Чтение онлайн

ЖАНРЫ

БЕЛАРУСЬ УЧОРА І СЯНЬНЯ

Касяк Іван

Шрифт:

У ліпені месяцы 1925 г. у Рызе паўстала першая палітычная арганізацыя латыскіх беларусаў пад назовам Таварыства Беларусаў Выбаршчыкаў. Цэнтралю сваю яно мела ў Рызе, а на правінцыі ў розных беларускіх валасьцёх мела 16 аддзелаў. Кірунак арганізацыі быў нацыянальна-беларускі. На чале арганізацыі стаялі: К. Езавітаў — старшыня, Р. Плыгаўка — сакратар, С. Сіцько — скарбнік, Алесь Булат і Станіслаў Красьневіч — сябры ўраду. Таварыства вяло палітычную і культурна-асьветную беларускую працу. Яно ладзіла беларускія паказы, лекцыі на вёсках, выдавала кніжкі, зьбірала народныя беларускія творы. Пры цэнтралі існаваў спэцыяльны Навуковы Гурток, які кіраваў навуковую працу.

Найвялікшы ўздым беларускае працы ў Лацьвіі прыпадае на 1925 і 1926 годы. У гэным часе Рыга зноў сталася цэнтрам беларускага руху ў Лацьвіі. Тут побач з наяўнымі арганізацыямі паўсталі новыя беларускія культурныя і гаспадарскія таварыствы. Новай вельмі важнай арганізацыяй было насамперш Таварыства Беларускіх Вучыцялёў. Яно згуртавала каля сябе ўсё беларускае настаўніцтва ў Лацьвіі і адыграла вельмі важную ролю ў арганізацыі прыватнага беларускага школьніцтва, бо зарганізавала і ўтрымвала 4 прыватныя беларускія народныя школы, дзіцячы сад і беларускую гімназію ў Рызе, а таксама выдавала свой часапіс «Школа і жыцьцё». Вельмі важным культурным таварыствам было таксама «Беларускае Выдавецтва ў Лацьвіі». Яно выдавала падручнікі, кніжкі і брашуры, якія асьвятлялі пытаньні беларускае культуры і адраджэнскага руху. Апрача таго, Беларускае Выдавецтва выдавала часапіс «Беларуская Школа ў Лацьвіі».

Для арганізацыі беларускага гаспадарскага жыцьця ў Рызе паўстала Беларускае Цэнтральнае Пазычкова-Ашчаднае Таварыства на чале з Я. Шчорсам. Таварыства гэтае арганізавала сярод беларускага жыхарства крэдытовую каапэрацыю, абняўшы сеткай сваіх філіяў усе беларускія воласьці ў Лацьвіі, і нейкі час выдавала сельскагаспадарска -каапэратыўны часапіс «Гаспадар». У Дзьвінску таксама паўстала беларускае сельскагаспадарскае таварыства «Араты» і культурна-асьветнае таварыства «Асьвета», Нажаль, у гаспадарскай і каапэратыўнай галіне беларусам у Лацьвіі не ўдалося шырэй разгарнуць працы. Тут была вельмі моцная канкурэнцыя з боку мацнейшых і падтрымваных дзяржавай лацьвійскіх арганізацыяў.

Беларускае грамадзянства, узмацніўшыся ў сэньсе арганізацыйным, на зьезьдзе прадстаўнікоў усіх беларускіх арганізацыяў у Рызе высунула дамаганьне аднавіць дзейнасьць Беларускага Аддзелу пры Міністэрсьцьве Асьветы і на кіраўніка аддзелу назначыць У. Пігулеўскага. Латыскія ўлады задаволілі гэтае дамаганьне і ад 1927 г, Беларускі Аддзел быў адноўлены. Факт аднаўленьня Беларускага Аддзелу забясьпечыў на далейшы час існаваньне беларускіх школаў у больш нармальных абставінах і падахвоціў беларусаў да больш творчае працы" на беларускай культурнай і нацыянальнай ніве.

У 1928 і 1929 годзе за беларускую грамадзкую і культурную працу пачала брацца і беларуская моладзь, узгадаваная ў беларускіх школах. Паўстала адмысловае Таварыства Беларускае Моладзі ў Лацьвіі. На чале Таварыства Моладзі стаялі пераважна беларускія студэнты Лацьвійскага Унівэрсытэту і Акадэміі Мастацтва: Пётра Мірановіч, Ніна Пінская, Казімір Мяжэцкі, Кароль Казакевіч ды Пятро Масальскі. Таварыства Моладзі разьвіло таксама даволі шырокую працу, закладаючы спартовыя і драматычныя гурткі, ладзячы спаборніцтвы, беларускія паказы, чытальні. Яно абыймала ўсе бадай беларускія воласьці і выдавала свой часашс «Пагоня».

У гэтым часе выходзілі яшчэ іншыя два беларускія часапісы: адзін пад назовам «Думка Беларуса», а другі — «Наш Шлях».

Дзеля арганізацыі беларускай этнаграфічна-краяведнае працы, якая шырока праводзілася тады ў БССР, у Рызе паўстала Беларускае Навукова-Краязнаўчае Таварыства. Яно сабрала шмат розных матар'ялаў і часткава друкавала іх у «Беларускай Школе ў Лацьвіі».

Беларуская праца, праўда, з рознымі перашкодамі, але паступова разьвівалася аж да 1934 г., гэта значыць да часу, пакуль уладу ў Лацьвіі не захапіў ведамы латыскі шавіністы Кароль Ульманіс. Ён, узяўшы ўладу ў свае рукі, адразу зьліквідаваў усе беларускія арганізацыі, таварыствы, часапісы і разам з гэтым — Беларускі Аддзел пры Міністэрсьцьве Асьветы ў Рызе.

На ўсю Лацьвію засталася толькі адна беларуская пачаткавая школа ў Рызе, але і яна мела быць зьліквідаваная. Беларускія настаўнікі, звольненыя з працы ў школах, мусілі ісьці зарабляць сабе на пражыцьцё фізычнай працай. Палітыка асыміляцыі беларусаў і латышызацыі завойстрылася і выклікала вялікае незадаваленьне сярод беларускага жыхарства. Беларуская інтэлігенцыя ў Лацьвіі, аднак, і ў такіх цяжкіх умовах не апускала рук, а трымалася свайго і што магла рабіла для беларускае справы.

Спробы палепшыць палажэньне і беларуска-латыскія дачыненьні, робленыя з беларускага боку, не давалі ніякіх вынікаў, аж пакуль у 1939 годзе ня выбухнула вайна. Ваенныя падзеі, а асабліва развал Польшчы, ацьвярозіў латыскіх шавіністых. Яны спынілі ліквідацыю апошняе беларускае школы і дазволілі стварыць беларускую арганізацыю ў форме Беларускага Таварыства ў Латгаліі. Гэтае таварыства праводзіла насамперш беларускую культурную працу і аднаўляла беларускае грамадзкае жыцьцё.

Калі ў 1940 г. Лацьвію акупавалі бальшавікі, Беларускае Таварыства запатрабавала аднаўленьня ўсіх беларускіх школаў у Рызе і на правінцыі, зьліквідаваных латыскімі шавіністымі. Пераходная ўлада ў Лацьвіі здавольвала беларускія жаданьні. У Рызе ды на правінцыі паўставалі беларускія школы, пры прафэсыянальным саюзе настаўнікаў паўстала беларуская сэкцыя, а пры Міністэрсьцьве Асьветы, пераробленым на Камісарыят Асьветы, стварылася рэфэрэнтура беларускіх школаў. Але пасьля, як Лацьвію абвесьцілі савецкай рэспублікай, палажэньне зьмянілася на горшае. Багата настаўнікаў-беларусаў савецкая ўлада арыштавала і вывезла, а сярод беларускіх народных масаў праводзілася бальшавіцкая агітацыя, каб перарабляць беларускія школы на расейскія. I у Лацьвіі, як бачым, бальшавікі праводзілі тую самую русыфікацыйную палітыку, што ў БССР, але яе перапынілі ваенныя падзеі, якія пашырыліся і на Усходнюю Эўропу. Бальшавікі пад напорам нямецкае арміі пакінулі Лацьвію, і там пачалося новае жыцьцё ня толькі для латышоў, але і для беларусаў.

У межах ,,Летувіскае дзяржавы, паводле першага ўсерасійскага перапісу ад 1897 году, было 70 300 беларусаў, а паводле першага летувіскага перапісу ад 1923 году — усяго 4 400. Беларускія дасьледнікі сьцьвярджалі, што агулам у Летуве жыло каля 45 000 беларусаў, толькі вялікая частка з іх былі людзьмі нацыянальна нясьведамымі і ў часе перапісу жыхарства запісаныя палякамі, калі былі каталіцкага веравызнаньня, а часткава расейцамі, калі былі праваслаўнага веравызнаньня. Беларусамі запісаліся толькі моцна сьведамыя нацыянальна адзінкі і актыўныя ўдзельнікі беларускага руху. Найбольш беларусаў жыло ў ваколіцах Нова-Аляксандраўшчыны і Еўя.

Беларуска-летувіскія дачыненьні ўкладаліся розна. Былі часы, калі гэтыя дачыненьні былі добрыя, але было і наадварот. Да добрых дачыненьняў шмат прычынілася традыцыя супольнага сужыцьця ў Вялікім Княсьцьве Літоўскім, а таксама гады супольнае няволі і няволі беларусаў і летувісаў, перанесеныя пад польскім і расейскім панаваньнем. Добрым беларуска-летувіскім дачыненьням спрыяла таксама і тое, што на пачатку XX стагодзьдзя беларусы і ліцьвіны ў Вільні супольна выступалі супроць царскага расейскага панаваньня, ды што ў 1915 годзе Канфэдэрацыя Вялікага Княства ўзнаўляла думку адрадзіць Вялікае Княства Літоўскае на фундамэнце незалежнасьці Беларусі і Летувы. Забавязвала-ж да добрых узаемных дачыненьняў беларусаў і летувісаў умова, зробленая між летувіскім урадам і Віленскай Беларускай Радай 27 лістапада 1918 году аб добрых дачыненьнях, супрацоўніцтве і змаганьні за волю Беларусі і Летувы, якая была 11 .XI. 1920 году яшчэ больш пашыраная і пацьверджана беларускім і летувіскім урадамі. На аснове гэтае ўмовы ў Коўні пры летувіскім урадзе паўстала Міністэрства Беларускіх Справаў, на чале якога спачатку стаяў былы першы прэм'ер беларускага ўраду Я. Варонка, а пасьля Д. Сямашка.

Некаторы час у Летуве прабываў беларускі ўрад на чале з прэм'ерам В. Ластоўскім і старшыня Рады Беларускае Народнае Рэспублікі П. Крэчэўскі. У Коўні, між іншага, з прычыны адставы прэм'ера В. Ластоўскага 23.VIII. 1923 г. адбылася апошняя рэарганізацыя ўраду Беларускае Народнае Рэспублікі. На чале новага ўраду стаў А. Цьвікевіч. Ён таксама быў і за міністра замежных справаў. За міністра асьветы быў Я. Варонка, выконваў абавязкі міністра фінансаў — В. Захарка, за дзяржаўнага кантралёра — Л. Заяц і за дзяржаўнага пісара — В. Пракулевіч. Пасьля гэтае рэарганізацыі 2.XI. 1923 г. Рада і Урад БНР пераехала ў Прагу, а В. Ластоўскі застаўся ў Коўні і стаяў на чале беларускага руху ў Летуве.

Поделиться с друзьями: