Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Доўгая дарога дадому

Быкаў Васіль

Шрифт:

Пра высокiя нацыянальныя iдэi мусiла дбаць нацыянальная элiта, нацыя ж дбала пра элемэнтарную мэту — выжыць. Дужа сумнiўна, што тае мэты мог дасягнуць нацыяналiст Пазьняк, затое дамагчыся яе абяцаў прагматык Лукашэнка. Toe, што ягоныя мэтады па сутнасьцi дэмагагiчныя, тады мала хто ведаў.

Я гутарыў зь некаторымi пiсьменьнiкамi, у бальшынi маiмi сябрамi, наконт iх прыцягненьня ў БНФ. Але тое давала невялiкi плён — пiсьменьнiкi былi iншае думкi пра Пазьняка. I наогул мелi намер трымацца ад палiтыкi далей. Толькi Рыгор Барадулiн ды Артур Вольскi згодна i рэгулярна працавалi ў сойме. Гiлевiч адасобiўся ў створанае iм ТБМ, Бураўкiна неўзабаве зьнялi з тэлебачаньня (калi ён дапусьцiў да прамога эфiру Пазьняка) i адправiлi амбасадарам у Амэрыку. Для мяне гэта было адчувальнай стратай на доўгiя тры гады. Я любiў Генадзя за яго таварыскую чуласьць, нераўнадушнае стаўленьне да балючых грамадзкiх праблемаў. Ён таксама па-добраму адносiўся да мяне, зрэдчас тэлефанаваў з Нью-Ёрку, прысылаў лекi, запрашаў прыехаць для сустрэчы з дыяспарай. Але я не наважыўся — стала пагаршацца здароўе, аднойчы «хуткая дапамога» завезла мяне ў рэанiмацыю.

Яшчэ адзiн раз удалося тады зьезьдзiць у Вушачу — я, Барадулiн i наш трэцi вушацкi зямляк Сяргей Законьнiкаў, якi ёсьць родам з Глыбачкi. Ён звазiў нас у тую прыазёрную вёску, дзе пазнаёмiў з бацькамi, былымi сельскiмi настаўнiкамi. Сярожа быў добры сын, трапяткi i шчыры, зрабiў пэўныя посьпехi ў службе i ў лiтаратуры, але бацькi не сьпяшалiся ехаць да сына ў вялiкi горад i жылi ў абладжанай уласнымi рукамi хатцы на беразе возера. Наогул заўважана, што нашых старых здаўна вабiлi азёры, i калi наставала магчымасьць выбару жытла, тыя выбiралi, каб блiжэй да вады. Вада заспакойвала, гаiла душу i дадавала веку. Тое старыя ведалi добра.

Як заўжды, пра найбольш важныя падзеi даведваўся з «Панасонiку», якi звычайна ўключаў позна ўвечары або ранкам. Па тым часе глушыць перасталi, чутнасьць была неблагая, ня тое што некалi. Хаця слухалi i раней, праз гул i трэскат глушылак, то была адзiная крынiца iнфармацыi са свабоднага сьвету. Я так прыахвоцiўся да «Свабоды», што, калi можна было, не прапускаў нiводнай зь яе перадачаў. I ня толькi пра палiтыку цi бягучыя падзеi, але слухаў навуковыя i лiтаратурныя перадачы, гiстарычныя агляды. «Свабода» шмат каго iнфармавала i адукоўвала, таксама, дарэчы, як i Бi-Бi-Сi цi «Голас Амэрыкi». Лекцыi i перадачы Аўтарханава, культуролягаў В. Вэйдле, Ф. Сарторы, Гольдбэрга, А. Шлемана. Перадачы беларускай рэдакцыi гучалі куды цішэй, але таксама зрабiлi, напэўна, немалы ўклад у фармаваньне духоўнага стану грамадзянаў заняволенай краiны.

Яшчэ на пачатку перабудовы мне спадабалася кніжка беларускага журналіста Аляксандра Лукашука, да якой я напісаў невялічкую прадмоўку. З тае пары ў нас з аўтарам устанавілася добрае сяброўства, якое набыло характар сталага супрацоўніцтва, калі зь цягам часу Аляксандар Лукашук стаў дырэктарам беларускай рэдакцыі Радыё Свабода. Ён, як і мой калега па БНФ Сяргей Навумчык, асабл іва прычыніліся да майго лёсу, як я апынуўся за мяжой, пераехаў у Прагу. Ну але тое здарылася значна пазьней. А тады зь перадачаў «Свабоды» пачулася штось неверагоднае — раптоўна ў адпачынку захварэў Гарбачоў, а ў Маскве адбылося штосьцi вельмi падобнае да путчу. Тэлебачаньне перапынiла ўжо сваю праграму, перадавала клясычны балет, а пасьля на экранах паявiлiся нейкiя малазна ёмыя пэрсоны, паведамiлi аб стварэньнi ГКЧП. Toe было незразумела, нараджала неспакой i трывогу. Што адбываецца? Наступныя днi, поўныя палiтычнага драматызму, паказалi, што адбываецца кепскае, што камунiсты вырашылi прыбраць Гарбачова, зьмянiць яго курс. Але на якi? Хутка стала зразумела, што — на ранейшы, звыклы i выпрабаваны, дужа вядомы сьвету, пачынаючы з кастрычнiку сямнаццатага году. З таго часу ён увогуле не мяняўся, падобна, набыў устойлiвыя вiдавыя рысы. I першы, хто памкнуўся яго зьмянiць, быў Гарбачоў. Але, вiдаць, i ягоная спроба змушана застацца безвынiковай…

Мяркуючы па ўсiм, перабудова ляснулася, i зь ёй — адчайная i няўмелая спроба рэфармаваньня ягонае партыi. Але калi тое рэфармаваньне не ўдалося генсеку партыi, дык каму ж тады яно можа ўдацца? Як паказала жыцьцё, тая партыя наогул не рэфармуецца. Яна або можа iснаваць у ранейшым, створаным Ленiным стане, або загiнуць. Я дужа шкадаваў, што ў той час у Менску не было Адамовiча, якi стаў вельмi патрэбны. I ня мне аднаму. Зянон пры чарговай сустрэчы сказаў пра апошнiя падзеi трохi iнакш, чым мне адчувалася. Ён сказаў, што гэта — добра. Гэта толькi паскорыць iхнюю агонiю. Сьмерць прыйдзе знутры. Трэба толькi не чакаць, выхапiць з полымя тое, што нам належыць, — нашу свабоду. Бо iхняй свабоды ўжо не ўратаваць нiкому.

Тое былi разумныя словы, толькi як дамагчыся iхняга спраўджаньня?

Беларускае кiраўнiцтва (старшыня Вярхоунага Савету А. Дземянцей), канешне ж, падтрымала ГКЧП. Для камунiстычнай намэнклятуры тут не было праблемаў, яна заўжды настроена на ўладу i зараз жа адварочваецца ад яе, калi тая перастае быць уладай. Гарбачоў яўна губляў уладныя функцыi, i беларускiя кiраўнiкi сьпяшалiся ад яго адцурацца, каб прыляпiцца да iншых. У той час — найперш да арганiзатару путчу Кручкова i яго ўсемагутнага ведамства.

А ў Маскве, мiж тым, на авансцэну палiтычнае барацьбы выходзiў Б. Ельцын, якога абралi старшынёй ВС Расеi. Гэтага кiраўнiка я мала ведаў, хаця на зьездах i па тэле ён фiгураваў дастаткова часта. Вiзуальна то была ўнушальная фiгура, стандартны партыйны лiдэр з прыгожым сiваватым чубам i нязлым упэўненым позiркам. Але яго папярэдняя дзейнасьць мала чым адрозьнiвалася ад падобных да яго — той жа намэнклятуршчык абласнога маштабу. Наўрад цi ён мог сур’ёзна пайсьцi супраць партыi, у якой зрабiў немалую кар’еру. Наступныя падзеi, аднак, паказалi, што такiя думкi былi часткова памылковыя, падзеi ў Маскве, як i належала для гiсторыi, разьвiвалiся непрадказальна. Ельцын выступiў супраць партыi, але на паўдарозе спынiўся, мяркуючы па ўсiм — спалохаўся. За сябе, за сям’ю ці за партыю — цяпер ужо ня мае значэньня. Як нярэдка бывае ў палiтычнай гiсторыi, палiятывы загубiлi немалыя магчымасьцi. А што да Расеi, дык i ўсё паблыталi: камунiзм з капiталiзмам, свабоду зь няволяй, тыранiю з дэмакратыяй. Як бы цяпер сказалi — палiтыка Ельцына праявiла свой поўны непрафэсiяналiзм.

Алесь Адамовiч, якi апошнiм часам адасобiўся ад Гарбачова, сказаў, што трэба падтрымлiваць Ельцына. Што той павядзе краiну далей, чым вёў Гарбачоў. Далей, але куды? Зрэшты, вельмi магчыма, што ў тым становiшчы, у якiм апынулася краiна СССР, не было альтэрнатывы, тупiк аказаўся такi безвыходны, што ўсе спосабы выбавiцца зь яго апынулiся няспраўджанымi. Належала хiба павярнуць назад. Ды гiсторыя, на жаль цi на шчасьце, ня мае задняга ходу.

Дык тое — у Расеi. А ў нас?

У нас па-ранейшаму буяла засiльле камунiстаў, сядзелi на сваiх месцах Дземянцей, партбос Сакалоў i ягоны двайнiк Малафееў. Зьнiзу iх нецярплiва падпiралi маладзейшыя, — яшчэ болей агрэсiўныя i цынiчныя. На каго было спадзявацца? Мяне па-ранейшаму тузалi мэдыi, з Масквы i тутэйшыя, быццам болей ня ведалi, да каго зьвярнуцца. Дзе-колечы паявiлiся невыразныя намёкi пра мяне як магчымага лiдэра нацыi — тое належала прыпынiць. У «Народнай газэце»428 надрукаваў артыкул, у якiм выразна i недвухсэнсоўна паказаў, хто ў Беларусi ёсьць сапраўдны лiдэр. Тым таксама вызначыў маё стаўленьне да Пазьняка i спынiў пэўныя закiды ў бок Быкава. Я ня лiдэр i не «сумленьне нацыi», я просты, біты жыцьцём беларус, якi мае толькi адну мэту — застацца сумленным. Хацелася яшчэ дажыць да свабоды, ды тое, вiдаць, марнае памкненьне. Майму пакаленьню, як i шмат якiм папярэднiкам, свабоды ня бачыць. Хiба наступным…

У наступных падзеях бурна чаргавалася надзея з паняверкай, спадзяванкi з расчараваньнем. Былi моманты, калi здавалася, што наша доўгачаканая iсьцiна — ужо побач, трэба яшчэ адно-два намаганьнi, i мы будзем мець тое, пра што беларусы марылi доўгiя стагодзьдзi. Але назаўтра высьвятлялася, што ўсё перамянiлася за адну ноч, i наша надзея апыналася адкiнутай у пазаўчарашнi дзень. Усё трэба было пачынаць спачатку. Але хто вiнаваты? Адны казалi — Масква, яна не дае дыхнуць залежным народам i, апантаная iмпэрскай iдэяй, нiколi не пагодзiцца з незалежнасьцю Беларусi. Iншыя думалi, што ўся справа ў стаўленьнi да нас Захаду. Захаду даражэй адносiны зь iмпэрскай Масквой, чым зь няпэўнай Беларусьсю. Цi ня ўсе пры тым сьцьвярджалi, што ў нашай бядзе найболей вiнаваты мы самi, бо яшчэ не ўсьвядомiлi боскай каштоўнасьцi свабоды i незалежнасьцi.

Мабыць, горш за ўсё было тое, што ўсе гэтыя меркаваньнi мелi рацыю.

Нацыяналiзм, гэтая грамадзка-палiтычная зьява, стаўся дужа разнастайным у нашым часе, у пэўнай ступенi пагарджаным i адпрэчаным грамадзкай сьвядомасьцю. Безумоўна, да таго прычынiлася практыка, увасабленьне яго ў жыцьцё, праз што прайшло заходняе грамадзтва i выйшла да iншага. Iдэi нацыяналiзму апынулiся дыскрэдытаваныя нямецкiм нацызмам, iтальянскiм фашызмам, шмат якiмi драбнейшымi радыкальнымi рухамi. А мiж тым цi ня ўсiмi дзяржаўнiцкiмi здабыткамi ў нядаўнiм мiнулым Эўропа (i ня толькi Эўропа) абавязана менавiта нацыяналiзму сваiх вялiкiх i дробных краiнаў. Нацыяналiзм стварыў неабходную форму арганiзацыi грамадзтва — дзяржаву, якая iснуе «не для таго, каб ператварыць зямное жыцьцё ў рай, а для таго, каб ня даць яму канчаткова ператварыцца ў пекла», — як пiсаў М. Бярдзяеў. У аснове нацыяналiзму — прыроджаны эгаiзм, рыса, уласьцiвая кожнай жывой iстоце. Гора таму арганiзму, у якiм гэтая рыса выяўлена недастаткова, таксама як i кепска, калi тая рыса выяўлена празьмерна. Нацыяналiзм, скiраваны на ўнутраны ўжытак грамадзтва, здаўна мае найменьне патрыятызму, а скiраваны ў iншы сьвет — ёсьць шавiнiзм або iмпэрыялiзм. Знакамiты фiлёзаф Рычард Пайпс падзяляе сучасны нацыяналiзм на два яго варыянты: эксплюзiўны (агрэсiўны) i iнклюзiўны (памяркоўны); расейскi ён адносiць да першага варыянту, а беларускi проста не заўважае. Мабыць, характар кожнага нацыяналiзму вызначаецца мэнтальнасьцю нацыi, яе палiтычнымi памкненьнямi ў дадзены гiстарычны момант. Расейскi нацыяналiзм знайшоў сваё найбольшае ўвасабленьне ў бальшавiцкiм iмпэрыялiзме, нямецкi — у агрэсiўным нацызме. Але што такое беларускi нацыяналiзм? Агульнапрынятая дэфiнiцыя нацыяналiзму кепска дастасуецца да гэтае беларускай зьявы, якая ёсьць iншая, зь iншым нацыянальна-палiтычным зьмесьцiвам. У сучаснасьцi яна праяўлена слаба i, на мой пагляд, недастатковая нават у сэньсе ўнутранага грамадзкага эгаiзму, неабходнага для элемэнтарнай самаiдэнтыфiкацыi нацыi. Можна гаварыць толькi пра нацыянальныя зародкi, спазьнелыя i малавынiковыя, якiя ня толькi не пагражаюць iншым народам i нацыянальнасьцям, але i не забясьпечваюць нацыянальных патрэбаў самiх беларусаў.

Напрыканцы XX стагодзьдзя характар нацыяналiзму ў Эўропе надта зьмянiўся, патрэба ў iм для цывiлiзаваных краiнаў адпала. Але для тых, якiя па розных прычынах у тым не пасьпелi, ён па-ранейшаму застаецца надзённым. Менавiта нацыяналiзм, паводле Фрэнсiса Фукуямы, найбольш прычынiўся да вызваленьня народаў ад камунiстычнай дыктатуры. Не лiбэралiзм, не дэмакратыя, а менавiта нацыяналiзм заняволеных камунiзмам народаў. Там, дзе гэты працэс быў завершаны, зьявiлася магчымасьць пераходу да дэмакратычнага лiбэралiзму, а дзе не завяршыўся, дзе стаўся затрыманы рэакцыйнымi сiламi, там нацыяналiзм па-ранейшаму надзённы. Бо толькi нацыяналiзм з найбольшнай вынiковасьцю здольны аб’яднаць сiлы грамадзтва ў ягоным дэмакратычным разьвiцьцi. У той жа час ён можа мiрна i гарманiчна ўжывацца з лiбэралiзмам, цьвердзiць Фукуяма — «сучасны адвакат нацыяналiзму», але i перакананы прыхiльнiк лiбэралiзму.

Поделиться с друзьями: