Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Цемра зямлю ахінае

Анджаеўскі Ежы

Шрифт:

Ноч сапраўды канчалася, і, калі брат Дыега ішоў кляштарным дзядзінцам, на небе, ужо на ўсходзе асветленым блакітнаватым водбліскам, зоркі пачалі тухнуць. Мглістая шэрань золку залівала паветра, і холад гэтай апошняй начной гадзіны быў асабліва пранізлівы.

У цені каланады стаяў чалавек. Дыега спыніўся, пасля падышоў бліжэй.

— Гэта ты, Матэа?

— Я, — сказаў той. — Адкуль ідзеш? Ты быў у царкве?

— Быў.

— Божа вялікі! Ты бачыў яго?

— Пра каго ты? Я бачыў д'ябла.

— Дыега!

— На гэты раз ён перамог мяне. Я маліўся з ім.

Брат Матэа схапіў яго за руку.

— Дыега, мой маленькі Дыега. Я прачнуўся ноччу, пайшоў у тваю келлю, але яна была пустая. Пасля ў калідоры мне загарадзіў дарогу малады рыцар, адзін з яго служак. Ён спытаўся ў мяне: «Куды вы ідзяце, вялебны браце?» Я адказаў: «У царкву». Тады ён крануў мяне за плячо і сказаў: «Ужо ноч, вялебны браце, не перабівайце нашаму шаноўнаму айцу хвілін самотнага роздуму». Я тут чакаў цябе, Дыега. Вельмі доўга чакаў.

Дыега падняў галаву.

— Навошта?

— Я баяўся за цябе. Нашто ты хочаш загубіць сябе? Што гэта азначае, што ты маліўся разам з ім?

— Нічога, — сказаў Дыега, гледзячы ў змрок пад нізкімі скляпеннямі аркад.

— Нічога?

— Я хацеў забіць яго, а пасля паўтараў за ім пацеры.

Брат Матэа здрыгануўся.

— Дыега, што ты зрабіў з сабою? Нашто па сваёй волі аддаешся ў рукі непрыяцелю?

Дыега паціснуў плячыма.

— Не ведаю. А пра што ты, уласна, кажаш? І так няма ратунку. Можна звар'яцець або самога сябе знішчыць. Гэта ўсё.

— Яшчэ ёсць Бог!

Дыега адвёў руку.

— Бывай, Матэа. Я стаміўся, хачу спаць, rеqeiescerе іn расе, як ён наказаў мне, вялебны айцец.

— Дыега!

Дыега спыніўся каля ўвахода ў кляштар:

— Чаго?

— Я любіў цябе за чысціню твайго сумлення, як нікога на свеце.

— Чаму кажаш — любіў?

— Дыега, калі што якое станецца, малю цябе, зберажы сваё сумленне.

— Што гэта азначае?

— Што?

— Сумленне.

— Будзь самім сабою.

— Толькі таго?

— Гэта ўсё.

— Усё? Усё заўсёды азначае найменш. Я застаюся самім сабою, калі раблю адно, і застаюся самім сабою, калі раблю нешта зусім другое. Ці ў страху таксама ёсць сумленне?

— Дыега, нават скажоная праўда не перастае быць праўдай.

— Ах, так! — сказаў Дыега. — Будзь здаровы.

Дыега заснуў адразу і так моцна, што, калі прачнуўся надвячоркам, не мог разабрацца, ці гэта досвітак, ці ўжо змяркаецца. Нейкую хвіліну ляжаў нерухома ў тупой стоме, і, перш чым паспеў абудзіцца ад гэтага памарачэння, заснуў зноў, і амаль адразу, у глыбокім сне вельмі востра і раптоўна ўсвядоміў, што не спіць і што не адзін у келлі. Аднак ён не расплюшчыў вачэй. Ведаў, што тое, што павінна стацца, станецца, але хацеў адсунуць гэтую непазбежную, хоць яшчэ і невядомую, неабходнасць на некалькі хвілін, каб сабрацца з думкамі. «Нельга мне баяцца», — падумаў ён, але адначасова адчуваў, што страх нібы толькі і чакаў позвы, — сэрца забілася хутчэй, халадок прабег па скронях і шчоках. «Не, не, толькі не гэта!» — сказаў ён уголас і паглядзеў.

Пасярод келлі стаяў падрэ Тарквемада. Было цёмна, але ноч за акном здавалася амаль яснай, нібы ахопленыя водбліскамі вялізнага пажару. «Адкуль гэтае святло?» — падумаў ён. Яшчэ ніколі ён не бачыў яснасці, адначасова халоднай і мёртвай. Устаў.

— Вы прыйшлі, пане? — сказаў проста.

Сапраўды, калі ён і адчуваў у гэты момант здзіўленне, дык толькі з той прычыны, што зусім не здзівіўся.

— Як бачыш, — сказаў Тарквемада. — Я ж сказаў табе, што кожны чалавек — і пан і слуга свайго лёсу.

— Ты мне гэта казаў, пане? — здзівіўся Дыега. — Калі?

— Ужо не памятаеш?

Дыега пацёр лоб.

— Так, нешта прыгадваю. І таму ты прыйшоў? Не разумею цябе, пане? Ты — не я, і мой лёс — не твой.

— Ты так думаеш, сыне мой? Няўжо ты памыліўся, кажучы, што ведаеш мяне даўно?

— Не, пане, не памыліўся. Сапраўды ведаю цябе так даўно, як толькі хапае памяці.

— Ну і?..

— Але ты — не я. Калі я ўбачыў цябе першы раз, так, цяпер я ўсё прыпамінаю, менавіта таму мне здалося, што ведаю цябе даўно, што ты не быў мною. Ты — мая процілегласць, маё адмаўленне.

— Дапусцім. Аднак жа ці ты не ведаеш мяне, каго называеш сваёй процілегласцю і сваім адмаўленнем, дакладней і лепей, чым сябе самаго? Маўчыш? Значыцца, згаджаешся?

— О не, пане! Маўчанне не заўсёды азначае згоду. Я замоўк, бо не мог адмаўляць, што ведаю цябе добра.

— А сябе? Ці ведаеш сябе лепш, чым мяне? Ведаеш пра сябе ўсё?

— Хто ж ведае пра сябе ўсё?

— Дык, можа, ведаеш усё пра мяне?

Дыега завагаўся.

— Так, пане, — сказаў нарэшце цвёрда. — Пра цябе — усё.

І адразу зразумеў, што гэтае прызнанне размінулася з мэтай, прайшло міма старога.

— Дзе ж тады мяжа паміж табою і мною? — спытаўся Тарквемада. — Ці не ілюзія гэта, якую ты сам у сабе стварыў?

— Значыцца, усё-такі сам!

Тарквемада, здавалася, не заўважыў трыумфальнай інтанацыі ў голасе Дыега.

— Калі ты ведаеш мяне, а я — не ты, калі ты ведаеш мяне лепш, чым сябе, дык, можа, і ты — не ты ў такім сэнсе, як табе думаецца. Можа, тваёй натуры ўласціва перш за ўсё тое, што ты ведаеш дакладна і ўсебакова, а не тое, што сам расцэньваеш як няяснае і цьмянае.

— Што ж, па-твойму, азначае — быць самім сабою?

— Быць, — адказаў Дыега без вагання.

— А можа, ведаць? Ці можаш ты існаваць, дзякуючы несвядомасці, пазбаўляючы існаванне свядомасці? Што вырашае тваё прызначэнне: існаванне ці свядомасць?

— Ведаю, — усклікнуў Дыега, — ты хочаш забіць маю свядомасць.

Тарквемада ўсміхнуўся, нібы нешта разумеючы.

— Наадварот.

— Хочаш, каб яна была тваёй?

— Падсунь мне крэсла, сыне мой, — сказаў Тарквемада.

Дыега зрабіў гэта, пасля стаў перад ім.

— Хочаш забраць у мяне маю свядомасць, — паўтарыў ён.

Тарквемада рухам, быццам яму холадна, падцягнуў пад шыю цёмную сутану. Маўчаў, раздумваючы.

— Бог, сыне мой, — сказаў нарэшце, — асаблівай любоўю адарае палкія душы. Не часта людзям даецца палкасць. Калі ж, аднак, ты так багата адораны, тым болей, сыне мой, ты павінен думаць, якім мэтам служыць твая палкасць.

— А, дык усё-такі яна мая!

— Ці служыць царству божаму ці царству сатаны.

— Іначай, ойча, чым ты, я ўяўляю сабе царства божае.

Поделиться с друзьями: