Чарадзейныя яблыкі
Шрифт:
XI
Неяк раніцой панна Марыя не выйшла на сняданак. Заінтрыгаваная яе адсутнасцю, княгіня звярнулася да свайго распарадчыка:
— Ідзі і даведайся, што з ёй. Калі хворая і не можа прыйсці, прывядзі яе служанку.
Загад быў выкананы. Праз хвіліну ў Сталовай зале з'явілася Люцыя.
— Твая пані захварэла? — прама спытала яе княгіня.
— Так, сягоння ёй нездаровіцца, — адказала служанка, без ценю спачування.
— І што з ёй? — працягвала дапытвацца гаспадыня замка. — Чаму яна не звяртаецца да доктара?
Люцыя не ўмела лгаць, прамаўчала. Аднак старой княгіні больш сказала чырвань сарамлівасці на яе твары.
— Хвароба, пры якой не звяртаюцца да дактароў,— ёсць прытворства, — змрочна заўважыла тая. — А прытворства без прычыны не бывае. Гавары! Што з ёй?
Люцыя быццам язык праглынула, стаяла і глядзела сабе пад ногі. Даносіць на пані не прымусілі б яе нават катаванні. Здагадаўшыся, што так проста ад упартай нічога не дабіцца, княгіня змрочна заўважыла:
— Ну што ж, сама даведаюся. Зараз жа пайду і даведаюся. А з табой, мілачка, разбяруся асобна. Думаю, розгі развяжуць табе язык. Пайшла прэч!
Люцыя паспяшалася ў пакоі панны Марыі. Ёй хацелася хутчэй папярэдзіць яе пра страшны візіт.
— Панначка, панначка! — уваходзячы ў пакоі пані, закрычала яна. — Княгіня Ізабэла!.. Ідзе следам за мной!..
Панна Марыя, апранутая ў шырокую бэзавую сукенку, накіравалася да дзвярэй, каб выйсці з пакоя. Але ўжо было позна, — у спальні з'явілася княгіня…
Чорныя пукатыя вочы старой так і забегалі па целе бедалагі. Здавалася, злосная княгіня імкнулася абвінаваціць панну Марыю ў крадзяжы і здагадвалася, дзе менавіта ў складках сукенкі хавае тая ўкрадзеную рэч. Цэлую хвіліну ўсе трое захоўвалі маўчанне. Рукі панны Марыі дрыжэлі — візіт княгіні засціг яе знянацку, — у гэтую раніцу яна не збіралася выходзіць на сняданак, а таму не надзела гарсэт. Але не столькі сорам мучыў яе, колькі абурала бесцырымоннасць гаспадыні замка.
— Чаго вы хочаце? — зменлівым ад хвалявання голасам спытала яна.
Княгіня быццам не пачула яе. Заўважыўшы выпукласць пад складкамі доўгай сукенкі панначкі, яна, не здолеўшы схаваць здзіўлення, усклікнула:
— Дык вось якая прычына тваёй «хваробы»! — Наступную хвіліну яна маўчала, штосьці абдумвала. Затым, нібы падводзячы вынік разважанням, сказала: — Ну, канечне, гэта той халоп!.. — Яна паглядзела ў вочы панны Марыі.— Ён так і круціўся вакол цябе, як матылёк вакол садовага ліхтарыка.
Панначка сціснула кулакі і, гледзячы ў ненавісны твар, ціха, але гнеўна выгаварыла:
— Змоўкніце. Вы ўжо спрабавалі аднойчы ашчаслівіць мяне. Хопіць! Я сама сабе гаспадыня!
— Не затыкай мне рот, мілачка, — з пагрозай адказала старая. — Ты не ў тым становішчы, каб наступаць. Супроць цябе ёсць доказ. І сур'ёзны! Цяпер ужо ў цябе апраўданняў не можа быць! — Відавочна, канчаткова пераканаўшыся ў тым, аб чым да некаторага часу толькі здагадвалася, яна раптам усклікнула з асуджэннем: — Які сорам!.. І як гэта ты, такая гордая і непрыступная, магла такое дапусціць… з халопам! Дык ты ж — проста нікчэмнасць!
— За такую знявагу Бог вам адплаціць, — ціха абазвалася панна Марыя. — Як і за ўсё астатняе.
Княгіня, якая не прывыкла чуць падобнае, гаркнула ў адказ:
— Хопіць затыкаць мне рот, мілейшая! Ты не слухалася мяне і вось атрымала!.. А цяпер, калі ласка, запомні: я табе гэтага не дарую! Я пастараюся зрабіць так, каб табе было балюча і каб ты ўсё жыццё, кожную хвіліну адчувала гэты боль! Я буду піць з цябе кроў маленькімі кроплямі! І вып'ю яе ўсю!
— Мяне няма ў чым вініць, — упэўнена адказала панна Марыя. Дзіўна, але чым больш страшнейшымі былі пагрозы княгіні, тым больш спакойна рабілася на сэрцы панны Марыі.— Я чыстая перад небам.
— Пра якую чысціню ты гаворыш, бессаромніца! — істэрычна ўсклікнула княгіня. — З такім жыватом! Адумайся!.. Ты запляміла чэсць Эрдзівілаў! Ты проста не разумееш, што натварыла! Ніхто за трыста гадоў не ганьбіў так гэту фамілію!
Панна Марыя хацела было прызнацца пра свае заручыны з Янам. Але тут нечаканая думка спыніла яе: панначка падумала, што як бы яна ні старалася апраўдацца, княгіня не зразумее яе. Упершыню яна ўсвядоміла, што нікому ў цэлым свеце няма справы да яе шчасця і што любы можа пасмяяцца з яе і нават назваць яе ўчынак «сорамам». Яна апусціла галаву.
Княгіня прыняла яе маўчанне за раскаянне. Жадаючы выкарыстаць момант, яна пагрозліва спытала:
— Ад каго забрухаціла? Ад садоўніка? Адказвай, хутчэй!
Адчуваючы, якую бяду можа прынесці яе шчырае прызнанне, панна Марыя сабралася з духам і, гледзячы ў вочы ненавіснай старой, адказала:
— Я не скажу вам нічога.
— Не скажаш? — Княгіня здзівілася. З хвіліну яна глядзела ў твар суразмоўніцы, потым злосна працадзіла скрозь зубы: — Ну што ж, мілачка, за цябе скажуць іншыя. Хутка я даведаюся пра ўсё. І загадзя папярэджваю: хто б ён ні быў, я разлічуся з ім. Я загадаю чвартаваць яго — на плошчы, пры народзе. Я ўпэўнена, што гэта той чарвяк, нявольнік. А таму гавару табе: яму не здабраваць. Жывым закапаю! Клянуся, я гэта зраблю!
Сказаўшы гэта, яна раптам павярнулася і выйшла з пакоя. Дзверы за ёю зачыніліся так гучна, быццам стрэлілі з пушкі. Панна Марыя, усхваляваная пагрозамі і страшным прадчуваннем, пахіснулася. Люцыя кінулася да яе, абняла.
— Мацней, — папрасіла панначка. Ёй здавалася, што яна правальваецца ў глыбокую чорную яму…
Падтрымка служанкі дадала ёй сілы, праз хвіліну панна Марыя разрыдалася.
— Гора, гора мне, — стала жаліцца яна. — Жыццё толькі пачалося. Будучыня паманіла такой надзеяй — і вось усё рушыцца, як картачны дамок. Божа, чаму ты адварочваешся ад мяне? Чым я прагневала цябе? Усё было па волі тваёй. Ці не твае ўказанні я выконвала? Ці не табе я падпарадкоўвалася, як рабыня? Навучы, накіруй мяне на ісціну тваю. Ты Бог паратунку майго. На цябе спадзяюся кожны дзень…
Яна плакала, хрысцілася і прасіла ў Бога паратунку. Люцыя, моцна абдымаючы яе, адчувала, як уздрыгвае яе вялікі жывот і як дрыжаць яе худзенькія плечы…
XII
Гэты дзень выдаўся хмарным, панурым. З самай раніцы ішоў дождж, было ветрана і халодна. Восень, якая ўжо даўно ўступіла ў свае правы, паказвала сябе з самага непрывабнага боку. Каля замкавай брамы Яна затрымаў ахоўнік.
— Пускаць не дазволена, — сказаў ён.
— Як жа так, брацец? — здзівіўся Ян. — Гэта ж я. Няўжо не бачыш?
— Бачу, пан садоўнік, — адказаў брамнік. — Як раз менавіта вас і не дазволена. Асобае распараджэнне княгіні.
Яму прыйшлося вярнуцца на Папову горку. Ён здагадаўся, што цяжарнасць панны Марыі перастала быць тайнай, і захваляваўся. Так чулая маці раптам пачынае клапаціцца пра сваё дзіцяці, пакінутае на нейкі час у сваіх родзічаў.
Сустрэўшы яго, уважлівы Лагафет здагадаўся, што здарылася штосьці нядобрае… Але распытваць не стаў.
Увечары сабраліся ўсе пастаяльцы. За акном па-ранейшаму ліў нудны дождж, было сыра, затое пад дахам было цёпла і ўтульна. Ярка-чырвоныя агеньчыкі, што выскоквалі з прыадчыненай топкі печы, ажыўлялі змрок памяшкання. Нехта з пастаяльцаў, лежачы на лаўках, ужо драмаў. Нехта каля печы сушыў адзенне. Астатнія ціха гаманілі. Адзін, узяўшы на сябе абавязкі апальшчыка, зрэдку варушыў у топцы качаргой. Калі ён за гэта браўся, у памяшканні пачынала пахнуць дымком…