаваць, пашырыў і падвысіў эксплёатацыю працоўных да нябывала высокае ступені. Да гэтага ўсяго даходзілі яшчэ бясконцыя нутраныя грашовыя пазыкі на рэалізацыю розных камуністычных плянаў, што кажны мусіў купляць, і бясконцыя розныя камуністычныя, прафэсійныя і іншыя сходы, на якія трэ было хадзіць і якія абрыджвалі людзям жыцьцё да немагчымасьці. Заработкаў бадай нікому не ставала на тое, каб добра пракарміцца і адзецца. Прадуктаў, адзежы і абутку таксама заўсёды не ставала. Каб што-небудзь купіць, трэ было стаяць у чарзе або рабіць розныя камбінацыі, ашуканствы, чаго ня ведаў ніводны край у Эўропе і наагул у цэлым сьвеце. Ініцыятыва прыватнага гандлю, прамысловасьці, гаспадаркі нідзе не дапушчалася, а ў дзяржаўных, камунальных і савецка-каапэрацыйных прадпрыемствах, у калгасах, у саўгасах разьвівалася бюракрацыя. Яна спыняла разьвіцьцё дабрабыту, прыносіла вялікія страты і ўводзіла ўсюды балаган. Пры такой сыстэме палепшаньня жыцьцёвых абставінаў ня было відаць. Наадварот, жыцьцёвыя абставіны не паляпшаліся, а пагаршаліся, аб чым сьведчыць хоць бы тое, што за навуку, што раней давалася дарэмна, апошнім часам увялі плату.