Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Доўгая дарога дадому

Быкаў Васіль

Шрифт:

Першую сустрэчу з Гарбачовым на амэрыканскай зямлi я прапусьцiў — з Уладзiмерам Карпавым хадзiлi па Нью-Ёрку. Позна ўвечары заблудзiлiся i ня ведалi, як дабрацца да нашага гатэлю. Узялi таксоўку, сеўшы ў якую, я запытаў у Карпава: «А на якой мове мы размаўляць будзем?» I тады наш шафёр кажа: «На расейскай, таварышы, на расейскай». Аказалася, што ён зь Ленiнграду, колькi год таму прыехаў да сына, якi тут меў пасьпяховы бiзнэс, але прагарэў, i цяпер, каб уратаваць таго ад банкруцтва, бацька па васямнаццаць гадзiн у суткi круцiць баранку — зарабляе грошы. Мы паспачувалi старому.

У адзiн зь дзён напрыканцы вiзыту я быў прызначаны ў групу эканамiстаў для сустрэчы ў амэрыканскiх дзелавых колах. Сваiх расейскiх калегаў у гатэлi не знайшоў, думаў, што пабачу iх на месцы сустрэчы, недзе ў Iнстытуце ўсходнiх зносiнаў, цi як ён там дакладна называўся. Прыехаў туды загадзя, чакаў каля брамы, ды нiкога не дачакаўся. Змушаны быў iсьцi адзiн, бо насьпеў час сустрэчы. У шыкоўным будынку па шырокай дывановай лесьвiцы мяне прывялi на другi паверх, дзе за круглым сталом ужо сабраўся з тузiн старых амэрыканцаў, — усе старанна апранутыя, у тройках, з гальштукамi i бабачкамi. Некаторыя зь кiёчкамi ў руках. Па чарзе прадставiлiся, усiм я пацiснуў iх старэчыя, бы птушыныя лапкi, пальчыкi. Селi за ланч, штось елi, трохi выпiлi вiна, якое падлiваў служка. Пакуль былi заняты ланчам, усе маўчалi. (Амаль маўчалi.) Толькi як ланч быў скончаны, перавялi позiркi на госьця. Госьць у той час пачуваўся даволi нiякавата, бо калегаў усё не было. А што гаварыць з гэтымi, ня ведаў.

Закурыўшы свае сiгары, «гэтыя» найперш папыталiся, якую фiрму госьць прэзэнтуе? Я трохi памарудзiў i адказаў, што тая фiрма завецца Саюз пiсьменьнiкаў. Гаспадары стрымана зiрнулi адзiн на аднаго, хтось пагартаў нейкiя паперы, што былi раскладзены перад iм, ды, мабыць, названай фiрмы ў iх не знайшоў. Але болей не пытаўся. Я штось пачаў гаварыць пра важнасьць устанаўленьня эканамiчных сувязяў памiж нашымi краiнамi, мяне засяроджана слухалi, хаця за сталом ужо запанавала няёмкасьць. Я ўсё не пераставаў чакаць сваiх эканамiстаў — адмыслоўцаў з мiнiстэрстваў i ведамстваў, ды iх не было. Тады пасьля даволi працяглай паўзы адзiн цi не самы стары амэрыканец запытаў: «А якiм чынам яны могуць вывозiць прыбыткi ад свайго бiзнэсу? Цi ня мог бы сэр Быкаў назваць адпаведны банк?». Сэр Быкаў на тое толькi пацiснуў худымi плячыма. Тады старэйшы за сталом падняў бакал зь вiном i прапанаваў выпiць за здароўе прэзыдэнта Гарбачова. Выпiлi i ўсе ўсталi. Мой вiзыт да дзелавой Амэрыкi быў скончаны.

Увечары ў гатэлi я папытаўся ў Iгара Дзядкова: як тое разумець? Чаму савецкiя эканамiсты iгнаравалi сустрэчу? Iгар Аляксандравiч, якi лепей за мяне арыентаваўся ў вялiкай палiтыцы, толькi ўсьмiхнуўся: а што б яны там сказалi? Што яны наогул могуць сказаць амэрыканскiм капiталiстам? Ды й не па тое яны прыехалi…

Мабыць, i праўда — не па тое…

Разумны i сумленны Iгар Аляксандравiч! Тое была мая перадапошняя зь iм сустрэча. Апошняя адбылася праз трохi часу ў Маскве. Пасьля сэсii позна ўвечары мы паехалi зь iм да Лазара Лазарава. Трохi выпiлi там. Дзядкоў ужо жыў у Маскве, працаваў у нядаўнiм часопiсе «Коммунист», пераназваным на «Свободную мысль». На той час ён напiсаў i выдаў кнiгу пра маю творчасьць, шмат друкаваўся ў маскоўскiх лiтаратурных часопiсах.

Але настрой яго мне не спадабаўся — быў змрочны, упалы. Позна ўначы я адвёз яго на таксi да ягонай кватэры, мы коратка разьвiталiся i болей ужо не пабачылiся. Iгар Аляксандравiч неўзабаве памёр ад невылечнай хваробы… А тады быў прыём у ААН, мы спаткалiся зь Мiхаiлам Сяргеевiчам i Раiсай Максiмаўнай; за фуршэтам я трохi пагутарыў з Аляксандрам Мiкалаевiчам Якаўлевым. Папытаў ся, чаму ён сышоў з культуры, якой апекаваўся ў ЦК, i той адказаў проста: камунапатрыёты выжылi. Як пасьля стала вядома, тое было праўдай. Камунапатрыёты заўсёды i ўсiх перамагалi — нават членаў палiтбюро, — такую мелi сiлу. Уначы мяне пабудзiў Iгар Дзядкоў — усiх нашых з гатэлю клiкалi ў прадстаўнiцтва ААН, дзе мелася сустрэча зГарбачовым. Мы хутка апранулiся i пайшлi — прадстаўнiцтва было недалёка. Там перад варотамi ўжо зьбiралiся нашы, але ў будынак нiкога не пушчалi — чакалi, калi падвязуць «раму», патрэбную дзеля бясьпекi Гарбачова. Абсурднасьць той меры была вiдавочнай — ад каго забясьпечваць ягоную бясьпеку? Але менавiта так. I мы не маглi даўмецца, якая прычына змусiла Гарбачова паднiмаць сярод ночы ягоную дэлегацыю? Што здарылася? Тады паявiўся Шэварднадзэ i сказаў, што Гарбачоў перапыняе вiзыт, i мы вяртаемся. Але чаму, што здарылася? «А вы ня ведаеце, што здараецца дома, калi гаспадар у ад’езьдзе?» — сказаў шматвопытны журналiст-мiжнароднiк Валянцiн Зорын. Мы пахаладзелi. Я спалохаўся, як даўно ўжо не палохаўся — няўжо путч? «Няўжо яны адважылiся!» — цiха i разгублена гаварыў Дзядкоў.

Але тады яны яшчэ не адважвалiся, путч чакаў свайго часу, а мы проста вярталiся. Пра тое сказаў Гарбачоў, сабраўшы дэлегацыю: у Арменii бяда, растрэсла рэспублiку, ранiцай адлятаем.

А ў нас на ранак было прызначана спатканьне зь дзелавой элiтай Нью-Ёрку. Мы ня ведалi, што рабiць, тады Алег Багамолаў сказаў, што няёмка падводзiць важных людзей, якiя зьбяруцца ў шыкоўным гатэлi «Роджэрс-Асторыя», трэба паехаць i ўсё правесьцi ў тэмпе. Так i зрабiлi. Але пакуль там, расьсеўшыся за ланчам, слухалi нетаропкiя развагi старых мiльянэраў, пачувалiся ўсе, бы на iголках. Час дужа падпiраў. Асаблiва, як заўважылi, што некаторыя з нашых па адным зьнiкаюць. Мы з Багамолавым i рэдактарам «Известий» Лапцевым сядзелi ў самым кутку, i нам нязручна было выбiрацца з холу. Тая нязручнасьць нас здорава падвяла, бо як мы нарэшце выбралiся, аўтобусаў перад гатэлем ужо не было — усе зьехалi ў аэрапорт. Пачалi бегаць, каб злавiць якое таксi. Нарэшце Багамолаў згледзеў знаёмага журналiста ў машыне, якi нас i завёз у аэрапорт iмя Кенэдзi. Мы ледзьве пасьпелi ў самалёт. А Уладзiмер Карпаў не пасьпеў, самалёт ужо вырульваў на ўзьлёт, i Герою Савецкага Саюза давялося крычаць i махаць рукамi, каб яго не пакiнулi. Сам Гарбачоў даў каманду прыпынiцца i ўзяць пасажыра. Узьлезшы на борт, Карпаў гучна лаяўся з такой арганiзацыi вiзыту, астатнiя маўчалi. Усе былi незадаволеныя тым, што важны вiзыт па сутнасьцi сарваны. Самы раз было б выпiць, але алкаголю ў самалёце не было, Гарбачоў прапаведаваў цьвярозасьць i змагаўся з п’янкамi. Затое ва Унукаўскiм аэрапорце знайшоўся i каньяк i яшчэ нешта. Там усе добра расслабiлiся. Пад ранiцу Алег Цiмафеевiч падвёз мяне ў Шарамецьева-1, адкуль я скiраваў у Менск. Тая паездка была, можа, самай прыкрай з усiх маiх паездак за мяжу. Вядома, шмат што можна было сьпiсаць на жахлiвую катастрофу ў Арменii, але ня ўсё. Я ўбачыў тады акружэньне iнiцыятара перабудовы i дужа засумняваўся, што яно iмкнулася да яе. I м i без таго было няблага. А можа, нават i лепей, чым у тым часе, якi наступiў пасьля i ў якi яны зусiм не iмкнулiся. Адзiн зь iх, самы тады лiсьлiвы i надзейны паплечнiк, пасьля назаве Гарбачова «ангелом тьмы» i кiнецца роспачна аднаўляць тое, што было неспадзявана адкiнута гiсторыяй.

А ў Менску пачалося неспакойнае, каламутнае жыцьцё. Партыйная прэса, тэлебачаньне, а таксама партыйныя органы ўсiх узроўняў накiнулiся на новы нацыянальна-дэмакратычны рух. Абвiнавачваньнi былi самыя страшныя. Бэнээфаўцаў называлi фашыстамi, нямецкiмi прыслужнiкамi, палiцаямi. Нацыянальны бел-чырвона-белы сьцяг абвясьцiлi фашыстоў-скiм i бясконца даводзiлi, што менавiта пад iм немцы з палiцаямi расстрэльвалi яўрэяў. Пра Пазьняка гаварылася, што ён палiцай (гэта 1945 года нараджэньня) i сын палiцая (а не салдата-чырвонаармейца, якi загiнуў на фронце). Пазьняк, аднак, захоўваў спакой i цьвёрдасьць, ня кiдаўся з абвяржэньнямi, а нястомна згуртоўваў пад сьцягам БНФ нацыянальны актыў. Ягонымi паплечнiкамi з самага пачатку сталi: М. Дубянецкi, а таксама знакамiтыя гiсторыкi М. Ткачоў i А. Грыцкевiч, навуковец прафэсар Ю. Хадыка, выкладчыкi Г. Вашчанка, В. Вячорка, Ю. Сiўчык, мастацтвазнаўцы В. Чуйко i В. Трыгубовiч. А таксама мастакi М. Купава, А. Марачкiн, Я. Кулiк, журналiст С. Навумчык з жонкай Галяй. Пісьменьнiкаў у новым руху было няшмат: я, Рыгор Барадулiн, Артур Вольскi. I ўсё. Пiсьменьнiкi ў бальшынi дыстанцыявалiся ад БНФ. Пасьля шмат iх увайшло ў Таварыства беларускай мовы, лiбэральную арганiзацыю, са згоды ўладаў створаную Н. Гiлевiчам?. Зiмой пачалi ладзiць зьезд, каб узаконiць Фронт, зрабiць яго легiтымным. Правесьцi зьезд у Менску было немагчыма, дык выручылi лiтоўскiя сябры — памаглi з арганiзацыяй, далi здатнае памяшканьне. На жаль, я ў тым зьезьдзе ня ўдзельнiчаў — падпала даўно заплянаваная паездка ў Гiшпанiю. Мiжнародная пiсьменьнiцкая супольнасьць заплянавала ў Сэвiльлi кангрэс, я там быў прызначаны дакладчыкам. Была i яшчэ адна прычына, якая змусiла мяне паехаць ня ў Вiльню, а ў Сэвiльлю: прапанова адной выдавецкай фiрмы выдаць мой Збор твораў з уключэньнем у яго ўсяго мной напiсанага, у тым лiку i забароненага ў Саюзе. Я падрыхтаваў адпаведныя рукапiсы, сабраў чарнавiкi — такая была ўмова. Пераслаць тое па пошце было немагчыма, а перавезьцi асабiста я мог, карыстаючыся дэпутацкай недатыкальнасьцю на мытнi. Выдавецтва дало некалькi замежных адрасоў, у тым лiку i ў Мадрыдзе. Прыляцеўшы туды, я хутка ўсё запакаваў i адправiў на мадрыдзкi адрас. I — назаўжды. Hi слова ў адказ не атрымаў. Пасьля спрабаваў што-нiшто даведацца пра тое выдавецтва, ды нiякiх яго сьлядоў не знайшоў. Так усё i прапала. (Можа, калi знойдзецца ў бяздонных сховiшчах КДБ, ФСБ, Фапсi i г. д.) Некалькi дзён з тае паездкi я затрымаўся ў Мадрыдзе. Увогуле ўсе эўрапейскiя гарады ў чымсьцi аднолькавыя — архiтэктурай, добраўпарадкаванасьцю. Але кожны мае i свой твар, уласную асаблiвасьць — у галiне плянiроўкi, абзеляненьня, ня кажучы ўжо пра музэi. Мадрыдзкi Прада ашаламляў, як, мабыць, i ўсе падобныя асяродкi шматвекавой культуры Эўропы. Ня тое, што галерэя Пiкаса, наведвальнiкаў у якой было небагата ды i выглядала яна празьмерна мадэрнова — нават для Пiкаса. Знакамiтая яго «Гернiка» тым ня менш заслужана стала сымбалем хуткай сусьветнай бойнi.

Але цi ня самае вялiкае ўражаньне на мяне зрабiў мэмарыял, разьмешчаны за паўгадзiны язды на аўтамабiлi ад Мадрыду.

Яшчэ здалёк на гары бачны быў аграмадны каталiцкi крыж, пад якiм месьцiўся мэмарыял — вялiзная касьцельная заля ў скале, разьдзеленая на дзьве палавiны. У ад ной знайшлi свой апошнi прытулак рэспублiканцы, у другой — мяцежнiкi-франкiсты. Пасярэдзiне высiлася гранiтная магiла самога Франка, якi пасьля сьмерцi аб’яднаў усiх — i ворагаў, i прыяцеляў. То было выдатнае ўвасабленьне хрысьцiянскага пастуляту пра тое, што перад Богам усе роўныя, сьмерць аб’ядноўвае. Пастулят, якi, на вялiкi жаль, у нас даўно занядбаны нават у межах аднае нацыi, ня кажучы пра адносiны да iншых нацыянальнасьцяў, колiшнiх ворагаў. Калi ў Эўропе збудаваны сотнi мэмарыялаў, старанна дагледжаны ўсе могiлкi нашых салдатаў, ахвяраў Другой сусьветнай вайны, на нашай зямлi зь нямецкiх помнiкаў не засталося нiводнага. Усе пабурылi на хвалi натуральнага ваеннага гневу i нянавiсьцi да акупантаў, якая не затухае i дагэтуль. I цяпер нашыя ветэраны гатовыя на ўсё, каб не дазволiць немцам за свой кошт аднавiць памяць пра iхнiя ахвяры на нашай зямлi. У той жа час гуманiтарную дапамогу ад iх жадаюць рэгулярна атрымлiваць. Такая мараль. Нават у межах адноўленага i ўшанаванага хрысьцiянства. Сэвiльля зь зялёнай травой газонаў у лютым i вечназялёнымi пальмамi прыемна нагадала вясну зь яе памаранцавымi дрэвамi на вулiцах, абсыпанымі жоўтымi пладамi, якiя на смак выдалiся нясмачныя — горкiя. Мы наведалi былую тытунёвую фабрыку, дзе колiсь працавала несьмяротная Кармэн, а цяпер стаяла нязмоўчная гамана студэнтаў Сэвiльскага ўнiвэрсытэту. Адзiн дзень пачуваўся блага, зранку на паседжаньне кангрэсу не пайшоў, ляжаў у нумары i стаўся мiжвольным сьведкам, як у суседнiм пакоi абшуквалi валiзы майго таварыша-масквiча. Рабiлi тое два нашы землякi, якiя прыехалi разам з Мадрыду. Дарма было вiнавацiць гiшпанцаў, калi ў таго што зьнiкла. А можа, i ня зьнiкла — прыбавiлася, што магло стацца i яшчэ горш.

Па дарозе назад у мадрыдзкiм аэрапорце спаткаў Алега Яфрэмава, якi вяртаўся дамоў з гастроляў. Ён выглядаў кепска, быў поўны застарэлага пэсымiзму, не чакаў для культуры нiчога добрага. Тое было трохi дзiўнавата на фоне прыкметнай эйфарыi, якая панавала ў Маскве з поваду перабудовы. Але Яфрэмаў быў чалавек мудры, цяжка было яму не паверыць.

Вярнуўся ў Менск i адразу трапiў у вiр палiтычнай барацьбы, якая ваўсю разгортвалася ў беларускай сталiцы. БНФ адразу пасьля стварэньня кiнуўся апэляваць да народу, заклiкаў яго на вулiцы. Народ ня надта ахвотна рэагаваў на палымяныя заклiкi Пазьняка, але патроху зьбiраўся, слухаў прамоўцаў на мiтынгах. Пазьняк ставiў вельмi радыкальныя мэты, якiя ў адных выклiкалi сумнеў, iншых палохалi менавiта сваiм радыкалiзмам. Часта засядаў сойм, у якiм мы з Барадулiным старалiся рэгулярна ўдзельнiчаць. Рыгор выступаў коратка, але заўсёды востра i зьмястоўна. Якiх-небудзь умоваў для палiтычнай работы не было, памяшканьня для паседжаньняў сойм ня меў i зьбiраўся ў выпадковых будынках — школах, музэях, часам у Доме лiтаратара, пакуль ён належаў пiсьменьнiкам. Тады ж у Доме лiтаратара адбылiся паховiны Мiхася Ткачова416, якi памёр ад наступстваў зьбiцьця на Мсьцiслаўшчыне. А перад тым ён зьезьдзiў у Горадню на пахаваньне Аляксея Карпюка. Той памёр улетку, цяжка памучыўшыся ад раку страўнiку. Мала яму было пры жыцьцi iншых пакутаў… I нават у апошнiя гады, калi старыя камунiсты абвiнавацiлi яго ў газэтах, што ён няправiльна паказвае калектывiзацыю, у брыдкiх выразах абразiлi аўтара. За абразу Карпюк падаў у суд i выйграў яго, абвясьцiўшы кошт уласнай зьнявагi — адзiн рубель. Ягоныя працiўнiкi толькi пасьмяялiся: Карпюковы сарказм да iх не дайшоў… Неўзабаве за зьнявагi i паклёп яны навучылiся спаганяць мiльёны — дзеля патрэбаў дзiцячых садкоў. Самi ўжо нахапалiся, самiм стала ня трэба.

Нарэшце Вярхоўны Савет БССР заклапацiўся пра беларускую мову i, як заўжды, каб пахаваць праблему, стварыў адпаведную камiсiю. Старшынём яе прызначылi Нiла Гiлевiча, даўняга змагара за беларушчыну. Пачалiся доўгiя паседжаньнi, нудныя абмеркаваньнi, калi адзiн перад адным шматслоўна даказвалi, як неабходна беларусам iх родная мова. Тут не было разыходжаньняў, i тады аднагалосна пераходзiлi да канкрэтыкi. Мова дзяржустаноў, вышэйшай школы, выдавецтваў i лiтаратуры… Ну а мова кiруючай і ўсё вызначаючай партыi? Тут калегi прыводзiлi спрытны i загадзя падрыхтаваны аргумэнт: мова партыi — справа самой партыi, мы ня можам што-небудзь ёй дыктаваць. Дык вось, сказаў я аднойчы, пакуль камунiстычная партыя Беларусi не пяройдзе на беларускую мову, ня будзе ў беларусаў нiякае роднае мовы. «Аднак загнуў!» — зьедлiва кiнуў Iван Чыгрынаў, тады дужа актыўны сакратар СП, які пры Лукашэнку атрымаў званьне народнага. Ніл Гілевіч змрочна маўчаў. Абодва яны, як, зрэшты, і астатнія ў камісіі, належалі да партыі камуністаў, і няцяжка было здагадацца, зь якой мэтай былі ў камісію прызначаныя. У лепшым выпадку — імітаваць змаганьне за мову, а як нічога ня выйдзе, сказаць: «Але ж мы стараліся».

Быў прыняты падрабязны і даволі мудрагелісты плян беларусізацыі мовы, у аснове сваёй папулісцкі і безнадзейны. Тое асаблiва стала вiдавочна, як на апошнiм паседжаньнi камiсii быў аб’яўлены парадак уводу ў дзеяньне таго пляну. Прачытаўшы яго, я адно хацеў згледзець позіркі Гілевіча і Дземянцея, які сядзеў побач і пад кіраўніцтвам якога, мабыць, тое і пісалася. Позіркі свае гэтыя людзі сарамліва патупілі, зразумела чаму. Кожнаму, хто хоць бегла зірнуў на той плян-расклад, рабілася зразумела, што пiсаўся ён для адчэпнага, каб супакоiць «крыклiвых» i асаблiва БНФ, якi на кожным мiтынгу патрабаваў: мову!! Сапраўды, што карысьцi ад пляну, якi прадугледжвае штосьцi на дзесяць гадоў, г. зн. нейкую меру па мове аднесьцi на канец стагодзьдзя. Я iм сказаў, што да канца тысячагодзьдзя можа так стацца, што нiкога з нас ня будзе на сьвеце, хто будзе выконваць тое фантазёрства? Яно забудзецца гэтаксама, як i прозьвiшчы яго складальнiкаў. Так яно i сталася. Пры ўладзе камунiстаў нiчога з таго пляну не было i не магло быць рэалiзавана, на краiну хутка абрушылася навала розных падзей, зрабiлася не да мовы. Аж покуль зацяты Нiл Гiлевiч, пакiнуўшы СП, не стварыў ТБМ. Кульгаючы i буксуючы, яно змагаецца ўсё за тое ж, за што змагалiся беларускiя iнтэлiгенты з пачатку стагодзьдзя. Мабыць, сапраўды, як казалi разумныя людзi, мы зблыталi прыярытэты, запрагаем калёсы наперадзе каня. Цi не найперш трэба дамагчыся незалежнасьці краіны, здабыўшы якую, вельмi лёгка i проста будзе ўдзяржавiць беларускую мову. Iначай — марная барацьба, пусты намер. Хiба што iмiтацыя змаганьня бяз жаднай надзеi на колькi-небудзь прыстойны вынiк.

Поделиться с друзьями: