Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Доўгая дарога дадому

Быкаў Васіль

Шрифт:

Замест iхняга адказу ён неўзабаве дачакаўся выклiку ў ЦК КПБ, строгай вымовы i ўрэшце — адстаўкi. Пазьней з руплiвым заступнiкам за беларускую лiтаратуру здарыўся iнфаркт, пасьля якога ён хутка апынуўся на Паўночных могiлках. Але тады прыгоды са злашчаснай аповесьцю працягвалiся. Паклiкаўшы мяне пасьля Дубянецкага, Кузьмiн сказаў, што трэба ў аповесьцi нешта перарабiць, хаця б для прылiку памяняць словы цi што? Тое дасьць падставу паведамiць у Маскву, што аўтар грунтоўна перапрацаваў твор. Я трохi падзiвiўся наiўнасьцi Аляксандра Трыфанавiча, але зрабiў так, як ён раiў, — трохi пачысьцiў стыль. I праўда, аповесьць у такiм выглядзе (надта, дарэчы, зьнявечаным пасьля шматлiкiх рэдагаваньняў) i была надрукаваная ў апошнiм томе майго Збору твораў. На гэты раз Сеўрук ня мог дамагчыся свайго i адступiў — вырашыў дабраць у iншым.

Завiтаўшы да мяне на кватэру, Адамовiч сказаў, што напiсаў лiст Гарбачову, прынёс, каб я яго прачытаў. То была скарга генсеку на яго падначаленага Сеўрука, якi даўно i нязрушна зрабiўся злым генiем беларускай лiтаратуры, у прыватнасьцi да пiсьменьнiкаў Быкава i Адамовiча. Далей у лiсьце iшоў пералiк выпадкаў, калi Сеўрук загадваў рэдактарам i дырэктарам выдавецтваў не друкаваць гэтых лiтаратараў, зьнiмаць са старонак часопiсаў iхнiя творы, выкiдваць артыкулы i нават не пушчаць Адамовiча ў замежныя паездкi, дзе ён павiнен быў выступаць з дакладамi. Ты падпiшаш? — пытаўся Адамовiч. Я выказаў сумнеў у карысьцi такога звароту, сказаў, што нiколi гэтым людзям ня скардзiўся, але падпiсаў. Чаго за кампанiю ня зробiш?

Доўга з Масквы не было нiякага адказу, затым абодвух падпiсантаў нечакана паклiкаў Кузьмiн. Ён зачытаў нам частку паперы, што атрымаў з апарату ЦК. Там паведамлялася, што з нагоды скаргi двух лiтаратараў у ЦК КПСС праведзена старанная праверка дзейнасьцi тав. Сеўрука В. Н. i што нiводзiн факт, прыведзены ў iхнiм лiсьце, не пацьвердзiўся. Дырэктары выдавецтваў i рэдактары часопiсаў паказалi, што тав. Сеўрук не ажыцьцяўляў у адносiнах да iх нiякага дыктату, што патрабаваньнi да пiсацеля Адамовiча былi зроблены па iх асабiстай iнiцыятыве. У заключэньне сакратару ЦК КПБ загадвалася прыняць меры ўзьдзеяньня да двух беларускiх паклёпнiкаў, якiя дапусьцiлi неадэкватныя выпады супраць адказнага работнiка ЦК КПСС. Адамовiч слухаў усё тое, i ягоны твар браўся чырвонымi плямамi, я ж адчуваў зласьлiвую радасьць за сябра — будзеш ведаць, як скардзiцца! Прачытаўшы, Кузьмiн таксама заўсьмiхаўся — ну што мне з вамi рабiць? Былi б члены партыi — паставiў бы пытаньне аб выключэньнi, а так… Перадам у прафсаюзную арганiзацыю, сказаў ён i шчыра засьмяяўся. Мы сумна засьмяялiся разам.

Ня ведаю, цi пiсаў што яшчэ Адамовiч у ЦК, я на тую гiсторыю амаль забыўся. Але як бы то нi было, Сеўрук усё ж вылецеў з ЦК i апынуўся… намесьнiкам галоўнага ў «Известиях». Пасьля працаваў яшчэ недзе, аж покуль ня стаў давераным дарадцам прэзыдэнта РБ. З чым абодвум — нашае зь нябожчыкам [Алесем Адамовічам] віншаваньне!

У краiне пачало адбывацца штось незвычайнае, немагчымае нiколi раней. Шмат якiя газэты, нават маскоўская «Правда», пiсалi аб неабходнасьцi перабудовы, беспэрспэктыў насьцi савецкай эканомiкi. Я надрукаваў некалькi артыкулаў у «Известиях» (шчыраваньнем Матукоўскага), у «Зьвязьдзе» i нават у «Советской Белоруссии». Галоўным чынам наконт нашага нядаўняга мiнулага. «Комсомольская правда» зьмясьцiла мой артыкул у абарону духоўных каштоўнасьцяў. То быў адказ на публiкацыю вядомага ваяўнiчага бязбожнiка, прафэсара Крывялёва. Цяпер бы я такi артыкул не пiсаў, але што зробiш, упушчанага ня вернеш. Тады здавалася, што рэлiгiя будзе на баку дэмакратыi, бо Хрыстос па сутнасьцi быў дэмакратам. Аднак сталася iнакш. Праз дужа кароткi час праваслаўная царква i камунiсты даволi гарманiчна паядналiся — галоўным чынам на еднасьцi iмпэрыялiстычнай iдэi, што прычынiлася да разбурэньня рэлiгiйных iлюзiяў у постсавецкiм грамадзтве.

Старая савецкая iдэалёгiя ўпарта не хацела саступаць са сваiх пазыцыяў. Калi Элем Клiмаў зьняў па сцэнару Адамовiча неблагi фiльм пра партызанку, чыноўнiкi ад кiнематографу рэзка супрацiвiлiся. Зьняты ў Беларусi, ён, натуральна, ня мог абысьцi ўвагу беларускага кiраўнiцтва, i калi фiльм неяк падтрымлiваў Кузьмiн, дык рэзка супраць выступаў аддзел культуры ЦК. Аднойчы менавiта Кузьмiн арганiзаваў абмеркаваньне фiльму грамадзкасьцю, для чаго былi запрошаны партызаны, ветэраны, некаторыя пiсьменьнiкi. Мы з Сульянавым выступiлi ў падтрымку фiльму, Антановiч — супроць, i з таго часу рэзка разышоўся з Адамовiчам.

Toe разыходжаньне не было нечаканасьцю для абодвух. Супраць Адамовiча на тым часе стварылася пэўная апазыцыя ў Беларусi, асаблiва сярод маладых нацыяналаў. Прычына таго была простая — Адамовiч сваю прозу пiсаў парасейску, хаця лiтаратуразнаўства i крытыку — па-беларуску. Аднойчы ён зьмясьцiў (здаецца, у «ЛiМе») дыскусiйны артыкул пра неабходнасьць падвышэньня iнтэлектуальнай вартасьцi беларускай прозы, якая, на думку аўтара, празьмерна ўпадабала грэцца каля нацыянальнага «цяпельца». Toe выклiкала гарачае незадавальненьне маладых, падагрэтае пэўнымi людзьмi з ЦК. Урэшце i кiраўнiк Саюзу пiсьменьнiкаў Ніл Гілевіч стаў у шэраг працiўнiкаў Адамовiча, што стала для апошняга зусiм нясьцерпным i падрыхтавала ягоны ад’езд у Маскву. Там яго абралi дырэктарам iнстытуту кiнамастацтва. Шмат хто ўзрадаваўся ад’езду, мне ж стала дужа сiратлiва бяз Сашы. Хаця ён i званiў з Масквы, коратка пiсаў, зрэдку прыяжджаў у Менск, дзе заставалася ягоная сям’я — жонка Вера i дачка Наташа. Але ўжо было пэўна, што ў Менск ён ня вернецца — на вялiкi жаль ягоных сяброў, якiя яго вельмi любiлi. Некалi звычайна маўклiвы Навум Кiсьлiк сказаў пра Сашу: «Калi б ён пiў, яму б цаны не было». Гэта была вышэйшая адзнака Адамовiчу ад пiтной кампанii. Але ў Менску яму даўно стала цесна i душна, зрэшты, таксама як i ў Маскве, адкуль ён аднойчы ўжо ўцякаў менавiта ў Менск. Мабыць, чалавеку гэткага сумленьня i таленту нiдзе няма месца на сьвеце. У Менску ён прабыў столькi гадоў толькi дзякуючы падтрымцы Кузьмiна, якога насуперак шмат чаму цанiў i нават любiў. Здаецца, тое было ўзаемна. Галоўным рэдактарам «ЛiМу» тады быў Анатоль Вярцiнскi, ён намагаўся рабiць газэту пiсьменьнiкаў актыўным барацьбiтом за перабудову, надрукаваў шэраг сьмелых i глыбокiх артыкулаў пра палiтыку i асаблiва пра стан беларускай мовы. Аднойчы ён пазванiў мне i папрасiў пра адну паслугу. Рэч была ў тым, што два аўтары — Зянон Пазьняк i Леанiд Шмыгалёў — прынесьлi яму артыкул пра знойдзеныя пад Менскам пахаваньнi ахвяраў НКВД 30-х гадоў. Каб надрукаваць артыкул, трэба «паплавок» — кароценькая прадмова кагось з аўтарытэтных аўтараў, якога ён бачыць у асобе Быкава. Зь Зянонам Пазьняком я ня быў знаёмы, ведаў толькi, што ён пiша кнiжкi па краязнаўстве i ёсьць аўтарам вельмi добрага артыкулу пра мову, надрукаванага ў эстонскiм часопiсе «Радуга». У той жа дзень Пазьняк пазванiў мне, i мы спаткалiся каля знакамiтай у Менску турмы — Пішчалаўскага замку. Пазьняк выглядаў старэйшым за свае няпоўныя пяцьдзясят гадоў, быў стрыманы i ветлiвы, перадаў мне рукапiс артыкулу, якi я прачытаў дома i напiсаў кароценькую ўрэзку. Прадбачачы, вядома, якi вэрхал паднiмецца пасьля публiкацыi. Так яно i сталася. Але ў адрозьненьне ад мiнулых часоў цяпер i другi бок мог пастаяць за ўласныя прынцыпы. А прынцыпы гэтыя былi наскрозь выкрывальнiцкiя ў адносiнах да нядаўняга чэкiсцкага мiнулага. Публiкацыю «ЛiМу» падхапiлi некаторыя расейскiя СМI, польская «Газэта выборча», а затым iншыя замежныя газэты. Урад Беларусi быў змушаны неяк рэагаваць i стварыў камiсiю па расьсьледаваньнi, маючы надзею неяк усё ўтаiць. У тую камiсiю ўвайшлi высокiя ўрадоўцы, генэральны пракурор, старшыня КДБ, некаторыя дэпутаты-пiсьменьнiкi i мастакi. Старшынёй была прызначана Нiна Мазай, вiцэ-прэм’ер ураду. Вырашылi ўсё пачаць з пошуку дакумэнтаў у КДБ. Але старшыня КДБ генэрал Шыркоўскi, у кабiнэце якога мы сабралiся, з гаркатой паведамiў, што нiчога няма. Усё пагарэла ў вайну, панiшчана нямецка-фашыстоўскiмi захопнiкамi. З сваiх рук ён паказаў некалькi папкаў асабiстых справаў, там сапраўды нiчога нельга было зразумець. Калi расстралялi, дык было невядома, дзе i хто? Пасьля шрыфтовага надпiсу энкавэдыста стаяла чарнiльная закаручка, зь якой немагчыма было прачытаць прозьвiшча. Умелi шыфраваць, нiчога ня скажаш… Затое на месцы ямаў за кальцавой дарогай справа выглядала iначай. Група салдатаў раскопвала курганкi i ямкi. Раскопвалi паводле ўсiх правiлаў археалёгii, кiраваў сам Пазьняк, перацiраючы ў пальцах кожны драбок зямлi, усё абмерваў i замалёўваў. Вельмi хутка набралася груда касьцей, прастрэленых у патылiцу чарапоў, рэшткаў абутку, асабiстых рэчаў, шмат гiльзаў ад наганаў. Другая група людзей абышла навакольныя вёскi, сабрала сьведчаньнi пра тое, як тут у 30-я гады прывозiлi зь Менску людзей i стралялi. Пыталiся: ну а ў вайну цi стралялi тут каго немцы? Адказ быў аднолькавы: у вайну тут нiкога не расстрэльвалi, немцы стралялi ў iншым месцы — у Трасьцянцы. (Тое, аднак, не перашкодзiла iншай камiсii, створанай пры Лукашэнку, сьцьвярджаць празь якiх шэсьць гадоў, што тут немцы расстралялi гамбургскiх яўрэяў.) Тады ж афiцыйныя ўлады, у тым лiку i генпракурор са старшынёй КДБ, змушаныя былi прызнаць факт злачынства НКВД. Пра тое яны нават выдалi ў Маскве кнiгу. Увогуле ўсё было дасьледавана i зразумела, камiсiя склала адпаведны акт. Закiнутае ўрочышча на ўскраiне Менску набыло назоў Курапаты i зрабiлася ахвярным сымболем Беларусi.

Каб той сымболь неяк адзначыць на месцы, трэба было стварыць помнiк цi хоць бы якi знак. За тое ўзялася адмысловая камiсiя пад кiраўнiцтвам народнага мастака Беларусi В.Шаранговiча. Але спрыяльны для таго час, вiдаць, быў упушчаны, наблiжаўся камунiстычны рэванш. Камiсiя i асаблiва яе старшыня не знайшлi ў сабе волi выбраць зь немалой колькасьцi праэктаў здатны для матэрыяльнага ўвасабленьня i канчаткова завалакiцiлi справу. Нейкi знак там збудавалi паводле iнiцыятывы прэзыдэнта Клiнтана, якога прывёў у Курапаты лiдэр апазыцыi З.Пазьняк. Той знак у выглядзе мармуровай лаўкi неаднойчы спрабавалi разьбiць, пастаўлены грамадзкасьцю крыж валiлi, — рэжым рабiў усё, каб сьцерцi зь людзкой памяцi злачынства бальшавiкоў. Цяпер там пракладваюць шасэйную дарогу, каб тое злачынства назаўжды закацiць пад асфальт.

Але пакуль што iдэя справядлiвасьцi i асуджэньня сталiнскiх рэпрэсiяў была яшчэ моцнай, асаблiва сярод нацыянальнай iнтэлiгенцыi. Паводле iнiцыятывы Зянона Пазьняка было вырашана стварыць адмысловае таварыства — Беларускi мартыралёг з пэрспэктывай ператварэньня яго ў iншую, болей радыкальную арганiзацыю. Пасьля Пазьняк скажа, што пра яе стварэньне, апроч яго, ведалi Дубянецкi i Быкаў, але тое не зусiм так. Кастрычнiцкiм надвячоркам я iшоў у Чырвоны касьцёл, як i шмат хто, для стварэньня Мартыралёгу. Туды ж прыйшлi некаторыя пiсьменьнiкi i мастакi — Максiм Танк, Нiл Гiлевiч, Анатоль Вярцiнскi, Рыгор Барадулiн, Уладзiмер Калесьнiк, Мiхал Дубянецкi i шмат iншых. Аднак i другi бок прыняў свае меры i няблага падрыхтаваўся. Каб заняць месцы ў зале i не дапусьцiць iншых, за гадзiну да пачатку туды папрыходзiла маса кадэбiстаў у штацкiм, сакратары гаркаму, прадстаўнiкi пракуратуры на чале з намесьнiкам генэральнага пракурора Кандрацкiм. Самы першы прыйшоў з ЦК iнструктар Бузук, якi, мяркуючы па ўсiм, меў выразнае заданьне сарваць сход.

Я таксама прыйшоў крыху раней i забег у кабiнэт дырэктара Дома кiно, якiм тады быў Чырвоны касьцёл. Там якраз i стаўся сьведкам таго, як гэты Бузук схапiўся з Пазьняком — наконт маючай адбыцца iмпрэзы. Пазьняк даў яму добры адлуп, i я падумаў тады: «Цьвярды характар! Каб такiх болей у Беларусi». Заля ўжо была поўная, заняў свае месцы прэзыдыюм. Кiраваць усiм, здаецца, узяўся Мiхал Дубянецкi, якi сядзеў поруч са мной. Належала абраць кiраўнiчыя органы Мартыралёгу, тут i ўсчаўся вэрхал. Асаблiва як настала чарга абраць старшыню. Нахiлiўшыся да мяне, Дубянецкi сказаў: зараз пасыпяцца прапановы — Быкава. Ужо таго я дапусьцiць ня мог i, устаўшы, запрапанаваў Пазьняка. У залi настаў шум, гоман i крыкi тых, што прыйшлi сюды з намерам сарваць сход. Нешта супраць Пазьняка даводзiў пракурор Кандрацьеў, iстэрычна выкрыквала зь месца сакратарка гаркаму. Дубянецкi з трыбуны аб’явiў галасаваньне, але як дайшло да Пазьняка, да яго падскочыў Бузук, пачаў сьпiхваць з трыбуны. Заля абурана крычэла. Тады я ўстаў з-за стала i прапанаваў прадоўжыць галасаваньне. Хто за, хто супраць, аднагалосна! — аб’явiў я, як гэтаму навучыўся на сэсiях Вярхоўнага Савету. На тым усё скончылася. Старшынёй Мартыралёгу быў абраны Зянон Пазьняк.

I тады хтось (ня памятаю хто) прапанаваў з залi: лiчыць абраны камiтэт Мартыралёгу — аргкамiтэтам Народнага фронту. Заля аглушальна запляскала, тыя аплядысмэнты палiчылi за згоду. Апанэнты былi ў ярасьцi, сьцямiўшы, што ашукалiся. Але ўжо нiчога нельга было перарабiць, пратакол сходу пiсаўся бязь iх. Як i гiсторыя Беларусi таксама. Прынамсi, мы так меркавалi, вiншуючы адзiн аднаго зь перамогай.

Але тое, што адбылося ў Чырвоным касьцёле, не было аканчальнай перамогай, не было нават яе паловай. Назаўтра мяне паклiкаў старшыня Вярхоўнага Савету Г. Таразевiч. Увогуле зь нейкага часу мы былi ў добрых адносiнах. Яшчэ вясной я зьвяртаўся да яго з просьбай аб рэабiлiтацыi шмат якiх дзеячаў культуры. Перад тым на нарадзе ў ЦК мы зьвярталiся да Я.Сакалова наконт рэабiлiтацыi А. Гаруна i Ц. Гартнага, але Сакалоў сказаў, што, «на жаль», няма адпаведных дакумэнтаў. Пасьля прыватным чынам я гутарыў наконт таго ж з другiм сакратаром Iгруновым, але ўсё бяз вынiкаў. Таразевiч сказаў: «Складзiце сьпiс i падайце мне быццам на памiлаваньне». Я абзванiў усе творчыя саюзы, тэатры, кансэрваторыю — набраў 55 чалавек, аднёс у Вярхоўны Савет. I празь якiя два месяцы выйшаў указ, падпiсаны Таразевiчам, аб рэабiлiтацыi ўсiх, апроч Ф.Аляхновiча, крымiнальная справа якога знаходзiлася ў Лiтве, дзе ён загiнуў.

Цяпер Таразевiч выглядаў дужа заклапочаным i спаткаў мяне пытаньнем: «Што гэта вы стварылi, то ж — палiтычная партыя. Гэта падсудная справа, пракуратура пачынае расьсьледаваньне…»

Увечары я, Пазьняк i Дубянецкi спаткалiся ў скверы. Дубянецкi прапанаваў мне ўзначалiць аргкамiтэт народнага фронту, ды я адмовiўся. Лепш бы, каб яго ўзначалiў Пазьняк, ды Пазьняк ужо задзейнiчаны на Мартыралёгу. Народны фронт такiм чынам заставаўся без старшынi. Празь дзень да мяне на кватэру завiталi Васiль Якавенка з Алесем Емяльянавым. Апошнi працаваў кансультантам у СП i набыў вядомасьць тым, што прызнаўся, як яго вербаваў КДБ, ды ён не пагадзiўся. Пісьменьнiцкая грамадзкасьць падвергла яго астракiзму, хоць было невядома за што: за тое, што яго вербавалi, цi за тое, што ён прызнаўся. Абодвух прывёў да мяне адзiн клопат — хто стане лiдэрам БНФ? Угаворвалi мяне, ды я цьвёрда адмовiўся — я не хацеў ды i не адчуваў маральнага права на тую мiсiю. У канцы нашай размовы я сказаў Васiлю: «А чаму б табе не зрабiць тое?». Васiль сказаў, што падумае. I назаўтра якраз перад паседжаньнем аргкамiтэту паведамiў, што згодны.

Поделиться с друзьями: