Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Цемра зямлю ахінае

Анджаеўскі Ежы

Шрифт:

Тарквемада падняў галаву, і позірк яго цёмных глыбока пасаджаных вачэй застыў на Дыега.

— Памыляешся, бо нават сама смелай думкай ты не патрапіш асягнуць царства божае. Ты не бачыш і не разумееш яго. Думаў ты калі: можа, палкасць твая — выява волі божай, можа, абяртаецца супраць яе? Ці набліжае перамогу праўды, ці бунтуе супраць асноў праўды? Ці наша гэта, хрысціянская палкасць, ці чужая нам духам, ератыцкая, варожая? З палкасцю, сыне мой, бывае так, як з кожнай чалавечай рэччу; не існуючы сама ў сабе, яна, у адарванні ад заблытаных спраў свету, можа абярнуць сваю гвалтоўную сілу як на дабро, так і на зло, адзін раз служыць праўдзе, а другі раз кіруе сваё дзеянне супраць яе? Ты хрысціянін?

— Ойча вялебны, калі б я не быў хрысціянінам, не кранала б мяне так віна маіх братоў.

— Ты сын царквы?

— Ойча, калі б царква магла гучна і свабодна гаварыць вуснамі праведных, дык на ўвесь свет, на ўсе хрысціянскія краіны разнёсся б страшлівы крык роспачы, не! што я кажу? не роспачы… крык гневу скалануў бы зямлю. Божа мой, што зрабілі з вучэннем Хрыста? Якую праўду можна знайсці там, дзе яна трымаецца толькі на хлусні, гвалце і прымусе? Хрыстос казаў, што любоў усё можа, горы здолее перанесці…

— Горы, горы! — голас Тарквемады па-старэчы заскрыпеў. — Павярхоўна, сыне мой, разумееш навуку Хрыстовую. Ты яшчэ не прасякнуўся ўсёй глыбінёю праўды. Што ты ведаеш пра шляхі, якімі належыць весці люд да збавення? Што ты ведаеш пра павольнае, векавечнае збудаванне божага царства? Ты са сваім вопытам, меншым за жменьку пяску. Што ты бачыў, што перажыў?

— Многае, ойча, бачыў. Бачыў сама жудасны гвалт, які чынілі з людзьмі, бачыў, як глуміцца годнасць чалавечая…

— А што ты ведаеш пра ажыццяўленне вучэння Хрыста? Што табе вядома са складанага ператварэння слоў у дзеянне? Ці ведаеш ты формы і памеры зла? Ці ведаеш ты абавязкі, якія садзейнічаюць упарадкаванню? А чалавек, натура чалавечая! Што ты ведаеш пра чалавека?

— Я сам чалавек.

— Які?

— Чалавек.

— У чалавечай форме і ератыкі і паганцы. Ці прызнаеш ты, што вучэнне царквы — адзіная праўда і няма, апроч яе, ніякай іншай праўды?

— Ойча, я не адступнік.

— А праўда — ці не ёсць яна дабро?

— Дабро, ойча. Найбольшае дабро.

— Калі ж праўда — гэта дабро, дык што такое скрыўленне праўды — ці не зло гэта? А зло, ці не трэба яго вынішчаць і ламаць? Ці мы павінны дазволіць, каб яно ўбіралася ў сілу? Не, мой сыне, не дастаткова толькі прызнаваць праўду. Праўду трэба абараняць ад усякіх яўных і замаскаваных падкопаў зла. Праўду трэба мацаваць штодзённа, кожную гадзіну і хвіліну.

«Адкуль гэта святло?» — зноў падумаў Дыега. І сказаў няўпэўнена:

— Ойча, а калі мы абараняем праўду нягоднымі сродкамі, дык ці не агняздуецца зло ў самым сэрцы праўды?

— Што ты называеш нягоднымі сродкамі? Ужыванне сілы? Меч справядлівасці? Падумай, чым бы стала праўда, калі б не была здольная ўжываць сілу і калі б у яе руцэ не было зброі, якою можна забяспечыць права. Не, нічога ты не ведаеш пра натуру чалавека!

— Я ведаю, што людзі пакутуюць і мучацца звыш меры сваіх правінаў, а часта і без віны.

— Я таксама ведаю гэта.

— Ты?

— Святая інквізіцыя, мой сыне, дастаткова моцна апіраецца на зямлю і добра ведае, што на ёй робіцца. Але хто ж асмеліцца сцвярджаць, што царства божае можна збудаваць без пакут, крыўд і ахвяр? Чалавек, сыне мой, — істота ўшчэрбная, слабая, кволая. Лёгка паддаецца спакусам зла і вельмі часта не можа нават супрацьпаставіць гэтым сваім натуральным схільнасцям сваё ўсведамленне дабра. На жаль! Ніякаму чалавечаму пачуццю нельга цалкам даверыцца, нельга давяраць да канца ніякім думкам. Сама лепшыя пачуцці могуць, як дым на ветры, мяняць свой кірунак. Думка чалавека можа сёння кленчыць, а заўтра кусаць.

— Ойча, няўжо зло такое магутнае, такое шырокае?

— Небяспека зла, сыне мой, зусім не грунтуецца на яго моцы. Дзякуючы існаванню царквы зло аслаблена ў самім сваім зародку, разадрана супярэчнасцямі. Злачынствы пажыраюць сябе ўзаемна, а грахі і заганы змагаюцца самі з сабою, разам гніюць; ерась, адрываючыся ад праўды, курчыцца ў такіх самых канвульсіях. Не, зло не магутнае і не непераможнае! Гэта чалавек слабы, і дзякуючы яго пахібнасці, заганнасці і несвядомасці зло можа ўзнаўляць сваю сілу, набываць нечаканыя формы, часта замаскаваныя, вельмі жывучыя. Што мог бы зрабіць чалавек, аддадзены толькі сваёй сіле? Сыне мой, царства божае яшчэ не ўвайшло ў свядомасць людзей. Але ці ж азначае гэта, што чалавецтва не дасягне збавення? Не! Трэба вучыць людзей насуперак іх волі. Трэба гады ў гады фарміраваць свядомасць чалавека, знішчаючы ў ёй зло, якое затрымлівае прыход царства божага. Людзьмі трэба кіраваць, разумееш, мой сыне? Правіць! І гэта наша задача. На нас, на Святую інквізіцыю, ускладзены гэты вялікі гонар. Мы тыя, каго Бог паставіў у пешыя шэрагі сваіх войскаў. Мы — мозг і меч праўды, прынамсі, думка і дзеянне павінны быць адзіныя.

— Людзі пакутуюць, — ціха сказаў Дыега.

— Ведаю. Але ж не хто-небудзь, а менавіта мы хочам вызваліць іх ад гэтых пакут. Мы хочам, каб не было ніякіх пакут і супярэчнасцяў.

— Калі?

— Пытаешся — калі? Праз сто, праз дзвесце, можа, праз тысячу гадоў. Мудрасці павінна спадарожнічаць цярплівасць. Многа часу сплыве, пакуль чалавецтва, вызваленае ад абавязковага прымусу ўжо цяпер, самахоць і свядома, прыняўшы нашы прынцыпы і імкнучыся да выратавання, паўсюль прыме святло вечнай праўды, каб самому стаць вечнасцю.

Дыега закрыў твар далонямі.

— Ойча мой, у галаве ў мяне месіва, чую сябе так, нібы ты скінуў мяне ў страшную прорву.

— Змагайся ў яе змроку, каб вывесці чалавецтва да поўнага святла.

— Што ж я магу табе, ойча вялебны, сказаць? Я люблю людзей цяпер, сёння?

— Ніс еt nuns? Гэта добра. З любові нараджаецца літасць, а яна непазбежна ператвараецца ў пагарду.

Дыега ўздрыгнуў.

— Не!

— Калі б ты не любіў людзей сёння, не мог бы пагарджаць імі заўтра.

— Я не хачу пагарджаць людзьмі.

— А здолееш любіць істоты пахібныя і заганныя? Скажоныя падступнасцю, істоты вераломныя і здрадніцкія?

— Я магу іх зразумець. Магу дапамагаць ім.

— Дабру, а не злу трэба дапамагаць. А што з той любові? Ці не парушае яна раўнавагі душы? Ці не зацямняе яснасць распазнання, ці не нашэптвае парады прабачаць там, дзе патрэбна суровая безумоўнасць? За любоўю заўсёды павінен хадзіць яе цень — слабасць.

— Не! — закрычаў Дыега. — Каханне, любоў — сіла.

— Любоў — слабасць. Яна ж не толькі не ўзмацняе ў нас нянавісць да зла, а сваёй літасцю, якая не што іншае, як прызнанне людской нэндзы і згода на гэту нэндзу, вымушае нас, урэшце, скарыцца злу. Не, мой сыне, любові няма месца ў натуры праўды, якая змагаецца. Любячы праўду, не можаш ні кахаць, ні літавацца з таго, што супрацьпастаўляецца ёй. Што да праўды, дык тут няма непадазроных людзей. Усе пад падазрэннем. У кожным чалавеку можа пасяліцца зло, зло, якое ў пару не было спынена — і яно паглыбляецца, раз'ядае душу, і, нарэшце, толькі нейкі крок аддзяляе яе ад мяжы, за якою чалавек, заблудзіўшыся, робіцца небяспечным ворагам, носьбітам злачынных ератычных поглядаў. Кожны грэх, сыне мой, у сваёй завязі — грэх супраць праўды. А што такое любоў у параўнанні з гэтым велізарным скажэннем? Што такое душа, ахопленая любоўю, але заглушаная болем пакуты і змучаная літасцю?

Поделиться с друзьями: