Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Доўгая дарога дадому

Быкаў Васіль

Шрифт:

Аднак тое, што было вiдавочна кожнаму незамутнёнаму позiрку, не хацелi бачыць нашыя нацыянал-камунiсты. Нават зь лiку самых сумленных i самых разумных. Хiба што тая барацьба патрэбна была партыi, каб адцягнуць нацыянальна актыўныя (iнтэлiгенцкiя) сiлы ад радыкальных iдэяў БНФ i ўключыць ix у загадзя беспэрспэктыўную (i бясшкодную) барацьбу за мову. Але з кім барацьбу, калі партыя заўжды дэмагагічна стаяла за разьвіцьцё нацыянальнай мовы? Па сутнасьці з народам, які, як кажуць, ня хоча размаўляць па-беларуску, а хоча па-расейску. І тое — праўда. Бо навошта народу размаўляць на мове, якая далей як за выганам не ўжываецца? На якой не гавораць у горадзе, куды перасялiлася моладзь, не гаворыць начальства. Расейская мова — здаўна мова начальства, i народ мкнецца разумець яе найперш, каб разумець ягоныя каманды. Бо, ня ўцяміўшы тыя каманды, лёгка атрымаць па карку, — як і ў акупацыю ад немцаў. А сьцямiўшы, глядзi, — можна i самому кiмсь пакамандаваць. Тым, хто нiжэй. Прамая выгада — гаварыць па-расейску. Тады і элемэнтарны сэнс для барацьбiтоў за беларускую мову — пачынаць з начальства, з тагачаснай кiруючай партыi. Але ж як выступаць супраць партыi, да якой сам належыш? Яшчэ выключаць зь яе шэрагаў. Адсюль i пачынаецца iмiтацыйная валтузьня.

Увогуле шкада. Бо сапраўды надарыўся пэўны момант, якi быў бяздарна ўпушчаны. Камунiсты тады пачалi болей дбаць пра сябе, сваю дужа няпэўную будучыню, праз год яны пагадзiлiся на сувэрэнiтэт, маглi б пагадзiцца i на мову. Хаця ўсё тое — ня болей чым марныя развагi. Як паказалi наступныя падзеi, беларуская кампартыя лепш прыняла ўласную сухотную сьмерць, чым народную мову…

Паводле новых, перабудовачных законаў пачалося вылучэньне кандыдатаў у народныя дэпутаты СССР. З Масквы былi спушчаны квоты, у тым лiку i ў СП БССР. У Доме лiтаратара сабралi сход, вёў Нiл Гiлевiч, якi быў прызначаны кiраўнiком тутэйшай выбарчай камiсii. А гэта азначала, што ён ня мае права на вылучэньне кандыдатам у дэпутаты. Toe засмуцiла ня толькi яго, але i мяне, бо я адчуў, каго будуць вылучаць, i ня ведаў, як з таго выкруцiцца. Прыкладна так i атрымалася, як я прадбачыў. На сходзе некалькi чалавек усталi i прапанавалi — Быкава! Я ў сваю чаргу выступiў з самаадводам. Тады пачалi галасаваць, i мой самаадвод не прынялi. Я зноў не пагадзiўся. Зноў выступiлi, угаворвалi мяне. Адзiн толькi Дамашэвiч, мабыць, зразумеўшы мяне, сказаў: «Ну што вы прычапiлiся? Чалавек ня хоча, ужо немалады, нездаровы…». Яго не паслухалiся, гэтак жа, як i мяне. На тым i разышлiся. На другi дзень рана пазванiў Анатоль Вярцiнскi, якi тады рэдагаваў «ЛiМ». Ён цi ня з роспаччу сказаў, што ня ведае, як быць. У газэту трэба даваць паведамленьне пра вынiкi вылучэньня, а ты не пагаджаешся. У пратаколе, якi ляжыць перада мной, запiсана: вылучыць Быкава. Дык што рабiць?

Я паважаў Вярцiнскага, быў зь iм у сяброўскiх адносiнах i, сьцяўшы душу, змушаны быў пагадзiцца. Дзеля рэдактара, дзеля «ЛiМу», а не дзеля сходу, якi гвалтоўна вылучыў мяне на пакуты.

Вынiкi таго вылучэньня пайшлi ў Маскву. I паколькi выбары павiнны былi адбыцца ў Саюзе пiсьменьнiкаў, дзейнiчала ўсесаюзная квота — 10 дэпутатаў ад СП. Там належала зноў выбiраць з усiх, вылучаных ад рэспублiкаў i аўтаномных абласьцей. Я думаў-спадзяваўся, што, можа, там не прайду, пройдуць iншыя. Ды так ня здарылася — абралi i там. I вось Быкаў у лiку дзесяцi стаў народным дэпутатам СССР ад усесаюзнай пiсьменьнiцкай арганiзацыi. Алесь Адамовiч таксама iм стаў, але ад Саюзу кiнэматаграфiстаў. Toe, што быў абраны Адамовiч, трохi ўсьцешыла мяне — усё ж будзе свой чалавек побач. Не адзiн я ў гэтай намэнклятурнай грамадзе, якая ад Беларусi налiчвала каля сотнi. I трохi цешыла, што я — ад творчай арганiзацыi. Думалася, ня буду сядзець сярод г э т ы х — ужо наседзеў ся за дзесяць гадоў у Вярхоўным Савеце БССР. Ды так, на жаль, не адбылося. Выбiралi ад розных арганiзацыяў i саюзаў, а ў залi пасадзiлi ўсiх паводле альфабэту i тэрытарыяльнага прынцыпу. Адамовiч апынуўся сярод дэпутатаў Масквы, а я — Беларусi. Маiмi суседзямi сталi старшыня Берасьцейскага выканкаму, майстар з маладэчанскага заводу, старшыня калгасу Бядуля, старшыня КДБ Балуеў. Ззаду сядзелi старшыня Саўмiну [Беларусі] Кебiч, беларускi першы — Сакалоў. Яшчэ тая кампанiя! Але сьпярша належала абраць Вярхоўны Савет СССР, для чаго ў Менску сабралi ўсiх дэпутатаў, вёў паседжаньне Малафееў. Абiралi за сталом прамым i адкрытым галасаваньнем. Пачуўшы сваё iмя, я адразу заявiў самаадвод, якi не прынялi. Толькi генэрал Чумакоў i яшчэ пара чалавек прагаласавалi супраць Быкава, i я ня ведаў, цi тое — мае прыяцелi, цi супрацiўнiкi. Паехалi ў Маскву. Там у залi прэзыдыуму ВС склiкалi савет старэйшын, на якiм прысутнiчалi i мы з Адамовiчам. Мы сядзелi ўгары, на заднiх лаўках, i назiралi, як Гарбачоў з Лук’янавым абмяркоў ваюць кандыдатуры, вылучаюць кiраўнiчыя органы. Я паслаў Гарбачову запiску аб самаадводзе. Гарбачоў голасна зачытаў яе i падняў мяне зь месца: якая прычына? Я сказаў, што хворы. Гарбачоў пакiваў галавой: ну во, папулярны пiсьменьнiк, адмаўляецца. Ну што ж… Паклаў маю паперку ўбок, аднак са сьпiсу [прэзыдыуму] Вярхоўнага Савету выкрасьлiў.

Адамовiч, наадварот, — хацеў, каб яго абралi, ды марна. Нават ня вылучылi. Бачна было, ён трохi перажываў, бо быў чалавек значнай грамадскай актыўнасьцi. Але ўжо так здаўна ўладкавана ў нас, што хто хоча, таму не даюць, а хто ня хоча, таго прымушаюць. Гэты бальшавiцкi прынцып не ўдалося зрушыць i Гарбачову. Як пачалi разьмяркоў ваць па камiсiях, было прапанавана падаваць заяўкi — хто куды хоча. Я нiкуды не падаваў, намерыўся па-салдацку сачкануць, Адамовiч падаў адразу ў дзьве камiсii, думаў, можа, у якую залiчаць. На жаль, яго не залiчылi нi ў адну, а я, таго не жадаючы, апынуўся ў камiсii па абароне i дзяржбясьпецы. Калi пасьля паскардзiўся Лук’янаву, якi тым займаўся, на нечаканае прызначэньне, той адказаў: «Дык вы ж пiшаце пра армiю i пра КДБ». Так я ўлiп. Адамовiч тады зь мяне пасьмяяўся — надумаў каго абхiтрыць! А я распавёў яму старую байку пра адэскага бамжа, якi праспаўся ранкам у порце i iдзе шукаць заробку. Бачыць, на мосьцiку акiянскага лайнэру стаiць прыгажункапiтан, i бомж, пачухаўшыся, гукае: «Эй, кэп, табе памочнiк ня трэба?» — «Не», — кажа кэп. — «А боцман?» — «Таксама не». — «А кок?» — «I кок не». — «Пашэнцiла, падла, а то б я табе наработаў…» Я не адэскi бомж, але на камунiстычнага кэпа таксама працаваць не зьбiраўся.

Пачалася вiрлiвая, бязладная i шмат у чым драматычная дзейнасьць на зьездах народных дэпутатаў, якiя зачасьцiлi ў Крамлi. Дэпутатаў было вялiкае мноства з усiх рэспублiкаў Савецкага Саюзу. Найболып — з рэспублiкаў Сярэдняй Азii, i найменш — з Прыбалтыкi i Каўказу. Разьмяшчалiся ў залi строга на адпаведных месцах, у часы перапынкаў кучкавалiся каля сваiх партыйных лiдэраў, якiмi тады былi першыя сакратары ЦК. Тыя працавалi ў якасьцi рэжысэраў, вызначалi выступоўцаў, давалi палiтычныя ўказаньнi. Тыя, што зьбiралiся выступiць, пасылалi запiскi: прашу слова ў падтрымку i г. д. Тым i давалi слова, у той час, як iншыя абуралiся. Поруч зь беларускай дэлегацыяй цэлы гектар плошчы займала дэлегацыя Узбэкiстану, i я назiраў за яе паводзiнамi. Там было некалькi дырыжораў, у тым лiку адна жанчына, якiя кiравалi ня толькi выступоўцамi, але i падавалi рэплiкi, выкрыквалi, зачыналi аплядысмэнты. Дужа згуртаваная была дэлегацыя. Увогуле палiтычны напал у залi для неспрактыкаванага чалавека часьцяком быў нясьцерпны. Асаблiва, як выступаў Сахараў цi Афанасьеў. Цi нават Сабчак. Сахараў гаварыў пра Афганiстан, i яму выключалi мiкрафон, воплескамi спрабавалi сагнаць з трыбуны. Затое, як выступаў генэрал Радзiвонаў, што наладзiў вядомую крывавую лазьню ў Тбiлiсi, яго праводзiлi з трыбуны бурнымi воплескамi, палова залi ўстала. Я тады выразна зразумеў, што трапiў яўна не туды, што неяк трэба адсюль рваць кiпцi.

Алесь Адамовiч, наадварот, — быў поўны энэргii i палемiчнага азарту, гатовы быў выступаць з кожнага поваду. Нярэдка яму тое ўдавалася, бо сядзеў ён у першым радзе, якраз перад трыбунай.

Аднойчы выступiў вельмi рэзка (i слушна), папярэдзiў Гарбачова аб небясьпецы, якую несла для яго генэральскае акружэньне. Тады яму дасталося ад iншых, у тым лiку i ад расейскiх камунапатрыётаў, калегаў па СП. Вельмi сумна, што да iх (пакуль што моўчкi) далучылiся некаторыя зь беларускiх дзеячаў культуры, як, напрыклад, Мiхаiл Савiцкi i некаторыя iншыя. Я неяк зрабiў спробу пагутарыць з Валянцiнам Распуцiным, зь якiм быў у добрых адносiнах, але хутка зразумеў, што мiж намi — пустка. Гэтыя людзi ня бачылi i не прызнавалi нiчога, апроч iх любай матушкiРасеi. Ну дык гэта — расейцы, а нашыя?..

Пробным каменем новай палiтыкi Гарбачова стала нацыянальная праблема (Грузiя, Арменiя, Азербайджан, Цэнтральная Азiя, Прыбалтыка). Нават недасьведчанаму чалавеку было зразумела, што гэтыя народы iмкнуцца да свабоды i незалежнасьцi, што яны даволi нажылiся ў турме, якая звалася СССР. Iмпэрцы таго не разумелi. Я тады кантактаваў з прыбалтамi — эстонцамi i лiтоўцамi, якiя ўзялi выразны курс на незалежнасьць i пачалi пасьлядоўна яе дамагацца. Для таго патрэбна было прызнаць незаконнасьць сакрэтных пратаколаў да пакту Рыбэнтропа — Молатава.

Але каб зрабiць так, сьпярша трэба было знайсьцi тыя пратаколы. Дыпляматы i кадэбоўцы даводзiлi, што пратаколы — фальсыфiкацыя Захаду. Намаганьнямi дэмакратаў была створана адмысловая камiсiя, якую ўзначалiў Ландсбергiс i ў якую ўвялi i мяне. Нам належала даказаць, што апублiкаваныя на Захадзе копii тых дакумэнтаў — сапраўдныя. Гэта было няпроста, бо акадэмiк Фалiн з трыбуны зьезду пераконваў дэпутатаў, што нiякiх пратаколаў няма ў прыродзе. Бальшыня яму верыла. Але бальшыня не ўлiчыла сiлу настойлiвасьцi балтыйцаў, у прыватнасьцi Ландсбергiса зь яго палiтычнай хваткай бульдога. Гэты лiтоўскi прафэсар музыкi цягам некалькiх паседжаньняў даказаў, што фальсыфiкуе ня Захад, а МЗС СССР. Кiраўнiцтва краiны прадаўжала ўпарцiцца ў сваiм ашуканстве, што празь нейкi час прывяло да крывавых эксцэсаў у Вiльнюсе, Рызе ды i ў Закаўказьзi. Пралiлася кроў, супраць чаго сурова папярэджваў Гарбачова няўрымсьлiвы Адамовiч, якi з актыўнага яго староньнiка нарэшце ператварыў ся ў працiўнiка. Зрэшты, як i ўся мiжрэгiянальная група Афанасьева — Папова.

На перапынку памiж паседжаньнямi мне давялося спаткацца i пагутарыць з Андрэем Сахаравым. Дэпутаты стаялi ў чарзе да буфэтчыцы, як у дзьвярах паявiўся Сахараў. Ён быў яўна разгублены, убачыўшы чаргу, i спынiўся, ня ведаючы, куды стаць. Бальшыня ў чарзе ставiлася да яго варожа, толькi нядаўна яго спрабавалi сагнаць з трыбуны. Тады я выйшаў з чаргi i прапанаваў яму сваё месца. Сахараў падзякаваў, але ў чаргу ня стаў. Мы сталi ўдвух асобна ад iншых i размаўлялi. Андрэй Дзьмiтравiч сказаў, што чытаў мае кнiгi i хоць сам у вайне ня ўдзельнiчаў, але верыць беспамылковай рэакцыi на iх жонкi Алены Бонар, якая ёсьць франтавiчка i была нават паранена. А што да маральнай каштоўнасьцi кнiгаў, дык тая бясспрэчная. Я ў сваю чаргу распавёў акадэмiку, як супраць яго i Салжанiцына дамагалiся подпiсаў ад пiсьменьнiкаў, падтрымаў яго барацьбу i сёньняшняе выступленьне наконт Афганiстану, дзе савецкiя лётчыкi спрабавалi разбамбiць сваiх, каб яны ня трапiлi ў палон. Toe выклiкала буру пратэсту ў залi, ветэран-iнвалiд выступiў з гнеўнай водпаведзьдзю ў тым сэнсе, што факту расстрэлу не было, бо не магло быць нiколi.

Так сталася мая першая i апошняя гутарка з гэтым чалавекам. Ноччу Сахараў памёр у сваёй кватэры, а праз два днi дэпутаты ехалi на аўтобусах яго хаваць. Я трапiў у аўтобус, куды пасьля села група генэралаў i зь iмi маршал Ахрамееў. Не зважаючы на сумную нагоду, генэралы паводзiлi сябе даволi ажыўлена, маршал жартаваў. Цяжка было тады меркаваць, што мiнецца трохi часу, i той Ахрамееў павесiцца ва ўласным кабiнэце. Такiя во дзьве сьмерцi. Цi ўраўняюць яны нябожчыкаў? У залi паседжаньняў сярод беларускай дэлегацыi насьпеў канфлiкт, да якога прычынiўся i я. Спатрэбiлася даабраць дэпутатаў у Вярхоўны Савет. Дэмакратычна настроеная частка дэпутатаў памкнулася вылучыць сваiх — Шушкевiча цi Дабравольскага. Але тою справай заклапоцiўся Сакалоў, ён правёў галасаваньне па «спрошчанай» схеме — у залi, са сваiх месцаў. Падлiчваць галасы даручыў кадэбiсту Балуеву, якi сядзеў насупраць мяне. Я адразу падняў руку супраць усiх iхнiх кандыдатаў, ды, вядома ж, застаўся ў пройгрышы, абралi камунiстаў. Тады я не стрымаўся i, мабыць, празьмерна рэзка, а то i зьняважлiва вымавiў Сакалову. Ленiнградзкi сьледчы Iваноў, што сядзеў недалёка i назiраў тую сцэну, сказаў мне: «Сьмела вы, аднак». Можа, i сьмела, але па-дурному i бескарысна, бо нiчога тым не дамогся. А галоўнае, сабе на шкоду, — пасьля паглытаў таблетак.

На паседжаньнi камiсii, у якую быў залiчаны, я ня езьдзiў. Прысылалi позвы, якiя прывозiў адмыс ловы кур’ер — стукаўся ноччу гадзiны ў чатыры, прымушаў расьпiсацца, пасьля чаго я тую паперку выкiдваў у сьметнiк. Але аднойчы на чарговым зьезьдзе ў канцы дзённага паседжаньня мяне паклiкалi. Камiсiя засядала ў шыкоўнай залi старога Крамлёўскага палацу. Я прыйшоў, спазьнiўшыся, але лепш бы не iшоў зусiм. Гэта быў жах, якi не здараўся нават у вялiкай залi паседжаньняў зьезду. Iшло нейкае абмеркаваньне, кiраваў усiм старшыня камiсii, чалавек у цывiльным, але, як значылася ў паперах, у чыне генэрал-палкоўнiка. Астатнiя таксама былi генэралы — узброеных сiлаў i КДБ, цэкоўцы i рэспублiканскiя лiдэры. Жарсьцi тут былi распаленыя, ва ўсiх чырвоныя твары. Чарговы выступоўца даводзiў, што палiтыка Гарбачова — здраднiцкая, што ён не дае магчымасьцi дабудаваць «авианесущие крейсера, позарез необходимые армии и флоту». Iншыя рэплiкамi зь месцаў падтрымлiвалi яго. Пасьля выступалi самi — усе супраць здраднiцкай палiтыкi Гарбачова, якi «продал Россию и гробит партию». Затым узялiся абмяркоўваць «гнюсны паклёп» журналiста Кароцiча, якi ў сваiм часопiсе «Огонёк» напiсаў, быццам у Савецкай армii мае месца «выдуманная им дедовщина». Адзiн сталага веку палкоўнiк ледзьве не заплакаў ад тае зьнявагi, бо наша «рабоче-крестьянская армия, победившая злейшего врага — немецкий фашизм…» i г. д. Яго дружна падтрымалi астатнiя. Прагучала прапанова выклiкаць на сэсiю рэдактара Кароцiча i «пропесочить его, чтобы десятому заказал, как клеветать на доблестную рабоче-крестьянскую…». Далей я не стрываў i выйшаў.

Поделиться с друзьями: