Чтение онлайн

ЖАНРЫ

БЕЛАРУСЬ УЧОРА І СЯНЬНЯ

Касяк Іван

Шрифт:

Побач Таварыства Беларускае Школы і Беларускага Інстытуту Гаспадаркі і Культуры у такім-жа напрамку працавалі яшчэ Беларускі Гаспадарскі Зьвяз і Саюз Беларускіх Настаўнікаў. Беларуская моладзь і беларускія спартоўцы стараліся зарганізаваць таварыства беларускае моладзі «Будучыня» і спартовае беларускае таварыства «Гайсак», а дна к польскія ўлады не далі на гэта дазволу.

Сярод беларускай студэнцкай моладзі беларускую працу праводзіў Беларускі Студэніжі Саюз і Таварыства Прыяцеляў Беларусаведы. Яны ладзілі рэфэраты, дыскусіі, канцэрты, прадстаўленьні, экскурсіі. Студэнцкі Саюз выдаваў непэрыядычна свой часапіс «Студэнцкую Думку», гуртаваў каля сябе беларускую студэнцкую моладзь і зрабіў вельмі шмат у галіне ўзгадаваньня беларускае інтэлігенцыі.Польскія ўлады, ліквідуючы беларускія палітычныя арганізацыі і беларускую палітычную акцыю, пастанавілі зьліквідаваць і беларускія культурна-асьветныя арганізацыі і іхную працу, якая ім таксама не падабалася. Пачалося ад забаронаў ладзіць беларускія прадстаўленьні, лекцыі, курсы, а далей пайшлі ліквідацыі паасобных гурткоў, бібліятэкаў, а ўрэшце і самых цэнтраляў. I так: 2, XII. 1936 г. было закрыта Таварыства Беларускае Школы, 4.XII.1936 г.— Беларускі Інстытут Гаспадаркі і Культуры, 20.VIII. 1937 г.— Саюз Беларускіх Настаўнікаў і нават палёнафільскае Таварыства Беларускае Асьветы, а 16.IV. 1938 г.— Беларускі Гаспадарскі Зьвяз. Беларускаму Студэнцкаму Саюзу забаронена было ладзіць лекцыі на правінцыі і беларускія канцэрты ў Вільні, а ягоным сябром насіць шапкі і значкі свае беларускае студзнцкае арганізацыі.

Рознымі перашкодамі, забаронамі на арганізацыйныя сходы затрымлівалася і ліквідавалася разьвіцьцё беларускае каапэрацыі, якая да 1922 г. даволі шырока разраслася. Ня мелі магчымасьцяў разьвівацца і беларускія каапэрацыйныя банкі і беларускі прыватны гандаль, рамясло і промысел. Беларускія землі і беларусаў эксплёатавалі, а ў замен нічога не давалі і не будавалі. Тыя фабрыкі, што раней працавалі, станавіліся. Той гандаль і промысел, што існаваў, дык ён быў або ў польскіх, або жыдоўскіх руках.

