Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Цемра зямлю ахінае

Анджаеўскі Ежы

Шрифт:

Ларэнца маўчаў.

— Сядай, — загадаў дон Радрыга.

І пасунуў да яго віно.

— Пі.

Той, застыўшы на канцы ўслона, адмоўна пакруціў галавой.

— Пі, — паўтарыў капітан.

Ларэнца вагаўся, але ўсё-такі паслухаўся. Дон Радрыга прыглядваўся да яго з панурай неахвотай.

— Досыць, — сказаў раптам, — уп'ешся.

Ларэнца рэзка адставіў збанок і падхапіўся з услона.

— Навошта ты мучыш мяне, Радрыга?

У яго тонкім ломкім голасе гучалі гнеў і шкадаванне. Дон Радрыга пагардліва ўсміхнуўся.

— Сядай.

— Што я зрабіў табе, Радрыга? Люблю цябе, як брата.

— Пакінь дзяцініцца. Сядай, хачу з табой сур'ёзна пагаварыць. Падымі галаву.

— Дазволь мне пайсці, — шапнуў Ларэнца.

— Пасля.

Зноў узяў збан і выпіў віно да дна.

— Паслухай, Ларэнца, апроч маладых гадоў ты маеш яшчэ адну асаблівую прывілею, спадзяюся, ты здолееш ацаніць яе. Ад сённяшняга дня ты будзеш асабіста правяраць ежу вялебнага айца. Гэта яго і маё даручэнне.

Хвіліну стаяла цішыня.

— Разумееш, Ларэнца, пра што тут гаворка. Першы, хто сёння раніцай зрабіў гэта, быў той чалавек.

— Радрыга, скажы…

— Ніякіх пытанняў, Ларэнца!

Ён адсунуў плячом стол і цяжка падняўся. Яго смуглы, пахмурны твар пачырванеў, вочы былі змучаныя і таксама чырвоныя.

— Ларэнца, свет наш — куча гною, разумееш гэта? Не, ты яшчэ нічога не перажыў, нічога не ведаеш. Абернешся — убачыш злачынства, здраду, на кожным кроку атруту нікчэмных пігмеяў. Яшчэ нядаўна я пакутаваў, дакараў сябе за подласць. Божа вялікі, які я быў дурань! Чалавек, які лічыў мяне сябрам і ў якім я таксама бачыў сябра, цяпер у сутарэннях Святой інквізіцыі. Дзякуючы мне, разумееш? І я не шкадую; Бог мне за сведку, што зрабіў я правільна. Што такое повязі сяброўства і ўсе пачуцці ў параўнанні з маёй службай? Слухай, Ларэнца, я сказаў, што люблю цябе. Сказаў я так?

— Сказаў, — шапнуў Ларэнца.

— Ты малады, прыгожы, у тваіх вачах, як у люстэрку, адбіваецца чысціня тваёй душы, але ведай, што хоць і моцна я цябе люблю, больш, можа, нават, чым ты думаеш, аднак, калі заўважу ў табе хоць цень злачыннай думкі, падступнага намеру, бадай, хоць адну плямку на тваёй веры і адданасці, я першы зраблю ўсё, каб знішчыць цябе, як нішчаць ворага. Сцеражыся мяне!

Ларэнца таксама ўстаў. Увесь збялеў, вочы пацямнелі. Дон Радрыга паглядзеў на яго і голасна, нечакана звонка засмяяўся.

— Шчанюк, нават думак сваіх не ўмееш хаваць. Па вачах тваіх бачу, што падумаў. Ты падумаў: і ты мяне сцеражыся.

Ён яшчэ з хвіліну смяяўся, пасля раптам замоўк і кароткім рухам рукі загадаў:

— Ідзі, хачу пабыць адзін.

Дон Ларэнца, усё яшчэ бледны і з цёмнымі вачыма, службіста выпрастаўся.

— Так, дастойны капітане, — сказаў хлапечым, нязвыкла ясным голасам.

Пасля беззаганна зрабіў устаўны паварот і выйшаў з цэлі, трошкі замоцна бразнуўшы дзвярыма.

Неўзабаве пасля гэтага, не больш чым праз гадзіну, у Санта Марыя ла Анцігуа прыехаў інквізітар Святога трыбунала ў Валадолідзе падрэ Крыстобаль Галвез, дамініканец. На дзядзінцы госця вітаў прыёр Санта Марыі, ссівелы падрэ Аўгусцін д'Акунья, пасля чаго абодва айцы падаліся ў старую частку кляштара, дзе ў рэфекторыі, які памятаў даўныя і слаўныя часы караля Альфонса VІ, госця чакалі капітан фамільянтаў і брат Дыега.

Падрэ Галвез, нягледзячы на сваё калецтва — ён кульгаў на левую нагу, — увайшоў шпаркім крокам і, абыякава агледзеўшы строгі пакой, нецярпліва глянуў на прысутных.

— Даўно не быў у гэтых святых мурах, — сказаў да прыёра. — І вось я тут. А дзе ж вялебны айцец? Ён выклікаў мяне. Чаму так позна?

Пан Радрыга дэ Кастра выйшаў з-за калоны, у цяні якой стаяў.

— Дазволь, вялебны ойча, даць табе тлумачэнні.

— Так, — коратка сказаў падрэ Галвез.

— Вялебны айцец сапраўды выклікаў вас, але, на жаль, не зможа пагаварыць з вамі асабіста, бо ўвесь свой час аддае малітвам і роздуму.

— Цяпер? — гнеўна здзівіўся падрэ Галвез. — Адкуль такое рашэнне? Што тут робіцца? Чаму вы прыехалі ў сталіцу ноччу, нікога не папярэдзіўшы? Горад трашчыць ад плётак. Чаму вялебны айцец ні з кім не хоча гаварыць?

— Прабач, вялебны ойча, — спакойна адказаў пан дэ Кастра, — я не ўпаўнаважаны расследаваць рашэнне вялебнага айца.

Падрэ Галвез хуткім паглядам акінуў постаць маладога рыцара.

— Хто вы?

— Капітан фамільянтаў Вялікага інквізітара, — сказаў пан дэ Кастра.

Пасля, паказаўшы на Дыега, які стаяў непадалёк, сказаў:

— А прысутны тут брат Дыега — асабісты сакратар вялебнага айца.

Падрэ Галвез, падцягваючы скалечаную нагу, падышоў да Дыега.

— Віншую, мой сыне. У табе несумненна асаблівыя цноты і здольнасці, калі, такога маладога, паставіў цябе вялебны айцец так блізка ля сваёй асобы.

Брат Дыега схіліў галаву.

— Вялебны айцец наказаў таксама прывітаць вас і перадаць вам сваё дабраславенне. І разам з гэтым вялебны айцец выказаў шкадаванне, што згодна з вашымі абавязкамі вы павінны, і неадкладна, заняцца пэўнай справай, надзвычай цяжкай і балеснай.

Падрэ Галвез слухаў няўважна, пазіраючы ўбок, гнеўна хмурыў цёмныя, кусцістыя бровы. Раптам выпрастаўся.

— Сядзем, — сказаў тонам, не звыклым да пярэчанняў.

І першы парывістым крокам пайшоў да стала, які стаяў у глыбіні рэфекторыя, і, сеўшы, пачаў чакаць, пакуль усе зоймуць месцы.

— Слухаю, — сказаў.

Брат Дыега, які сціпла сеў аподаль, устаў і амаль манатонным голасам расказаў усё. Скончыўшы, сеў і залажыў далоні ў рукавы сутаны.

— Гэта ўсё? — спытаўся падрэ Галвез.

— Астатняе ў вашых руках, вялебны ойча, — адказаў брат Дыега.

— Так, — згадзіўся той абыякава. — І што ж вы на гэта скажаце, ойча Аўгусце?

Сівы прыёр не хаваў прыгнечанасці і заклапочанасці.

— Страшэнна цяжка дасведчыў нас Бог, — сказаў дрыготкім голасам чалавека, зламанага няшчасцем.

— Бог? — здзівіўся падрэ Галвез. — Ужо ці не лічыш ты, ойча Аўгусце, што Бог падсыпаў атруты ў віно вялебнаму? Гэта ўсё, што маеш паведаміць?

Падрэ д'Акунья бездапаможна развёў рукі.

— Усё? — крыкнуў падрэ Галвез, стукнуўшы кулаком па стале. — Як гэта ўсё, пад дахам твайго кляштара выспела сама жудаснае злачынства, рыхтавалі падступны і таемны ўдар, у самы мозг і сэрца, а ты нічога не ведаеш, нічога не бачыш, сляпы, глухі? На якім жывеш свеце? Толькі маліцца і ўмееш? З анёламі і са святымі толькі гавэнды разводзіш? Розум на старасці страціў? Далібог, калі б не твая ўсім вядомая святасць і набожнасць, інакш бы з табой, ойча Аўгусце, гаварыў Святы трыбунал.

Стары прыёр не спрабаваў бараніцца. Унурыўшыся ў вялікім крэсле, пад градам абвінавачанняў ён усё ніжэй схіляў сівую галаву. І, нягледзячы на гэта, не мог стрымаць дрыжыкаў. «Вось якая яна, сіла страху», — падумаў Дыега. І хоць быў змалку прывучаны паважаць святасць і старасць, усё-такі зласліва ўсміхнуўся. І апамятаўся толькі тады, калі, глянуўшы на твар пана дэ Кастра, які ў бляску сваёй залацістай зброі сядзеў па другі бок стала нерухомы, як статуя, убачыў гэткую ж усмешку. Погляды абодвух маладых людзей сустрэліся і адразу разышліся. Брат Дыега апусціў павекі. «Божа! — падумаў, не вельмі разумеючы, што хоча выказаць гэтым безгалосым воклічам. Разгубіўшыся на хвіліну ад сваіх думак, адчуў, як яго перапоўнілі смутак і адначасова раптоўная салодкая туга. — Навошта? Дзеля чаго?» Гэтага ён не мог сказаць, бо якраз у гэты час падрэ Галвез, з несхаванай пагардай адвярнуўшыся ад айца Аўгусціна, нахіліўся да Дыега, які, выведзены голасам айца інквізітара з задуменнасці, нямала ўзрадаваўся, што здолеў захаваць незамутнёны спакой.

Поделиться с друзьями: