Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Цемра зямлю ахінае

Анджаеўскі Ежы

Шрифт:

Падрэ Тарквемада паглядзеў на прысутных.

— Чуеце, шаноўныя браты? Чуеце голас хрысціянскага народа? Гэта вам навука! Адзеньце тысячу скрушных грэшнікаў у санбеніта і прыганіце іх босых сюды, да калегіяты, на пакутнае аўтадафэ, аддайце свецкаму суду сто, дзвесце, трыста, калі зойдзе патрэба, зацятых і закаранелых ератыкоў, каб знішчыць іх у полымі, як нішчыцца шкоднае пустазелле або ссохлая вінаградная лаза, а люд, які сёння ў гэтым горадзе замкнуўся ў сваіх дамах, убачце на вуліцах. Больш таго: кіньце яго да ног сваіх.

Пасля павярнуўся да ўкленчанага ганца:

— Мір з табой, мой сыне. Ты прынёс нам вестку смутную і радасную. Мы смуткуем, што вялебнага дона Пэдра няма больш сярод нас, добра ведаючы, што жыцьме ён праз усе часы неўміручасцю поўнай хвалы; радуймася, што яго пакутная смерць умацуе нас і з'яднае ў змаганні з ератыкамі, у абароне нашай веры.

Змяркалася. На плошчы запалілі паходні. Голас Тарквемады гучаў у цішыні ўсё больш грозна.

— Няма на свеце такой сілы, ані такога зла і падступнасці, якія маглі б супрацьпаставіцца нашай справе. Будземце ж, браты, чуйныя і не спема ў час, калі не спіць вораг сярод нас.

— Vіvа еl nоmbrе dе Jesus! — моцным голасам сказаў падрэ дэ ла Куэста. — Vіvа lа Virgen Santissima!

Ганец з Сарагосы падхапіўся з каленяў і, павярнуўшыся тварам да плошчы, крыкнуў хрыпла з усёй сілы ў змрок, запоўнены ўзброенымі людзьмі і бляскам дымных паходняў.

— Vіvа lа Santissima!

— Vіvа lа Santissima!

— адказаў адным магутным голасам натоўп.

У гэты час Тарквемада падняў сухую старэчую далоню і з-пад партала калегіяты, высокі і ўзнесены сярод мігатлівых агеньчыкаў свечак, пачаў крэсліць у паветры знак крыжа.

Быў позні начны час. Нешпар дамініканцаў даўно ўжо закончыўся. Пасля працяглай нарады з інквізітарамі і дарадцамі падрэ дэ ла Куэста правёў вялебнага айца да келлі, у якой той меўся жыць пад час гасцявання ў Віла-Рэал. Змрок нізкіх кляштарных калідораў рассейвалі паходні ў руках двух рыцараў з Хрыстовай міліцыі.

У канцы доўгага калідора падрэ дэ ла Куэста спыніўся і адчыніў дзверы ў келлю.

— Належыць табе, вялебны ойча, заслужаны адпачынак пасля клопатаў сённяшняга дня. Спадзяюся, Бог спашле табе добры сон. У гэтай вось келлі, як сведчаць старыя запісы нашага кляштара, акурат сто гадоў назад жыў пэўны час наш святы брат Вінсэнт Фэр'ер.

Падрэ Тарквемада, схіліўшы ў дзвярах галаву, увайшоў усярэдзіну. Келля была цесная і голая. У адным куце гарэў каганец. Ніжэй было месца для кленчання. У другім куце — вузкая пасцель. Над ёю — разьблёны з дрэва распяты Хрыстос. Холад ішоў ад каменнай падлогі і муроў. За акном распасціралася цёмнае начное неба, усыпанае зоркамі.

Вялебны айцец падышоў да акна.

— Наш брат Вінсэнта несумненна быў святы. Ці не думаеш, вялебны ойча, што пры ўсіх сваіх хрысціянскіх цнотах ён быў чалавек, які вельмі лічыўся з важнасцю слоў.

Падрэ дэ ла Куэста ціха прычыніў дзверы.

— Святы Вінсэнт быў вялікі прапаведнік нашага закону.

Тарквемада, заклаўшы далоні ў рукавы сутаны, глядзеў на далёкае неба.

— Словы! Што ж словы, мой ойча? Тысячай слоў можна вярнуць тысячу ератыкоў. Кажаш, святы Вінсэнт быў вялікі прапаведнік. Гэта праўда. Далучыў да нашай веры шмат тысяч жыдоў, якія ў свой час уніклі пагромаў. І што з таго? Яны, учора далучаныя, сёння ў асобах сваіх сыноў і ўнукаў таемна мардуюць абаронцу веры. Чаму так робяць? Бо ненавідзяць Святую інквізіцыю, змяніўшы толькі формы, не мяняючы ні на шэлег сваёй ератыцкай натуры. Аказваецца, словы бываюць не вушкам ігольным, а брамай, шырока адчыненай усім. І праз яе праходзяць так латва, як з цемры да святла дзённага. Сапраўды, мой ойча, бяда тым, хто змагаецца, калі занадта спадзяецца на ачышчальную сілу слова!

— Думаеш, слова не мае ніякай дзейснай сілы? — пакорна спытаўся падрэ дэ ла Куэста.

— Чаму ж, мае, але толькі тады, калі яно — дзеянне. Уся праўда нашага слова ў вучэнні царквы, і яна непарушная, не залежыць ад глебы, на якой мы будуем наш гмах. Але ці ж не на тым грунтуюцца нашы заклікі, каб словы праўды пацвярджаць сведчаннем дзеяння? Вер мне, мой ойча, словы толькі тады нешта азначаюць, калі не далей чым за крок ад іх стаіць меч дзеяння.

— Калі я правільна ўразумеў цябе, вялебны ойча, прызнанні асоб перад Святым трыбуналам, якія сведчаць за тое, што шмат хто са свецкіх паноў і ўпраўцаў горада Віла-Рэал пагарджае асновамі рэлігіі і не баіцца ўзносіцца з пыхаю там, дзе павінна быць толькі паслушэнства і пакора, — то гэта ці не словы, за якімі стаіць меч дзеяння?

Падрэ Тарквемада павярнуўся да акна. У позірку яго цёмных, глыбока пасаджаных вачэй успыхнуў раптоўны бляск.

— Сапраўды, шматвяковы вопыт нашага вучэння прамаўляе тваімі вуснамі. Здаецца мне, ты зразумеў асабліва важны прынцып.

— Ці маеш на думцы, вялебны ойча, прынцып, які сцвярджае, што за кожнай памылкай, якая б яна ні была, схаваныя пахібнасці веры?

Тарквемада прыплюшчыў вочы і нічога не адказаў. Падрэ дэ ла Куэста ўзіраўся ў яго з напружанай увагай.

— Калі б мы хацелі і маглі глыбей і праніклівей глядзець на людскія памылкі, — азваўся праз хвіліну, — тады нам не цяжка было б заўважыць, што прычыны памылак бываюць зазвычай больш грозныя, чым яны самыя.

Тарквемада ўзвёў павекі.

— Ойча Бласка, — сказаў задумліва, — я хацеў бы, каб ты сказаў мне як брату, які шчыра любіць…

— Слухаю цябе, ойча.

— Сапраўдны хрысціянін не можа мець ніякіх асабістых мэт, якія б пярэчылі мэтам царквы.

— Так, ойча, гэта праўда.

— Усе нашы дзеянні, думкі і жаданні належаць царкве. Лічу таксама, што менавіта таму хрысціянін не толькі можа, але і павінен песціць у сабе жаданні, хай вельмі асабістыя, але каб яны адпавядалі мэтам царквы. Скажы яшчэ, ці маеш асабістае пажаданне, асабліва табе дарагое, адно замілаванне, якое здавалася б табе ўвасабленнем тваіх зямных імкненняў?

Падрэ дэ ла Куэста хвіліну маўчаў.

— Калі быць шчырым, ойча, як на споведзі…

— Будзь!

— Прызнаюся, ужо колькі гадоў горача і нязменна прагну аднаго. Хацеў бы, і хай даруецца мне мая пыха, хацеў бы, аднак, калі-небудзь у будучым, вядома, пасля як найдаўжэйшага жыцця Яго Свяцейшасці кардынала дэ Мендоза, сесці на трон арцыбіскупаў Таледа.

У цэлі стала ціха. Падрэ дэ ла Куэста, стоячы са схіленай галавой, дарма чакаў адказу Тарквемады. Вялебны айцец Вялікі інквізітар маўчаў.

Якраз выходзіў месяц, і бляск яго прабіваўся ў келлю імглістай яснотаю.

— Ойча вялебны, — ціха азваўся прыёр, — магчыма, маё прызнанне ўразіла цябе. Сапраўды, можа, я занадта высока сягаю са сваімі марамі. Аднак мне хацелася б…

— Ідзі спаць, ойча, — суха сказаў Тарквемада. — Думаю, пасля дзённых турбот табе патрэбен сон.

Падрэ дэ ла Куэста збялеў.

— Божа літасцівы, няўжо маё жаданне аж такое заганнае? Калі лічыш, што я не годны такога вялікага гонару…

— Маўчы! Няўжо ты сапраўды такі сляпы і глухі, калі не разумееш, што адкідаеш, выбіраючы славу і бляск? Чаго варта твая мара? Надзець на галаву арцыбіскупскую інфулу, мець двор, палац, багацце, сядзець у асвянцоных шатах на троне? Ты, дамініканец, найбольш гэтага прагнеш? Гэта твая запаветная мара? Што ты зрабіў з сабою, у якія сеткі ўблытаўся? Хвіліну назад я думаў, падмануты знешняй прыстойнасцю тваёй разважлівасці, што залічу цябе да найвышэйшай годнасці змагара царквы, назначыўшы адным з інквізітараў каралеўства. А ты марыш стаць арцыбіскупам Таледа!

Поделиться с друзьями: