Доўгая дарога дадому
Шрифт:
Ранкам пачаўся бой, ужо за гэтае сяло. Помню, узышло сонца, усё ярка высьвецiла. На вулiцы нейкiя выкрыкi, хтосьцi кудысь бяжыць, а ў мяне, вiдаць, тэмпэратура паднялася, i я перастаў разумець, што адбываецца. I ад гэтай калатнечы, i ад недасыпаньня. Ва ўсякiм разе я ўжо ня ведаю, хто ў сяле — нашы цi немцы? Бо стралянiна чулася ў адным канцы, пасьля ў другiм, раздавалiся незразумелыя крыкi, затым усё прыцiхла. Думаю, што ж я тут буду ляжаць, чаго дачакаюся? Выпаўз у сенi. Каля дзьвярэй адгароджаны дошкамi засек з бульбай, такой дробненькай, мабыць, на корм. Я прылёг на гэтую бульбу, дастаў пiсталет i ляжу. Чую, бягуць па вулiцы, па дварах, але быццам гаворка ня наша, значыць, немцы. Дзьверы зачынены, але калi iх расчынiць, дык я тут жа, насупраць дзьвярэй, можа, трошкi збоку. I вось туп-туп па двары. Адчыняюцца дзьверы — немец! Адной рукой трымае дзьверы, а ў другой — аўтамат. А я зь пiсталетам гляджу на яго. Канешне, я магу стрэлiць у кожную сэкунду, а яму для таго трэба перахапiць аўтамат у правую руку. I вось я ня стрэлiў, а ён кiнуў дзьверы i павярнуўся назад.
Я там праляжаў яшчэ нейкi час. Пасьля, як можна было меркаваць, немцы адсюль адышлi. Па вулiцы пайшлi нашы машыны. Праўда, адкуль i куды — не зразумець. Але я ўжо выпаўз з падворку i стаў ля паркану. Iдзе бензазапраўшчык, я пачаў махаць рукой, ды ён не спынiўся. Стаю, гляджу яму ўсьлед. Той выехаў зь сяла, едзе палявой дарогай, а там раздарожжа. Ён скiраваў улева, у бок невялiкага ярка, а з таго ярка па дарозе — трасы. Запраўшчык i пыхнуў, бы факел.
Пасьля мяне ўсё ж падабрала адна машына i давезла да чыгуначнага пераезду. Там былi нашы матацыклiсты зь нейкага разьведбату i яшчэ нейкiя байцы. Мы сунулiся ў чыгуначную будку — можа, аднак, гэта былi чыгуначныя казармы. Рабочыя ў iх жылi. I там — жах адзiн. Ляжаць на падлозе чалавек пятнаццаць нашых забiтых… Аказваецца, танкiсты ўчора пасьцягвалi сюды сваiх параненых, а па чыгунцы ходзiць нямецкi бронецягнiк, — гэта ж яшчэ ў iхнiм тыле. На досьвiтку ў тую казарму зайшлi немцы зь цягнiка i ўсiх параненых пастралялi. Дзядзька-рабочы кажа: «Ратуйцеся, хлопчыкi, яны хутка зноў вернуцца!». Ну мы i пайшлi. Але куды? Ззаду чыгунка з бронецягнiком, зьлева вiдаць, як за аўражынай немцы штосьцi капаюць, далей шаша, па якой гужом iдуць нямецкiя машыны, пэўна, выяжджаюць з Кiраваграду. А наперадзе — мiннае поле, — яшчэ ўказальнiкаў не прыбралi, на дарозе шыльдачкi з «Мinеn». Але iншае дарогi ў нас няма, а за полем хоць сьцiрты, нейкае сховiшча. I старшы лейтэнант, якi быў сярод нас, кажа: «А ну, упярод! Хто першы?». У яго некалькi падначаленых у белых маскхалатах. Але iх ён не пасылае, ён хоча паслаць кагосьцi з чужых. I паслаў аднаго, параненага ў галаву пехацiнца. Той падарваўся першы. Затым другi пехацiнец пайшоў, але падарваўся якраз ня ён, а «свой» у белым халаце, якi iшоў, здаецца, цi не чацьвёртым.
Хоць i iшлi па сьлядах першага. Я стыргiкаў цi ня пятым. Урэшце дабрылi да сьцiртаў…
Закапалiся ў сьцiртах, сядзiм. Назiраем. Сапраўды, празь нейкi час прыходзiць бронецягнiк, спыняецца на пераезьдзе. Зь яго выходзяць чалавек пяць немцаў, iдуць у наш бок. А там у полi стаялi дзьве пакiнутыя машыны, мы думалi, яны таксама падарвалiся на мiнах. Аж не. Тыя немцы дайшлi да машын, там нешта парабiлi (можа, замiнавалi), павярнулi назад, да чыгункi. Час iдзе, мы чакаем.
Баi грукочуць вакол нас, на ўсiм даляглядзе. Скрозь нешта гарыць, бухае. Тут жа, дзе мы, цiшыня, апроч нас, няма нiкога. Немцы нас ня бачаць. I раптам проста над сьцiртамi спускаецца нямецкая «рама», трохi прабягае па сьнезе i спыняецца. Вылазiць лётчык, адчыняе капот, пачынае штосьцi там калупацца. I адзiн з разьведчыкаў кажа старшаму лейтэнанту: «А давайце захопiм „раму“. Я авiямэханiк, магу ўзьляцець». Увогуле дзiўнаваты намер, але што рабiць? Улезьлi мы добра, невядома, цi выседзiм хоць бы да ночы. Карацей кажучы, пайшлi трое да самалёту. У белых халатах, не адразу зразумееш, хто? Не дайшлi, можа, мэтраў пяцьдзясят. Немцы штось крыкнулi, i нашы нерашуча спынiлiся, нехта схапiўся за аўтамат. I ў той момант разварочваецца кулямётная турэль, i з буйнакалiбернага як паласнуць па разьведчыках… Самалёт завёўся, зрабiў невялiкую разьбежку i падняўся ў неба.
Выходзiлi адтуль ноччу. Сьвяцiла поўня, на сьнезе вiдаць далёка, таксама натрывалiся страху. На гэты раз старшы лейтэнант першым паслаў мяне, i я стыргiкаў, абапiраючыся на чыюсь вiнтоўку. Але ўрэшце перайшлi шашу i ў нейкiм сяле выбавiлiся да сваiх. Але сяло бамбуюць «юнкерсы», сыплюць касэтнымi бомбамi.
У хаце, дзе ляжаць параненыя, чакаюць вывазу, гаспадарыць дзяўчына ў пагонах, выпiсвае «карткi пярэдняга краю» i кiруе пагрузкай. Але транспарту няма, параненыя нэрвуюцца. Даходзiць чарга да мяне, пытаецца: зь якой часьцi? Называю сваю дывiзiю, а яна кажа: то ня наша часьць, я ня дам картку. Што рабiць? Бяз гэтай карткi мяне ня прыме шпiталь. Я чакаю. Тады налятае чарговая партыя пiкiроўшчыкаў, — выбухi, вылятаюць прэч вокны. I дзяўчына, страсянуўшы зь сябе тынкоўку, таропка падпiсвае мне картку. Можна ў тыл. Але на чым? Яшчэ з адным параненым у руку сяржантам выбiраемся на вулiцу. Бамбоўка скончылася, ды на вулiцы пуста. I раптам аднекуль «вiлiс» з афiцэрам, i мой сяржант крычыць: «Коля!». Шафёр — яго знаёмы. На тым «вiлiсе» пад вечар я быў ужо ў армейскiм шпiталi ў Александрыi. Во як пашэнцiла ўрэшце.
Вайна — бадай, скрозь чалавечае няшчасьце, а шчасьце, як вядома, рэч дужа адносная. У параўнаньнi зь перадавой кожны шпiталь можа здацца курортам. Шпiталь у Александрыi якраз у цэнтры горада, здаецца, у будынку школы. Памылi ў лазьнi, пражарылi вашывую вопратку, далi чыстую бялiзну. Параненых шмат, месцаў, як заўжды, не хапае. Афiцэры ляжаць па два ў ложку. Памятаю, маiм суседам быў лейтэнант-танкiст са знакамiтым прозьвiшчам Варашылаў. (З Варашылавым ляжаў, казаў пасьля.) Той шпiталь належаў Пятай танкавай армii, таму пераважна тут былi танкiсты — параненыя, абгарэлыя, розныя. Абгарэлыя асаблiва страшныя. Абпалы дужа балючыя i доўга ня гояцца. Людзi пакутуюць, часта нэрвуюцца i лаюцца. Зь сёстрамi, мiж сабой, з начальствам. А начальства — дактары — тут цi ня спрэс жанчыны рознага ўзросту. Мужчыны — толькi палiтрукi, якiя i тут ведаюць адно i тое ж — сваю надакучлівую прапаганду, прывiваць нянавiсьць да нямецкафашыстоў скiх захопнiкаў. Тае нянавiсьцi ў нас самiх звыш меры — i ня толькi да фашыстоўскiх захопнiкаў. Некаторыя параненыя, не стрываўшы, са злосьцi пасылаюць начальнiкаў на тры лiтары, тады ў палаце скандал, вечарам цi ноччу паяўляецца сьмерш, недысцыплiнаванага кудысь пераводзяць. На перадавую, аднак, нiхто ня рвецца, усё ж тут як-нiяк цёпла, цiха i не забiваюць. Праўда, галаднавата, але да голаду за жыцьцё мы прывыклi.
Часам узьнiкаюць размовы, успамiны пра нядаўнiя баi.
Там я шмат што пачуў наконт славутага «порядка в танковых войсках», пра якасьць хвалёных танкаў. Пра саракапяткi танкiсты i слухаць не хацелi, для iх гэта быў не супрацьтанкавы сродак, а «хлапушы», як яны казалi. Гаворка часьцей iшла пра «тыгры» i «фэрдынанды», якiя са зручных пазыцый выбiвалi нашы танкавыя батальёны. А iх паспрабуй дастаць. Пастаўленая на трыццацьчацьвёрцы 76-мм гармата iх ня брала, а яны са сваёй 88-мiлiмэтроўкi наскрозь прабiвалi браню нашых танкаў. А мы, дурнi, былi засвоiлi, што наша трыццацьчацьвёрка — лепшы танк у сьвеце. Паслухалi б прыхiльнiкi гэтых трыццацьчацьвёрак, што пра iх кажуць тыя, хто ў iх гарэў i гiнуў. Але ж «наша», рускае, усё лепшае — i састарэлая «драгунка» ўзору мiнулага стагодзьдзя, i ППШ — аўтамат фiнскага ўзору, што выпускаўся там з 1934 году, i вядома ж, наш суконны шынэлак на «рыбiным мяху». Што ўжо казаць пра франтавыя шпiталi, пра якiя ня раз з болем i гневам пiсаў Вiктар Астаф’еў. Галоўнае шпiтальнае лякарства — iхтыёлавая мазь, чорная сьмярдзючая мазюка, якой мазалi ўсе раны. Добра, калi рана чыстая, а калi ў ёй зямля, часткi бруднай апраткi… Пэнiцылiну ж тады не было. Найбольшая надзея была на хiрургаў, якiя рэзалi няшчадна, тым, можа, i найбольш ратуючы. Кармёжка ўсё тая ж, вайсковая, хiба што гарачая — хлеб, каша пярловая, радзей пшонная, суп вермiшэлевы цi зноў жа пярловы. I традыцыйны чай. (На фронце мы дзiвiлiся, што немцы п’юць каву — напой, якi мы ў сялянстве нiколi ня спытвалi i якi здаваўся нам агiдным, бы з сажы. Але яны пiлi яго з малаком.)
Афiцэраў усё ж iмкнулiся разьмеркаваць па якiх-небудзь будынках, салдатаў жа клалi звычайна ў апусьцелых за вайну калгасных аборах, кароўнiках цi сьвiнарнiках. Трохi вычышчалi гной, слалi салому, якую накрывалi зьверху ўнiвэрсальнай салдацкай апраткай — плашч-палаткамi. Укрывалiся кожны сваiм шынялём цi ватоўкай, спалi нераспранутыя. Зiмой на праходзе ставiлi жалезную грубкубочку, якую палiлi круглыя суткi. Вакол яе месьцiлася 2–3 сотнi параненых. Адаспаўшыся пасьля перадавой, спакваля пачалi адзiн з другiм знаёмiцца, моладзь — кучкавацца па iнтарэсах. Нават гуляць у карты. Калi-небудзь ноччу пры сьвятле капцiлкi можна было пачуць пад цiхенькi перабор балалайкi якую з папулярных песьняў. А то i салдацкi фальклёр. («Первая болванка попала в бензобак, вылез я из танка сам не знаю как. Любо, братцы, любо, любо, братцы, жить, — в танковой бригаде мне уж не служить. А наутро рано ведут в особотдел: что же ты, подлюга, в танке не сгорел? Любо, братцы, любо, любо, братцы, жить… Очень виноватый, я им говорю: в завтрашней атаке обязательно сгорю…» — і г. д.).
Як пачала гаiцца нага, стаў выходзiць у горад. Недалёка быў iмправiзаваны кiрмаш, дзе прадавалi семкi, махорку, малако, гарачую бульбачку, яшчэ нешта. Але тут аказалася, што ў мяне няма разьлiковай кнiжкi, таму я не магу атрымлiваць зарплату. Увогуле зразумела, бо той кнiжкi я нiколi ня меў, на перадавой навошта мне былi грошы? Затое ў мяне, апроч шынялька, была аўчынная камiзэлька, якую я i загнаў, купiў бутлю бураковай самагонкi. Пасьля на той жа кiрмаш аднёс цёплыя, ватныя штаны — блiзiлася вясна, раставаў сьнег. Рана мая то гаiлася, то давала рэцыдыў, разы два на тыдзень рабiлi перавязкi. Са сваёй дывiзiяй ня меў нiякай сувязi, нiкога адтуль не паступала, i ня дзiва: то быў шпiталь iншай армii. Але за тым, што рабiлася на фронце, увогуле сачылi— кожны дзень прывозiлi параненых, тыя расказвалi. Асаблiвы наплыў быў, як пачаўся наступ на поўдзень, як фарсiравалi Буг.
Неўзабаве шпiталь перамясьцiлi трохi на поўнач, пад Знаменку. Зноў — у калгасную абору, афiцэраў — у будынак сельскае школкi. Там пачалi выдаваць лёгкi духмяны табак, i я прывучыўся курыць. Мне iшоў дваццаты год, а я яшчэ не пачынаў курыць — ганьба для савецкага афiцэра, як насьмiхалiся старыя курцы.
Нарэшце пад чарговы пераезд шпiталю выпiсалi. Зь яшчэ адным выздаравелым — параненым танкiстам, малодшым лейтэнантам Тавакiным атрымалi прадпiсаньне ў аддзел кадраў 5-й танкавай армii. Iшлi пехатой за фронтам, якi пачаў наступ. Ад сяла да сяла, кожны раз начуючы дзе заставала ноч, там жа i кормячыся. Тагачасныя ўкраiнскiя сёлы, двойчы абрабаваныя — калектывiзацыяй i вайной — былi не багацейшыя за беларускiя. Праўда, можа, ня надта пабураныя — там не было «партызанкi». Звычайна, як мы паяўлялiся на парозе, цётка пачынала бедаваць: «Ай, чым жа я вас нагадую, у мяне ж толькi фасоля ды бараболя». Нам добра была i фасоля з бараболяй. Калi-нiкалi, праўда, перападала i шклянка самагонкi — сьмярдзючай i мутнай буракоўкi, — i той мы былi радыя.
Усюды па дарогах i сёлах пыталiся з Тавакiным пра свае часьцi, i аднойчы мой танкiст нешта надыбаў, напаў на сьлед свайго танкавага корпусу. Але мне туды было неяк, я ж не танкiст, i я прадаўжаў пошукi адзiн. Вясна ўжо была ў разгары, сьнег на Украiне той год растаў яшчэ ў лютым. Дарогi былi жахлiвыя, суцэльная гразь. Клейкi ўкраiнскi чарназём адрываў падэшвы, i мае кiрзачы ашчэрылi зубы. Скрозь войскi, войскi… Адны калёны iшлi на поўнач, iншыя на захад цi на поўдзень — не зразумець. Аднойчы сеў на ўзбочыне перадыхнуць, гляджу, як брыдзе пяхота, за ёй пайшлi перадкi з гарматамi. I раптам бачу на адным знаёмы вусаты твар, — то ж старшы лейтэнант, узводны, зь якiм я расстаўся ў ноч майго раненьня. Я да яго — куды i адкуль, як тут апынуўся? Чаму апынуўся, кажа, а я нiкуды i не выбываў, толькi перайшоў у батарэю. Але ж дзе наша дывiзiя? — пытаюся я. А во яна, кажа, перакiдваюць на iншы ўчастак. Я падзiвiўся: перада мной прайшоў мой полк i — нiводнага знаёмага твару? А старшы лейтэнант кажа: «I ня ўбачыш знаёмых, нiкога няма. А наогул навошта табе вяртацца ў гэтую дывiзiю, якая надта ж невязучая, заўжды яе б’юць. Пашукай чаго iншага». (Наiўны чалавек — ён меркаваў, што дзесьцi ёсьць дывiзii «вязучыя».) Але тады я паверыў яму i зрабiў так, як ён раiў.
Празь дзень у нейкiм ацалелым маёнтку напаткаў штаб 4-й гвардзейскай армii, прад’явiў свае дакумэнты, запоўнiў патрэбныя анкеты i атрымаў накiраваньне ў 252 СД. Амаль шчасьлiвы выйшаў на вулiцу. Вакол было цiха, на фронце iшла перадыслякацыя, толькi ў адным баку нешта надта падазрона грукоча, бы таўкачамi б’юць у зямную ступу. Пытаюся ў сустрэтага афiцэра, можа, ведае, дзе шукаць 252 СД? Той уважлiва паглядзеў на мяне i паказвае рукой туды, дзе грукоча. Кiруй, кажа, на тыя грымоты, не заблудзiшся. I я трохi пашкадаваў тады пра сустрэчу на дарозе з дывiзiяй, якая пайшла ў тыл. Ды было позна. Таго ж дня ў штабе дывiзii мяне прызначылi камандзiрам узводу батарэі 45-мілімэтровых гармат стралковага палку.