ЖАНРЫ

Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў

Лепешаў Іван Якаўлевіч

Шрифт:

На пушачны стрэл. Гл. на гарматны (пушачны) стрэл (выстрал).

На пярэднім плане. Гл. на першым (пярэднім) плане.

На пярэдні план. Гл. на першы (пярэдні) план.

Нарадзіўся ў сарочцы (кашулі). Гл. y сарочцы (кашулі) нарадзіўся.

Нарадзіцца пад шчаслівай зоркай. Напэўна, калька з ням. м. (unter einem gl"ucklichen Stem geboren sein). Быць шчаслівым, удачлівым, мець поспех у сваіх справах. Да пары дa часу Стэк-Халімон-чык лічыў, што нарадзіўся пад шчаслівай зоркай. Жыў ён без асаблівых клопатаў і жыў, можна сказаць, прыпяваючы (І.Сіняўскі. Дарога на Замлынне).

Узнікненне выразу звязана з прымхлівымі сцвярджэннямі старажытных астролагаў, што нібыта лёс чалавека залежыць ад таго, пад якой зоркай ці планетай ён нарадзіўся.

На разбор шапак. Агульны для бел. і ўкр. (на розбір шапок) м. Пад самы канец чаго-н., з вялікім спазненнем (прыходзіць, паспяваць, трапляць і пад.). Было відаць, што вячэра ідзе не першую гадзіну, і я зразумеў, што паспеў на разбор шапак — не болей (В. Быкаў. Абеліск).

Утварыўся на аснове сэнсава тоеснага фразеалагізма на шапачны разбор, які з’яўляецца паўкалькай з руск. м. (к шапочному разбору).

На ростанях. Уласна бел. У стане сумнення, хістанняў, y нерашучасці перад выбарам чаго-н. (быць, заставацца і пад.). Вершы [Грынкевіча] патыхалі нейкай чыстай яснасцю і халаднаватасцю. A гэта смерць для паэта. I ён зразумеў гэта і зараз стаіць на ростанях, не ведаючы, што і як пісаць (У. Караткевіч. Нельга забыць).

Паходзіць са свабоднага спалучэння слоў, y якім ростань абазначае ‘месца перакрыжавання дзвюх або некалькіх дарог’. Зыходная вобразнасць фразеалагізма адлюстроўвае пэўную сітуацыю, калі, напрыклад, вандроўнік, апынуўшыся на перакрыжаванні дарог, задумваецца, па якой з іх ісці.

Быць, трымацца, стаяць і пад. на роўнай назе з кім. Недакладная калька з франц. м. (sur le pied de I’egalite, літаральна „на назе роўнасці“). Як роўны з роўным, не прыніжаючы чыёй-н. годнасці. Коласу, па яго духоўным складзе, было агідна слугаванне і падлашчванне. Ён трымаўся на роўнай назе, папярэдліва і далікатна (М. Лужанін. Колас расказвае пра сябе).

Роўнай (этымалагічна — роўнасць) тут выступае як сэнсаўтваральны кампанент.

Станавіцца, стаць і пад. на роўную нагу з кім. Агульны для ўсходнесл. м. Як роўны з роўным. Пан Скірмунт бярэ петыцыю, ускідае вочы. На твары абразлівая ўсмешка. — Гм! На роўную нагу са мною становяцца: грамадзяне пішуць да грамадзяніна (Я. Колас.

На ростанях).

Утварыўся на аснове фразеалагізма на роўнай назе з кім (гл.) — недакладнай калькі з франц. м., стаўшы спалучацца з іншымі, чым яго папярэднік, дзеясловамі-суправаджальнікамі.

На руках насіць каго. Запазыч. з царк. — слав. м. Ужыв. са значэннямі ‘надта песціць каго-н.’ і ’высока цаніць каго-н., даражыць кім-н.’. Мікалай абяцанак-цацанак на руках насіць не даваў. Толькі песню „Выйдзі, каханая“ на жалейцы сваёй напяваў (Д.Бічэль-Загнетава. Буслянка). Гэтакі ў цябе муж! Каб у мяне гэтакі быў, ябна руках яго насіла (М. Лобан. Гарадок Устронь).

Выраз сустракаецца ў евангельскіх тэкстах, y Псалтыры, калі гаворыцца пра Ісуса і яго анёлаў („Анёлам сваім завяшчае цябе; і на руках панясуць цябе“). 3 царкоўных кніг выраз перайшоў ва ўсе славянскія мовы.

На руку каму. Агульны для ўсходнесл. і польск. (na reke) м., ужываецца са значэннем ‘падыходзіць каму-н., выгадна камусьці, адпавядае яго жаданням’. І чаму-у-то людзі маўчаць?.. Рабочыя маўчаць, салдаты маўчаць… Няўжоа не ведаюць, што іх маўчанка як раз на руку начальству? Га-а? У вас таксама? (Ц. Гартны. Сокі цаліны).

Выраз з’яўляецца „абломкам“ фразеалагізма на руку (у руку) іграць каму (гл.).

На руку (у руку) іграць каму. Калька з англ. м. (play into hands). Ускосна дапамагаць каму-н. сваімі паводзінамі, дзеяннямі. Самы адказны момант, дзядзька Лаўрэн, a ты гэтага не хочаш разумець і ідзеш у прагульшчыкі. На гэтым кулацкая агентура спекуляваць будзе, ты на руку кулаку граеш, a ты лепшы ўдарнік (Э. Самуйлёнак. Паляўнічае шчасце).

Узнік y асяроддзі карцёжнікаў, дзе абазначаў ‘дапамагаць аднаму з ігракоў, падыгрываць яму, даваць магчымасць выйграць ці адыграцца’.

На сваім месцы. Калька з франц. м. (en son lieu). Адпаведны свайму прызначэнню, справе, якой заняты. [Дзед Цыбулька: ] Вот я добра ведаю, што і Уладзімір Андрэевіч адчувае сябе на сваім месцы. A вы кожны на сваім месцы? (А. Макаёнак. Таблетку пад язык).

Успрымаецца як матываваны выраз.

На сваіх дваіх. Агульны для бел. і руск. м., абазначае ‘пехатою (дабірацца, ісці і пад.)’. Мы без дзядзі абыдземся… Мы на сваіх дваіх прывыклі тэпаць (П.Місько. Ціхае лета).

Скарочаны варыянт словазлучэння на сваіх дваіх нагах, y якім нагах—семантычна апорны кампанент. У сучаснай беларускай мове, як і ў рускай, зборныя лічэбнікі, y тым ліку і двое, не спалучаюцца з назоўнікам нага (кажуць: дзве нагі, a не двое ног; адпаведна ў месным скл.: на дзвюх нагах, a не на дваіх нагах); дваіх — месны скл. ад старой формы зборнага лічэбніка двоіі ў значэнні ‘пара’.

На свой капыл. Агульны для ўсходнесл. (руск. на одну колодку, укр. на один копил) і польск. (na jedno kopyto) м. Па-свойму, на свой узор, лад (рабіць, зрабіць што-н.). Рыгор і дагэтуль гне на свой капыл усё ў хаце, але, апроч неладоў, нічога з гэтага няма (К. Чорны. Вясна).

Утвораны шляхам унутрыфразеалагічнай дэрывацыі на базе дзеяслоўнага фразеалагізма мерацьна свой капыл y выніку ўсячэння дзеяслоўнага кампанента. Адарваўшыся ад кампанента мераць, выраз стаў спалучацца са шмат якімі дзеясловамі поўнага лексічнага значэння (гнуць, варочаць, перарабіць, збудаваць і інш.). У гэтым „абломку“ ёсць сэнсаўтваральны кампанент свой, суадносны з такім жа словам свабоднага ўжывання.

Поделиться с друзьями: