Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Доўгая дарога дадому

Быкаў Васіль

Шрифт:

Як я ўжо казаў, Джорджыо шмат разоў наведваў Беларусь i кожны раз бываў у маёй кватэры на Танкавай. Аднойчы — зь сям’ёй: жонкай Аннай i дачкой Сiмонай, некалькi разоў прывозiў сваiх сяброў з Тэрнi i ветэранаў з Палiна. Натуральна, ён таксама запрашаў мяне зь Iрынай у Iталiю — адпачыць i пакупацца ў Адрыятыцы, дзе Анна мела жыльлё. Мы былi ўдзячныя нашаму мiламу iтальянцу, але не паехалi. Не паехалi i тады, як я атрымаў узнагароду ад прэзыдэнта Iталii, а таксама прэмiю сьв. Валяньцiна. Нялоўка было выступаць у ролi беднага родзiча, якi спадзяецца на ласку гаспадара. Тым болей, што i гаспадар быў ня зь лiку багацеяў… Госьць, амаль як заўсёды, быў бедны i iмкнуўся хаця не згубiць рэшту гонару — тое апошняе, што ён яшчэ крыху меў.

Зь сярэдзiны 80-х гадоў мае кнiгi даволi часта выдавалiся ў Саюзе; у Беларусi крыху радзей. Ганарары ў рублях былi стандартныя, можа быць, мне як ляўрэату трохi падвышаныя. Так, за кнiгу прозы старонак на 500 можна было купiць «Жыгулi». Iншая справа, што купiць шмат што не было магчымасьцi, усе папулярныя або каштоўныя тавары вольна не прадавалiся. Трэба было хадайнiчаць перад уладамi (пераважна — партыйнымi) або мець блат у гандлёвых структурах. Праўда, Саюз пiсьменьнiкаў у гэтых адносiнах меў пэўныя прывiлеi, прыкладам, на аўтамабiлi цi пыжыкавыя шапкi, i шырока карыстаўся iмi. Грошы ў грамадзтве, арганiзаваным паводле плянава-разьмеркавальнага прынцыпу, мелi другасны характар. Але прыватна-ўласьнiцкiя патрэбы людзей упарта не хацелi лiчыцца з тым i iснавалi незалежна ад дзяржаўных устанаўленьняў. Раптоўна ўспыхнуў бум на кнiжкi (бы ў прадчуваньнi хуткага разьвiтаньня з кнiжнай цывiлiзацыяй), вартую кнiгу нельга было набыць бяз блату, падпiсацца на клясыкаў — таксама. Заходнiя iнтэлектуалы тады зайздросьцiлi нам, бо ў Эўропе прэстыж лiтаратуры даўно ўжо ўпаў, уступiўшы аўдыёвiзуальным атрыбутам культуры, кнiга ўвачавiдкi губляла духоўную ды iнфармацыйную каштоўнасьць. Але нашы кнiгi яшчэ прадаўжалi выдаваць i на Захадзе. Асаблiва ў сацыялiстычных краiнах. Толькi ў ГДР перакладам на нямецкую мову выйшла паўтара дзясятка маiх кнiг, трохi менш у ФРГ, Францыi, Iталii. Але з ганарарам за тыя выданьнi справа палягала складана. Рэч у тым, што зь нейкага часу выплату ганарараў, як i заключэньне дамоў на выданьне, узяла на сябе дзяржава ў асобе адмыслова для таго створанай арганiзацыi «Саюзкнiга». Былi ўстаноў лены i стаўкi падаткаў з ганарараў, якiя складалi 70 працэнтаў плюс 30 працэнтаў камiсiйных на карысьць «Саюзкнiгi». Такая гнуткая сiстэма давала магчымасьць наогул не плацiць за некаторыя выданьнi (напрыклад, iдэйна-шкодныя), увесь ганарар прысвоiць ва ўласнасьць дзяржавы. Як пасьля высьветлiлася, — для фiнансаваньня замежных аддзелаў савецкай выведкi, якая на той час ужо мела праблемы з грашыма. Аўтары атрымлiвалi так званыя чэкi, што атаварвалiся ў спэцкрамах з ласкавым назовам «Бярозка». Людзi старэйшага пакаленьня памятаюць тыя сарамлiва схаваныя дзе-небудзь у завулках крамкi ды iх загадкавыя вiтрыны, упрыгожаныя турыстычнымi плякатамi з выявамi расейскiх прыгажунь у какошнiках. Там i сапраўды было што купiць, каб толькi болей было тых чэкаў. Але ж аўтары замежных выданьняў атрымлiвалi iх на сьмех сабачы — 60 рублёў за кнiгу, i гэта быў яшчэ добры ганарар. А то плацiлi па 40, 20 i нават па 10 рублёў за выданьне. I ўсё тое — паводле закону, скардзiцца на якi не было прынята. Вялiкi «законьнiк» Багамолаў судзiўся з пэўнымi арганiзацыямi ў Маскве i высудзiў 15 рублёў-чэкаў за пульхны раман, выдадзены ў Чэхаславаччыне. Зрэшты, што да выдавецкай практыкi некаторых сацкраiн, дык тая часам iшла на парушэньне савецкiх законаў — кнiгi выдавалiся без афiцыйнай дамовы, амаль пiрацкiм спосабам. Затое ў выпадку прыезду аўтара ў краiну да моманту выхаду кнiгi яму плацiлi ганарар толькi з утрыманьнем унутранага падатку. Але тая практыка хутка была забароненая. За «парушэньне правiлаў валютных апэрацыяў» каралi строга. Спадчыньнiкi нобелеўскага ляўрэата Б. Пастарнака апынулiся ў турме за тое, што адважылiся атрымаць нейкiя грошы, якiя належалi нябожчыку. Iншых прасьледавалi па лiнii барацьбы супраць валютчыкаў-фарцоўшчыкаў…

У мяне ў Парыжы рыхтавалася да выхаду цi ня трэцяя кнiга прозы, i знаёмая супрацоўнiца выдавецтва Люся Катала прыслала выдавецкае запрашэньне. Узяўся афармляць дакумэнты на паездку — аб’ектыўкi, характарыстыкi, анкеты-вiзы, даведку аб стане здароўя. Паводле прыватнай дамоўленасьцi з выдавецтвам меўся прыехаць у першай дэкадзе кастрычнiка, якраз да моманту выхаду кнiгi, каб пасьпець атрымаць ганарар. Iмкнуўся ўсё зрабiць упару, i прыехаў у Парыж, як дамовiлiся. У аэрапорце Дэ Голь мяне спаткала клапатлiвая Люся (дарэчы, наша зямлячка з Бабруйску), на аўтамабiлi павезла ў Лацiнскi квартал, дзе быў замоўлены гатэль. Па дарозе паведамiла «прыемную» навiну: учора ў выдавецтва прыехаў парыжскi ўпаўнаважаны «Саюзкнiгi» i забраў мой ганарар. Рэшту, што мне належыць, я магу атрымаць у Маскве.

Усё стала зразумела. Тыдзень майго гасьцяваньня ў Парыжы меўся абысьцiся кiшэннымi франкамi, якiя прэзэнтавала выдавецтва. Тры тысячы ганарару пайшло на фiнансаваньне мiлай выведкi, што i «суцешыла» аўтара. Мабыць, спачуваючы маёй фiнансавай няўдачы, выдавецтва iмкнулася кампэнсаваць яе адмысловым клопатам — павяло ў знакамiтую «Ратонду», дзе частавала марскiмi вожыкамi. А ўвечары за мной у гатэль заехаў Яфiм Эткiнд, павёз на кватэру да Катала, дзе адбылася прыязная гутарка са славутымi эмiгрантамi Вiктарам Някрасавым, Андрэем Сiняўскiм i Марыяй Васiльеўнай Розанавай. Сiняўскi пачуваўся даволi бадзёра i, як калiсьцi Камю, на ўсё i ўсiм казаў НЕ, што трохi мяне зьдзiвiла. Вiктар Платонавiч выглядаў кепска, жыць яму засталося няшмат. Люсiна сяброўка Iрына Сакалагорская назаўтра звазiла мяне ў Барбiзон, улюбёную вёску постiмпрэсiянiстаў, а таксама на славутыя могiлкi Сен-Жэнеўеў дэ-Бавуа, якiя да канца дня забясьпечылi мой пэсымiзм. Муж Iрыны быў на той час дэканам Сарбоны, i ён арганiзаваў мне лекцыю-ыступ ва Усходнiм унiвэрсытэце, дзе вывучалiся ўсе мовы Савецкага Саюзу, апроч беларускай. Я папытаўся, чаму так? Адказалi, што няма зацiкаўленьня: тую мову нiхто ў Парыжы ня ведае. Вось гэта сюрпрыз! Але чаму ж сюрпрыз? — думаў я. Чаму яе павiнны ведаць у Парыжы, калi ня хочуць ведаць у Менску?

Дыктат Масквы ў галiне яе выдавецкай палiтыкi распаў сюджваўся далёка i дасягаў драбнiцаў. Аднойчы мы былi з дэлегацыяй Саюзу пiсьменьнiкаў у Сафii i мелiся атрымаць там нейкi ганарар. З выплатай яго балгары доўга цягнулi i толькi ў апошнi дзень паклiкалi нас у бухгалтэрыю. Там, нiбы мiж iншым, паказалi атрыманую з Масквы тэлеграму, дзе значылася, колькi каму з нашых аўтараў належала заплацiць у працэнтах. Сыракомскаму — 60, Ахмадулiнай — 90, Вазьнясенскаму — 75, Быкаву — 15. Чаму так — было незразумела. Высьветлiлася толькi тады, як атрымалi грошы — усiм прыкладна па 200 леваў, — незалежна ад жанру i памеру публiкацыяў. У тым была сьвятая сацыялiстычная справядлiвасьць, як жартавалi масквiчы. Тады ж у Плоўдзiве са мной здарыўся першы сардэчны прыступ, сталася дужа кепска. Добра, што побач былi сябры. Ратаваў мяне мой аднагодак, славуты паэт Косьця Ваншэнкiн, духоўна суцяшала Бэла Ахмадулiна. Зь iх дапамогай неяк выкараскаўся, хоць i давялося паляжаць у балгарскiм шпiталi.

Будаваў у Ждановiчах дачу i думаў: буду пiсаць! На другiм паверсе, у цесным куточку. Мiж бярозак, што высiлiся над дахам, пазiраючы на падворак з ружамi ўнiзе. Але не пiсалася мне на дачы. Усё тут шкодзiла — i размовы суседак побач, i брэх сабак, i дзiцячая гамана зь пiскам i крыкам. А то яшчэ радыё аднекуль з боку блiзкай дарогi. Напрыканцы лета рашыў: паеду ў Нiду. Усе дужа хвалiлi — здатнае мейсьцейка на беразе затокi, поруч з жоўтымi дзюнамi.

Пуцёўкi дастаў у лiтоўскiм лiтфондзе, трэба было здабыць дазвол. Hiда — у памежнай зоне, проста туды не паедзеш. Хтосьцi расказваў, як выправiўся без дазволу, дык завярнулi, прывезьлi ў Калiнiнград, бы парушальнiка. Ведама ж, нашыя межы — заўжды на замку. Нават ад самiх сябе.

Па штамп-дазвол давялося хадзiць разы тры. То ня ў тыя гадзiны, то рана, то позна. То начальнiк на прафзанятках, то па справах у свайго начальнiка. Нарэшце штампы паставiў. Рабiў ён тое з такiм шкадаваньнем, бы губляў палову сваёй зарплаты.

На гэты раз ехаў на сваёй «волзе» з Рыгорам Барадулiным, што сеў поруч, ды Iрынай на заднiм сядзеньнi. Рыгор быў дужа рады, што вырваўся нарэшце з апрыклага Менску, што наперадзе вольны месяц, калi можна папiсаць вершы — ня ўрыўкамi, а як мае быць. Цяпер ён штось распавядаў, сыпаў прымаўкамi, дасьцiпнымi слоўцамi, праяўляючы надзвычайную рухавасьць розуму i думкi. То, вядома, ня чыста беларуская рыса, мабыць, часткова латыская, прынятая ў спадчыну ад яго паўлатыша-бацькi. Слухаць яго — насалода, нават калi ён гаворыць экспромтам i не абавязкова вершамi, а вельмi дасьцiпнай прозай. Здаецца, ягоная проза ў той раз мяне падвяла. Трохi заслуханы ёю, за Ашмянамi пачаў выяжджаць на магiстральную дарогу. Быў слотны, туманны ранак, пацелi шыбiны ў аўтамабiлi. Пярэдняе шкло ўвесь час цёрлi дворнiкi, бакавыя заставалiся матавыя. Перад паваротам налева толькi аднойчы зiрнуў управа i павярнуў. I тут жа жахнуўся — поруч, амаль упрыцiрку, невядома адкуль вынiкла машына, абагнала мяне i рэзка затармазiла. Каб ня ўрэзацца ў яе, я таксама затармазiў, а затым i спынiўся. З машыны выскачыў разьлютаваны кiроўца i накiнуўся на мяне, стараючыся выхапiць мяне з салёну. Мае пасажыры, нiчога не разумеючы, пачалi крычаць, Рыгор выскачыў на дарогу, Iрына дамагалася ў нападнiка — у чым справа?

Што мы зрабiлi ня так? Я дык ведаў, што зрабiў ня так i чаго заслугоўваў. Добра, што той кiроўца, хоць i лiха ехаў, ды не спудлаваў, а то б пакацiлiся абодва пад адкос з дарогi. (Цiкава, што на тым скрыжаваньнi годам пазьней разьбiўся мой гарадзенскi сябра Барыс Клейн, паўгода хадзiў на мылiцах. Заклятае месца!)

Астатняя дарога выдалася без здарэньняў, хаця мае паджылкi яшчэ доўга дрыжэлi.

З таго вопыту я зразумеў, што небясьпека пiльнуе аўтамабiлiста ня толькi на дарозе, на вулiцы, але можа быць i ўнутры аўтамабiля. Ведама, ва ўсiх адносiнах лепей за ўсё езьдзiць без пасажыраў, калi гэта магчыма. Гродзенскi мастак Пушкоў пагадзiўся падвезьцi суседа, ды перакулiўся каля Друскенiкаў, i змушаны быў некалькi гадоў плацiць таму — за прычыненую iнвалiднасьць.

Гады праз два пасьля таго здарэньня, на другой ужо машыне ў Менску ня змог пазьбегнуць сутыкненьня (зноў не прапусьцiў), i на перакрыжаваньнi самазвал дужа ўлупiў мне ў правы борт. Добра, што ў машыне я быў адзiн, без пасажыраў.

Каб пазьбегнуць аварыi (па ўласнай вiне), патрэбна ня толькi выконваць правiлы руху, мець спраўную тэхнiку i быць цьвярозым. Але яшчэ i мець вераўчаныя нэрвы, заўжды пачувацца спакойным. Нават калi ў цябе ўрэжа самазвал, не губляць раўнавагi. Я так ня ўмею i таму не лiчу сябе добрым шафёрам, хоць паезьдзiў за рулём нямала гадоў.

Пасьля я шмат езьдзiў з Рыгорам, прывык да яго гаворкi i рэагаваў на яе нармальна. У чымсь ён нават мяне супакойваў — найперш, вядома, добразычлiвай спаважнасьцю, якая для кiроўцы заўжды шмат значыць. Што ж да жонкi, зь якой мы езьдзiлi шмат гадоў, дык яна засвоiла абавязак памагаць весьцi машыну — папярэджваць, падказваць, напамiнаць. Толькi што не круцiць руль. Хаця аднойчы, як я нядбайна паставiў на касагоры машыну i тая пакацiлася да недалёкай рэчкi, Iрыне давялося яе ратаваць. Яна дагнала машыну, расчынiла дзьверцы, ухапiлася за рычаг [ручнога] тормазу i не дала машыне зрабiць буль-буль з крутаватага берагу. Прызнаюся, да майго гонару, — нiколi не сядаў за руль п’яны, нават учора ўвечары выпiўшы. Баяўся збольшага не аварыi (кажуць, што паводле статыстыкi ўсё ж цьвярозыя болей робяць аварый, чым п’яныя), а сустрэчы зь iнспэктарам. Уяўляў, што сказалi б мае нядобразычлiўцы, калi б пачулi, што Быкаў «папаўся п’яны за рулём». Дужа не хацелася даць iм дадатковай радасьцi. За чвэрць стагодзьдзя я аддаў аўтамабiлю цi ня болей сiлы i эмоцыяў, чым лiтаратуры. Прычына таго, вiдаць, у спазьнелым прыходзе да нас сусьветнае зьявы — аўтамабiлiзацыi. У той час, як людзi iншых краiнаў Эўропы i Амэрыкi выдатна засвоiлi машыны i дарогi, мы толькi пачалi садзiцца за руль. Некалькi дзесяцiгодзьдзяў наш чалавек за рулём лiчыўся аўтааматарам з адпаведнымi да яго адносiнамi ў грамадзтве. Неяк будучы ў Балгарыi, я запытаў пiсьменьнiка Косту Странджава, якi вёз мяне з Плоўдзiва ў Сафiю, каторая гэта ў яго машына, мабыць, ня першая? Коста з гонарам адказаў: пятая ўжо. А я тады ня меў яшчэ i першай.

Каб набыць першую (папулярныя на той час «жыгулi»), давялося хадайнiчаць перад аблвыканкамам, доўга чакаць ды i купiць амаль са скандалам: машына была разьмеркавана ў iншы раён — для перадавiкоў вытворчасьцi. Позна ўзяўся за руль, затое вучыў машыну, як нiхто з тых, што iх мелi зь дзяцiнства. Аднойчы ў Парыжы запытаўся ў Iрыны Сакалагорскай пра нейкую дэталь у яе рухавiку, i яна пацiснула плячыма — ня ведаю. Я капот нiколi не адчыняю. — А як жа ты езьдзiш? — Вельмi добра. Калi што псуецца, тэлефаную ў гараж, прыяжджаюць хлопцы i ўсё робяць, што трэба. А я — заплацiла i паехала… I так сорак год за рулём.

Поделиться с друзьями: