Цемра зямлю ахінае
Шрифт:
— Наогул і пра яе, але і не толькі. Найяснейшы кароль, найяснейшая каралева! Я цаню суровасць, з якою Святыя трыбуналы выкрываюць і караюць ератыкоў, апасаюся, аднак, што калі гэтая суровасць пачне закранаць найпершых паноў каралеўства, няславай пакрываючы людзей, якія ад нараджэння пастаўлены вышэй за тлум сваёй годнасцю і маёмасцю, тады з гэтага можа вынікнуць для нас болей шкоды, чым карысці. Гэта заклапочанасць якраз, вялебныя айцы, і трывожыць мяне.
Герцаг Карнэха ўсклікнуў:
— Што вы здабудзеце, выдаючы плебеям на ганьбу і прыніжэнне сыноў знакамітых родаў? Што вы нарабілі ў Арагоне? Ці ж не мы — той трывалы падмурак, на якім вы павінны трымацца?
Вялікі і станісты пан маркіз дэ Вілена, забыўшыся пра шацунак да Іх Каралеўскіх Мосцяў, стукнуў кулаком па білцы крэсла.
— Альбо вы сляпыя, айцы, альбо шалёныя? На каго замахваецеся? Калі і далей пойдзеце гэтай дарогай, можа, і мяне паставіце перад сваім трыбуналам?
Зноў запанавала цішыня. Першы азваўся падрэ Тарквемада, і яго голас, сцішаны і поўны спакою, гучаў адмыслова пасля нечаканага выступлення пана дэ Вілены. Падрэ Тарквемада сказаў:
— Не памыляецеся, годны пане. Няхай усемагутны Бог не абыдзе вас сваёй апекай, каб гэта не стала неабходнасцю.
Кроў ударыла пану дэ Вілену ў твар.
— Пагражаеце, вялебны ойча? Мне?
— Каму трэба зняславіць пасля смерці пана дэ Сігуру? — крыкнуў герцаг Медына. — Калі ўжо пан дэ Сігура стаў перад судом Божым, хай Бог і судзіць яго правіны.
Падрэ Галвез павярнуў да яго пацямнелы твар.
— І каго ж вы бароніце, герцаг? Вераломцу і атрутніка?
— Памыляешся, вялебны ойча, — адказаў той. — Не пана дэ Сігуру бараню, а гонар рыцарскага стану. Я ведаю, што грэх можа ўціснуцца ўсюды, а грахі, нават асабліва цяжкія, могуць стаць доляй нават сама моцных гэтага свету, але ці азначае гэта, што іх адразу трэба выносіць на святло? Чаму зло, якое хутчэй прыхаваць належала б і акружыць маўчаннем, вы выдаяце на рабунак чэрні? Хочаце павярнуць супраць нас цёмныя мэтлахі?
Кароль Фердынанд сядзеў на троне, апусціўшы выпуклыя павекі, упёршы тоўстыя і трохі караткаватыя рукі ў шырока расстаўленыя сцёгны. Святая каралева Ізабэла, здавалася, задумалася і была смутная. У цішы пачуўся цяжкі ўздых пана дэ Вілены.
— Пан герцаг Медына слушна сказаў, — пачаў падрэ Тарквемада, — што грэх і загана не абмінаюць на гэтым свеце нават сама высокапастаўленых. Глыбока, аднак, памыляецца, умаўляючы нас, каб мы праўду выкрыцця падмянілі баязлівым маўчаннем. Што ж вы раіце нам, годныя панове? Няўжо ў вас так мала даверу да праўды, што фальшыва зразуметае паняцце славы вашага сану вы ставіце над ёю?
— Аслабляючы нас, аслабляеце і праўду, — адказаў пан Карнэха.
— Не! — усклікнуў падрэ Тарквемада. — Калі мы маем адвагу гоіць нават сама балючыя раны, дык якраз толькі таму, што мы дастаткова моцныя, каб выкрыць і абясшкодзіць усякае зло. Яшчэ раз пытаюся ў вас, што вы нам дарадзіце? Што для вас — законы, што для вас — справядлівасць? Маўчыце? Дык я вам адкажу: ваша пыха перавышае вашу веру. А калі вера ў вас слабне, як жа вы можаце верыць у перамогу? Але і тое вам яшчэ скажу: ніколі Святая інквізіцыя не паддасца падобным падступствам, ніколі не дасць сябе звесці якім-небудзь спробам паслаблення еднасці, адзінства. Бязлітасна будзем адцінаць ад камля кожную хворую або высахлую галіну.
Пан герцаг Медына Сідонія, збялелы ад гневу, сарваўся са свайго месца.
— Найяснейшы пане, кароль! Пан дэ Сігура цяжка саграшыў, гэта праўда, але ж у ягоных жылах цякла кроў сама знакамітых родаў Гішпаніі. Не дапусціце такога страшнага паганьбення.
На гэта азваўся кардынал дэ Мендоза, які дагэтуль маўчаў:
— Што ганьба — грэх ці кара?
— Мы тут чуем галасы, — сказаў падрэ Галвез, — якія да ганьбы грэху хацелі б дадаць ганьбу беспакаранасці.
Кароль Фердынанд падняў павекі. Спачатку яго лупатыя бледна-блакітныя вочы, нібы ашаломленыя святлом, здавалася, глядзелі толькі з санлівай стомленасцю. Але праз хвіліну, хоць усё яшчэ без бляску, сталі яны калючыя і халодныя. Затое на прыгожых вуснах задуменнай каралевы Ізабэлы з'явілася ледзь прыкметная, вельмі далікатная і поўная смутнай слодычы ўсмешка.
Фердынанд пачаў гаварыць, добра ўсё абдумаўшы:
— Калі кароль і каралева ўстаноўліваюць законы, не варта падданым і асабліва найпершым у каралеўстве прасіць маестат, каб ён дазволіў ламаць іх.
Тут ён выпрастаўся, і голас яго раптам загучаў з сілай:
— Каралева і я, увесь час дбаючы пра трыумф праўды і канчатковае аб'яднанне каралеўства, лучымся з усім народам упэўненасцю, што не маглі б распачаць справу больш пачэсную для нашых абавязкаў. Пан дэ Сігура дачыніўся да такога страшнага злачынства, што мы з трона не можам даць яму ніякага прабачэння. Мы лічым таксама, што, прызначаючы сканфіскаваны пасля яго маёнтак на мэты, любасныя Госпаду Богу, якімі з'яўляюцца войны з паганцамі, мы тым самым у Найвышэйшага будзем здабываць ласку для душы, заплямленай нягодніцкім учынкам. Гэта ўсё, што мы можам зрабіць пану дэ Сігуру і такім, як ён. Што ты думаеш пра гэта, мая Ізабэла?
Адказала Ізабэла:
— Думаю тое самае, што і ты, пане.
— Пан кароль, — сказаў маркіз дэ Вілена, — забываецца, колькі яго продкі, а таксама ён павінны панам каралеўства. З якога гэта часу чорная няўдзячнасць пасялілася ў сэрцах каралёў?
Нейкую хвіліну здавалася, што кароль Фердынанд выбухне гневам. І каралева Ізабэла перастала ўсміхацца. І ў гэты час наперад выйшаў брат Хімэнэс.
— Гнеў і абраза, зазвычай, — не найлепшыя дарадцы, — сказаў напаўголаса, з адценнем лагоднага ўмаўлення. — Але калі ўжо гаворка зайшла пра забытае, розум падказвае пацвердзіць, што на загану памяці не Іх Каралеўскія Мосці хварэюць. Гэта хутчэй некаторыя паны забыліся ці памятаць не хочуць, што не адны яны — падпора трону і царкве. Мы зрабілі б, як я мяркую, вялікую памылку, калі б не цанілі, як шмат для ўмацавання парадку ў каралеўстве робяць гарады і замкі, з'яднаныя ў святой германдадзе. Аднак мы ніколі не чулі, каб перад абліччам Святых трыбуналаў жыхары гарадоў дамагаліся сабе нейкіх асаблівых прывілеяў.
— Каталіцкі народ, — сказаў падрэ Тарквемада, — не толькі перад абліччам веры не просіць сабе прывілеяў, але ўдзячны Святой інквізіцыі за тое, што яна вызваляе і ратуе яго ад адзінак, якім у грамадстве няма месца.
Доўгае маўчанне было пасля гэтых слоў.
— Дык вы плебейскім мэтлахам страшыць нас хочаце? — сказаў нарэшце глухім голасам пан дэ Медына.
А пан дэ Вілена дадаў:
— Знішчыць нас і абаперціся на плебс?
У гэты час, рэзкім рухам адсунуўшы крэсла, устаў падрэ Тарквемада.
— Божа святы! — усклікнуў. — Хто ж на гэтай радзе асмельваецца гаварыць: мы і вы? Ці ж мы не ў адзінстве? Ці ж не лучыць нас адна вера і ці не адзін Бог жыве ў нашых сэрцах? Да чаго дайшло! Каб мы паміж намі капалі яму, як паміж вернымі і нявернымі? Падумайце, не спіць непрыяцель, вораг нас акружае з усіх бакоў, да ста злачынстваў штогадзіны ўчыняе, здрадніцкія ўдары з цемры нам рыхтуе, на слабасць нашу спадзяецца, кожную нашу памылку нецярпліва цікуе, разлому, разладу нашага прагнучы, з кожнай памылкі нашай шалёна радуецца, а тут, дзе асаблівая еднасць панаваць павінна і быць найвышэйшым законам, вышэйшым за ўсякія мізэрныя намыслы, тут гавораць: мы і вы? Хто ж тады вы і хто мы? Не ведаю, сапраўды, кім вы, годныя панове, быць хочаце, але я, сціплы мнішак, магу вам сказаць, чаго мы, справе веры служачы, прагнем. Еднасці прагнем і паслушэнства ёй. Усе мы роўныя перад гэтай еднасцю, і адны законы яднаюць нас у паслушэнстве. Мы ведаем вашы слаўныя імёны, ведаем вашы заслугі, ведаем веліч і колькасць вашых продкаў, але, ведаючы ўсё гэта і цэнячы высока, мы хацелі б таксама ведаць і вашы думкі, каб і іх цаніць гэтаксама высока, калі яны — і нашыя думкі.
— Пан кароль сказаў сваё апошняе слова, — уставіў стары герцаг Карнэха.
— Мы не схопімся за мечы, каб бараніць пана дэ Сігуру, — дадаў пан дэ Медына.
На гэта вялебны айцец адказаў:
— Калі б у мяне спыталіся годныя панове, які з двух бунтаў больш грозны, бунт мяча ці бунт думкі, гэты другі я прызнаў бы за бунт, які нясе незлічоныя небяспекі. Сапраўды, няўжо вы лічыцеся толькі з каралеўскай воляй? А з Вышэйшай праўдай, з Богам?
Такой сілай загучаў яго голас, што трое схілілі галовы. Пад канец устаў пан Карнэха і сказаў: