Цемра зямлю ахінае
Шрифт:
Айцец Аўгусцін астаўся адзін. Ён доўга маліўся, як бы забыўшыся пра свет. А свет мяккім сонечным бляскам асвятліў на вітражах сілуэты анёлаў і святых. Дагаралі ў кандэлябрах свечкі. З кляштарнага дзядзінца далятала адгалоссе змены варты.
Потым падрэ Аўгусцін узвёў вочы на велізарны крыж, які вісеў угары, і ўсклікнуў голасам, поўным роспачы:
— Госпадзе, ці доўга цемра будзе панаваць над няшчаснай зямлёй?
Слёзы заслалі яму вочы, і ён не адразу разгледзеў, хто прыпаў да яго каленяў, калоцячыся ад плачу, прытуліўся гарачай шчакой да яго далоні. Падрэ, стоячы на каленях, пагладзіў густыя з дробнымі завіткамі валасы і пазнаў малодшага кляштарнага служку Франсіска. Ён абняў гэта кволае, яшчэ дзіцячае цела і, гладзячы малога па валасах, шаптаў дрыготкім ад узрушанасці голасам:
— Дзіцятка маё, маё беднае дзіцятка, не трэба траціць надзеі. Трэба мець надзею. Заўсёды трэба мець надзею.
Гэта была апошняя імша, якую стары прыёр правіў у Санта Марыі. Ноччу з дазволу вышэйшых пакінуў кляштар і горад і адправіўся ў далёкую пустэльню Сан-Ініга ў гарах Эстрамадуры, каб там прысвяціць сябе прыроджанай патрэбе малітвы і спакойна закончыць святое жыццё.
А на другі дзень сам айцец Вялікі інквізітар, закончыўшы двухтыднёвыя набажэнствы, адслужыў у Санта Марыі ранішнюю імшу. Брат Дыега абвясціў сабраным братам кароткую казань на тэму слоў Госпада Ісуса паводле евангелля св. Мацвея: «Не прыйшоў я з мірам, а з мечам».
Тым часам, як гэта зазвычай вядзецца ў падзеях, калі не толькі перамогамі таруецца дарога праўды, — розныя невясёлыя весткі даходзілі ў сталіцу на схіле тысяча чатырыста восемдзесят пятага года. І вось аднаго дня стала вядома, што каралеўскія войскі на чале з панам герцагам д'Аркоса панеслі пры асадзе паганскай Малагі вялікія страты, а з Арагона губернатары даносілі пра хваляванні, калі пасля вядомых падзей у Сарагосе многія гарады захліснулі неспакой і смута, усюды справакаваныя той самай рукой жыдоўскага ворага, што не грэбаваў ніякімі сама нікчэмнымі сродкамі, абы толькі падступна нашкодзіць каралеўству.
У Валенсіі, напрыклад, падбухтораная правакатарамі галота падпаліла палац Талавера, дзе была сядзіба Святога трыбунала, у Тэруэлі натоўп, падагрэты такім самым спосабам, закідаў каменнем і цэглай каля вежы Сан-Марцін атрад айца інквізітара, калі той у першую нядзелю снежня выправіўся ў сабор на набажэнства. У абодвух гарадах былі ахвяры, і толькі дзякуючы таму, што на вуліцы былі выведзены салдаты Святой эрмандады, удалося прадухіліць пашырэнне хваляванняў і пазбегнуць яшчэ большых ахвяр. У Барселоне таксама задушылі бунт у самым зародку, разагнаўшы гарадскіх пахолкаў і смердаў, якія пачалі былі збірацца непадалёк ад турмы Святога афіцыума, арыштавалі пры такой нагодзе і аддалі пад суд многа западозраных гараджан.
Кароль Фердынанд, папярэджаны пра гэтыя здарэнні, адразу пасланымі кур'ерамі загадаў правесці, не зважаючы на асобы, суровыя акцыі супраць усякіх ератыцкіх правакацый. Святыя трыбуналы таксама, асабліва на тэрыторыі Арагона, былі закліканы спецыяльным пасланнем айца Вялікага інквізітара да ўзмацнення пільнасці і да паглыблення метадаў расследавання. Такім чынам, вораг яшчэ раз пралічыўся і памыліўся, мяркуючы, што яму ўдасца паслабіць баявітасць царквы або выкапаць прорву паміж ёю і масамі вернікаў. Ніхто, акрамя злачынных ератыкоў і мізэрнай жменькі людзей, часова ўведзеных у зман, не сумняваўся, што ўвесь народ бязмежна адданы Іх Каралеўскім Мосцям і царкве і аднадушна асуджае ўсялякія спробы аслаблення яе адзінства.
Нягледзячы на гэта, як і бывае ў такіх акалічнасцях, весткі пра пэўнае нездаровае ўзбуджэнне ўсё яшчэ ішлі з правінцый, і, хоць у самой сталіцы панаваў поўны спакой, — айцец інквізітар Галвез прыняў рашэнне прыспешыць аўтадафэ, якое рыхтавалі ўжо даўно і вельмі грунтоўна на сярэдзіну студзеня наступнага года. Калі падрэ Тарквемада падтрымаў гэта рашэнне, было зроблена ўсё, каб урачыстасць, прызначаная на асабліва шанаваны людзьмі дзень святога Дамініка Сілоскага, прайшла з вялікім шыкам. За тыдзень да аўтадафэ закончылі многія працэсы, што зацягнуліся на некалькі месяцаў, распачалі і шчасліва завяршылі да азначанага тэрміну шмат новых. Ва ўсіх кляштарах, асабліва ў дамініканцаў, гэтыя пачынанні суправаджаліся вячэрнімі набажэнствамі братоў, бо адзінства сыноў царквы здавалася ў тыя дні больш патрэбным, чым калі-небудзь. Зрэшты, як і спадзяваліся, народ не застаўся абыякавы да голасу сваіх духоўных пастараў. Акрылены шчырай верай, ён сцякаўся з усіх гарадоў і замкаў старажытнага каралеўства Леон у Валадолід. Святыя пілігрымы ішлі і з далейшых раёнаў. Неўзабаве ўжо не хапала месцаў у гарадскіх гасподах і заезных дамах, і народ, нягледзячы на снежаньскія халады, вандраваў з пляца на пляц пад адкрытым небам.
У сувязі з такім вялікім узрушэннем у хрысціянскім народзе абое Іх Каралеўскія Мосці, хоць і збіраліся падацца, устрывожаныя сітуацыяй, пад Малагу, цяпер, аднак, упрошаныя асабіста айцом Вялікім інквізітарам, пастанавілі адкласці намечанае падарожжа, каб прысутнасцю свайго маестату надаць урачыстасцям больш значэння і бляску. Прадугледжвалася, што каля дзвюх тысяч асуджаных на розныя кары грэшнікаў прымуць удзел у пакутніцкіх абрадах ў саборы, а пасля пойдуць працэсіяй на квамадэра, колькасць жа ератыкоў, якіх апошнім часам Святы трыбунал адлучыў ад царквы, даходзіла да сямідзесяці з нечым. Адным і адзіным з іх, цела якога ў атачэнні іншых, якіх меліся паліць жыўцом, будзе аддадзена ачышчальнаму агню пасмяротна, быў абвінавачаны ў блюзнерчай спробе атручвання пан дон Карлас дэ Сігура. У святле грунтоўна праведзенага следства здавалася, што Святы трыбунал не мог у гэтай цалкам яснай справе вынесці больш справядлівы вырок, аднак менавіта гэты прысуд стаў на Каралеўскай інквізіцыйнай радзе прадметам сама бурнага абмену думкамі і спрэчак.
Каралеўская інквізіцыйная рада, якая была створана Іх Каралеўскімі Мосцямі з мэтай больш цеснай сувязі з тронам дзейнасці Святога афіцыума, збіралася за гэты час поўным складам даволі рэдка. Аднак цяпер, і, як здавалася, пад уплывам некалькіх свецкіх грандаў, кароль Фердынанд палічыў абавязковым, каб рада прыняла сваю пастанову наконт апошніх падзей, і неадкладна. І вось у апошні дзень лістапада, на святога Андрэя, пасля імшы ў замкавай капліцы, тры царкоўныя дастойнікі на чале з айцом Вялікім інквізітарам, столькі ж знакамітых паноў каралеўства і два слаўныя дактары, правовыя дарадцы Святога афіцыума, пакінуўшы сваю світу ў пярэдніх пакоях, сабраліся ў троннай зале, чакаючы выхаду караля і каралевы. Іх Каралеўскія Мосці не далі сябе доўга чакаць. З імі ішоў міністр, брат Франсіска Хіменэс, францысканец.
Падрэ Галвез не хаваў незадавальнення, калі пасля некалькіх слоў караля Фердынанда, які гаварыў, як звычайна, трошкі цяжкавата з прычыны задышкі, ад якое ён вельмі пакутаваў, падняўся дон Альфонса Карлас герцаг Медына Сідонія, маркіз Кадыкса. Усе добра ведалі, што, калі пяць гадоў назад першыя іўдаісты пачалі пакідаць гарады і сёлы, падданыя Святому афіцыуму ў Севіллі, не хто іншы, як пан герцаг Медына Сідонія даваў ім на сваіх землях прытулак. Аднак даўнія гэта былі справы, і быць можа, што малады герцаг, прасякнуты з цягам часу духам праўды, прагнуў цяпер адгарадзіцца ад свайго мінулага, бо тое, што ён гаварыў, было надзвычай разумнае, прасякнутае святасцю і поўнае сыноўняй павагі да заслуг Святога трыбунала. Сапраўды, цяжка было б знайсці іншыя словы, якія б выказвалі хрысціянскія думкі лепш, чым тыя, якія са спакойнай развагай і годнасцю, пазбаўленай усякай пыхі, сказаў гэты нашчадак аднаго з сама знакамітых родаў каралеўства.
Абое Іх Каралеўскія Мосці слухалі яго з выразна зычлівай увагай, усе астатнія паны, асабліва стары герцаг Карнэха, здавалася, былі ў захапленні ад розуму сама малодшага з іх. Сярод гэтай агульнай пацехі толькі айцы інквізітары і пан кардынал дэ Мендоза, арцыбіскуп Таледа, захоўвалі чакальную стрыманасць. І сапраўды, даверыўшыся дасведчанасці вопыту і развазе, яны слушна не далі сабе паддацца заўчаснай радасці, бо неўзабаве пан Медына Сідонія раскрыў сваё сапраўднае аблічча.
— На жаль, — сказаў ён пасля хвіліны маўчання, — я спахібіў бы і павагай гэтага сходу, і перш за ўсё праўдай, калі б не прызнаў, што, сузіраючы многія справы, якія чыняцца сёння ў каралеўстве, апроч пачуццяў радасці і гонару, я перажываю, ды напэўна і не я адзін, заклапочанасць і сама ўразлівую трывогу.
У зале залегла ціша. Падрэ Галвез закруціўся ў сваім крэсле, а падрэ Тарквемада падняў галаву і праніклівым позіркам акінуў маладога герцага. А той звярнуўся проста да яго.
— Бачу па вашых вачах, вялебны ойча, што хацелі б запытацца, якая гэта заклапочанасць трывожыць мяне?
На гэта падрэ Тарквемада адказаў:
— Сапраўды, вы не памыліліся, годны пане. Перад абліччам усеагульнага памнажэння розных злачынстваў супраць веры кожны хрысціянін павінен адчуваць глыбокую трывогу. Ці не пра гэтую заклапочанасць вы кажаце?