Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў
Шрифт:
На курынай ножцы. Агульны для ўсходнесл. м., спалучаецца са словам хата і абазначае ‘маленькая, мізэрная’. У Янкі Скрыбы клопаты зусім не такія. У яго хата на курынай ножцы, катух-хлеву-шок, а ў ім карова што тая каза (У. Дамашэвіч. Ключ да шчасця).
Выраз з народных казак. Параўн.: „Гэта была не хата, a хатка, як з казкі, — на курыных ножках“ (П. Пестрак). Казачны вобраз хаткі на курыных ножках узнік, магчыма, на аснове канкрэтнага зрокавага ўяўлення: драўляныя зрубы, калі мясціна была багністая, ставілі на слупкі або пні.
На ладан дыхаць. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. на ладан дышать, укр. на ладан дихати; параўн. y балг. м.: държа тамяна под носа си — трымаць ладан пад носам). Абазначае ‘быць блізкім да смерці’ і ‘даходзіць да непрыгоднасці, занепадаць’. Вольгу вершы такіяспачатку не кранулі, яна падумала з грубаватай гарэзлівасцю: „Бач ты, на ладан дыхае, a пра любоў думае“ (І.Шамякін. Гандлярка і паэт). Электрастанцыя дыхае на ладан (М. Лынькоў. Векапомныя дні).
Паводле хрысціянскага звычаю, чалавека, якому заставалася нядоўга жыць, свяшчэннік спавядаў, прычашчаў і кадзіў ладанам. Выходзіла, што чалавек перад смерцю дыхаў на ладан. Гэта і стала асновай для пераасэнсавання словазлучэння.
Наламаць дроў. Запазыч. з руск. м. Зрабіць абы-як, нарабіць памылак. Табе трэба паехаць к Буйкевічу, разабрацца там і… Толькі не наламі дроў (А. Макаёнак. Лявоніха на арбіце).
Выраз трапіў y рускую літаратурную мову, як сцвярджае С. Ожагаў, з данскіх гаворак праз творы М. Шолахава, іншых пісьменнікаў з Дона. Рэальнымі бытавымі ўмовамі ўзнікнення фразеалагізма з’яўляецца тое, што на Доне ёсць свабоднае словазлучэнне наламаць дроў Там, як і ў некаторых мясцінах Беларусі, дровамі называюць галлё, ламачча і яго на падворку, перад тым як паліць у печы, не сякуць, a ламаюць на калене. Зразумела, ламаюць няроўна, абы-як. Гэта і стала падставай для ўзнікнення на Доне параўнанняў наломал, как дровишек; сделал, как дровишек наломал і фразеалагізма наломать дров.
На лбе напісана ў каго. І.Уразаў, Э. Вартаньян, М. Булатаў і інш. лічаць, што з’яўленне гэтага фразеалагізма звязана з суровым звычаем, які захоўваўся ў Расіі аж да 1863 г.: злачынца клеймавалі распаленым жалезам, пакідаючы на шчоках і лбе знакі-літары. Аднак з такой этымалагізацыяй наўрад ці можна згадзіцца, бо выраз на лбе напісана, як і на твары напісана, ведалі яшчэ ў часы Цыцэрона. Відаць, з латыні выраз прыйшоў y ням. м. (steht an der Stirn geschrieben), a з ням. як фразеалагічная калька пранік ва ўсходнесл., чэшск., балг. і іншыя мовы.
Фразеалагізм, значэнне якога ‘ясна відаць па знешнім выглядзе чалавека’, і сёння ўсведамляецца як матываваны, вобразны, хоць і з нерэальным вобразам у аснове. Мядзведзя, брат, не чапай. Ён-то на чалавека сам нe нападзе. Але ж ён думае, што ты ідзеш на яго. На лбе ж у цябе не напісана, хто ты (І.Пташнікаў. Мсціжы).
На лона (на ўлонне) прыроды. Агульны для ўсходнесл. м. За горад, y лес, y поле і пад. (ехаць, выязджаць і пад.). 3 зялёных запыленых вагонаў выходзілі дачнікі, грыбнікі, рыбаловы і проста ўсе, хто ў гэты нядзельны дзень выязджаў на ўлонне прыроды (І.Навуменка. Бульба).
Склаўся на аснове фразеалагізма на лоне прыроды (гл.) — калькі з франц. м., стаўшы спалучацца з іншымі, чым яго папярэднік, дзеясловамі-суправаджальнікамі.
На лоне (на ўлонні) прыроды. Калька з франц. м. (au sein de la nature). Па-за горадам, y лесе, y полі i пад. (быць, адпачываць і пад.). Дождж перакрэсліў yce мае сённяшнія сустрэчы на лоне прыроды (М. Танк. Лісткі календара).
Тут лона генетычна абазначае ‘грудзі або чэрава як сімвал мацярынства, пяшчоты’.
На мазі. Агульны для ўсходнесл. м. Ужыв. са значэннем ‘блізка да ажыццяўлення, вось-вось павінна завяршыцца’ і звычайна спалучаецца з назоўнікам справа або займеннікам усё. — Ведаеце, — адказаў ён, — не ем, не сплю, усё ад аднаго да другога бегаю, тэлефон сабе дабіваюся. Але, здаецца, усё ўжо на мазі… (Б. Сачанка. Тэлефон).
Дзеяслоў мазаць і назоўнікавы кампанент фразеалагізма на мазі — аднаго кораня. Першапачаткова спалучэнне ўжывалася, калі гаварылі пра калёсы, брычкі, восі якіх перад паездкай змазвалі калёснай маззю (параўн. з семантычным вобразам прыказкі Не падмажаш — не паедзеш). На аснове прамога значэння ‘падмазаны (калёсы)’ развілося пераноснае спачатку ‘гатова ў дарогу’, a потым ‘блізка да паспяховага завяршэння’.
На месцы злачынства. Калька з лац. м. (in loso delicti). Пры яўных доказах, y момант учынення чаго-н. заганнага (захапіць, злавіць і пад.). Рыгор вінавата ўсміхнуўся, як дураслівы школьнік, якога настаўніца злавіла на месцы злачынства (К. Крапіва. Мядзведзічы).
Першапачаткова ўжываўся ў юрыдычнай справе.
Намотваць <сабе> на вус што. Гл. матаць (намотваць, наматаць) <сабе> на вус што.
Намыліць галаву каму Гл. галаву мыліць (намыліць) каму.
На мякіне не правядзеш каго. Агульны для бел. і руск. м. Не перахітруеш, не абдурыш, не ашукаеш. Я чалавек кручаны, мяне на мякіне не правядзеш… (І.Пташнікаў. Мсціжы).
Паходзіць з прыказкі Старога вераб’я на мякіне не правядзеш, якая расшчапілася на дзве часткі (гл. стары верабей). Адпаведна і яе значэнне ‘вопытнага чалавека не ашукаеш’ размеркавалася паміж двума „абломкамі“. Фразеалагізм ужываецца звычайна толькі ў застылай форме, y якой выкарыстоўваўся (і выкарыстоўваецца) y складзе прыказкі, — з дзеяслоўным кампанентам у другой асобе адзіночнага ліку.
На паверхні. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. на поверхности, укр. на поверхні). Лёгка заўважаецца, усведамляецца. Якое звяно ў ланцужку сістэмы ўрокаў найчасцей выпадае, не дае належнай эфектыўнасці? Адказ на гэтае пытанне на паверхні (Настаўн. газ. 28.09.2000).
Утвораны ад фразеалагізма ляжаць на паверхні ў выніку ўсячэння дзеяслоўнага кампанента. Абодва выразы амаль ва ўсіх кантэкстах выступаюць як сэнсава ўзаемазамяняльныя, але адрозніваюцца функцыянальна-стылёвай прыналежнасцю: першы (ляжаць на паверхні) — функцыянальна не замацаваны, другі (на паверхні) — размоўны.
На паповы сані збірацца. Уласна бел. Паміраць. У горадзе сорак гадоў бульба па бульбе — звялася. Тут, можа, гады два пародзіць, a там бадай што давядзецца збірацца на паповы сані (Р. Барадулін. Каму пазваніць?).
У фразеалагізме захаваўся адгалосак даўнейшых эпох. Як сведчаць старажытныя пісьмовыя помнікі Кіеўскай дзяржавы, y даўнія часы быў звычай адвозіць нябожчыка дамесца пахавання на санях у любую пару года. Абрадам пахавання кіраваў поп („поповы поюще обычныя песни“). „У гуцулаў да нашага часу захаваўся звычай адвозіць труну з нябожчыкам на могілкі на санях“ (Ф. М. Янкоўскі). Параўн. фіксацыю выразу ў крыху іншым кампанентным складзе і ў нятоесным значэнні: выхаваў на паповы сані — „смерць, скананне“ (М. Федароўскі. Люд беларускі…, с. 241); глядзець на паповы сані — „вельмі кепска пачуваць сябе (пра хворага), рыхтавацца да смерці“ (Ф. Янкоўскі. Беларуская фразеалогія, с. 107). Магчыма, глядзець на паповы сані—кантамінаваны выраз, які склаўся ў асобных беларускіх гаворках па структурнай аналогіі з польскім фразеалагізмам patrze'c па ksieza obore (літаральна „глядзець на ксяндзоўскую абору“) — „быць блізкім да смерці“.