Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Цемра зямлю ахінае

Анджаеўскі Ежы

Шрифт:

Той узняў галаву, твар у яго быў бледны і спакутаваны, толькі цёмныя, незвычайна вялікія вочы палалі неспакойным агнём.

— Ойча вялебны, я сапраўды вельмі малады, але ўжо даўно не маю спакою, пра які кажаш. Я не мог заснуць, гнялі мяне цяжкія думкі. Я хацеў знайсці ратунак ад іх у малітвах. Але не знайшоў ратунку.

— Кепска, можа, шукаў.

— Не ведаю, ойча. Часам мне здаецца, што не малітвы мне патрэбны, а выказацца ўголас пра ўсё тое, што мяне мучыць. Ойча вялебны, ты на столькі гадоў старэйшы за мяне, многае, напэўна, бачыў і перажыў, скажы, ці маўчанне можа забіць душу чалавека?

Падрэ Тарквемада з хвіліну памаўчаў.

— Не разумею цябе, сыне мой. Толькі ўпартае трыванне ў смяротным грэху можа забіць чалавечую душу.

— А маўчанне ці ж не бывае смяротным грэхам? Ойча, агартае мяне часам страх, што калі не выкажу таго, што каламуціць спакой майго сумлення і адганяе сон, тады ўсё, што я змоўчаў, памрэ ўва мне, як уздых, які не можа ўжо ўхапіць паветра, як слова, якога не здолее вымавіць амярцвелы язык. Ойча мой, я баюся, што магу стаць каменем.

Тарквемада працягнуў далонь.

— Падай мне, сыне, руку.

Рука была халодная і сухая.

— Ты думаеш, ойча, што ў мяне гарачка? Не, ойча, гарачкі няма, я здаровы.

— Бачу, сапраўды няма гарачкі. Але ж гаворыш ты, браце…

— Завуць мяне братам Дыега.

— Але ж гаворыш ты, браце Дыега, так, як звычайна людзі ў вялікай гарачцы або пад вялікім грэхам, які точыць іх сумленне.

Брат Дыега ўздрыгнуў.

— О не, ойча! Цяжкія грахі не на маім сумленні. Не мяне трэба вінаваціць за прымус, не на мне людскія крыўды, слёзы і пакуты. Ніхто яшчэ мяне не праклінае і не ненавідзіць. Не маю на сумленні ніякага злачынства, ніякай няпраўды.

Некалькі хвілін панавала маўчанне. Падрэ Тарквемада падцягнуў пад шыю сутану.

— Браце Дыега, ты выказваешся даволі няясна, аднак мне здаецца, што тваімі вуснамі гаворыць вялікая пыха.

Той заварушыўся.

— О не, ойча, гэта не пыха! Ты ж мяне не ведаеш. Не ведаеш маіх думак.

— Ты так мяркуеш?

— Не ведаю, ойча. Можа, і знаеш іх, можа, і ведаеш, што ўва мне дзеецца. Я хацеў маліцца, але не ведаў, што тут я не адзін. Бачу цябе першы раз, не ведаю, хто ты, але калі стаю перад табою і, апроч нас двух, няма нікога, мне здаецца, што ведаю цябе даўно, з першай хвіліны, як я пачаў мысліць. Чаму ты так дзівішся на мяне, ойча? Ты сам сказаў, што ў мяне няма гарачкі, што я прытомны. Ці ведаеш ойча, за што я хацеў маліцца? Можа, і здагадваешся, але дазволь мне сказаць пра гэта, бо ты зразумееш: у цябе твар чалавека, які ўсё разумее, а можа, таксама адчувае, што ведаў мяне даўно, з самага пачатку. Ойча мой, ойча, я хацеў прасіць у Бога, каб ён дараваў тым усім, якія, маючы ў сваіх руках уладу, дрэнна карыстаюцца ёю і не на дабро людское яе прыкладаюць, а на страшныя крыўдны і пакуты. Хацеў сказаць: Божа вялікі і літасцівы, які на небе, май літасць да гвалтаўнікоў справядлівасці, даруй свядомым ілгунам, здрадным скаржнікам і фальшывым суддзям, будзь міласэрны да тых, якія ў сляпым забыцці нішчаць спакой людскі і сеюць страх, аблуду і нянавісць, злітуйся з забойцаў… Так хацеў маліцца. Але не змог, ойча, не здолеў, не жадаў! Словы ў горле стылі. Калі цяпер іх вымаўляю, дык яны — абвінавачанне і праклён, а калі яны павінны былі быць малітвай, кожнае з іх здавалася мне цяжэйшым за камень. Ойча, гэта была б благая малітва!

Падрэ Тарквемада стаяў нерухомы.

— Ці можаш сказаць мне, браце Дыега, — сказаў праз хвіліну, — хто тыя людзі, за якіх ты хацеў маліцца і на якіх ускладваеш віну, такую вялікую, на тваю думку?

Брат Дыега падняў да грудзей абедзве заціснутыя далоні.

— Ойча! Гэтая сутана паліць мяне, яна душыць мяне.

— Браце Дыега!

— Паліць мяне, ойча, бо зганьбавана людзьмі, якія носяць яе.

— Браце Дыега, я таксама нашу яе.

— І ніколі яна не душыла цябе? Скажы, ніколі цябе не трывожыць сорам, што людзі ў такіх самых сутанах…

Тарквемада вызваліў з рукава далонь і рашучым рухам адсунуў ад сябе Дыега.

— Маўчы! Ці не разумееш, няшчасны, таго, што гаворыш? Ці ведаеш, хто я?

Брат Дыега знепрытомнена паглядзеў палкімі вачыма на старога.

— Хто ты? Не ведаю! Ведаю, што знаю цябе здавён.

— Браце Дыега, — сказаў той ціха, амаль лагодна, — я брат Томас Тарквемада.

Дыега болесна ўсміхнуўся.

— Навошта з мяне кпіш? Хочаш выпрабаваць маю адвагу? О не, ойча, няма ўва мне страху. Калі б замест цябе сапраўды стаяў тут перада мною сам айцец Тарквемада, я таксама не адмовіўся б ад ніводнага слова, што сказаў. Мая нянавісць мацнейшая за страх. Няма ўва мне, ойча, месца страху.

— Браце Дыега, апамятайся, — сказаў вялебны айцец амаль шэптам, але з асабліва моцным націскам, — ты стаіш перад Вялікім інквізітарам.

Стала ціха. Брат Дыега з усё большым напружаннем у вачах узіраўся ў Тарквемаду. Пасля паднёс руку да лоба. Адчуў пад пальцамі халодны пот.

— Божа, — прашаптаў.

Адступіў на крок у глыбіню капліцы і ў гэты момант зачапіў нагою падсвечнік, які стаяў з боку алтара. Твар яго скрывіўся, губы задрыжалі. Ён хутка нагнуўся і, схапіўшы цяжкі чатырохгранны падсвечнік, замахнуўся ім на Тарквемаду. Аднак не ўдарыў. Стаяў з высока занесенай рукою, цяжка дыхаючы, з тварам, працятым нянавісцю, але адначасова абяззброены спакоем і маўчаннем старца, які не адступіў ні на крок, не зрабіў ані руху на абарону. З яго нерухомай постаці біла такая сабраная і цвёрдая сіла, што праз хвіліну Дыега заплюшчыў павекі, і, хоць яшчэ стаяў замахнуўшыся, — падсвечнік выпаў з рукі і, з ляскатам стукнуўшыся аб каменныя сходкі алтара, пакаціўся з іх і застыў каля ног Тарквемады. Гулкае рэха разарвала цішыню цемры, і адзін яго гук асабліва доўга і працяжна звінеў недзе пад самым скляпеннем царквы, пасля ўсё раптам змоўкла, і цішыня стала яшчэ глыбейшая.

Дыега расплюшчыў вочы.

— Чаму не клічаце сваю ахову, вялебны пане? — спытаў высокім і ясным, вельмі маладым голасам. — Рабіце, што прывыклі рабіць пры падобных акалічнасцях.

Падрэ Тарквемада адвярнуўся і, расхінуўшы на грудзях сутану, укленчыў перад алтаром.

— Сыне мой, — сказаў напаўголаса, — укленчы побач са мною.

Дыега хвіліну стаяў нерухомы, пасля раптам рэзка павярнуўся да Тарквемады і ўкленчыў не далей чым на выцягнутую руку.

Каганец, які свяціўся ў глыбіні алтара, кідаў мігатлівы бляск на абодвух.

Вялебны айцец склаў далоні на малітву.

— Паўтарай, сыне мой, за мною: «Ойча наш, які сутны на небе…»

Дыега ўзняў вочы, але навокал было занадта цёмна, каб ён мог затрымаць позірк на доўгіх пратэсах, якія пасмамі жаўтаватага палатна звісалі абапал амбона, заўсёды ўдзень напамінаючы імёны і правіны людзей, спаленых Святым трыбуналам. Цяпер толькі невыразны цень гэтых злавесных палотнаў нік у глыбіні камяніцы.

— «Ойча наш, які сутны на небе», — сказаў нарэшце ясным і звонкім голасам, як перад тым.

— «Хай свяціцца імя тваё».

— «Хай свяціцца імя тваё».

Дыега адчуў спазмы ў горле і гарачыя слёзы пад павекамі.

— «Хай прыйдзе царства тваё», — сказаў ён ціха, каб не выдаць дрыжання голасу.

— «Хай будзе воля твая як у небе, так і на зямлі».

Дыега паўтарыў і гэтую фразу, але яшчэ цішэй. Ён адчуваў, што з наступным радком не авалодае ўзрушанасцю, якая нахлынула на яго, і заплача ўголас. Але вялебны айцец Вялікі інквізітар больш не маліўся. Ён замоўк, заціснуў далонямі скроні, нібы забыўся на таго, хто кленчыў побач з ім.

Сігнатурка сёстраў кармелітак зноў пачала званіць удалечыні. Падрэ Тарквемада ўзняў галаву.

— Аман, — сказаў моцным, сабраным голасам. — Браце Дыега!

— Пане?

— Вяртайся, сыне мой, да сябе. Неўзабаве развіднее, чакае цябе, як я думаю, нялёгкі дзень.

— Абы каб стаў пачаткам апошняга! — усклікнуў Дыега.

На гэта Тарквемада сказаў:

— Кожны чалавек пан і адначасова слуга свайго лёсу. Ідзі ўжо requiescere in расе ў сваю цэлю, чакай, пакуль не атрымаеш новых указанняў ад вышэйшых.

Поделиться с друзьями: