БЕЛАРУСЬ УЧОРА І СЯНЬНЯ
Шрифт:
Праўда, калі выбухнула ў 1939 годзе польска-нямецкая вайна і калі бальшавікі далучылі да БССР Заходнюю Беларусь, а прыбалтыцкія дзяржавы — Летуву, Лацьвію і Эстонію ўзялі пад сваю «апеку», у Менску лягчэй было дастаць некаторыя рэчы. Але гэта таму, што якраз з Прыбалтыкі, з маленькіх гаспадарстваў, што ня мелі прыродных багацьцяў, але дзе, аднак, ня было камуністычных парадкаў, дзе ня было калгасаў, дзе добра стаяла гаспадарка, дзе свабодна разьвіваўся гандаль, прывозілі багата розных тавараў і прадуктаў. Гэныя маленькія, бедныя на прыродныя багацьці гаспадарствы, гэныя маленькія народы Прыбалтыкі — летувісы, латышы, эстонцы без «апекі» Масквы, без «апекі» камуністых патрапілі стварыць сабе лепшыя матар'яльныя і жыцьцёвыя абставіны, шырокую нацыянальную і асабістую свабоду і большыя магчымасьці для культурнага разьвіцьця. Такое-ж дастатнае свабоднае, культурнае жыцьцё здолелі-б і здолеюць стварыць сабе і беларусы, калі ня будзе ў Беларусі савецкага ладу і маскоўскае няволі.
Цяжкія савецкія жыцьцёвыя абставіны і нацыянальны перасьлед беларусаў прычыніліся да таго, што калі ў 1941 годзе выбухнула нямецка-савецкая вайна, беларусы кідалі зброю і ішлі дахаты. На пытаньні, чаму яны ня хочуць ваяваць, яны адказвалі, што за калгасы, астрогі і расейшчыну біцца ня будуць. I Беларусь хутка была занятая нямецкай арміяй, якая ішла з клічам, што нясе новы, справядлівы лад Эўропы і лепшую будучыню ўсім народам.
XXIX
Беларускі рух у Лацьвіі і Летуве.— Беларуская эміграцыя.— Беларускія эмігранцкія цэнтры ў Празе, у Задзіночаных Штатах Паўночнай Амэрыкі, у Аргентыне, Францыі, Варшаве і Бэрліне.
Беларускі нацыянальны адраджэнскі рух праз увесь час напатыкаў багата розных перашкодаў з усіх бакоў. Ня раз ворагам Беларусі здавалася, што яны дасягнулі ўжо свае мэты, што ім удалося канчальна разьбіць і спыніць беларускі адраджэнскі рух ды што яны раз назаўсёды запануюць на беларускай зямлі. Гэтак было, між іншага, пасьля падпісаньня Рыскага Трактату і падзелу Беларусі. Тады адзін з польскіх палітыкаў, прэм'ер Скульскі, адкрыта заявіў, што за пару дзесяткаў год ня будзе нідзе ніякіх беларусаў. Аднак словы гэнага польскага палітыка ня збыліся. Беларускі рух, наўсуперак розным перашкодам, не замер, а далей разьвіваўся, і ня толькі ў Заходняй Беларусі, пад польскім панаваньнем, ці ў Савецкай Беларусі, але і ў Лацьвіі і Летуве, дзе здаўна жыло шмат беларусаў, а таксама і ў іншых краёх, дзе апынулася багата беларускіх эмігрантаў.
У Лацьвіі беларусы жывуць галоўна ў паўдзённых наветах: Дзьвінскім, Люцынскім і часткова ў Рэжыцкім і Ілукштанскім. Найбольш беларусаў жыве ў Дзьвінскім павеце — у валасьцёх: Прыдруйскай, Дагдзенскай, Капінскай і Вышкаўскай і ў Люцінскім павеце ў валасьцёх: Пасінскай, Пылдзенскай і Міхайлаўскай. У некаторых з гэтых воласьцяў, узьмежных да БССР і Заходняй Беларусі, беларусы становяць больш за 50 працэнтаў усяго жыхарства. Апрача таго, шмат беларусаў жыве ў сталіцы Лацьвіі — горадзе Рызе і па іншых гарадох. Багата беларусаў працуе ў розных лацьвійскіх фэрмэраў, асабліва ў Курляндыі. Агулам усіх беларусаў на тэрыторыі Лацьвійскае дзяржавы, паводле перапісу 1897 году, было 79 523. Паводле перапісу 1920 году, у Лацьвійскай дзяржаве было 75 630 беларусаў. Паводле перапісу 1925 г.— 38 010, а паводле перапісу 1930 г.— 39 876 беларусаў. Гэтулькі беларусаў налічалі калісь расейцы, а пасьля латышы. Ясна, што расейскія, а асабліва латыскія перапісы імкнуліся паказаць як найменшую колькасьць беларусаў, бо гэта было ў іхных інтарэсах. На самой рэчы беларусаў у Лацьвіі далёка болей, чымся падаюць латышы. Беларускія дасьледнікі цьвердзяць, што ў Лацьвіі ёсьць больш за 100 тысячаў беларусаў.
У Лацьвіі, насамперш у горадзе Рызе, яшчэ за расейскіх царскіх часоў жыло шмат выдатных беларускіх дзеячоў, пісьменьнікаў і паэтаў, як В. Ластоўскі, С. Палуян, А. Уласаў, М. Вяршынін, Б. Эпімах-Шыпіла, З. Жылуновіч і іншыя, аднак беларускі адраджэнскі рух арганізавана пачаў разьвівацца тут толькі ў 1919 г., калі ў Рызе стварылася Рада Беларускае калёніі і калі прыехала туды Ваенна-Дыплёматычная Місыя Беларускае Народнае Рэспублікі. На чале Ваенна-Дыплёматычнае Беларускае Місыі стаялі: шэф місыі палкоўнік Кастусь Езавітаў, дараднік палкоўнік Шаўкоў і сакратар Я. Чарапук. Зараз пасьля прыбыцьця місыі ў Рызе паўстала Беларускае Прэсавае Бюро, беларускае культурна-асьветнае таварыства «Бацькаўшчына», Беларускі Клюб, Курсы Беларусаведы, пачаў выходзіць беларускі часапіс «На чужыне», а ў паўночнай частцы Лацьвіі і ў паўдзённай частцы Эстоніі былі зарганізаваныя беларускія вайсковыя аддзелы пад камандай гэнэрала Булак-Балаховіча, якія адразу-ж ваявалі з бальшавікамі.
У 1920 годзе ў Рызе стварыўся ўжо моцны беларускі цэнтр, бо туды прыехаў бадай увесь урад Беларускае Народнае Рэспублікі, які мусіў эміграваць з Бацькаўшчыны, разам з міністрам-прэзыдэнтам В. Ластоўскім. Туды-ж перабраліся і некаторыя сябры Рады Беларускае Народнае Рэспублікі. У Рызе абмяркоўваліся і разьвязваліся ўсе найважнейшыя беларускія справы. Але ўсё зьмянілася, калі латышы і бальшавікі пагадзіліся і падпісалі ўмову, на аснове якое латышы забавязаліся спыніць дзейнасьць ураду БНР і ягоных установаў. З гэтае прычыны ўрад БНР прымушаны быў выехаць. Прымушаны былі таксама выехаць і беларускія вайсковыя аддзелы, прычым вялікая частка іх на чале з гэн. Булак-Балаховічам перайшла на службу Польшчы і даўгі час яшчэ змагалася з бальшавікамі. Савецка-латыская ўмова прычынілася да таго, што ўсялякая сувязь з урадам БНР у Лацьвіі разглядалася як процідзяржаўная дзейнасьць. Усе арганізацыі беларускіх эмігрантаў забараняліся. Рада Беларускае Калёніі, таварыства «Бацькаўшчына», а таксама Беларускі Клюб і Прэсавае Бюро былі зачынены. Дыплёматычная Беларуская Місыя зьліквідавала свае аддзелы ў Лібаве і Рэвалі і Урад Беларусі яе адклікаў.
Дзякуючы стараньням палкоўніка К. Езавітава хутка, бо ўжо 25.111 1923 г., нанова зарганізавалася беларускае таварыства «Бацькаўшчына», толькі ня ў Рызе, а ў Дзьвінску, з аддзеламі ў Люцыне, Старой Слабадзе, Краслаўлі, Рэжыцы, Індры і ў некаторых іншых валасьцёх, дзе была большая колькасьць беларускага жыхарства. Таварыства «Бацькаўшчына» і беларуская інтэлігенцыя ў розных месцах выяўлялі вялікую дзейнасьць. Паўстала 56 беларускіх пачаткавых народных школаў, дзьве беларускія гімназіі: адна ў Дзьвінску, а другая ў Люцыне, адбываліся беларускія сходы, паказы, а ўся праца цэнтралізавалася ў Дзьвінску. У Рызе беларускае жыцьцё заціхла, але не на доўга, бо ў хуткім часе пры Лацьвійскім Міністэрсьцьве Асьветы паўстаў Беларускі Аддзел і Рада Аддзелу, каля якіх ізноў гуртавалася і пульсавала беларускае жыцьцё. У склад Рады ўваходзілі: кіраўнік аддзелу — Сяргей Сахараў, інспэктар беларускіх школаў — К. Езавітаў, дырэктар беларускае гімназіі ў Дзьвінску — Іван Краскоўскі, старшыня таварыства «Бацькаўшчына» — Ян Харлап, арганізатар беларускае школы і беларускае гімназіі ў Люцыне — Рыгор Плыгаўка, прадстаўнікі беларускага настаўніцтва — Астап Круцкі, Сымон Маціеўскі і Мікола Талерка.
Беларуская праца ў Лацьвіі наагул разгарнулася даволі шырака. Між іншага, беларусы мелі вялікае маральнае падтрыманьне з боку найвялікшага латыскага паэты Райніса і некаторых другіх выдатных латышоў, але, нажаль, шмат знаходзілася і ворагаў беларускага руху. Першымі такімі ворагамі былі расейскія манархістыя, што засталіся ў Лацьвіі і тварылі базу для свае кансьпірацыйнае арганізацыі «Руская Праўда», а беларусаў уважалі за вялікіх ворагаў ідэі «адзінае і недзялімае Расеі». Ворагамі беларусаў былі, бязумоўна, і бальшавікі, якія нішчылі беларускі нацыянальны рух, а таксама і палякі, якія і ў Лацьвіі хацелі з беларусаў рабіць палякоў. Ворагамі беларускага руху былі ўрэшце латыскія шавіністыя, бо яны лятуцелі аб асыміляцыі беларусаў і аб захопе беларускіх паўночна-заходніх земляў.
Польска-расейска-латыскія інтрыгі прычыніліся да таго, што ў 1924 годзе латыскія ўлады арыштавалі найбольш выдатнага ў Лацьвіі беларускага дзеяча К. Езавітава і стварылі судовы працэс. Разам з К. Езавітавым судзілі яны і іншых беларускіх дзеячоў: У. Пігулеўскага, Я. Краскоўскага, Я. Якубецкага, П. Мядзёлку-Грыб, П. Жэрдзі, В. Корці і М. Іванова. Усіх іх латыскія ўлады вінавацілі ў тым, што яны імкнуліся стварыць незалежную Беларускую дзяржаву, якая абыймала-б усе беларускія этнаграфічныя землі, а ў тым ліку і частку тэрыторыі Латыскае дзяржавы — паветы Дзьвінскі, Люцынскі, Рэжыцкі і часткава Ілукштанскі. Каб зьдзейсьніць свае мэты, абвінавачаныя праводзілі адпаведную працу сярод беларускіх масаў, беларускае щкольнае моладзі і мелі цесны кантакт з беларусамі ў іншых дзяржавах. Суд, разгледзеўшы справу, апраўдаў усіх абвінавачаных. Аднак за час сьледзтва і беларускага працэсу ў 1924 і 1925 гадох латышы пасьпелі ператварыць цэлы шэраг беларускіх школаў на латыскія, а таварыства «Бацькаўшчына» ды іншыя арганізацыі зачыніць. Зачынілі нават і Беларускі Аддзел пры Міністэрсьцьве Асьветы ў Рызе, заміж якога паўстала Справаводзтва Беларускіх Школаў на чале з дырэктарам латышом.
Беларускае грамадзянства, каб ратаваць беларускі рух ад разгрому, стварыла тры новыя беларускія культурныя пляцоўкі ў Рызе: першую беларускую асноўную школу, асьветнае таварыства «Рунь» пад старшынствам Я. Шчорса і асьветнае таварыства «Беларуская Хата» пад старшынствам М. Дзямідава. «Рунь» адчыніла ў Рызе Беларускі Клюб і ладзіла ў ім беларускія вечарыны, паказы, лекцыі, але больш шырокай працы ня здолела павесьці і, праіснаваўшы пару год, замерла. Таварыства «Беларуская Хата» пасьля заканчэньня беларускага працэсу і апраўдальнага прысуду, калі беларускія дзеячы нанова павялі беларускую працу, пусьціла глыбака карэньне ў беларускія работніцкія масы ў Рызе, праводзіла беларускую культурна-асьветную працу, зарганізавала беларускую пачаткавую школу і беларускія 2-гадовыя настаўніцкія курсы, якія ўзгадавалі шмат беларускіх настаўнікаў.
У чэрвені 1925 г. у Рызе пачала выходзіць першая газэта латыскіх беларусаў «Голас Беларуса». Газэта гэтая сталася модным асяродкам беларускае грамадзкае думкі і, абапіраючыся на апраўдальны прысуд у беларускім працэсе, дзе было сказана, што кажны беларус мае права думаць аб сваім народзе І нават дбаць, каб гэты народ здабыў сваю незалежную дзяржаўнасьць, наладжвала сувязь з усімі беларускімі дзеячамі ў краі і за межамі, у Эўропе і Амэрыцы, а таксама згуртавала каля сябе маладых беларускіх паэтаў у Лацьвіі, сярод якіх асабліва адзначаліся: Пётра Масальскі (Пятро Сокал), Валентына Казлоўская (Лясная Кветка), Віктар Вальтар, Антон Лейтан, Якуб Варкуль і Галена Іванова. Паэты гэтыя ў 1926 г. выдалі супольны зборнік сваіх вершаў «Першы Крок» I ад яго атрымалі назоў «першакрокаўцаў». Частка «першакрокаўцаў» з прычыны цяжкіх жыцьцёвых абставінаў загінула, пераважна ад хваробы сухотаў. Так, прыкладам, ад сухотаў памерлі: паэтка Галена Іванова, паэта-сатырык Якуб Варкуль і паэта і пісьменьнік Віктар Вальтар. Рэшта «першакрокаўцаў» стала супрацоўнічала ў «Голасе Беларуса» аж да 1930 г., пакуль ён выходзіў.