Доўгая дарога дадому
Шрифт:
У нас так не бывае. У нас за недасканалую тэхнiку, дрэнныя дарогi, п’яных суседзяў-кiроўцаў плоцяць нэрвамi i жыцьцём. Мой мiлы аўтамабiльны сябра Алесь Ставер езьдзiў на разьбiтай машыне, зь няспраўным рухавiком, без надзейных тармазоў i загiнуў у дарожным здарэньнi. Застаўся рукапiс яго партызанскага раману, якi нiхто не схацеў выдаваць.
З уласнага вопыту засвоiў простую iсьцiну: калi ты сам сабе не паможаш, дык не паможа нiхто. Так ужо быў заснаваны i функцыянаваў наш славуты савецкi аўтасэрвiс, зь якiм я, як i шмат якiя «аўтааматары», паймеў нямала адносiнаў. Тыя адносiны не прыносiлi нiчога, апроч расчараваньня i прыкрасьцi. Калi ня горш. Генэрал Сульянаў паставiў на колькi хвiлiнаў сваю «волгу» каля менскага басэйну, i яна зьнiкла. Доўга шукалi, хадзiў да мiнiстра, наймаў экстрасэнса. Вопытныя людзi спыталi: машыну рамантаваў? Ключы аддаваў? Во ў тых i шукайце… Дужа падобна на праўду, — той аўтасэрвiс ужо тады быў бандыцкi. Але каб даць сабе рады, для пачатку трэба хоць штосьцi ведаць. Парады дабрахотаў-дарадцаў можна слухаць заўсёды, але не заўсёды iм верыць. Лепей за ўсё — лiтаратура. I з усяго яе тэхнiчнага мноства, набытага мной, самая надзейная — яна ж i самая элемэнтарная — iнструкцыя, што прыкладваецца да машыны. Там ёсьць калi ня ўсё, дык самае неабходнае. У «Аўтасэрвiсе» няма i таго. У слаўны лiтоўскi Дом творчасьцi Нiды трэба было ехаць цераз Клайпеду, пасьля на пароме да прычалу Куршскай касы. За гушчаром хвойнiкаў здалёк бялелi пясчаныя горы-дзюны. На ўскраiне ладнага пасёлачку кучкавалася некалькi мадэрновых дамовак з масiўным франтонам сталовай. Далей над хвойнiкам высiўся паласаты слуп марскога маяка. То i была знакамiтая Нiда. Там я пiсаў «У тумане». Рыгорка ў будынку насупраць чытаў Платонава i пiсаў вершы. Увечары мы спатыкалiся i пешаходнай дарожкай iшлi ўнiз да берагу мора. Удзень наўзбоч той дарожкi ў траве Iрына зьбiрала рыжыкi, салiла на закусь. Закусь была цудоўная! Шкада, Рыгор даўно ўжо ня браў — набраўся ў свой час на жыцьцё. Ён быў упэўнены, што паэт, якi не прайшоў алкагольнае загартоўкi, кепскi паэт. Таму ёсьць безьлiч прыкладаў i самы красамоўны — сучасная беларуская паэзiя, якая — дрэнь. I ўсё таму, што паэты ня п’юць. Паўступалi ў партыю i баяцца атрымаць вымову. А з тым страхам якая ж можа быць паэзiя? То была сьвятая праўда. З усiх знаёмых цьвярэзьнiкаў мы паважалi толькi аднаго (i то не паэта) Алеся Адамовiча, якi тым ня менш цьвёрда i ня раз абяцаў пачаць пiць. Ды не сабраўся — заела палiтыка. А то жыў бы i дасюль.
Сюжэт «Туману» быў гатовы даўно. Iдэя чалавечай безвыходнасьцi нязрушна сядзела ў маёй сьвядомасьцi i час ад часу дамагалася рэалiзацыi. Некаторыя казалi: пэсымiзм, фаталiзм, розныя iншыя ўпаднiцкiя ўплывы. Можа, i так. Але колькi ў людзкiм жыцьцi здараецца канфлiктаў — з сабой цi з грамадзтвам, якiя разьвязаць немагчыма. Не паддаюцца нiякiм разумным высiлкам. I ня толькi ў сытуацыi, калi дабро супрацьстаiць злу. Але i тады, як пiсаў Гегель, калi канфлiкт ляжыць у адносiнах правага з правым. Toe ўжо трагедыя. Як паглядзець, дык усё чалавечае жыцьцё — трагедыя, бо ўсе пачуваюцца правымi. Нiхто ня лiчыць сябе вiнаватым.
Рыгор дужа хвалiў Платонава, я ж чытаў яго без ахвоты. Дужа ненатуральна, нязвыклая мова, зь вялiкiм нацiскам на паталёгiю характараў. З тае прычыны мне шмат што не падабаецца ў Дастаеўскага. Мабыць, я ўсё ж у большай ступенi рамантык, чым некаторым здаецца. Калi не ў сваiх творах, дык у сваiх чытацкiх прыхiльнасьцях. Дон Кiхот — во мая кнiга. Хаця тая прыхiльнасьць у мяне зь дзяцiнства, але ж усе мы — зь дзяцiнства. Не з унiвэрсытэту ж. Для Рыгора жыць — гэта пiсаць вершы. Гаварыць вершамi i думаць таксама вершамi. Таго нiякая сiла ня можа яго пазбавiць. I яшчэ жарсьцi. Грышкавы жарсьцi — рухавiк ягонай паэзii. Людзей ён дзелiць на дзьве катэгорыi — чорных i белых. Можа, i спрошчана, але затое дакладна. Цi так, цi гэтак. Вядома ж, тое не хрысьцiянскi — цалкам паганскi прынцып. Але натуральнаму чалавеку — Рыгору падабаецца паганства. Здаецца, пасьля ўсiх перажытых намi мiтрэнг ён мае рацыю.
Я сядзеў на дачы i замест таго, каб палiваць свае ружы, пiсаў нейкi артыкул. Апошнiм часам здорава даймалi газэты i часопiсы, зрэдчас радыё i тэле, — усiм спатрэбiлiся артыкулы наконт перабудовы. Мабыць, прафэсiяналаў-перабудоўшчыкаў бракавала, i яны ўспомнiлi аматара Быкава. Нядаўна яшчэ пазьбягалi ўспамiнаць маё iмя, цяпер жа напрамiлы Бог прасiлi: напiшы хоць што-небудзь. Я i пiсаў, а яны рэдагавалi, было, што i дапiсвалi i перапiсвалi так, як iм было трэба. Колькi разоў я даваў зарок не пiсаць, але яны былi квалiфiкаваныя прафэсiяналы i ўмелi дамагчыся свайго. I Быкаў чарговы раз змушаны быў пiсаць. У такi час прыйшла наша мiлая суседка Валянцiна Мiкалаеўна Мiльто, сказала, што ўчора адбылася нейкая катастрофа на Украiне, Захад дужа ўстрывожаны. Катастрофаў у нас заўсёды хапала, хаця пра iх i не паведамлялi, каб не псаваць настрой працоўных, не выклiкаць панiкi. I я не трывожыўся — працягваў сваю пiсанiну. Але ўсё ж весткаў пра бяду болела, штось перадало Бi-Бi-Сi. Надвячоркам стала вядома, што сапраўды сталася катастрофа — выбухнуў рэактар у Чарнобылi. Але тое — на Украiне, чаго нам баяцца?
У Беларускiм ЦК так i сказалi, калi туды патэлефанаваў хтось з дачных суседзяў. Але неўзабаве на сваю дачу ў пасёлку прыехаў Васiль Барысавiч Несьцярэнка, якi быў дырэктарам ядзернага цэнтру ў Соснах. Ён толькi што прыляцеў з Масквы i першым чынам завiтаў у ЦК бiць вялiкую трывогу, прымаць меры. Радыенуклiды ўжо засыпаюць Беларусь — прыборы рэгiструюць небясьпечныя дозы. Кiраўнiцтва ЦК яго супакойвала — нiчога страшнага. Той, аднак, не сунiмаўся — тузаўся да ўсiх iнстанцыяў, ужо ён разумеў, чым тое пагражала народу. Але што ён мог зрабiць? Што наогул можна было зрабiць? Кузьмiн, якому я патэлефанаваў, сказаў, што трэба ўжываць ёд. Некалькi кропляў ёду на драбок цукру, i ўсё. Болей сродкаў ад атаму мы ня мелi.
Увечары зь Кiславодзку патэлефанаваў Адамовiч, — ён выяжджае. Я жартам сказаў, каб з тым не сьпяшаўся, хай бы захаваўся адзiн зь беларусаў — дзеля чысьцiнi генафонду. Нам ужо ратавацца позна. Тым ня менш Адамовiч прыехаў. Адразу пабег у ЦК, дзе супакоiць яго таксама нiчым не маглi. Хаця перад тым i запэўнiлi Гарбачова, што беларусам чарнобыльскi атам не пагражае. Гарбачоў паставiў iх у прыклад украiнцам, якiя запанiкавалi i прасiлi грошы. Беларусы нiчога не прасiлi. Тады Адамовiч спаткаўся зь Несьцярэнкам i дазнаўся ад яго, што насамрэч нашыя справы — дрэнь. Галоўнае, няма прыбораў, каб мераць ступень паразы, няма нiякiх iншых сродкаў. Адамовiч паiмчаў у Маскву, да Гарбачова — ратаваць беларускую нацыю. Гарбачоў быў у стане вялiкай трывогi i разгубленасьцi — каму верыць? Партыйнаму кiраўнiцтву, якое маўчала, вучоным, што захоўвалi зайздросную вытрымку, цi «панiкёру» Адамовiчу? Усё ж ён паверыў дылетанту Адамовiчу, якому ўдалося празь яго выбiць нейкую колькасьць дазiметраў. Генсек адчуў нутром, чыя праўда i хто яго ашуквае. Зрэшты, мабыць, i самому Гарбачову хацелася ашукацца, калi б была магчымасьць.
На выхадныя, калi нi ў Маскве, нi ў Менску нiкога з начальства нельга было знайсьцi, Адамовiч прыехаў дадому. У гарадзкiх умовах спаткацца было немагчыма, нашы кватэры даўно i шчыльна праслухоўвалiся, i мы дамовiлiся махнуць на прыроду. Паехалi ў бок Iвянца, на Iслач, ля рачнога беражку паставiлi машыну. Пакуль жонкi Iрына i Вера ладзiлi закусь, паволi пайшлi мiж дрэваў. Саша пачуваўся дужа заклапочаны, нават падаўлены тым, што нядаў на адбылося. А галоўнае — замшэлай глухатой кiраўнiцтва, якое дбала пра адно: каб як мага далей ад народу схаваць небясьпеку. Каб ён цiха сядзеў i памалу, неўпрыкмет канаў, не трывожачы начальства. Мы тады мала што ведалi, але пра небясьпеку радыяцыi Адамовiч ужо начуўся ў Маскве. Ды й наш Несьцярэнка нямала пра тое паведамiў.
Акадэмiк Лягасаў распавёў болей за iншых, бо, мабыць, лепей за iншых ведаў, што гэта такое — чарнобыльскi выбух. Хутка атамныя электрастанцыi будуць выбухаць адна за адной, сказаў ён — Курская, Смаленская, Ленiнградзкая… Паратунку ад таго пры гэтай сыстэме акадэмiк ня бачыў i, мабыць, з тае прычыны празь нейкi час скончыў жыцьцё самагубствам. Адамовiч быў вельмi ўстрывожаны i сказаў, што надышоў час, калi трэба званiць ва ўсе званы — ратаваць чалавецтва. Да таго шэраг гадоў ён бiў у званы — ратаваў сьвет ад ракетна-ядзернага шаленства, цяпер надышла чарга рабiць тое ад «мiрнага» атаму. Мы павiнны як мага болей выступаць у друку, па тэлевiзii, проста гаварыць зь людзьмi, даводзiць, што iм нарыхтавала савецкае кiраўнiцтва на чале з выпрабаваным ленiнскiм авангардам. Гарбачоў, падобна, пачынае што-нiшто разумець, але ён адзiн, да таго ж абкружаны шчыльнай чэкiсцкай сьцяной, для якой не iснуе нiчога, апроч iхняй звыродлiвай iдэi — улады на грунце марксызму-ленiнiзму. Дзеля яе чысьцiнi i нязрушнасьцi яны гатовы ахвяраваць чалавецтвам. Тады ж Саша распавёў мне, як па сканчэньнi ўнiвэрсытэту яго вербавалi ў сэксоты i як ён выкручваўся. А нядаўна дазнаўся, што вярбоўка выпускнiкоў была зусiм ня выбарачнай, як пра тое гаварылi вербаўшчыкi (мы вас паважаем i толькi вам прапануем i г. д.), а спрэс i ўсiх, — каб кожнага мець у сваёй кiшэнi. З разьлiкам на ягоную кар’еру, удачу, непрадбачаныя абставiны, калi завербаваць будзе болей складана. Агенты-сэксоты ўсюды патрэбныя, менавiта яны, а зусiм ня члены партыi ёсьць галоўнае апiрышча рэжыму. Мабыць, сапраўды ўсе камунiсты — патэнцыяльныя цi сапраўдныя сэксоты, хаця, зразумела, ня ўсе сэксоты — камунiсты, нямала там i беспартыйных. То ёсьць згуртаваны i разгалiнаваны сакрэтны клан, якi пераўзыходзiць усе вядомыя ў гiсторыi кланы, у тым лiку i масонскi. Калгасьнiк з паляводчай брыгады такi ж сэксот з клiчкай, як i мiнiстар або прафэсар, i змушаны аднолькава верна служыць свайму куму, якому падпарадкаваны да сьмерцi. Бясьпека разводу не дае, слушна заўважыў калiсьцi Сакрат Яновiч.
Я тады папытаўся: як жа нам адносiцца хоць бы да некаторых сяброў, пра якiх можна з упэўненасьцю меркаваць, што яны — там? Што сэксоты. Саша са скрухай сказаў: «Увогуле тое — невырашальная праблема. Гэта ўсё роўна як сьмяротная кара. Што лепш — забiць усiх, каб сярод iх не прамiнуць нiводнага злачынцу, цi ўсiх памiлаваць, каб не дакараць нiводнага невiнаватага? Тое пазытыўна вырашыць нельга, у любым выпадку застанецца шанец на памылку, i на надзею таксама».
О, гэта праклятая людзкая надзея, матка дурных, як яе трапна вызначыў некалi Максiм Гарэцкi! Яе выдатна навучылiся скарыстоўваць усе — ад Гiтлера да Сталiна! Няшчасных быццам бы вялi ў лазьню, дзе труцiлi цыклёнам, стралялi ў Курапатах, сказаўшы, быццам саджаюць на дзесяць гадоў без права перапiскi. Будавалi турму народаў, а казалi — камунiстычнае грамадзтва, i заклiкалi да надзеi на сьветлую будучыню. Менавіта надзея болей як страх паралiзавала волю, адбiрала сiлы i суцяшала чалавецтва. А зараз, пасьля Чарнобылю, чым суцешымся? Распад плутонiю магчымы праз сто тысяч гадоў. Адамовiч спасылаўся на нядаўнюю выснову Макса Борна наконт таго, што калi нават нуклеярную катастрофу i ўдасца папярэдзiць, нiчога, апроч цёмнай будучынi, не чакае чалавецтва. Во што натварыла навука, тэхнiчны прагрэс i камунiзм разам з капiталiзмам напрыканцы тэхналягiчнага XX стагодзьдзя. Мiлы, разумны Саша, якую балючую праўду ты кажаш! I як нам жыць, ведаючы тую тваю праўду? — разгублена думаў я.
Выдавецтва «Мастацкая лiтаратура» выдала некалькi тамоў майго Збору твораў. Надышла чарга двух апошнiх, i я здаў у рэдакцыю рукапiс «Мёртвым не балiць». Гэтая аповесьць асобнаю кнiжкай у Беларусi не друкавалася (у Расеi таксама), упамiнак пра яе не дазваляўся. За тым пiльна сачыў сам куратар савецкай цэнзуры, намесьнiк загадчыка iдэалягiчнага аддзелу ЦК КПСС таварыш Сеўрук. Калі аднойчы В. Аскоцкі ў прадмове да зборніку маіх аповесьцяў напісаў пра яе некалькі фактаў, увесь тыраж кнігі вярнулі ў друкарню і прымусілі выдзіраць тыя старонк і. Друкарня, выдавецтва і аўтар артыкулу пратэставалі, ды марна. Зьнявечаная кніга пайшла ў продаж. Але час быццам зьмянiўся. З моманту першай, часопiснай публiкацыi аповесьцi мiнула болей за дваццаць гадоў, i выдавецтва вырашыла, што ў Зборы твораў аповесьць можна надрукаваць. Тым болей, як паведамiў мне дырэктар [выдавецтва «Мастацкая літаратура»] Мiхал Хведаравiч Дубянецкi, яна значылася ў каталозе i на кнiжнай ярмарцы сабрала нямала кантрактаў. ЦК КПБ у асобе А. Кузьмiна таксама не пярэчыў яе выданьню. Рэспублiканскi галоўлiт паставiў свой штамп, i рукапiс быў адпраўлены на палiграфкамбiнат.
Ды выдаўцы i iх аднадумцы, вiдаць, не ўлiчылi аднаго моманту — пiльнасьцi ўнутраных сэксотаў. I вось менавiта зь iхняй iнiцыятывы ў Менск з маскоўскага галоўлiту прыйшоў загад аповесьць Быкава не выдаваць. Дубянецкi паведамiў мне пра тое i раззлаваны сказаў, што ён паслаў у Маскву тэлеграму на iмя сакратара ЦК тав. Зiмянiна, дзе скардзiцца i пратэстуе. Усё ж i Зiмянiн, i Сеўрук — нашыя землякi, павiнны ж яны паспачуваць сваiм людзям. Бедны i наiўны, нягледзячы на свой партыйны вопыт, Мiхал Хведаравiч, на што ён спадзяваўся! Я распавёў яму пра выпадак з вайны, калi адзiн з палiцаяў расстрэльваў групу землякоў, сярод якiх быў ягоны стрыечны брат. Палiцай быў добры чалавек i як для брата зрабiў выключэньне — падаслаў яму ў магiлку сьвежага хвойнiчку. Усё ж брат… Дубянецкi мне не паверыў, сказаў: вось убачыце, яны свой загад адменяць. Трэба пачакаць адказу.