Ня лепшымі былі дачыненьні польскіх уладаў да беларусаў і ў галіне рэлігійнай. Польскае каталіцкае духавенства на беларускіх землях на працягу многіх вякоў пад рознымі прыкрыўкамі выкарыстоўвала і выкарыстоўвае сваё становішча і каталіцкі касьцёл для палёнізацыі беларусаў.Калі Заходняя Беларусь апынулася пад Польшчай і як толькі там умацавалася польская ўлада, хутка пачалі варочацца ўсе тыя ксяндзы, палякі, якія яшчэ нядаўна пад націскам бальшавікоў, ідучых у 1920 годзе на захад, адсюль уцякалі, і пачалі нанова сваю палёнізатарскую работу. Яны, маючы большасьць у кіраўнічых кругох каталіцкага касьцёлу ў нашым краі, а таксама помач фізычнае паліцыйнае сілы, акцыю сваю павялі хуткім тэмпам. Палёнізатарская акцыя найбольш, аднак, завастрылася ў віленскай дыэцэзіі, калі на яе чале стаў арцыбіскуп Р. Ялбжыкоўскі. Узяўшы ўладу над Віленскай дыэцэзіяй, ён бязьлітасна вынішчаў беларускасьць ва ўсіх касьцёлах, дзе яна была ўведзеная перад ягоным прыездам у Вільню з дазволу арцыбіскупаў Эдварда Роппа і Юрага Матулевіча. Ён скасаваў беларускую мову ў касьцёлах у Жодзішках, Барадзенічах, Друі, Задарожжы і інш. Усіх ксяндзоў-беларусаў, што працавалі сярод беларускага народу, высяліў у парахвіі небеларускія (гэтак было з ксяндзамі: Рэшацям, Шутовічам, Семашкевічам, Кулаком, Чарняўскім, Левошам і другімі). Гэткім чынам палякі разрывалі лучнасьць беларускага духавенства з сваім народам.

Не бяз помачы арц. Ялбжыкоўскага былі выселены з мястэчка Друі і з Беларусі ў 1937 годзе ведамыя беларускія законьнікі айцы Мар'яне, якіх прымусілі эміграваць і працаваць на чужыне. Арц. Ялбжыкоўскі ўзмоцніў польскасьць у Віленскай Духоўнай Сэмінарыі, узгадоўваючы маладых ксяндзоў у польскім шовіністычным духу. Ён, як ужо гаварылася, з матываў палітычных забараніў належаць беларусам-каталіком да Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі і чытаць «Беларускую Крыніцу», а сам адкрыта і сыстэматычна праводзіў палёнізацыю беларусаў пры помачы псэўдакаталіцкіх арганізацыяў і часапісаў на чале з «Стоважышэньнем Млодзежы Польскей» і «Нашым Пшыяцелем».

Пры кажнай бадай парахвіі па загадзе арц. Ялбжыкоўскага існавалі гурткі каталіцкае акцыі і «Стоважышэньня Млодзежы Польскей», хоць гэтае моладзі на Беларусі ня было і хоць гурткі і часапіс «Наш Пшыяцель» ня мелі нічога супольнага з рэлігійным жыцьцём беларускага каталіцкага народу і служылі выключна польскім шовіністычным імкненьням.

Ня лепш было і ў другой беларускай дыэцэзіі Пінскай, дзе таксама над каталіцкасьцяй мела верх польшчына і дзе беларускае духавенства біскуп Букраба назначаў на парахвіі небеларускія Так было з ксяндзамі. Татарыновічам, Дулінцам, Бакшоўскім і іншымі. Прасьледавалася беларушчына і ў духоўнай сэмінарыі ў Пінску, дзе яе дапусьціў папярэднік Букрабы арц. Лазінскі.

Праз касьцёл праводзілася палітыка варожая для беларускага народу. Беларускія казаньні асталіся толькі ў касьцеле сьв. Мікалая ў Вільні, дзе адбываліся набажэнствы для каталікоў — летувісаў і беларусаў. Беларусы-каталікі многа разоў прасілі польскія духоўныя ўлады даць ім асобны касьцёл, аднак усе просьбы былі дарэмныя. Беларусы -каталікі ў Вільні, ня гледзячы на такія дачыненьні да іх польскае каталіцкае духоўнае ўлады, моцна трымаліся свайго. Яны ладзілі беларускія рэлігійныя пілігрымкі ў Кальварыю каля Вільні, на якія прыходзілі і прыяжджалі беларусы з розных старой Заходняй Беларусі, каб пачуць у часе іх казаньні ў роднай беларускай мове, публічна прапяяць беларускія рэлігійныя песьні і гэткім спосабам задэманстраваць і паказаць свае беларускае аблічча, выдавалі беларускую рэлігійную літаратуру, усьведамлялі народ належна разумець і шанаваць рэлігію ды не мяшаць з паняцьцем нацыі.

Для палёнізацыйнае акцыі польскія ўлады стараліся выкарыстаць і праваслаўную Царкву на Беларусь У сувязі з гэтым выходзілі загады праваслаўным сьвяшчэньнікам гаварыць у царкве казаць не пабеларуску і не парасейску, як шмат дзе было, але папольску. Палякі нават жадалі, каб і набажэнствы (літургія) адпраўляліся папольску, і стараліся ўзгадоўваць у польскім духу новых праваслаўных сьвяшчэньнікаў.Супроць гэтай акцыі ў народзе паўставала вялікае абурэньне. Праваслаўнае духавенства ня ўсё ішло таксама на палёнізаваньне царквы, але ня ўсё праваслаўнае духавенства хацела і беларушчыны. Большасьць праваслаўнага духавенства па старой прывычцы хацела, каб у царкве на Беларусі далей панавала расейшчына, як за царскіх часоў, і каб праз. царкву далей праводзілася русыфікацыя беларускага народу. Дзеля таго за беларусізацыю царквы беларусам прыходзілася змагацца на два фронты: і з расейцамі, і з палякамі. Няроўная гэткая барацьба вялася праз увесь час рознымі беларускімі праваслаўнымі камітэтамі, часапісамі і палітычнымі беларускімі нацыянальнымі арганізацыямі, якія таксама дамагаліся, каб беларуская мова была на Беларусі ў касьцёлах і ў цэрквах.

Агулам трэба сказаць, што сярод беларусаў пад польскай уладай не адчувалася падзелу на праваслаўных і каталікоў, Між сьведамымі беларусамі — праваслаўнымі і каталікамі панавала поўная згода і салідарнасьць. Адны другіх падтрымвалі, адны другім памагалі, а на розных нацыянальных урачыстасьцях у Вільні бывала так, што ўсе разам праваслаўныя і каталікі ішлі і ў касьцёл, і ў царкву, каб супольна маліцца за зьдзейсьненьне беларускіх нацыянальных ідэалаў.

Беларускіх школаў у заходняй частцы Беларусі за часоў нямецкае ўлады ў 1918 г., як падаваў польскі друк, было 350.

На самой рэчы лік гэны быў далёка большы. Былі гэта пераважна народныя пачаткавыя школы і настаўніцкая сэмінарыя ў Сьвіслачы. За часоў гэтак званае «Сярэдняе Літвы» ў Віленшчыне паўстала больш за 200 народных беларускіх школаў і настаўніцкая сэмінарыя ў Барунах. У між часе, калі ўлада на Беларусі пераходзіла з адных рук у другія і калі польскія ўлады яшчэ больш-менш бралі на ўвагу беларускія дамаганьні, беларусы зарганізавалі беларускія гімназіі ў Вільні, Будславе, Горадні, Нясьвіжы, Радашкавічах, Гарадку каля Маладэчны, Наваградку, Клецку і ў 1930 годзе была адчыненая беларуская настаўніцкая сэмінарыя ў Вільні.

Польская ўлада ўсе бадай народныя беларускія школы зьліквідавала або паперарабляла іх на польскія. У 1922 годзе з усяго гэнага ліку беларускіх народных школаў засталося толькі 47, у 1923/24 гг.
– толькі 29, а з пачаткам 1924/25 шк. г. не засталося ўжо ніводнае беларускае народнае школы. Зьліквідаваныя былі таксама беларускія настаўніцкія сэмінарыі ў Сьвіслачы, Барунах, гімназіі ў Горадні, Будславе, Гарадку каля Маладэчна і Нясьвіжы. Беларускіх настаўнікаў вывезьлі, быццам для папаўненьня іхнае настаўніцкае кваліфікацыі на адмысловы курс у Кракаў, скуль іх разаслалі на працу ў школы на этнаграфічна-польскай тэрыторыі, а ў школы на Беларусь прыслалі пераважна палякоў. Тых настаўнікаў, што дамагаліся працы ў беларускіх школах, зусім звольнілі з працы.

Беларусы, хоць бачылі варожыя дачыненьні польскіх уладаў да беларускага школьніцтва і хоць за дамаганьні беларускіх школаў сыпаліся на іх розныя кары, арышты, біцьцё і іншыя няпрыемнасьці, як прыкладам вырываньне валасоў з галоваў бацькоў, што было з селянінам Вярбіцкім у вёсцы Акунінава Дзявятніцкае воласьці Слонімскага павету ў 1936 годзе,— усё-ж-ткі дамагаліся сваіх родных беларускіх школаў. У 1923 годзе былі пададзеныя просьбы на адчыненьне 192 беларускіх народных дзяржаўных школаў, у 1924 годзе — на 254 школы, у 1925 годзе — на 412, а ў 1926 і 1927 гг.— на 1229 школаў. Апрача таго, Беларускі Інстытут Гаспадаркі і Культуры ў 1926 годзе прасіў дазволу адчыніць прыватныя беларускія школы ў 18 мясцовасьцях, а Таварыства Беларускае Школы ў 1927 годзе прасіла дазволу адчыніць прыватныя беларускія школы ў 109 мясцовасьцях. Школьныя ўлады далі Інстытуту дазвол адчыніць толькі 5 школаў, а Таварыству Беларускае Школы — 10. Аднак гэтыя дазволы ня былі выкарыстаныя, бо школьныя ўлады не зацьвердзілі кандыдатаў на настаўнікаў. Працавала толькі адна прыватная беларуская школа ў Шаўлянах (Браслаўшчына), але і яе^па 6 гадох зьліквідавалі, бо ў 1932/33 гг. ейная настаўніца Мар'я Булыга не атрымала пасьведчаньня аб палітычнай лёяльнасьці да Польскае дзяржавы. Прыватна ў 1928 г. існавалі яшчэ беларускія гімназіі ў Вільні, Наваградку, Радашкавічах і Клецку, але і над імі вісела ліквідацыя, і яны ня мелі правоў дзяржаўных польскіх школаў, іхныя абсальвэнты ня мелі права доступу да польскіх унівэрсытэтаў без спэцыяльных экзамэнаў. З гэтае прычыны шмат беларусаў, што канчалі беларускія гімназіі, выяжджалі на вышэйшыя навукі за межы, у Бэрлін, Прагу, Парыж. Усе беларускія просьбы адчыняць беларускія народныя школы і зрабіць беларускія гімназіі дзяржаўнымі заставаліся бяз водгуку. Пасьля ўсіх дамаганьняў і просьбаў, згодна з польскімі афіцыяльнымі дадзенымі, у 1928 годзе існавала толькі 25 беларускіх школаў і 44 школы беларуска-польскія. Пазьней бадай усе гэтыя школы і беларускія гімназіі ў Клецку, Радашкавічах, Наваградку ды Беларуская Настаўніцкая Сэмінарыя ў Вільні былі зьліквідаваныя. Засталася адна Віленская Беларуская Гімназія. Ёй прызналі нават дзяржаўныя правы, але ў 1937 годзе, у сувязі з польскай школьнай рэформай, зачынілі вышэйшыя клясы і на іхнае месца не адчынілі ліцэю, як гэта было ў польскіх гімназіях. Пры тым беларуская гімназія перастала быць самастойнай школай, а сталася філіяй польскае гімназіі імя Ю. Славацкага. Прыйманьне большае колькасьці вучняў таксама абмежавалі. Так, прыкладам, у 1937 годзе ў 1-ю клясу беларускае філіі ў Вільні здалі экзамэн 80 кандыдатаў, а прынята толькі 40. Роўналежную -ж клясу ўлады не дазволілі адчыніць.

Поделиться с друзьями: