Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Цемра зямлю ахінае

Анджаеўскі Ежы

Шрифт:

— Ты сказаў, мой сыне, — сказаў падрэ Галвез, — што пан дэ Сігура пад выглядам адбытай споведзі спрабаваў спачатку адмовіцца каштаваць ежу вялебнага айца.

— Так было, вялебны ойча, — пацвердзіў брат Дыега.

— Мала, на жаль, я ведаў пана дона Карласа. Ён карыстаўся, наколькі я ведаю, вялікай славай хрысціянскага рыцара. Праўда ж?

— Праўда, ойча. Росту славы часта спрыяюць у вачах людзей ганарыстасць і недаступнасць.

— Ён быў ганарысты?

— Думаю, што не ад вялікай сціпласці неахвотна выказваў перад людзьмі свае думкі.

— Як гэта разумець?

Дыега адчуў раптам, нібы ён апынуўся на краі прорвы.

— Ойча вялебны, — сказаў, трохі падумаўшы, — мне здаецца, што я занадта малады і недасведчаны, каб беспамылкова меркаваць, дзе канчаецца выгляд віны і дзе пачынаецца сапраўдная віна.

Падрэ Галвез нецярпліва зварухнуўся.

— Выгляд? Што ты кажаш, мой сыне? Што такое твой выгляд віны? Гэта толькі наша хвіліннае і выключна суб'ектыўнае няўменне ўбачыць віну. Ці існуе гэты «выгляд» як факт? Не існуе, гэта ясна. Лічыцца толькі віна, а яна ёсць або яе няма. Гэта ўсё.

Брат Дыега пачырванеў ад сораму і прыніжэння. Як ён мог падумаць так наіўна! Толькі цяпер яму стала ясна, што паслушэнства вышэйпастаўленым не ў тым, каб ухіляцца ад выказвання сваіх думак, а ў тым, каб адгадваць думкі вышэйпастаўленых і згаджацца з імі.

— Ойча вялебны, — сказаў ён, упершыню ў жыцці свядома скарыстаўшы юнацкую шчырасць свайго голасу, — калі я ўжыў выраз «выгляд віны», то толькі ў значэнні, якое ты гэтым словам надаеш.

— Род пана дэ Сігуры належыць да найстарэйшых у каралеўстве Арагон, — азваўся з другога канца стала пан дэ Кастра.

На гэта падрэ Галвез:

— На жаль, вопыт нас вучыць, што чым больш славутае мінулае мае хто, тым менш яму трэба давяраць. Здавалася б, слава, багацце, прызнанне заслуг, бляск імя і роду павінны ўжо з прычыны самой сваёй прыроды служыць праўдзе. Тым часам менавіта сярод іх так часта плодзяцца і пасвяцца сама агідныя злачынствы. Сапраўды, словы нашага пана Ісуса Хрыста: «Дабраславёныя ўбогія духам» маюць большую мудрасць, чым гэта можа ўявіць абмежаваны розум чалавека. І царства божае настане на зямлі не раней, чым чалавецтва стане грамадствам прасцякоў.

Брат Дыега слухаў з сур'ёзным тварам, але не засяроджана. Ён да гэтага часу лічыў, што яму варожая, неўласцівая зайздрасць. Тым часам якраз гэта з'едлівае пачуццё ятрылася ў ім цяпер. Ці ж ён не ведаў, як і дон Радрыга, што пан дэ Сігура паходзіў з заможнага арагонскага роду? Чаму ж не патрапіў у пару выкарыстаць гэты важны, як аказалася, аргумент, чаму дазволіў апярэдзіць сябе?

Паглядзеў на пана дэ Кастра і, убачыўшы яго малады твар, на якім быў поўны спакой і здысцыплінаваная самаўпэўненасць, зноў пачуў, як яго захліснула хваля зайздрасці.

Хвіліну панавала цішыня.

— Што ты збіраешся рабіць, вялебны ойча? — ціха спытаўся стары прыёр.

— Зараз даведаешся, ойча Аўгусце, — адказаў падрэ Галвез. — Не здаецца бо верагодным, каб у такім выпадку злачынца мог дзейнічаць адзін, найлепш было б выклікаць у Святы трыбунал усіх братоў.

Падрэ Аўгусцін падняў галаву. Яна дрыжала. У старых, стомленых вачах стаялі слёзы.

— Божа вялікі, няўжо сапраўды хочаш зрабіць гэта?

Той паціснуў плячыма.

— Не, гэтым разам абыдуся. Святая інквізіцыя зусім не зацікаўленая, каб гэта старажытнае і вартае павагі месца пакрыць ценем няславы. Зрэшты, мы верым, што, за выключэннем тваёй, ойча, слабасці, большасць братоў бязмежна верная традыцыям гэтых муроў, а таксама, што найважней, духу нашага таварыства. Толькі вас, пане дэ Кастра, — павярнуўся да дона Радрыга, — абавяжам, каб вы неадкладна перадалі Святому трыбуналу таго служку, з рук якога брат Дыега прыняў ежу вялебнаму айцу.

— Ойча Крыстобаль, — усклікнуў падрэ Аўгусцін, — але ж ён яшчэ дзіця горкае.

Падрэ Галвез з'едліва ўсміхнуўся.

— Табе, ойча Аўгусціне, усе людзі невінаватыя. Аж цяжка, слухаючы цябе, зразумець, адкуль сярод гэтай суцэльнай невінаватасці бяруцца злачынствы, ерась і грэх. А можа, іх і няма? Можа, ты прыйшоў да такіх святых перакананняў? Калі так, дык чаго непакоішся за гэта хлапчо? Святы трыбунал больш, чым які-небудзь іншы зямны суд, шануе сапраўдную невінаватасць і, змагаючыся супраць зла, бароніць менавіта яе.

Сказаўшы гэта, падрэ Галвез устаў, і ўся нарада скончылася.

Ужо назаўтра выявілася, што вялебны падрэ Галвез не памыляўся, дакараючы айца Аўгусціна за недальнабачнасць і вартую кары страту пільнасці. Шаснаццацігадовы Пабла Заратэ, які ўсяго толькі некалькі месяцаў адбываў навіцыят у Санта Марыя ла Анцігуа, прызнаў пасля нядоўгага следства, што, калі ён нёс сняданак вялебнаму айцу, яго спыніў на дзядзінцы пан дэ Сігура, загадаў яму паставіць ежу і вярнуцца ў кляштарную кухню вымыць нібыта не вельмі чыстыя рукі. З гэтага ўсё стала ясна. Вораг, як стогаловая гідра, адраджаецца, нягледзячы на ўдары, якія яму наносяцца пастаянна. Выкрыты і вынішчаны ў Сарагосе, ён адразу высоўваў злачынныя мацкі ў другім месцы, намагаючыся любой цаной зняверыць і аслабіць парадак, пасеяць у галовах людзей смуту, а ў сэрцах неспакой.

Побач з гэтымі выяўленымі акалічнасцямі правіна Пабла не здавалася асабліва цяжкай і хоць, калі лічыцца з вынікамі, назаўсёды пазбаўляла яго магчымасці вярнуцца ў кляштарныя муры, аднак толькі тое, што здарылася пасля, кінула цяжкі цень на здаровасць душы гэтага падлетка, якога, на жаль, так неабачна дапусцілі да адбывання духоўнага навіцыяту. Неўзабаве пасля таго, як ён даў паказанні, гэта значыць, у час, калі ён найбольш павінен быў сумленна выказаць жаль і панесці належную кару, Пабла Заратэ, замест таго каб пайсці па шляху веры, павесіўся ў цэлі, дзе быў увязнены, і гэтым бязбожным учынкам засведчыў, што замест пачцівага жыцця хрысціяніна ён выбірае ганьбу і вечнае асуджэнне.

Вестка пра гэта вартае шкадавання здарэнне дайшла да Санта Марыя ла Анцігуа раніцай, яшчэ да першай ранішняй імшы, якую ўжо колькі гадоў адпраўляў звычайна айцец прыёр. І ў гэты дзень, як заўсёды, ён выйшаў са святой дараносіцай, але неяк так ужо недалужна, нібы сляпец, хадзіў каля алтара, а голас, нават калі ён чытаў ціха, не хацеў яго слухацца, што ў натоўпе святых братоў спярша пранёсся нейкі неспакойны шум, пасля залегла цішыня, і старэчаму мармытанню падрэ Аўгусціна адказвалі толькі самотныя арганы ў глыбіні храма. Немалое таксама здзіўленне ахапіла ўсіх, калі, блаславіўшы на заканчэнне ўсіх прысутных, падрэ Аўгусцін астаўся каля алтара і ціха, але вельмі выразна сказаў:

— А цяпер, браты, прачытаем «Ойча наш» і «За здароўе Марыі» за чыстую і нявінную душу нашага малодшага брата Пабла.

Магільная цішыня настала пасля гэтых слоў. Не зрушыўся з месца ні брат Дыега, які самотна стаяў з боку алтара, ані пан дэ Кастра, які ў сваёй залатой зброі стаяў крок наперадзе сваіх фамільянтаў.

Такая сіла была з гэтых двух людзей, што ніхто з братоў не адважыўся ўкленчыць.

Падрэ Аўгусцін з хвіліну глядзеў на нерухомы натоўп у прыцемку храма, усё большая бледнасць пакрывала яго змаршчынены пакутамі твар, і, нарэшце, адвярнуўся і, укленчыўшы ля падножжа алтара, пачаў маліцца адзін. Брат Дыега і пан дэ Кастра першыя перахрысціліся і разам рушылі да дзвярэй рызніцы. За імі пачалі выходзіць служкі вялебнага айца, і храм напоўніўся цяжкім звонам даспехаў. Потым, ужо ў цішыні, адзін за адным, схіліўшы галовы і не гледзячы адзін на аднаго, выходзілі браты.

Поделиться с друзьями: