Чарадзейныя яблыкі
Шрифт:
— Я павінен пайсці і ва ўсім прызнацца, — раптам паўтарыў ён ужо знаёмае.
Гэта ідэя заўсёды нервавала панначку. Вось і на гэты раз у яе вачах у той жа момант задрыжэлі слёзы.
— Ад цябе, Ян, я менш за ўсё чакала такога глупства, — заўважыла яна. І дадала: — Няўжо дапаможыш ты мне тым, што дазволіш адсячы сабе галаву?
— Не думаю, каб у княгіні Ізабэлы зусім не было сэрца, — адказаў Ян.
— Я таксама некалі так думала. І памылілася. Яна здзекавалася з мяне, як хацела. Каварным чынам выдала замуж за сына-вырадка. Потым патурала яго нячыстым дзівацтвам, учыніўшы нада мной страшэннае насілле. Ты яе не ведаеш! Яе самаўпэўненасць, каварства прачынаюцца на другі дзень пасля ад'езду князя. Загадаўшы забіць цябе, а потым і мяне, яна прыдумае тлумачэнне, па якому мы самі ж будзем вінаватымі ў сваёй смерці! З ёй нельга з адкрытым сэрцам. І калі ўжо мы змаглі быць асцярожнымі да сённяшняга дня, то павінны прыдумаць нешта, каб трымацца так і надалей. Бо на карту пастаўлена наша жыццё.
Ян падняўся і, прыпаўшы на калена перад панначкай, пацалаваў руку любай.
— Не думайце пра мяне, панна Марыя, — сказаў ён. — Падумайце пра сябе і пра таго, хто народзіцца ад вас. Пагаварыце з княгіняй. Дамагайцеся таго, каб паехаць у Кляціху. Там на час родаў я знайду вам надзейнае сховішча.
— Трэба ўсё абдумаць, — паддаючыся яго ўпэўненаму тону, адазвалася панна Марыя. — Куды схаваць немаўлятку, як знайсці карміцельку…
— Бяру гэта на сябе. Галоўнае цяпер — паехаць. Паехаць!
Панна Марыя не вытрымала кінулася ў абдымкі Яну, дала волю слязам.
— Любы! — ускрыкнула яна. — Няўжо нам вечна прыйдзецца жыць пад страхам! Дык мы ж падманваем сябе! Паедзем! Паедзем за мяжу!
— На вялікі жаль!.. Куды і як?.. Куды б мы ні адправіліся, нас чакае насільны зварот. Ад княжацкіх дружыннікаў ніхто не схаваецца ні клеймаваны раб, ні святоша. Я гатовы паехаць хоць на край свету, толькі, каб вы не адчувалі страху. Аднак навошта нам такое неспакойнае шчасце! Мы не хлусы і не беглыя катаржнікі. Ці не лепш паспрабаваць зацвердзіць наша каханне законным шляхам! Я не гаварыў вам, таму што не быў упэўнены. Але цяпер я ведаю: Пахомій Лагафет жывы і вяртаецца са святых мясцін. Яго ўжо бачылі. Ён павінен быць у горадзе з дня на дзень. Айцец Пахомій — сведка нашага яднання. Наша надзея! Вернецца князь — і мы абвясцім, што мы заручаны!
Наіўны летуценнік, ён цешыў сябе думкай, быццам князь блаславіць іх заручыны.
— Спадзяюся на Пахомія, — працягваў ён. — Стары хрысціў мяне. Блаславіў на шчасце. Хто, як не ён, можа даць мне добрую параду?
Слухаючы Яна, панне Марыі хацелася верыць у тое, што з вяртаннем старога псаломшчыка шмат чаго для іх пераменіцца да лепшага.
— Дай Бог, каб ён як мага хутчэй вярнуўся, — пажадала яна следам за Янам.
Гэта навіна як быццам крыху прыглушыла яе душэўную муку.
X
Чутка пра вяртанне Пахомія Лагафета не была нечай выдумкай. Стары сапраўды напраўляўся дадому. На Паповай горцы ён з'явіўся нечакана.
Аднойчы ў восеньскі вечар, калі ўжо сцямнела і ліў нудны дождж, дзверы былога прытулку адчыніліся і ў памяшканне ўвайшоў рыжабароды шыракаплечы стары. Ён быў босы. Галава і плечы яго былі закручаны ў палінялы, вынашаны плашч. Стары пакланіўся маладым, сказаў: «Бог з вамі» — і расхінуў плашч. З яго адзення цякло, як з ручая. Ян паспешліва выбраўся са свайго кутка, усклікнуў з радасцю:
— Айцец Пахомій!
Потым яны доўга стаялі абняўшыся, быццам сын і бацька пасля доўгай разлукі. Нарэшце Ян пасадзіў Пахомія каля печы і, загадаўшы яму раздзецца, даў новае адзенне са свайго куфра…
Крыху пазней, павячэраўшы разам з іншымі, яны ўселіся ў кутку і завялі размову. І таму і другому было пра што расказаць. Год змяніў у іх жыцці шмат чаго. Ян паведаміў пра паездку ў Варшаву. Не ўтоіў ён ад старога і расказаў пра свае адносіны з паннай Марыяй. Спавядаючыся, ён спадзяваўся пачуць добрую параду.
Лагафет быў, як заўсёды, велягурысты. Пра свой паход у святыя мясціны ён распавядаў алегарычна і з нейкім паэтычным жарам, быццам размова ішла пра казачныя прыгоды. «Колькі добрых людзей на белым свеце!» — шчыра ўсклікваў ён пры гэтым неаднойчы. Паход засцярог яго ад душэўнай немачы. Стары быў поўны энергіі дапамагаць і павучаць. Споведзь Яна як быццам азадачыла яго. Але ён знайшоў у сабе сілы ўсміхнуцца хрэсніку і сказаць:
— Усё абразуміцца, маё дзіця. Выйсце знойдзецца.
Ці то ад прадчування чагосьці нядобрага, ці то сапраўды яму некуды было спяшацца, толькі ён рашыў застацца з Янам. У кампаніі маладых ён стаў кімсьці тыпу мясцовага свяшчэнніка. А вечарамі, у хвіліны асобага натхнення, ён чытаў ім са сваёй любімай кнігі. З настойлівасцю фанатыка ён сцвярджаў, што Псалтыр — гэта кніга кніг. Моладзь слухала яго, як слухаюць генія, які вырашыў пазнаёміць публіку са сваімі вершамі. Пра падарожжа ён мог гаварыць бясконца. Мудрэц, ён разумеў, што сваё захапленне яму не выказаць лепш, чым даўно вядомымі біблейскімі фразамі. А таму, расказваючы, шмат чаго запазычваў са святых кніг. Але слухачы — усе як адзін — былі ўпэўнены, што гэта менавіта яго словы і што гэты блажэнны — ніхто іншы, як сачыніцель. Іншы раз Ян акампаніраваў яму на скрыпцы. У гэтым выпадку расказ старога натхняў слухачоў па-асобаму.
— Не бачыў праведніка пакінутым, — павольна і выразна гаварыў Пахомій, — і нашчадкаў яго, якія просяць хлеба. Малое ў яго — лепей за багацце ў многіх грэшнікаў. А грэшнікі бяруць у пазыку і не вяртаюць.
Сябе ён не шкадаваў і таксама папракаў. У глыбіні душы штосьці ўсё-такі яго прыгнятала.
— Знямогла ад грахоў сіла мая, — часам пачынаў скардзіцца ён. — Я — як разбітая пасудзіна. Той, хто бачыць мяне на вуліцы, бяжыць ад мяне.
На якія грахі спасылаўся гэты праведнік? Падобныя яго прызнанні выклікалі здзіўленне. Стары жыў чыста і сумленна, як манах. Кожную раніцу абліваўся халоднай вадою. Харчаваўся толькі адной расліннай ежай. Некалькі гадзін у дзень прысвячаў малітве. Прыміраў тых, хто спрачаўся. Здавалася, не пра грахі свае, а пра вартасці трэба было яму гаварыць.
Ян чакаў ад яго адказу, — Лагафет быў апошняй яго надзеяй. Але стары не спяшаўся. Калі яны заставаліся адны і размова заходзіла пра панначку, Пахомій паўтараў:
— Жыві і беражы ісціну.
Там, дзе ад яго патрабавалася канкрэтнасць, ён праяўляў крайнюю бездапаможнасць.
Калі Ян, нарэшце, разгадаў яго, ён перастаў чакаць. Лопнула яго апошняя надзея. Ён засумаваў.
Доўга не хадзіў ён у замак. Тым самым ён прымусіў панну Марыю самой з'явіцца да яго…
Стары пазнаў панначку. Ён паглядзеў на яе так, як быццам хацеў папракнуць у чымсьці. Панна Марыя пакланілася яму. Замест таго каб адказаць на прывітанне, Пахомій нечакана прамармытаў:
— Даеш ім — прымаюць, насычаюцца благам… Схаваеш твар твой — хвалююцца. Аднімеш дух іх — паміраюць і… у персі свае вяртаюцца.
Ад гэтых слоў панне Марыі зрабілася не па сабе, ёй бачылася ў іх прароцтва. Яна ўспомніла ноч, калі псаломшчык бласлаўляў іх. «Так, тая ноч сапраўды насыціла мяне благам, — з упэўненасцю падумала яна. — То была чароўная ноч!» Ёй успомніліся сны — і яна зразумела, што яны былі папярэджаннем… «Недарэмна ён сказаў пра смерць», — мільганула ў яе свядомасці. Яна збялела, схапілася за рог стала. Ян кінуўся да яе, падтрымаў. Адчуваючы, што яна можа ўпасці, ён вырашыў вывесці яе з душнага памяшкання…
Усю дарогу назад, у замак, панна Марыя думала пра дзіўныя словы старога: «Што яны значаць? Няўжо ён убачыў у маіх вачах асуджанасць? Няўжо ён лічыць, што ад цяжкасцей, у якіх мы апынуліся, нас можа выратаваць толькі смерць?..» Жадаючы пакоя, яна, наведаўшы Папову горку, набыла яшчэ большую трывогу. Да яе вярнулася тое пачуццё, якое яна адчула пасля свайго візіта ў касцёл, калі яе падманам выдалі замуж.
Адчуваючы стан панны Марыі і жадаючы хоць неяк дапамагчы ёй, Ян з гэтага дня аднавіў свае візіты ў замак. А гэта ў сваю чаргу не магло быць не заўважаным. Слугі з падрабязнасцямі даносілі княгіні пра кожнае яго з'яўленне. Яшчэ ніхто з іх не быў перакананы ў сапраўднай прычыне вялікага жывата панначкі, але намёкі перараслі ў вывады. І вывады гэтыя былі зусім не на карысць панны Марыі.