Цемра зямлю ахінае
Шрифт:
Якраз змоўк звон калегіяты, следам пачалі аціхаць і ўсе астатнія званы ў горадзе — і на плошчы раптам запанавала цішыня. Двое лучнікаў падбеглі да вялебнага айца, але Тарквемада спыніў іх кароткім рухам далоні і злез з каня сам.
Натоўп схіліў галовы.
— Вітанне табе, вялебны ойча і найгоднейшы пане, — сказаў канонік дэ Торэз.
Усе чакалі, што Вялікі інквізітар дабрасловіць тых, хто яго сустракаў, але Тарквемада не зрабіў гэтага.
— Мір з вамі, шаноўныя браты, — сказаў праз хвіліну глухім голасам, трохі ўжо старэча-падхрыплым. — Няхай усе ласкі і шчадроты госпада нашага Ісуса Хрыста сыдуць на ўсіх, хто гэтага варты.
— Аман, — сказаў брат Гаспар Мантыха.
Тарквемада абвёў вачыма прысутных.
— Не бачу сярод вас, шаноўныя браты, прадстаўнікоў ад свецкіх уладаў. Хіба яны нічога не ведалі пра наш прыезд?
Малады рыцар у лёгкім міланскім панцыры, што адсвечваў блакітнаватым бляскам, высунуўся з грамады духаўніцтва.
— Вітаю, найгоднейшы ойча, — сказаў трохі загучна. — Мой камандзір, капітан каралеўскага палка, дон Хуан дэ Сантангель, даручыў мне выказаць вам належную чту і адначасова прасіць прабачэння за тое, што стан здароўя не дазваляе ўчыніць гэтага асабіста.
— Ён хворы? — спытаўся падрэ Тарквемада.
— Так, ойча.
— Целам ці душою?
Малады рыцар не разгубіўся.
— Не разумею цябе, ойча.
— Чаго не разумееш? Ці ж ты не хрысціянін і не ведаеш, што ў чалавеку цела, а што душа і што называем хваробаю цела, а што хваробаю душы?
Той горда выпрастаўся.
— Ведаю, найгоднейшы пане. Я Мануэль дэ Ахэда, дваранін і хрысціянін. Калі я сказаў, што шляхетны дон Хуан хворы, я не мог мець на ўвазе яго душу, бо яна, належачы вернаму слузе караля і царквы, не паддаецца ніякім, як я пэўны, хваробам.
— Ці так мала, мой сыне, давяраеш сваёй упэўненасці, што мусіш павышаць голас? — ціха спытаўся Тарквемада.
Дон Мануэль нецярпліва:
— Ойча вялебны, калі б пан дэ Сантангель не быў хворы…
— …ён у гэты час сваёй прысутнасцю склаў бы сведчанне шанобы і любові, якія песціць у сабе да веры і Святое інквізіцыі. Веру ў гэта. Маю таксама надзею, што хвароба ў шляхетнага капітана не такая цяжкая, каб заўтра магла перашкодзіць яму наведаць нас у сядзібе Святога афіцыума.
Чырвань заліла смуглы твар дон Мануэля.
— Ці маеш яшчэ што сказаць, мой сыне? — спытаўся Тарквемада.
Кроў усё гусцей залівала твар і лоб, нават шыю дон Мануэля. На скронях набрынялі жылы.
Нейкі момант здавалася, што малады рыцар не авалодае гневам і выбухне.
— Прадстаўнік карэгідора прагне, вялебны ойча, скласці табе словы прывітання, — ціха сказаў брат Мантыха.
— Ці шляхетны карэгідор таксама хворы? — спытаўся Тарквемада.
У судовага пісара Франсіска Доза, шчуплага, згорбленага чалавека з тонкай, як у птушкі, шыяй перад вялебным айцом адняло мову. Ён стаяў збялелы, вусны ў яго дрыжалі, а ў лупатых бясколерных вачах застыў страх.
— Слухаю цябе, мой сыне, — сказаў падрэ Тарквемада.
Пісар разявіў рот, нібы хацеў глынуць паветра.
— Пан Бласка дэ Сілас не мог прыйсці, найгоднейшы ойча, — прамармытаў, — у сама астатнюю хвіліну цяжка занядужаў.
І змоўк пад пранізлівым позіркам Тарквемады. Той павярнуўся да айцоў інквізітараў.
— Што ж, вялебныя браты, пара нам увайсці ў сабор. Падзякуемце Богу за шчасліва завершанае падарожжа і памолімся таксама за душы ератыкоў і грэшнікаў, каб усявышні ў сваёй невычэрпнай даброці дапамог ім у шчырым прызнанні і адрачэнні ад памылак.
— Аман, — сказаў брат Гаспар Мантыха.
— У Віла-Рэал, вялебны ойча, асабліва многа душ, як мне здаецца, заражаных цяжкімі хваробамі, — азваўся падрэ дэ ла Куэста.
— Гойце іх! — сказаў Тарквемада, узыходзячы на сходы калегіяты. — Чаго ж вы чакаеце? Ці ж вы не лекары душ?
Ён быў ужо каля партала, а браты дамініканцы, завёўшы тонкімі галасамі Мадпіfісаl, пачалі заходзіць у калегіяту, калі на плошчы ўтварылася затлока. Падрэ Тарквемада спыніўся, спевы аціхлі.
Унізе голасна крычаў і размахваў рукамі рыцар на запененым кані, пракладаючы сабе дарогу праз натоўп. Акружаны служкамі Святога трыбунала, ён сказаў ім нешта, пасля чаго адзін рыцар у панцыры саскочыў з каня і, бразгаючы зброяй, узбег на сходы.
— Ойча вялебны, прыбыў наш ганец з Сарагосы з важным паведамленнем.
Падрэ Тарквемада махнуў рукой. Падняў руку і рыцар. На гэты знак служкі, лучнікі і рыцары пачалі расступацца, даючы ганцу дарогу. А той — рослы і дужы мужчына — саскочыў з каня, хістануўся, але адразу выпрастаўся, скінуў з плячэй дарожны плашч, глыбока ўздыхнуў, павольным рухам далоні ацёр спацелы лоб і цяжка, як смяротна стомлены чалавек, пачаў падымацца па сходах.
Апынуўшыся перад Вялікім інквізітарам, ён укленчыў і схіліў чорны ад пылу твар.
— З Сарагосы? — спытаўся Тарквемада.
— Так, вялебны ойча. Тры дні і тры ночы ў дарозе.
— Хто цябе паслаў?
— Святы трыбунал.
— Кажы.
— Ойча вялебны, здарылася страшнае, яно благае ў неба помсты! — На момант замоўк, каб сабрацца з духам. — Вялебны айцец Пэдра Арбуэз забіты.
Трывожны шэпт папоўз сярод прысутных. Усе ведалі, што кафедральны канонік доктар Пэдра Арбуэз д'Эпіла ўсяго толькі год таму назад пры ўстанаўленні ў каралеўстве Арагон Святой інквізіцыі быў абвешчаны адным з двух інквізітараў Сарагосы.
— Божа, злітуйся з нас, — сказаў падрэ дэ ла Куэста.
— Дзе ўчынена злачынства? — спытаўся Тарквемада.
— У саборы, ойча вялебны, пад час вячэрняга набажэнства.
— Забойцы?
— Схапілі абодвух.
— Іх імёны?
— Фідэль д'Уранса і Хуан д'Эсперайндэа.
Тарквемада нахмурыў бровы.
— Не ведаю такіх.
— Гэта нізкія людзі, вялебны ойча. Абодва, аднак, са службы вяльможнага пана дон Хуана дэ ла Абадыя.
— Аж так высока сягае злачынства?
— Ойча вялебны, найгоднейшы інквізітар, айцец Гаспар Хуглар загадаў паведаміць табе, што гэта ганебнае забойства, відаць, вынік вялікай і шырокай змовы і да падазроных належаць асобы, якія ў каралеўстве Арагон лічацца людзьмі вельмі высокай годнасці.
— Божа мой! — усклікнуў падрэ Тарквемада. — Калі сапраўды ўсё так, як ты кажаш, то мне цяжка паверыць, каб гэтыя асобы былі са старых хрысціянскіх родаў. Ці не належаць яны да сем'яў жыдоўскага паходжання?
Ганец з павагай схіліў галаву.
— Народ Сарагосы маўляе тваімі вуснамі, найпачцівейшы ойча. Калі па горадзе разышлася вестка, што вялебны Пэдра забіты, народ высыпаў на вуліцы, каб пакараць маранаў, праклятых аблуднікаў, якія прынялі нашу веру, але і духам, і звычаямі засталіся верныя юдэйству. Яго эміненцыя арцыбіскуп дон Альфонса, спрабуючы прадухіліць інцыдэнты, асабіста выйшаў на вуліцу, каб сказаць народу, што ўсе вінаватыя адбудуць заслужаную кару.