Доўгая дарога дадому
Шрифт:
На важнае арганiзацыйнае паседжаньне апроч сяброў камiтэту прыйшлi таксама сакратар гаркаму П. Краўчанка i кiраўнiк СП Нiл Гiлевiч. Калi пачалося паседжаньне, абодва выступiлi рэзка супраць стварэньня БНФ. Гiлевiч глыбакадумна даводзiў, што тое прыдатна для балтыйскiх народаў, але не для Беларусi. Беларускi народ такой арганiзацыi ня прыме?. Дзіўна было чуць гэткія словы ад майго нядаўняга сябра, які здаўна лічыўся нацыяналістам нумар адзін. Краўчанка даводзiў тое ж. Як учора дамовiлiся, я прапанаваў кандыдатуру Васiля Якавенкi, i прысутныя згодна прагаласавалi «за». Пазьняка на сходзе тады не было.
Але празь дзень-два, як Пазьняк дазнаўся пра тыя выбары, аргкамiтэт быў склiканы зноў i адбылiся перавыбары. Старшынёй усё ж стаў Пазьняк. Тое, аднак, адбылося безь мяне. Я па нейкай прычыне на паседжаньнi адсутнiчаў. Канешне, я лiчыў, што кандыдатура Пазьняка ва ўсiх адносiнах лепшая за Якавенкаву. I калi я не прапанаваў Пазьняка на першым паседжаньнi, дык толькi таму, што ён ужо быў заняты на Мартыралёгу. Цяпер на тое месца была абрана Мая Кляшторная, дачка панiшчанага беларускага паэта i сама былая зьняволеная ГУЛАГу.
Якраз у гэты час — празь дзень цi два — насоўвалiся Дзяды, меркавалася прыняць у iх удзел. Але на паседжаньнi БНФ рашылi, што паколькi Дзяды — сьвята рэлiгiйнае, дык удзел у iх — справа асабiстая. Я тады грыпаваў i на могiлкi не пайшоў. А менавiта там разгарнулiся трагiчныя для менчукоў падзеi. Як тысячы iх падышлi ад станцыi мэтро да могiлкаў, там ужо нарыхтавалiся шэрагi войска i мiлiцыi — з варанкамi, аўтобусамi i нават вадамётамi. Людзей пачалi разганяць, бiць, арыштоўваць, труцiць газамi з партатыўных балёнчыкаў. Атруцiлi i Пазьняка, якi iшоў на чале калёны. Але Пазьняк не саступiў. Ён скiраваў натоўп на ўскраiну i павёў да Курапатаў. Аднак i там дарогу калёне перагарадзiлi войскi. Тады Пазьняк завярнуў усiх у поле. I ў чыстым полi пад сьняжком, якi сыпаў з хмарнага неба, адбылося набажэнства. Угары разьвяваўся бел-чырвона-белы сьцяг, выступалi прамоўцы i сярод iх пiсьменьнiк Уладзiмер Арлоў. Тады i пасьля шмат людзей апынулiся зьбiтыя i затрыманыя ў пастарунках.
Ранкам я зьвязаўся з маскоўскiм часопiсам «Огонёк» (рэдагаваным тады В. Кароцiчам), якi быў самым радыкальным друкаваным органам краiны i шмат пiсаў пра перабудову. У рэдакцыi сказалi, што прышлюць у Менск спэцкора, але матэрыял пра iнцыдэнт патрэбны тэрмiнова ў нумар. Ноччу я напiсаў артыкул, перадаў яго па тэлефоне, i ён хутка зьявiўся ў «Огоньке». Артыкул называўся «Дубiнкi замест перабудовы». Гэта быў ці ня першы матэрыял наконт падаўленьня нацыянальна-вызвольнага руху ў Беларусi.
Скандал атрымаўся магутны. ЦК Беларусi на чале з Сакаловым разьюшана прымаў меры. Кiраўнiкi найперш узялiся ўсяляк абвяргаць факт палiцэйскай расправы над мiрнай дэманстрацыяй. (Мiлiцыя нiкога ня бiла, ня труцiла «чаромхай». Гэта быў мяцеж нацыяналiстаў супраць савецкай улады, якi ўдалося падавiць мiрнымi сродкамi.) Мяне выклiкаў Сакалоў i апрацоўваў у гэткiм, прыкладна, пляне. Я яму кажу пра гвалт з боку праваахоўных органаў, а ён даводзiць, што фактаў гвалту няма. Дзеля таго спасылаецца на заключэньне камiсii, якая ўжо расьсьледавала той iнцыдэнт. А ў камiсii, кажа, такiя паважаныя людзi, як мастак-акадэмiк Савiцкi, пiсьменьнiк-ляўрэат Гiлевiч, мы iм змушаны верыць. Шмат якiя журналiсты даводзiлi адваротнае, але iм не было веры. Будзiнас нават зьняў пабоiшча на кiнастужку, усё роўна даводзiлi, што газы не прымянялiся. (Камiсiя ўзважыла запасы «чаромхi» ў МВД — уся ў наяўнасьцi.) Прыйшоўшы ад Сакалова, я напiсаў лiст Гарбачову, распавёў пра варварскую гiсторыю ў Беларусi i прасiў справядлiвасьцi.
Адказу ад Гарбачова, вядома, не атрымаў — атрымаў выклiк на нараду творчай iнтэлiгенцыi, якая ладзiлася на Старой плошчы, у ЦК КПСС. Там у невялiчкай залi сабраўся цi ня ўвесь творчы актыў краiны, было шмат знаёмых лiтаратараў. На сцэну выйшла палiтбюро ў поўным складзе на чале з Гарбачовым. Той пачаў штось гаварыць, i М. Шатроў, якi сядзеў побач, цiха так кажа: паслухаць бы, што ты скажаш, як яны цябе запруць паслом кудысь у Манголiю. Я тое запомнiў. I тады раптам чую — Гарбачоў звяртаецца да мяне: «Васiль Быкаў, як так здарылася, што беларусы выйшлi супраць савецкай улады? Спакойны, дысцыплiнаваны народ… Не зразумела».
Я пачаў штось тлумачыць, сказаў пра жорсткасьць мiлiцыi, якая зьбiвала i труцiла жанок i дзяцей, што iшлi на могiлкi, дзе пахаваны слынныя людзi Беларусі, у тым лiку i Машэраў. Гарбачоў недаўменна пацiскаў плячыма. Насупраць у першым радзе сядзеў галоўны арганiзатар таго Я. Сакалоў i маўчаў. Пачалi выступаць гаваркiя артысты i пiсьменьнiкi, гаварыць пра перабудову. Напрыканцы, стоячы ў праходзе, загаварыў Вiктар Астаф’еў, якi вельмi рэзка асудзiў беларускiх камунiстаў за «зьверства да самага, можа, спакойнага са славянскiх народаў» i запатрабаваў расьсьледаваць злачынства, учыненае на Дзяды. Я быў дужа ўдзячны майму расейскаму сябру i горача абняў яго. Вiктар Пятровiч быў адным з тых, хто мог сказаць, што хацеў i каму хацеў. Ён меў гонар i адвагу, уласьцiвыя сапраў днаму народнаму заступнiку.
Забягаючы наперад, зазначу, што той канфлiкт меў працяг. Як у Крамлi адбылося паседжаньне савету старэйшынаў (пасьля выбараў народных дэпутатаў СССР), на перапынку Гарбачоў падышоў дa мяне i папытаўся, як цяпер у Беларусi? Цi пацiшэла кiраўнiцтва? Я пачаў апавядаць пра дэталi, але тут да нас падскочылi iншыя з шырокiмi вушамi, i Гарбачоў прыпынiў размову. Сказаў, пасьля… Але п а с ь л я ўжо не настала. Настала iншае пасьля, пры якiм Гарбачову стала не да Беларусi…
Ішло вылучэньне кандыдатаў у Вярхоўны Савет БССР. Канчатковаму іх зацьверджаньню папярэдніла прыдзірлівая селекцыя-абмеркаваньне на т. зв. выбарчых сходах. Прадстаў-нікі «грамадзкасьці» падрабязна абмяркоўвалі ўсіх і «рэзалі» няўгодных. Уся справа была ў палітычнай арыентацы і кандыдатаў і падборы прадстаўнікоў.
У Дом культуры, што ля ст. мэтро «Маскоўская», дзе змушаны былі трымаць «агледзіны» з тузін кандыдатаў, прыйшлі (вядома ж, арганізаваныя гаркамам) некалькі соцень спартсмэнаў з Інстытуту фізкультуры. Яны былі вельмі актыўныя, дружна галасавалі за кандыдатаў-камуністых і рэзалі інтэлігентаў. Тады яшчэ да выбарчага старту адхілілі многіх. Але напрыканцы, відаць, стаміліся — забалелі горлы выступаць як «за», так і «супроць». Адзін кандыдат, які доўга чакаў свае чаргі, меў прозьвішча на адну з апошніх літараў алфавіту, і сход на яго проста слаба адрэагаваў у сваім змоўніцкім адмаўленьні. Тым кандыдатам апынуўся С. С. Шушкевіч, які з таго сходу зрабіў свой бліскучы палітычны старт.
Мiнула трохi часу, я пачаў пiсаць чарговую аповесьць, але мусiў увесь час прыпыняцца — не было адбою ад журналiстаў, сваiх i прыежджых. За гэты час у Менск завiталi карэспандэнты з Варшавы, Прагi, зь нямецкага «Шпiгелю», маскоўскiя газэтчыкi наогул, здаецца, не выяжджалi зь Беларусi. Даваць iнтэрв’ю — справа няўдзячная ва ўсiх адносiнах, бо далёка не заўсёды маеш магчымасьць пракантраляваць аканчальны тэкст, заўсёды знойдуцца недакладнасьцi, а то i памылкi, за якiя пасьля бывае болей чым прыкра. А тут яшчэ камунiсты папракаюць далярамi, — быццам за iнтэрв’ю хто плоцiць.
Аднойчы нечакана, нават без папярэдняга званку на парозе зьявiўся Анатоль Бутэвiч, якi тады працаваў у ЦК, i ашаломiў: трэба ехаць у Маскву. Во бiлеты, праз тры гадзiны будзе машына i — у аэрапорт. Паедзеце ў Амэрыку з Гарбачовым.
Toe было дзiўнавата, у Амэрыку я яшчэ ня езьдзiў. Але навошта з Гарбачовым? Таго Бутэвiч ня ведаў, сказаў толькi: каманда з ЦК КПСС. Раю пасьпяшацца.
Што ж, дзеля такой справы можна было i пасьпяшацца. Я хуценька сабраўся i паехаў. У Маскве спаткала ў аэрапорце кансультантка СП па беларускай лiтаратуры Галя Грыбоўская, адвезла на Старую плошчу. Там хуценька правялi па нейкiх кабiнэтах, напiсалi, падпiсалi што трэба было — дакумэнты, грошы. Валюты ў касе ўжо не аказалася, нейкая бухгалтарка выняла з сумачкi свае 200 даляраў, з тым i паехаў ва Унукаўскi аэрапорт. У невялiчкай i ўтульнай зальцы ўрадавага аэрапорту зьбiралiся тыя, каму належала суправаджаць Гарбачова на спатканьне з Рэйганам. Там я ўбачыў некаторых знаёмых i сярод iх пiсьменьнiкаў Iгара Дзядкова i Уладзiмiра Карпава, рэжысэраў Марка Захарава, грузiна Тэнгiза Абуладзэ, цэкоўца Наiля Бiкенiна, журналiста Андрэя Грачова, некаторых iншых. Гарбачоў з Раiсай Максiмаўнай i аховай ляцелi ў другiм самалёце.
Пералёт быў даўгi, зь дзьвюма пасадкамi — у Англii i Канадзе. Цi ня ўсе ў самалёце былi мiж сабой знаёмыя, сядалi хто дзе хацеў i актыўна кантактавалi. Ля мяне сеў нейкi незнаёмы чалавек, дужа гаваркi i кампанейскi, ён усё распытваў мяне пра палiтыку ў Беларусi i сам шмат распавёў пра перабудову. Пасьля я папытаўся, хто гэта, але нiхто са знаёмых ня мог мне адказаць. У Нью-Ёрку той зьнiк, i болей я яго ня бачыў.
Першую ноч у Амэрыцы пераначаваў у цесным кутнiм пакойчыку беларускага прадстаўнiцтва ў ААН, куды мяне пасялiў прадстаўнiк Леў Максiмаў. Ён сказаў, што ў тым пакоi знаходзiлi прытулак шмат якiя беларускiя пiсьменьнiкi, што прыяжджалi на сэсii ААН. Затым мяне перавялi ў недалёкi гатэль, да астатняй дэлегацыi. Пра тое паклапацiўся Iгар Дзядкоў, — каб быць разам. Там на адным паверсе мы пражылi побач некалькi дзён. Нашымi суседзямi былi Андрэй Грачоў i акадэмiк Алег Багамолаў. Першы дзень (хутчэй рэшта дня) апынуўся вольным, i мы пайшлi швэндаць па горадзе, якi бачылi ўпершыню. Пятая авэню, ваколiцы цэнтральнага парку, Брадвей… У Нью-Ёрку найперш уражвалi яго высачэзныя шкляныя гмахi. Вулiцы, што ўдзень патаналi ў цянi, ноччу былi дашчэнту залiты электрычнасьцю — тое было ненатуральна пасьля цёмнай i пустэльнай уначы Масквы. Тут да ранку таўклiся людзi, панавала разнамоўе, чуўся звыклы расейскi мат, — нашы ня стрымлiвалiся, мяркуючы, што нiхто iх не разумее. Пакуль наш шэф кантактаваў з Рэйганам, мы ўдзельнiчалi ў прэс-канфэрэнцыях, дзеля якiх, як я зразумеў, i прыехалi. Кiраваў усiм прэс-аташэ Андрэй Грачоў. На добрай ангельскай мове ён тлумачыў рознакаляровым журналiстам асновы новай палiтыкi Гарбачова, мы ўдакладнялi дэталi i адказвалi на пытаньнi. Цiкавасьць з боку журналiстаў была вялiкая, пытаньняў задавалi шмат. Не на ўсе зь iх мы маглi даць адказы, асаблiва ў галiне эканомiкi цi фiнансаў. Ну а што да культуры, дык тут Iгар Дзядкоў i адказваў i азадачваў адначасна. Бо i сам надта сумняваўся ў перабудове, якая ажыцьцяўляецца пад кiраўнiцтвам партыi камунiстаў.