Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Цемра зямлю ахінае

Анджаеўскі Ежы

Шрифт:

— І ты думаеш, што можна ўцячы ад таго, што ты ўжо зведаў?

— Ойча, ты найлепш ведаеш — тое, што я здолеў спазнаць, гэта толькі дробная часцінка ўсёй праўды.

— І яе ты так баішся?

— Завысока хочаш мяне, ойча, узнесці.

— Праўды пра натуру людскую баішся?

— Ойча мой!

— Няўжо табою кіруе страх перад гэтай праўдай. Боязь, што цалкам спазнаеш і ўразумееш і ахопіш людскія злачынствы?

Брат Дыега пакутліва паглядзеў на яго.

— Маеш рацыю, ойча. Сваёй нянавісці і пагарды да ўсяго я не баюся.

— Няпраўда!

— Так, мой ойча.

Ілжэш або баязліва хочаш падмануць самаго сябе. Не, не пагарды і нянавісці ты баішся, а любові.

— Любові?

— А што ж тады пагарда і нянавісць да зла? Ці ж не ўзброеныя гэта рукі любові да дабра?

— Ойча мой, але ж не крыніца, а рака, якая з крыніцы чэрпае сваю сілу, бывае страшная і грозная.

— Зноў памыляешся. І як наіўна! Рэкі сапраўды бываюць грозныя і шмат спусташэнняў могуць учыніць, але не праз свае крыніцы, а таму, што іх мацуюць дажджы і горны снег.

— А думкам і пачуццям, якія плывуць і вынікаюць з любові, ойча, ці ж не пагражае таксама ўварванне рэчаў, варожых іх натуры? Якую я магу мець упэўненасць, што я з маёй любоўю да дабра ўбаранюся ад учынкаў, якія супраціўныя гэтаму? Ці ж я магу прадбачыць, куды завядзе мяне мая нянавісць і пагарда.

— Увогуле, ты можаш гэта прадбачыць. Яны завядуць цябе не далей і не глыбей, чым твая любоў. Яна будзе маналітная і магутная, такая будзе і твая нянавісць да грэху. А пойдзеш на слабую, на хісткую любоў, такімі ж будуць і твае пачуцці нянавісці і пагарды. На жаль, мой сыне, ты баішся вялікай любові. Сілы яе баішся, уздзеяння яе, а больш за ўсё яе неабвержных, настойлівых вымаганняў. Хочаш уцячы ад любові. Ну і ўцякай. Вяртайся ў свой кляштар. Не буду цябе трымаць.

— Памыліўся ты ўва мне, ойча, — шапнуў Дыега.

Тарквемада зноў крануўся рукою яго схіленай галавы.

— Паглядзі мне ў вочы.

— Так, ойча.

— Баюся я, мой сыне, што тое, што я, можа, і памылкова мяркуючы, мог бы сказаць табе цяпер, некалі беспамылкова скажа табе Бог.

Вочы Дыега заслала слязьмі.

— Ойча мой, не ў магутнасці любові сумняваюся, а ў сваёй сіле.

— Наіўны, дурненькі! А ў чым бы ты сумняваўся, калі б глядзеў цяпер на маё пахаладзелае цела?

Дыега задрыжаў.

— Ойча, і мае намеры не былі чыстыя.

— А іх вынікі? Чаму не мерыш свае намеры вынікамі? Думаеш, факты — гэта нешта менш надзейнае за твае выпакутаваныя думкі? Сапраўды, і я табе гэта кажу, толькі з вялікай любові можа нарадзіцца такі раптоўны бляск чуйнай гатоўнасці, які табе быў дадзены.

Слёзы цяклі па шчоках Дыега.

— Ойча мой, няўжо гэта сапраўды была любоў?

Тарквемада нахіліўся над Дыегам, які ўсё яшчэ кленчыў.

— Сыне мой, дзіця маё… хрысціянскай любові ў табе больш, чым ты думаеш.

— Чаму ж тады я сумняваўся ў сабе?

— Ты сумняваўся ў праўдзе.

— Ойча, клянуся, мая вера…

— Любоў і праўда не адно і тое?

— Тое, ойча.

— Тады думай да канца. Засумняваўся ў сваёй сіле? А што крыніца яе? Любоў, якая служыць праўдзе і адназначная з ёю. Як жа, верачы ў праўду, ты, яе носьбіт, можаш сумнявацца ў сабе? Ці ж не яна — невычэрпная крыніца людское сілы? Толькі тады, калі чалавек пачынае сумнявацца ў ёй, прыходзіць і сумненне ў сабе?

Брат Дыега падняў галаву. Бледны, але вочы былі сухія.

— Я не хацеў, ойча, свядома ілгаць.

— Я б не гаварыў з табою, мой сыне, калі б не ведаў гэтага.

— Памыляўся я, ойча, але цяпер дзякуючы табе бачу ўсё ясна. Сапраўды, зло здавалася мне такім усёмагутным, што я на нейкую хвіліну перастаў чуць праўду, перастаў верыць у яе. Але скажы мне: чаму ты чытаеш мае думкі лепш, чым я сам?

— Сыне мой, — лагодна адказаў Тарквемада, — я служу праўдзе, толькі праўдзе і з яе чэрпаю сілу. Гэта ўсё.

Хвіліну панавала цішыня. Брат Дыега нахіліўся і гарачымі вуснамі прыпаў да далоні вялебнага айца, якая нерухома спачывала на білцы крэсла. Той павольна падняў правую руку і, творачы над пахіленай галавой знак дабраславення, сказаў:

— Едо tе аbsоlvо. In nоmіnе Раtrіs, еt Fіlіі, еt Sріrіtus Sаnstі, атеп.

Адразу пасля гутаркі з Вялікім інквізітарам дон Радрыга дэ Кастра вярнуўся ў келлю, дзе жыў з маладым донам Ларэнцам. Той, убачыўшы яго, сарваўся з ложка.

— Ну што? — спытаўся нецярпліва.

Дон Радрыга моўчкі падышоў да стала, узяў збан з віном і пачаў прагна піць.

Дон Ларэнца з трывогай углядаўся ў сябра.

— Што там, Радрыга?

— Нічога.

— Меў непрыемнасці?

Дон Радрыга з грукатам адставіў збан.

— Слухай, Ларэнца, ты заўсёды мне мілы і, спадзяюся, такі і застанешся, але ты павінен ведаць, што з гэтай хвіліны я табе ўжо не Радрыга.

Ларэнца збянтэжыўся.

— Не разумею цябе. Як гэта?

— Я твой начальнік, ясна цяпер?

— Ты? О Радрыга…

У першым парыве радасці Ларэнца хацеў кінуцца абнімаць, але той суха яго асадзіў.

— Хвіліну назад вялебны айцец назначыў мяне капітанам сваіх служак. Пачакай, не перабівай. Гэта адно. І другое: ты яшчэ вельмі малады, Ларэнца, але павінен хутка засвоіць, што салдат не задае пытанняў, памятай гэта.

— Прабач, — шапнуў Ларэнца, — не ведаў…

— А цяпер ведай, — суха перабіў яго дон Радрыга. — Ідзі і маўчы.

Брат Дыега ўпусціў абодвух рыцараў у келлю айца Тарквемады і моўчкі паказаў ім цела на падлозе. Яно было накрыта цёмным плашчом. Ларэнца ледзь не ўскрыкнуў, калі, намерыўшыся разам з Радрыгам падняць цела, неасцярожна ссунуў покрыва з галавы нябожчыка. Але стрымаўся, сустрэўшы цвёрды пагляд дона Радрыга. Ён прыкрыў счарнелы твар і, з натугай прытрымліваючы плячом застылае цела, панура пайшоў за Радрыгам да дзвярэй. У келлі быў змрок, але, нягледзячы на гэта, у чалавеку, які кленчыў каля ложка, Ларэнца адразу пазнаў вялебнага айца.

Кляштарны калідор быў пусты, варта ў канцы яго стаяла ў цішы, і таму Радрыга і Ларэнца, нікім не заўважаныя, перанеслі цела сеньёра дэ Сігуры ў келлю, якую той дагэтуль займаў, паклалі накрыты плашчом труп на ложак і вярнуліся да сябе.

Дон Радрыга цяжка сеў на ўслон каля стала, расшпіліў на шыі скураны каптан і пацягнуўся да збанка з віном. Піў доўга і павольна, нарэшце адняў збанок ад вуснаў і паглядзеў на Ларэнца, які стаяў побач.

— Чаго вырачыўся? — спытаўся неяк непрыязна.

Поделиться с друзьями: