Цемра зямлю ахінае
Шрифт:
— Ойча!
— Ці не разумееш, што годнасць інквізітара, якая ўскладае на плечы не учту, а цвёрдыя абавязкі, азначае стакроць больш, чым усе біскупскія троны? Больш, чым кардынальская пурпура? Больш нават, чым тыяра папы! Ідзі спаць, бедны ойча, памыліўся я ў табе.
Падрэ дэ ла Куэста асунуўся на калені.
— Ойча вялебны, дзякую табе, адкрыў мне вочы, бачу цяпер, што сапраўды пыха засланіла мне свет, што я цяжка саграшыў, але ў імя памяці нашага вялікага патрона, святога Дамініка, заклінаю цябе, не пагарджай мною, даруй гэтую хвіліну слабасці і зацьмення.
— Не! — піскліва крыкнуў Тарквемада. — Не дарую. Ты не дзіця, якое толькі ўчора ўступіла ў веру. Ты прыёр, кіраўнік некалькіх сотняў душ. Настаўнік маладых. Валасы сівеюць. Колькі ж гадоў жывеш у кляштарных сценах?
— Мінула трыццаць.
— Трыццаць гадоў! І ты толькі па звычаі і ўбранні застаешся дамініканцам.
— Не, ойча!
Падрэ Тарквемада грэбліва паглядзеў на ўкленчанага.
— Устань! Не, не спадзявайся на дараванне. Ты здрадзіў свайму прызванню, здрадзіў духу нашага яднання.
— Ойча, аддамся ўсякай пакуце, вызначы хоць сама цяжкую.
— Пакуту? На пакуту трэба мець права. Ты растаптаў гэта права. Аднак для заспакаення тваіх прагненняў магу табе паабяцаць, што пры сама першай нагодзе рэкамендую тваю асобу Іх Каралеўскім Мосцям, каб яны даверылі табе біскупства Авіла. Думаю, з часам не міне цябе і Таледа.
Падрэ дэ ла Куэста падняў галаву. Твар у яго быў пашарэлы, вочы глыбока запалі.
— Не рабі таго, ойча, благаю цябе.
— Чаму? Спраўдзяцца твае мары.
— Калі бачу, што трачу…
— Трэба было раней бачыць, меў досыць часу.
— Ойча, цяпер усё разумею. Разумею, як ты павінен пагарджаць мною і як я заслужыў гэтую пагарду. Прабач мне, аднак, не адрынь.
Тарквемада з хвіліну маўчаў, пасля адвярнуўся.
— Ідзі, — сказаў сухім, скрыпучым голасам, — я хачу пабыць адзін.
Ён ведаў, што, нягледзячы на стомленасць, не засне. У апошнія гады адвык ад сну, які, калі ён глыбокі і спакойны, дае чалавеку заслужаны адпачынак. Ён засынаў звычайна вельмі позна, часам толькі пад ранак, а часта і цэлыя ночы, бясконца доўгія, праводзіў у самотным чуванні, роздуме і ў модлах. Сёння не меў у сабе нават настрою на малітву.
Каганец дагараў, кволы пламеньчык мігаў на апошнім дыханні.
Затое месяц падняўся ўжо даволі высока, і яго святло халодным бляскам шклілася ў акне.
Тарквемаду ахапілі дрыжыкі. Ён шчыльней ухутаўся ў сутану, укленчыў і, схіліўшыся тварам у азяблыя далоні, пачаў шаптаць пацеры. Але хутка заўважыў, што моліцца толькі вуснамі. Не знаходзіў у сабе таго полымя, якое заўсёды жыло ў ім і грэла яго, — а ў хвіліны экстазу і сабранасці асвятляла з сярэдзіны, успалымняла і парывала яго натхнёным агнём. Цяпер ён адчуваў сябе пустым і халодным, без думак і пачуццяў.
Далёка ў глыбіні начы зазваніла сігнатурка сёстраў кармелітак, якая асабліва чыста і ясна гучала ў цішыні. «Божа мой», — сказаў амаль уголас Тарквемада. Яшчэ хвіліну кленчыў, пасля раптоўным рухам, нібы скінуўшы з плячэй цяжар стомленасці, падняўся і пайшоў да дзвярэй.
Адзін служка, што вартаваў каля келлі, убачыўшы вялебнага айца Вялікага інквізітара, падхапіўся з каменнага ўслона, другі спаў, звесіўшы галаву на грудзі і ўпёршыся плячыма ў мур.
— Ты дон Радрыга дэ Кастра? — спытаўся падрэ Тарквемада.
— Так, ойча.
— Ці ведаеш, як прайсці ў царкву?
— Ведаю, ойча.
— Пакажы мне дарогу. Пачакай! Разбудзі спярша свайго таварыша.
Дон Радрыга нагнуўся і штурхнуў яго ў плячо.
— Ларэнца!
Той сонным і яшчэ дзіцячым рухам адгарнуў з ілба светлыя валасы, а калі расплюшчыў вочы, — адразу апрытомнеў і ўскочыў на ногі.
— Чаму спаў? — напаўголаса спытаўся падрэ Тарквемада.
— Прабач, вялебны ойча, стома змарыла мяне.
— Стома? Стому трэба адольваць, а не паддавацца ёй.
— Я ведаю, ойча.
— Ведаеш?
— Мяне гэтаму вучылі, змалку.
— Я яшчэ не знаю цябе, мой сыне. Відаць, толькі з нядаўніх пор ты сярод маіх дамоўнікаў.
— Так, ойча, гэта мая першая служба.
— Імя?
— Ларэнца дэ Мантэса.
— Губернатар Мурсіі дон Фернанда ці не твой сваяк?
— Бацька. Мой старэйшы брат служыць каралю, бацька хацеў, каб я служыў Святой інквізіцыі.
— Было гэта жаданне толькі твайго бацькі?
— Маё таксама.
— І ты лічыш, дон Ларэнца, што добра пачынаеш службу?
— Мяне вучылі, што служыць трэба з усёй сілы.
— Праўдзе служаць не сілком, а звыш сілы.
— О так, ойча!
— Далажы, мой сыне, заўтра з раніцы свайму камандзіру, што ты заснуў на службе.
— Так, ойча, я далажу.
— Папрасі пана дэ Сігуру, каб ён вызначыў табе адпаведную кару.
— Так, ойча.
— Ты вельмі малады, вучыся адольваць слабасць.
Дон Ларэнца стаяў у струнку з паднятай галавой, у вачах у яго свяцілася палкая адданасць.
— Так, вялебны ойча, буду рабіць гэта.
— Хадзем! — звярнуўся Тарквемада да дона Радрыга.
Унутраны праход да царквы вёў праз кляштарны дзядзінец. На дварэ было пагодна, холадна, але без ветру, і цішыня заснулага горада разлягалася наўкола. Бляск поўні асвятляў толькі частку дзядзінца, а ў глыбіні ўклалася ноч, і там, у цемры, яшчэ цямнейшай за самую цемру, узносіў цяжкую каменную сцяну суровы масіў бакавога нефа Сан-Дамінга.
Дон Радрыга мінуў дзядзінец і, сышоўшы ў канцы яго па некалькіх сходках, падняў паходню, каб асвятліць нізкія, глыбока схаваныя ў царкоўным муры дзверы.
— Вяртайся, мой сыне, — сказаў падрэ Тарквемада. — Назад я пацэлю сам.
— Ойча мой! — сказаў дон Радрыга.
Тарквемада спыніўся.
— Прабач, вялебны ойча, час не зусім падыходзіць, але я павінен сказаць, што мяне вельмі гняце адна думка. Ойча, пан Мануэль дэ Ахеда мой даўні сябар, яшчэ з дзяцінства. Сёння я прабыў з ім вечар.
— Адзін?
— Было яшчэ некалькі яго сяброў. Мануэль выпіў лішняе і, прабач, ойча, казаў словы, якія абражалі Святую інквізіцыю і цябе, ойча, асабіста.