Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Доўгая дарога дадому

Быкаў Васіль

Шрифт:

Болей у той камiсii я не зьявiўся. Я не хацеў мець нiчога агульнага са злачыннай палiтыкай вiдавочнага рэваншу, якi задоўга да вядомага путчу насьпяваў, рыхтаваўся тымi, хто апынуўся перад рэальнай пагрозай страцiць шматгадовую ўладу. Я разумеў Адамовiча, якi разам зь iншымi iнтэлiгентамi асуджаў Гарбачова, але i ня мог не паспачуваць апошняму.

Гарбачоў апынуўся ў зьвярынцы, якi незнарок цi наўмысна сам разварушыў i, мабыць, ужо ня ведаў, як зь iм справiцца.

Рыгор Барадулiн, як заўжды поўнячыся рознымi (ня толькi паэтычнымi) iдэямi, надумаў зьняць фiльм пра маю «малую радзiму». Як усё было ўлагоджана, на мiкрабусе «Беларусьфiльму» паехалi ў Вушачу.

Тая дарога праз Плешчанiцы i Бягомлю была мне даўно знаёмая, я любiў яе навакольныя бары i пагоркi, цянiсты лесавы шлях празь Бярэзiнскi запаведнiк. Мабыць, дарога i была самым прыемным з таго падарожжа, бо астатняе… Астатняе было надта жыва зьвязана з труднымi ўспамiнамi пары дзяцiнства, сумам адмiраньня i запусткаў у некалi знаёмых ваколiцах. Toe вярэдзiла душэўныя сiлы, самотай дацiнала нэрвы. Усё, што для iншых, староньнiх, было дэтальлю iхняй цiкавасьцi, для мяне — болем. I я, можа, не пагадзiўся б, калi б хiтраваты Рыгор, ведаючы адну маю слабасьць, не падмануў мяне любым маiм азярком. Заплянавалi здымкi на возеры, i я паехаў.

Па дарозе заехалi ў Воўчу па сястру Валю, якая ўжо ведала пра прыезд кiношнiкаў i чакала нас. Валя выйшла замуж у Воўчу за калгаснага мэханiзатара Шурку, увогуле добрага i майстравiтага чалавека, якi, аднак, меў адзiн недахоп — усё той жа. Дзяцей у iх не было, i сястрычка даволi адпакутавала за Шуркам-Сашкам, якi праз сваё хiба i памёр яшчэ не старым. Удавiца засталася адна ў няновай хаце, з катом, пры агародзе, якiм адно i клапацiлася ад раньняй вясны да позьняй восенi. З таго i жыла.

Пасадзiлi ў аўтобус Валю i паехалi ў Бычкi — на закiнуты, зарослы дзядоўнiкам i крапiвой падворак бацькавай хаты. Памятаю, як яе будавалi, як яна была новаю i радавала дзяцей i бацькоў. Але мiнула небагата часу, хата пахiлiлася, урасла ледзь не па вокны ў зямлю i стаяла з прадраным дахам i згнiлымi дошкамi ганку. Адна радасьць была з двух пасаджаных бацькам дрэваў — дубу i клёну, якiя з кожным годам усё болей раскашавалi, узьнёсшыся высока над хатай. На тым ганку кiношнiкi змусiлi мяне прымаць патрэбныя для iх позы, адказваць на пытаньнi, якiя задаваў, застаючыся «чалавекам за кадрам», рэдактар i рэжысэр Валодзя Халiп. Затым паехалi на возера, зьехаць да якога з гарыстага берагу было немалой рызыкай. Але неяк зьехалi. А там на спрытным пагорачку, якi я любiў зь дзяцiнства, распалiлi цяпельца, пачалi ладкаваць вучоную размову. Дужа я не любiў тых пастановачных размоваў, калi трэба было дэманстраваць сваю глыбакадумнасьць або лiрычную ўзьнёсласьць. I тое ды iншае, на мой пагляд, лепей трымаць пры сабе, а калi ўжо давяраць каму, дык найлепш — паперы. Сястрыца сядзела побач i слухала, дзiвячыся кiношнай «мудрасьцi», перажываючы за наша агульнае мiнулае. Як усё скончылi, Валодзя Халiп бухнуўся ў возера i — на маё захапленьне — пераплыў яго туды i назад без супынку. Тое я бачыў упершыню. Нiхто раней так сьмела не пераплываў наша возера — можа, не было спрытных, а мо палохала глыбiня. Казалi старыя, што возера дужа глыбокае. Але ня дзiва — Валодзя вырас на возеры. Як вярнулiся ў вёску, пакуль брат Мiкола з жонкай Тоняй ладзiлi пачостку, я пайшоў па пустэльнай, зарослае травой маёй колiшняй вулiцы. Родная мая, бедная i няшчасная вёсачка, яна дажывала свае апошнiя днi. З нашых былых суседзяў жылi толькi ў дзьвюх хатах, астатнiя стаялi пакiнутыя, ды i тых засталося некалькi. Зеўрала пабiтымi вокнамi хата Галавачоў, куды я некалi любiў хадзiць да Валодзi, ня стала хатаў дзядзькi Васiля, памерлага ад сухотаў волата Куца. Праўда, няблага асталяваўся на сядзiбе малодшы брат майго сябра Колi — Сямён, дбайны i працавiты селянiн. У хаце Мiшы, якi працяглы час быў дырэктарам школы, жыла-дажывала яго ўдовая сястра, адзіную дачку якой забiла маланкай. У другiм сяле жылых хатаў было трохi болей, але я ўжо забыўся iмёны iхнiх жыхароў. Апроч хiба кiнамэханiка Васiля Паршонка, што жыў на краi за могiлкамi.

Навакольле таксама зьмянiлася. У мой любы зялёны роў нельга было i ўлезьцi, так ён зарос алешнiкам; прапала безь людзкой патрэбы i наша крынiчка. Хмызьнякi i алешнiкi ўсё болей заваёўвалi колiшнiя вясковыя палеткi i падступалi да самых гародаў. Дашчэнту пазарасталi палявыя дарожкi, а тыя, што засталiся, былi бязьлiтасна зьнявечаныя вялiзнымi коламi аўтатрактарнай тэхнiкi i круглы год зеўралi правальлем-каляiнамi. Добра, што галоўную дарогу я ўсё ж дамогся заасфальтаваць у свой дэпутацкi час. Вайскоўцы не далi заасфальтаваць адрэзак з магiстральнай дарогi на Кублiчы, — адкуль у iх пачыналася манэўровая аўтаракетная траса, якую належала маскаваць ад НАТА. Цяпер няма нi трасы, нi ракетаў, але няма i людзкай дарогi.

Мой брат Мiкола, якi тут пражыў жыцьцё, працуючы ў калгace, дачакаўся нарэшце пэнсii i з тае нагоды быў дужа рады. Яго нiхто ня гнаў на дармовую працу, можна было пакалупацца на падворку, ля хаты, што брат дужа любiў. Плёў з дроту сеткi на загарадзi, у суседнiх хмызьняках назапашваў дровы. У хляве гадавалася сьвiнка, пасьвiлася кароўка. Грошай плацiлi мала, але рэгулярна, хлеб раз на тыднi прывозiла аўталаўка. Чаго яшчэ было трэба? Такога жыцьця нiколi не было ў вёсцы, i пэнсiянэрам здавалася, што дажылiся нарэшце да камунiзму, якi абяцалi бальшавiкi. Каб толькi болей здароўя. Але менавiта здароўя i не хапала, — здароўе дарэшты адабрала шматгадовая калгасная паншчына. Нядоўга парадаваўся сваёй пэнсiйнае волi i мой Мiкола…

Так, насунулася пара стратаў, усё блiжэй падступаў час разьвiтаньня. Меней i меней заставалася крэўных, сяброў i нават знаёмых. Рыгор дык зусiм застаўся адзiн — апошнiмi сышлi яго цётачка, што колiсь ласкава частавала нас сьнеданьнямi (мужчынскую годнасьць яна часьцяком вызначала па спрадвечнай сялянскай шкале: ешчы-няешчы. Ня ведаю, як Рыгор, а я ў яе апынуўся ў лiку няешчых), нядаўна пайшоў i дзядзька Пятрок, апошнi з Рыгоравай раднi, ня дужа дбайны вартаўнiк Рыгоравага падворку, на якiм цi ня кожнай зiмы гаспадарылi вушацкiя зладзеi. У адну з апошнiх маiх паездак на радзiму я прыдбаў iдэю-сюжэт аповесьцi «Аблава».

Знаёмы кублiцкi чалавек распавёў пра выпадак з 30-х гадоў, як у нас праходзiла калектывiзацыя i зь ёй — раскулачваньне, высылкi, рэпрэсii. Адзiн селянiн быў сасланы зь сям’ёй пад Архангельск, там напакутаваўся, пахаваў жонку, малую дачку i вырашыў уцякаць на радзiму. Як нi дзiўна, тое яму ўдалося. Праз шмат прыгодаў-пакутаў, адолеўшы тысячу кiлямэтраў, ён апынуўся на родным котлiшчы i соладка, на адзiноце паплакаў. Але на тым i скончылася ўсё яго шчасьце вяртаньня. У дарозе яго нiхто ня ведаў, а тут пазнаў першы ж сустрэты ранкам сусед. I ўжо надвячоркам на яго пачалi паляваць, наладзiлi аблаву, у якой (во драма!) змушаны быў прыняць удзел i ягоны сын, што ў свой час адрокся ад бацькi i ўступiў у партыю. Бацька ўтапiўся ў балоце, але з чым застаўся жыць яго сын? Цi ня з тым жа, што ўвесь век насiў у сабе Аляксандр Твардоўскi. Гэта ж ён апынуўся ў падобнай сытуацыi, калi аднойчы ў Смаленску, дзе малады паэт працаваў у рэдакцыi, да яго прыйшоў зьбеглы з высылкi бацька. Сын тады сказаў яму: «Вяртаўся б ты лепей туды, адкуль прыйшоў…». Людзям iншага веку наўрад цi зразумець усю глыбiню вытокаў пажыцьцёвай драмы слыннага паэта i ягонага няшчаснага бацькi.

Па начной дарозе да Менску, седзячы мiж стомленых паездкай i працай кiношнiкаў, я ўсё думаў пра тую даўнюю драму. А прыехаўшы дадому, хутка напiсаў «Аблаву».

Зянон Пазьняк iмкнуўся ўсталяваць у БНФ строгую партыйную дысцыплiну, улiк i ўсё iншае, уласьцiвае рэгулярнай палiтычнай арганiзацыi. Болей як два разы нельга было прапусьцiць паседжаньнi сойму, на ўсiх сяброў заводзiлiся ўлiковыя карткi. Toe, мабыць, было патрэбна, бо мiнiстэрства юстыцыi строга сачыла за выкананьнем фармальнасьцяў, каб пры выпадку прыдрацца i спынiць дзейнасьць грамадзкай арганiзацыi. Усяго таго ды шмат чаго iншага Пазьняк i БНФ дамаглiся пры апантаным супрацiўленьнi нават адносна лiбэральнага ладу часоў Шушкевiча, не кажучы ўжо пра пазьнейшы палiцэйскi рэжым Лукашэнкi.

Вядома, суровы рыгарызм Пазьняка далёка ня ўсiм падабаў ся ў шэрагах фронту. Увогуле сумленныя i разумныя хлопцы, пераважна беларускiя iнтэлiгенты, сабраўшыся разам, нярэдка выяўлялi нязгоду з лiдэрам. Тая нязгода ў асноўным палягала ў тактыцы; стратэгiя нi ў кога не выклiкала сумневу, бо стратэгiяй была Беларусь, якой бэнээфаўцы, безумоўна, былi аддадзеныя. Я любiў i паважаў iх усiх — заўжды фiласафiчна-памяркоўна настроенага Юрася Хадыку, веселуна i песьняра Валянцiна Голубева, няўрымсьлiвага Вячаслава Сiўчыка, красамоўцу Вiнцэся Вячорку, па-дзелавому засяроджанага Сяргея Навумчыка. Некалькi пазьней да iх далучыцца iнтэлiгентны Лявон Баршчэўскi. Слаўныя былi каля iх i дзяўчаты, хоць i па-жаночы не заўжды згодныя мiж сабой, але памяркоўныя i адукаваныя. Аналiтычныя здольнасьцi Зянона здавалiся бязьмежнымi. Падобна было на тое, што ён ведаў усё пра Беларусь — сучасную i гiстарычную, слухаць ягоныя развагi пра яе можна было гадзiнамi. Хоць ён не выглядаў красамоўцам, але гэта быў чалавек, на ўсё жыцьцё хворы Беларусьсю. Я вельмi цанiў гэтую ягоную якасьць, i нават калi не з усiм быў згодны або ня ўсё мне падабалася ў ягоных максiмах, не хацеў пярэчыць. Я не адчуваў за сабой права пярэчыць чалавеку, апантанаму вялiкай iдэяй. Праўда, Адамовiч, аднойчы прыехаўшы ў Менск i спаткаўшыся з Пазьняком, сказаў, што гэты чалавек сапраўды можа прэтэндаваць на лiдэрства ў Беларусi, адзiны яго недахоп — празьмерная апантанасьць. Кепска быць апантаным, тым больш — iдэяй. Самыя высакародныя iдэi менавiта i банкрутуюць з прычыны апантанасьцi iхнiх адэптаў. У вогуле з тым я быў згодны, але не ў дачыненьнi да Пазьняка. Я меркаваў, што для апалiтычнай, рахманай Беларусi патрэбны менавiта такi лiдэр. Толькi такi меў магчымасьць, здольнасьць i волю абудзiць нацыю, якая багата што праспала ў сваёй гiсторыi. Тая мая прыхiльнасьць да Пазьняка ўзмацнела, калi аднойчы, уключыўшы тэлевiзар, убачыў буйным плянам яго аскетычны твар, рашучыя твары ягоных паплечнiкаў i пачуў, як лiдэр БНФ абвясьцiў камунiстычную партыю бандай тыранаў i забойцаў, самай крывавай у нашай гiсторыi. Toe яго выступленьне ў прамым этэры беларускага тэлебачаньня, таксама як i некаторыя газэтныя публiкацыi, напачатку выклiкала шок у грамадзтве, нязвыклым да падобных пасажаў. Тым ня менш пройдзе трохi часу, i тое ж грамадзтва без праблемаў абярэ Зянона Станiслававiча дэпутатам Вярхоўнага Савету. Вядома, гэта стала магчымым з нагоды, калi выбарчыя камiсii яшчэ не былi цалкам заангажаваныя рэжымам i падлiчвалi галасы больш-менш аб’ектыўна. Разам з Пазьняком у Вярхоўны Савет была абрана даволi вялiкая група сяброў БНФ, якая i склала грунт парляманцкай апазыцыi, што шмат чаго дамаглася наконт незалежнасьцi краiны. Тыя посьпехi апазыцыi i яе лiдэра грэлi, натхнялi i давалi надзею.

На жаль, у сваёй газэтна-мiтынговай рыторыцы Пазьняк не заўсёды аддаваў належнае палiтычнай лёгiцы i ня здолеў пазьбегнуць празьмернасьцi ў дэфiнiцыях — асаблiва што да Расеi i расейцаў. Заўсёды надта чулыя да ўласнага нацыянальнага гонару некаторыя зь iх скарысталi пазьнякоўскiя iнвэктывы, каб абвiнавацiць яго i БНФ. Прытым без увагi засталiся выказваньнi iншага кшталту. Так, калi ў яго на тэлеперадачы запыталi, якую палiтыку да рускiх ён будзе праводзiць, як прыйдзе да ўлады, кандыдат у прэзыдэнты Пазьняк сказаў: «Такую, каб расейцам на Беларусi жылося лепш, чым у Расеi». Што ж, рытарычна, але вычарпальна ў сэнсе аптымальнага стаўленьня да вырашэньня балючай мiжнацыянальнай праблемы. Мабыць, у першапачатковы пэрыяд няўстойлiвага сувэрэнiтэту ня трэба было закранаць складанага пытаньня люстрацыi i асаблiва — пэнсiяў. Зь цягам часу тое можна было б вырашыць цiха i без палiтычнага ажыятажу, так, як гэта было зроблена неўзабаве ў Чэхii або Польшчы. Шмат каму з Пазьняком было нялёгка. Сам будучы чалавекам апантаным, ён гэткай жа апантанасьцi чакаў i ад iншых, найперш ад сваiх паплечнiкаў. Але кожны зь iншых меў свой, адметны ад ягонага характар. Тое ўвогуле зразумела i натуральна, бо ўсе яны паводле перакананьняў былi дэмакраты, а вядома, што дэмакратам мэтафiзычна не ўласьцiва адзiнамысьленьне. Там, дзе паяўляюцца хоць бы два дэмакраты, пачынаюцца нязгоды i пярэчаньнi. Самаахвярнасьць — псыхалягiчна цяжкая справа, мабыць, неразумна патрабаваць яе ад кожнага iншага. Тут здатны толькi ўласны добраахвотны выбар, штурхаць да якога ня мае права нiхто. Нават бальшавiкi ў вайну разумелi тое i лiчылi, што сотнi Матросавых свой подзьвiг абралi па ўласнай волi (хаця тое дужа сумнiўна). Але важна, што пастулят добраахвотнасьцi i для iх быў нязрушны. Дарэчы, надта хрысьцiянскi пастулят.

Менавiта ў гэткiх абставiнах на чарговым зьезьдзе зьявiлася праблема ў лiдэра БНФ, адстаўкi якога дамагалiся некаторыя зь ягоных паплечнiкаў. Я быў змушаны выступiць з просьбай не рабiць таго, зразумець, што да пэўнага часу Пазьняк у Фронце альтэрнатывы ня мае. Мяне паслухалiся, хаця, можа быць, я i памыляўся. Бо ўсё роўна пазьней БНФ раскалоўся i фармальна, а прыкметы расколу паявiлiся ў iм на некалькi гадоў раней.

Бэнээфаўцаў, асаблiва ветэранаў гэтага руху, часта грэблiва называюць рамантыкамi. Тое не зусiм правiльна, хаця доля праўды ў тым азначэньнi ёсьць. Нейкая мера рамантызму, мабыць, была ўласьцiва i Пазьняку. Ня надта добра, што зь цягам часу высакародная ўвогуле iдэя адраджэньня набыла ў вачох грамадзтва архаiчнае адценьне, — не заўсёды зразумелае, а таму i не прымальнае для сучаснага, празьмерна прагматычнага беларуса. Беларускi народ у сваёй масе напрыканцы XX стагодзьдзя меў клопат ня так з праблемай адраджэньня, як з праблемай выжываньня. Хоць як-небудзь, хоць з бальшавiцкiм рылам, але каб не ператварыцца ў мерцьвяка, што ўвогуле было рэальна. Па сутнасьцi iшоў працэс памiраньня (ва ўсiх сэнсах), i важна было клапацiцца, як затрымацца на краi пагiбелi, а ня дбаць пра колiшнюю велiч часоў ВКЛ. Народ тое адчуваў iнстынктыўна, i таму на першых прэзыдэнцкiх выбарах у масе сваёй не пайшоў за Пазьняком i БНФ зь iх вiртуальным нацыянал-дэмакратызмам, архаiзацыяй i без таго ня надта палагоджанай мовы, чым сталася, на думку некаторых, вяртаньне да граматыкi Тарашкевiча. З часоў Тарашкевiча шмат што зьмянiлася ў сьвеце, у тым лiку i ў беларускай мове, з чым прагматычнаму палiтыку немагчыма было не лiчыцца. Народ пайшоў за жорсткiм, нахабным, прагматычным дырэктарам саўгасу, iдэi якога былi простыя, як мычэньне каровы i зразумелыя дарэшты. Без увагi да нацыянальных прынцыпаў, Лукашэнка кiнуўся да Расеi, найперш каб выбiць адтуль асабiстую падтрымку, а таксама хлеб, бэнзiн, газ, безь якiх немагчыма было ня толькi «адраджацца», але i перажыць зiму да вясны. Вядома ж, разумнейшыя адчувалi, што ён адбiраў у Беларусi сувэрэнiтэт, будучыню i пазбаўляў дэмакратыi. Але што карысьцi з дэмакратыi, калi плакалi галодныя дзецi? Несумненна, будучы дэмакратамi, лiдэры БНФ не зразумелi, што дэмакратыя — гэта не справядлiвасьць, а матэматыка, што нацыянальную будучыню цяпер вырашаюць лiчбы, а не iдэi, якiя б разумныя яны нi былi.

Поделиться с друзьями: