Цемра зямлю ахінае
Шрифт:
Падрэ Тарквемада маўчаў. Дон Радрыга стаяў бледны з высока ўзнятай паходняй.
— Ён казаў яшчэ, што пан дэ Сантангель, ад імя якога ён вітаў цябе, у сама лепшым здароўі. Апроч таго, абодва яны, належачы да старых гішпанскіх родаў, падтрымліваюць прыязныя адносіны з людзьмі жыдоўскага паходжання…
— Гэта ўсё?
— Так, ойча.
— Ці і астатнія гаварылі тонам, абразлівым для веры?
— Мануэль гаварыў найбольш.
— А ты?
Дон Радрыга апусціў галаву.
— Гаварыў?
— Не, я маўчаў.
— Не хапіла табе адвагі, каб абараніць веру ад блюзнера, ці мо хацеў даведацца, як далёка гэтае блюзнерства сягае?
— Не ведаю, я маўчаў. Што мне цяпер рабіць, ойча?
— Як даўно ты служыш у мяне?
— У кастрычніку споўніцца год, ойча.
— Ці ведаеш парадкі Святой інквізіцыі?
— Так, ойча.
— Значыцца…
Дон Радрыга маўчаў.
— Так, ойча, — сказаў нарэшце хрыплым голасам, — зраблю.
Падрэ Тарквемада паклаў далонь на яго плячо.
— Ведаю, што цябе турбуе, мой сыне. Ты думаеш, што здраджваеш сябру.
— Ойча, мой ойча!
— Наадварот, ты садзейнічаеш выратаванню яго заблуднай душы. Ці ж бо не ўчыніў бы ты здрады, калі б хацеў утаіць праўду і пакінуць грэшніка сам-насам з яго грахамі? Ці не на тое і мы, каб дапамагаць тым, хто заблудзіўся? Дапаможамце ж пану дэ Ахеду і пану дэ Сантангелю! Дапаможам, дзякуючы табе.
Бляск удзячнасці асвятліў стурбаваны твар дона Радрыга.
— Ойча, цяжкі камень зняў ты мне з сэрца. Ці павінен я данесці ўсё, што ведаю, Святому трыбуналу з подпісам?
Падрэ Тарквемада мацней абапёрся на яго плячо.
— Дон Радрыга, падумай, ці падпісаўся б ты пад словамі: дыхаю, хаджу, ем, сплю?
— Але ж гэта праўда.
— А твае сведчанні чым жа будуць, калі не праўдай?
— О так, мой ойча! — усклікнуў дон Радрыга. — Праўда павінна перамагчы.
— І пераможа, — сказаў вялебны айцец. — Яшчэ хвілінку, мой сыне. Не забудзься адзначыць, што пан дэ Ахеда ўхваляў злачынства, якое ўчынілі на асобе вялебнага пана Пэдра д'Арбуэза.
Дон Радрыга завагаўся.
— Ойча вялебны, калі памяць мяне не падводзіць, дон Мануэль нічога такога не казаў.
— Ты ў гэтым упэўнены? Ці ж ты не напамінаў, што як пан дэ Ахеда, так і яго начальнік падтрымлівае сяброўскія адносіны з людзьмі жыдоўскага паходжання?
— Так, ойча.
— Ну і?..
Дон Радрыга маўчаў.
— Як доўга трывала ваша гутарка?
— Прыблізна з гадзіну, падрэ.
— І ты мог бы прысягнуць, што за ўвесь гэты час не ўспаміналі пра здарэнне ў Сарагосе? Не можаш прысягнуць у гэтым? А можа, дапускаеш, што гаворка ішла пра жудаснае злачынства? Прыгадай, можа, з прычыны аж надта зразумелай пан дэ Ахеда не гаварыў адкрыта, можа, выказваўся ў сэнсе пераносным і тым не меней так, што гэта сведчыла б за тое, што ён ухваляе святатацкі ўчынак?
— Ойча вялебны, можа, мяне памяць падводзіць, але сапраўды не ўзгадаю…
Падрэ Тарквемада пранікліва паглядзеў на яго.
— Дон Радрыга, памятай, што, калі заходзіць аб абароне веры, сапраўднаму хрысціяніну нельга спыняцца на паўдарозе. Ці мог бы ты з рукою на крыжы і перад абліччам Бога засведчыць, што пан Мануэль дэ Ахеда не гадуе ў сэрцы падступнай і заганнай прыхільнасці да забойцаў айца д'Арбуэза?
— Не, ойча, — прашаптаў дон Радрыга. — Не мог бы засведчыць гэтага.
— А мог бы прысягнуць, яшчэ раз у цябе пытаюся, што з гэтай заганнай прыхільнасцю пан дэ Ахеда яўна не здрадзіў?
— Не, ойча. Памяць, асабліва ў такіх, як гэта, акалічнасцях, сапраўды можа падвесці.
Тарквемада зноў усклаў далонь на плячо.
— Слушна, — сказаў. — Ідзі ж, мой сыне, і пагутары са сваёй памяццю. Хай яна таксама будзе чыстая, як і тваё сумленне.
Калі ён увайшоў у царкву і замкнуў дзверы, усё ж выразна чуў крокі дона Радрыга, якія аддаляліся. Потым яны заціхлі ў глыбіні дзядзінца, і ён адчуў сябе самотным; здавалася, ён разарваў апошнія повязі, якія яго злучалі са светам.
Холад у царкве быў яшчэ больш калючы, чым у кляштарнай келлі, а цемра, скаваная прасторай і цішынёй, здавалася затопленай у глыбінях нябачных муроў. У глыбіні царквы перад алтаром і бліжэй, у бакавых капліцах тлелі жаўтлявыя агеньчыкі лампадак, аднак іх ніцы бляск не толькі не разганяў змрок, але, здавалася, яшчэ больш згушчаў яго. Калі Тарквемада ўзняў галаву, ён праз хвіліну разгледзеў абрысы высокіх лукаў скляпення, і тады, — нібы гэтыя аддаленыя формы неслі сведчанне жыцця, — пачала знебывацца страчанасць і самота. Ён шукаў і хацеў сабе гэтага: велічы каменнай прасторы, змроку і маўчання, якія безгалоса, — раптам, як бы паддаючыся сіле вышэйшага права, пачалі выконваць сваё апошняе пакліканне, нясмела, пасля ўсё больш імпэтна загучалі нібы вайсковыя сурмы заклікам да бадзёрасці і змагання.
Ён пайшоў у бліжэйшую бакавую каплічку, але спыніўся на паўдарозе, захоплены нейкім гучаннем, якое, здавалася, запаўняла ўсю веліч цемры і парывала яе ўгору. Вось яно, божае царства, якое ў пазачассі прымае ў сябе людзей, дакладна згодных ва ўчынках і жаданнях!
Вось ён, дасканалы парадак, мэта нязменных думак і незастрашанага дзеяння! Які, аднак, ён далёкі яшчэ, як цяжка дасягнуць яго! Колькі перашкод, раней чым здабыць яго, трэба пераадолець, як многа бунтоўных замахаў зламаць і стаптаць.
Ён выцягнуў далоні, нібы хацеў дакрануццца да тых нябачных рысаў будучага, і тады запанавала раптам цішыня. У ёй, мёртвай, як цень камення, гучала водгулле цяжкіх салдацкіх крокаў: уздоўж кляштарных муроў, відаць, праходзіла начная варта.
— Госпадзе, — сказаў Тарквемада, — не дай, каб аслабла і згасла ў нас нянавісць да ворагаў тваіх.
Ён сказаў гэта шэптам, але голас яго мог пачуць мнішак, які кленчыў каля ўвахода ў капліцу, бо той, да таго часу нерухомы і, як здавалася, цалкам адданы малітве, раптам падхапіўся. Ён быў нізкі і дробны, рабіў уражанне вельмі маладога.
Доўгую хвіліну падрэ Тарквемада і той глядзелі адзін на аднаго моўчкі. Нарэшце вялебны айцец падышоў бліжэй. Брат дамініканец быў сапраўды малады, не болей за дваццаць.
— Мір з табою, сыне мой, — сказаў Тарквемада. — Я перашкодзіў табе ў малітве? Ты ж маліўся?
Малады стаяў, схіліўшы галаву.
— Хацеў маліцца, — сказаў ціхім стомленым голасам.
— Правільна робіш, таму што ноч асабліва спрыяе сабранасці. Парою ў такі час, як цяпер, менавіта малітва, а не сон, робіцца сапраўдным адпачынкам. Усе думкі можна аддаць богу.